трэска, шчэпка; цёска (абл.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

лучы́на, ‑ы, ж.

Тонкая сухая, звычайна доўгая сасновая шчэпка, якой даўней асвятлялі сялянскія хаты. У Камуне школа, Электрычнасць, яслі, Дымныя лучыны Назаўсёды згаслі. Купала. У адных хатах гарэлі лямпы, а ў другіх дыміла сасновая лучына. Машара. [Тэафіл] прынёс ... пук лучыны і паклаў на вуголле. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ска́бка 1, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

Разм. Стрэмка. // Наогул шчэпка. [Цярэнцьевіч] ужо наеўся і сядзеў, калупаючыся ў зубах скабкай ад запалкавага карабка. Радкевіч. Грэбля.. была каляіністая, і яе паламаны ласцы тарчаў вострымі сухімі скабкамі. Федасеенка.

ска́бка 2, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

Абл. Памянш.-ласк. да скаба; рабрынка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скабардзі́на ‘кашчэй (худы чалавек)’ (Касп.). Лаўчутэ (Балтизмы, 131) выводзіць з лат. skabardzîgs ‘востры, пранікаючы’ < skabar̂daшчэпка, асколак, стрэмка’. Параўн. літ. skebérda ‘востры’; балтыйскія словы ўзыходзяць да кораня *skabh‑ ‘абрываць; скабліць’ (Траўтман, 262). У славянскіх мовах роднаснымі з’яўляюцца *skoblь, *skoblʼа і іх дэрываты; гл. Фрэнкель, 797, 799.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэ́ска ‘тонкі кавалак дрэва, адчасаны ад бервяна, палена; шчэпка’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Сержп. Прык., Ласт., Бяльк., Шат., Касп., Байк. і Некр., ТС, Сцяшк., Др.-Падб., Растарг.), трі́ска ‘тс’ (кам., Бес., Горбач, Зах.-пол. гов.; Сл. Брэс.), tryèska ‘тс’ (Федар. 4), ст.-бел. треска ‘тс’, ‘стрэмка’, ‘парушынка’ (ГСБМ). Укр. трі́ска, трі́сочок ‘тс’, рус. тре́ска, треска́ старое ‘жэрдка, шост, палка’, новае ‘трэска, лучына для рашэцін пад тынк’, пск. тре́ска, мн. л. тре́скишчэпка, дранка’, ‘драўляныя асколкі’; польск. trzaska ‘трэска’, ‘стружка’, н.-луж. tśĕska, в.-луж. třĕska, чэш. tříska, славац. tríeska ‘тс’, ‘стрэмка’, славен. tréska, tŕska і trskà, харв. trijèska, чак. trîska, серб. тре̏ска, тре́ска ‘трэска; габлюшка’, балг. треска̀ ‘тс’, макед. треска, дыял. тра́ската ‘трэска, падпалка’, рус.- ц.-слав. трѣска. Прасл. *trěska ‘трэска’, ‘пацяруха’ (Сной₂, 788), роднаснае прасл. *trěskati ‘таўчы, біць, разбіваць’, *trěščiti ‘ўдарыць’ (Міклашыч, 361; Фасмер, 4, 100; Махэк₂, 658; Брукнер, 579; Голуб-Ліер, 492; ЕСУМ, 5, 645). Да трэск (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аске́пак, аскёпак ’асколак, шчэпка, трэска’. Параўн. яшчэ атськёпык ’адшчэпак’ (Бяльк.). Рус. дыял. паўдн. оскепок ’аскепак’, укр. оскипище ’ручка грабляў’. Ст.-рус. оскѣпъ ’кап’ё’. Паводле значэння, рускае і беларускае словы тлумачацца як суфіксальныя ўтварэнні ад дзеяслова, засведчанага ў Даля: оскепать ’ашчэпяць’; параўн. абрывак, адломак. Іншае магчымае тлумачэнне: памяншальнае ад аскеп (ст.-рус. оскѣпъ) семантычна менш верагодна. Дзеяслоў оскѣпати (> назоўнік оскѣпъ) утвораны ад дзеяслова скѣпати > скяпаць (гл.). Захаванне ў націскным складзе ў бел. аскепак е (пры пераходзе яго ў ё ў некаторых магілёўскіх гаворках) можна лічыць як сведчанне ў карысць гіпотэзы Якабсона (IJSLP, 1/2, 270) пра тое, што ск захоўвалася тут перад оі, з якога ўтварыўся ѣ. Аскепак і шчэпка словы аднакарэнныя. Малаверагодная думка Даля (IV, 195), падтрыманая Когенам (Запіскі, 1, 236–237) і Сцяцком (Нар. 27), пра роднаснасць аскепак і скіба ’луста’, якое запазычана праз польскую з нямецкай мовы. Семантычна скіба, скібка не ўжываюцца, калі справа ідзе пра дрэва, фанетычна кепска тлумачыцца б і не найлепшым чынам і. Гл. скіба.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́скалак ’вельмі дрэннае палена’ (перан.) ’гультай’ (докш., Янк. Мат.; Бір., Шат.), дзярж. пакалак ’дрэннае палена’ (Бір.), ’нятоўстае і маладое палена, зручнае, каб кінуць яго пошыбнем’ (КЭС, лаг.). Паводле лексемы пакалак можна дапусціць роднаснасць яго са словам кол (калок), а прэфікс pa‑ і суфікс ‑ъkъ прыўносяць значэнне ’другасны, несапраўдны’ (Борысь, Prefiks., 53). Але першае — паскалак — семантычна-роднаснае з аскепак (гл.), ’шчэпка, трэска’, карэліц. паскіпаны ’патрэсканы’ (Сцяшк., Сл.), рус. скепать ’расшчапляць, калоць’ з’яўляецца кантамінацыйным утварэннем ηά‑калак і аскепак. Аналагічна ўкр. валынск. паклин і пасклин (паскіл1, паскʼін’, паемʼінок, пасклʼон) (Казачук, 75).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

