Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІНУ́ХА, свінушка, капытнік (Paxillus),
род шапкавых грыбоў сям. свінухавых (капытнікавых). Пашыраны ў Еўразіі (10 відаў) і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 4 віды С.: ніткаватая (P. filamentosus), панусападобная (P. panuoides), тонкая (P. involutus) і тоўстая (P. atrotomentosus). Трапляюцца з ліп. па кастр. у лясах на глебе або гнілой драўніне.
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка лейкападобная з падагнутым хвалістым краем, карычнева-бураватая. Пласцінкі зыходныя. Мякаць на зломе цямнее. Ножка цыліндрычная, суцэльная. Споры эліпсоідныя, гладкія, вохрыстыя. Неядомая, мае ядавітыя рэчывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНІЯЦЫ́БЕ (Coniocybe),
род накіпных лішайнікаў сям. каліцыевых. 24 віды. Пашыраны ў абодвух паўшар’ях ва ўмеранай, трапічнай і субтрапічнай зонах. На Беларусі 3 віды: К. сярністажоўтая (C. sulphurea), К. зярністая (C. furfuraceae), К. тонкая (C. gracilenta) — індыкатарны да антрапагеннага ўздзеяння від, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Трапляецца ў вільготных лясах на дрэвах, пнях, ламаччы.
Слаявіна накіпная, парашкаватая, шараватага, салатавага, лімоннага колеру. Па ёй раскіданы ніткападобныя ножкі рознай выш. з шарападобнымі пладовымі целамі (апатэцыямі). У слаявіне знаходзяцца водарасці з родаў Stichococcus і Trentepohlia.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРА́ЛЬНАЕ ЦЕ́ЛА,
паводле акультных уяўленняў, тонкая энергетычная абалонка чалавечага цела, у якой матэрыялізуюцца пачуцці, жаданні і захапленні чалавека. Гл. таксама Астралогія, Астральныя культы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́АНЕНСКАЯ ПАРО́ДАкоз.
Малочнага кірунку. Выведзена ў сярэдзіне 19 ст. ў Швейцарыі, у даліне р. Зане (Сарын). Найб. пашыраная ў Зах. і Цэнтр. Еўропе. Гадуюць у Расіі з 1905, на Беларусі — аматары. Выкарыстоўваюць для паляпшэння малочнай прадукцыйнасці мясц. коз.
Козы буйныя, моцнай сухой канстытуцыі, з добра выразным малочным тыпам целаскладу, пераважна камолыя. Вымя развітае, з вял. саскамі. Скура тонкая, эластычная. Масць пераважна белая. Жывая маса казлоў 70—80 кг, матак 50—60 кг. Воўна кароткая, восць тонкая. Сярэдняя малочнасць 600—700 кг, найб. — 1000 кг. Тлустасць малака 3,5—4,5%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЯЯ́ (цюрк.),
тонкая празрыстая баваўняная тканіна з ткацкім малюнкам у буйную клетку і набіваным кветкавым арнаментам па белым ці светлым фоне. З К. шыюць лёгкія жаночыя і дзіцячыя сукенкі.