кій, кія, м.
1. Прамая тонкая палка. Выламаць кій. Арэхавы кій. // Палка для апоры пры хадзьбе. Цётка абапіралася на тоўсты бярозавы кій (дагэтуль ніхто яе з кіем не бачыў), і рукі яе калаціліся. Шамякін.
2. Доўгая прамая палка з патанчэннем на канцы для гульні ў більярд.
•••
Не кіем дык палкай; ці кіем ці палкай — усё роўна, тое самае.
У старца кій адабраць — забраць у беднага апошняе.
[Польск. kij.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перагаро́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
1. Тонкая сценка, якая дзеліць на часткі памяшканне, прастору, сховішча. Дашчаная перагародка раздзяляла кватэру на два досыць прасторныя пакойчыкі. Колас.
2. перан. Тое, што аддзяляе адно ад другога, з’яўляецца перашкодай паміж кім‑, чым‑н. [Наталля:] За яго стрыманасцю, мне здавалася, хаваецца вялікая душа.., якая раскрыецца толькі мне адной, калі між намі не будзе ніякіх перагародак. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
плёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Празрыстая эластычная, цэлулоідная стужка са святлоадчувальным слоем для фатаграфічных і кінематаграфічных здымкаў. За якой паўгадзіны Айзік мог аббегаць паўгорада, напстрыкаць на плёнку свае «лейкі» кадраў з дваццаць. Сабаленка.
2. Тонкая празрыстая бясколерная матэрыя сінтэтычнага паходжання. Поліэтыленавая плёнка. Трымаць раннія агуркі пад плёнкай.
3. Тое, што і плеўка. Халаднаваты метал быў пакрыты васковай плёнкай тавоту. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прут, ‑а, М пруце, мн. пруты, ‑оў; м.
1. Тонкая доўгая палка без сучча. Выбіраецца [для вуды] прамы, моцны і гнуткі прут. Матрунёнак. Дзед доўгім прутам спорваў спелыя яблыкі, а ўраднік збіраў. Мурашка.
2. Доўгі металічны стрыжань. [Юрка] стаіць у сваім ложку.., трымаецца аберуч за жалезны прут і то смяецца адназубым роцікам, то.. зусім як бацька ляскае языком. Брыль. [Паўліку] і дзеду ўступілі месца пад акном, пераплеценым жалезнымі прутамі. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
флёр, ‑у, м.
1. Тонкая, празрыстая, пераважна шаўковая тканіна.
2. перан. Напаўпразрыстае покрыва, заслона, смуга. Сёння ноччу туман зоры ясныя вымеў, І прачнулася раніца ў флёрах сівых: Нават мёртвыя жэрдкі здаюцца жывымі З-за жамчужных зіхоткіх гірляндаў на іх. Караткевіч. // Кніжн. Тое, што перашкаджае бачыць што‑н.; покрыва. Сталенне Сымона.. адбываецца не на вачах чытача, вынікае неяк нечакана, яно ахутана флёрам рамантычнай умоўнасці. Навуменка.
[Ням. Flor.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шост, шаста, М шасце, м.
1. У спорце — спецыяльная бамбукавая ці пластмасавая жэрдка, якая выкарыстоўваецца ў якасці апоры для скачкоў у вышыню.
2. Доўгая тонкая палка ці жэрдка. На беразе нас ужо чакалі чаўны. На іх стаялі хлопцы з вёсламі і шастамі. Няхай. У зямлю быў уваткнут высокі шост, а на ім вісеў вялікі чырвоны сцяг. Гарэцкі.
•••
Шастом галавы (носа) не дастаць гл. дастаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шпага́т, ‑у, М ‑гаце, м.
1. Тонкая вяроўка, скручаная або спрадзеная з некалькіх ніцей, якая прымяняецца для звязвання, сшывання, упакоўкі. У сумцы.. пакунак, загорнуты ў цёмна-шэрую ўпаковачную паперу і перавязаны шпагатам. Машара. Леў Раманавіч моўчкі сабіраў кнігі, перавязваў іх шпагатам. Асіпенка.
2. У спорце — фігура ў гімнастыцы, пры якой гімнаст садзіцца, выцягваючы ногі да поўнага датыкання іх да падлогі, так што яны ўтвараюць адну прамую лінію.
[Ням. Spagat.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Лінь ’вельмі моцны тонкі канат’ (ТСБМ). Запазычана з рус. линь, якое з гал. lijn ’тонкая вяроўка’ (Слаўскі, 2, 498–499). Пры наяўнасці гэтага слова або рус. слова канат, граматычны род якога — мужчынскі, бел. лі́ня (гл. ліна) змянілася ў лінь ’вяроўка, пры дапамозе якой цягалі вуллі на дрэвы’ (ганц., Сл. паўн.-зах.), ’канат на пароме’ (Яруш.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сае́та ’тонкае высокагатунковае сукно’ (ТСБМ, Нас.), сае́т ’англійскае сукно’ (Гарэц., Байк. і Некр.), ’кафтан; сарафан, спадніца’ (Гарэц., Нар. лекс. Гом.), ’тонкае бліскучае сукно’ (ТС). Запазычанне з польск. saja ’гатунак сукна’, sajeta ’тонкая дарагая тканіна, тонкае сукно’ (Кюнэ, Poln., 95). Апошняе з італ. saja, saietta ’гатунак сукна’ < лац. sagum ’ваенная адзежа’ (Брукнер, 479). Параўн. саян, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Базу́манка, безу́менка (палес.) ’дошка таўшчынёй 50 мм’ (Лысенка Жыт.); бязу́мінка ’тонкая дошка, менш цалі’ (Бяльк.). Параўн. укр. бези́менка ’дошка таўшчынёй менш вяршка, але таўсцейшая за шалёўку’ (Грынч.), рус. безыме́нна, безымя́нка ’тс’, безымя́нники ’бярвенні, якія кладуцца замест фундамента’. Першапачаткова назва дошкі «без імя, без назвы» (параўн. яе вызначэнне: «менш…, але таўсцей…»), дошка без пэўнай назвы. Параўн. Даль.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)