трэ́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.

Тонкі кусок дрэва, адчасаны ад бервяна, палена і пад.; шчэпка. Доўгая белая трэска круцілася з-пад сякеры. Дуброўскі. Пахне свежымі трэскамі, стружкамі, пілавіннем, смалою — мусіць, кожны зможа ўявіць, які водар дрэва стаіць навокал, калі адразу ставіцца столькі новых зрубаў! Сіпакоў. Паволі, роўна чахкае яго бывалая сякера, плазуючы бервяно, і не трэскі ляцяць, а адганяецца ад бервяна суцэльная і доўгая, як дошка, трэска. Брыль. От яна [дзяўчына] спынілася, разаслала на зямлю дзяругу і пачала выбіраць і класці на яе большыя трэскі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ска́бка1 ‘стрэмка; трэска’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Касп., Бяльк., Сцяшк., Гарэц.; в.-дзв., Сл. ПЗБ; Мат. Гом., Мат. Маг., Янк., Юрч.; лельч., Арх. ГУ; Жд. 3), ска́ба ‘стрэмка, клін’ (Нас., Бяльк., Байк. і Некр.), ска́біна ‘тс’ (Юрч.), сюды ж, відаць, скаба́ ‘худая жанчына’, скаба́чка ‘тс’ (Мат. Гом.). Укр. ска́бка, рус. кур., смал. ска́ба ‘тс’. Паводле Варбат (Этимология–1971, 3 і наст.), вытворнае ад дзеяслова з коранем *skob‑, мабыць *skobiti, роднаснага скобля, скабліць (гл.), які быў страчаны яшчэ на праславянскім узроўні (параўн. аднак скабіць, гл.). Падаўжэнне галоснага ў корані сведчыць аб праславянскай старажытнасці гэтага дэрывата. Мяркулава (Этимология–1983, 64–65) аб’ядноўвае ў прасл. *skaba значэнні ‘рабро, стрэмка, шчэпка; худы’ і ўзводзіць да прасл. *skab‑ (гл. ска́ба). Са скабліць звязваюць і іншыя аўтары; гл. Міклашыч, 301; Праабражэнскі, 2, 291; Фасмер 3, 630; параўноўваецца таксама з лат. skobar̂ga ‘стрэмка’, skobaiga ‘тс’, літ. skobti ‘зрываць яблык’ (Буга, Rinkt. 2, 307).

Ска́бка2, ска́біна ‘кропля тлушчу ў страве’ (Юрч.), параўн. славен. skȃba ‘тс’, харв. škȃble ‘тс’, ‘тлустая пляма’. Відавочна, да ска́бка1, г. зн. ‘нешта аддзеленае, адшчэпленае’. Параўн. яшчэ поўны паралелізм значэнняў у скалка1, скалка2. Куркіна (Диал. структура, 93) разглядае разам з скаба, скабка ‘трэска, стрэмка’, што да прасл. *skaba з другасным падаўжэннем каранёвай галоснай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)