Старажня́ ‘рыбалоўная снасць (рагулька з шнурам)’ (маг., Помнікі гісторыі і культуры Беларусі, 1972, 4, 56), сторо́жня ‘стаўная вуда на шчупакоў’ (ТС, Нар. Гом.). Да старажыць ‘пільнаваць’, параўн. сто́рож ‘стаўная вуда на шчупакоў; нацягнуты шнурок у рыбалоўнай прыладзе, які сігналізуе аб наяўнасці злоўленай рыбы’ (ТС). Гл. стораж.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ратава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; незак.

Пазбаўляцца ад якой‑н. небяспекі, пагрозы, гібелі; берагчыся. Думка пра тое, што па ім страляюць, .. ускалыхнула [Андрэйку] і прымусіла ратавацца ад небяспекі. Кавалёў. У гэтым вадзяным зарасніку хавалася рыба, адпачывала пасля жыравання ці проста ратавалася ад сваіх заклятых ворагаў, шчупакоў і акунёў. Колас. // Хавацца, засцерагацца ад чаго‑н. непрыемнага, непажаданага. Ратавацца ад гарачыні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́старажня, посторожэнь, постаражань ’вуда, наматаная на рагульку (вулачку)’ (карэліц., Янк.1: віц., гом., маг., Браім, Рыбалоўства; саліг., Нар. словатв.), ’таўсцейшая за вуду снасць для лоўлі шчупакоў’ (лях., Сл. ПЗБ; ТС), параўн. польск. postroga, nastroga ’прылада, насадачная на вуду’. Утворана ад старажыл (гл.) пры дапамозе прыстаўкі по- і суф. *‑en‑ /‑ьn‑. Магчыма, існавала прамежкавая форма *po‑storgi̯b > *постараж, параўн. старожка ’вуда-рагулька’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кажу́шак1 ’паўкажушок, кароткі кажух’ (маз., Сержп.; Сцяц.), кажушка ’тс’ (слонім., Шн.). Укр. дыял. кожушок ’тс’, укр. палес. кожушка ’паўкажушок’, чарніг. ’жаночая футра’. Суфіксальныя вытворныя ад кажух1; аб храналогіі і суаднесенасці меркаваць цяжка. Параўн. кажушок (гл.). Месца націску, магчыма, сведчыць аб польскім уплыве (параўн. польск. kożuszek).

Кажу́шак2 ’шчупак; шчупак наогул і шчупак сярэдняга памеру’ (Мат. Гом.; тураў., Крыв.; Флора), кожушак ’тс’ (параўн. пін., Нар. лекс.; жытк., Нар. словатв.; палес., Крыв.; ТС), кожушек, кажушок ’шчупак’ (тураў., КЭС), кажушка ’тс’ (лельч., Мат. Гом.; Палес., Крыв.; ТС), кожушʼе ’вялікі шчупак’, кожушленя ’маленькі шчупачок’, кожушленятко, кожушлятко памянш. да кожушленя, кожушно ’вялікі шчупак’ (апошнія прыклады з Тураўскага слоўніка). Паводле Тарнацкага, к, № 177, заходняя зона ўжывання лексемы праходзіць па Гарыні, параўн., аднак, наш прыклад з паўдн. Піншчыны, на ўсходзе яна сустракаецца ў Жыткавіцкім, Столінскім і Лунінецкім раёнах (гл. Крывіцкі, Лекс. Пал., 168); сустракаецца ў Лельчыцкім раёне (Мат. Гом.). Вузкалакальная інавацыя (фактычна ц.-палес.), этымалогія няпэўная. Цыхун (Бел.-укр. ізал., 85) мяркуе, што тут перанос ад кажух, кажушок ’від адзення’ з матывацыяй ’гладкая (як вырабленая) скура (у маладых шчупакоў)’. Пазней ён (вусна) прапанаваў дзве іншыя версіі і паведаміў багаты фактычны матэрыял. Як сведчаць палявыя запісы падчас тураўскіх экспедыцый, відавочна, што кажушак з’яўляецца адной з тых назваў, якія дыферэнцыруюць агульную назву шчупак. Шырокая ўжывальнасць слова кажушок ’шчупак сярэдніх памераў’ прывяла да зацямнення матывацыі, аб тым, што гэты працэс працягваецца, сведчаць значэнні ’шчупак наогул’ і памяншальныя вытворныя са значэннем ’маленькі шчупак’. Маленькія шчупакі лёгка дыферэнцыруюцца па колеру, і гэта яркая адзнака прыводзіць да ўзнікнення тэрміна зялёныя і сінія, параўн. У Тураўскім слоўніку: «Поймаў кожушленят зелёных», «кожушлятка сініе ў траве», можна меркаваць, што сярэдні па ўзросту шчупак можа таксама называцца на такому ж прынцыпу. Параўн. кажух4 ’расліннае покрыва на балоце’. Па другой, больш пераканаўчай версіі кажушак < *кажушак ’?’ < кожа ’скура’. Матывацыя назвы тлумачыцца Цыхуном: «кажушкамі называюць сярэдніх па памеру шчупакоў таму, што скура ў іх робіцца больш тоўстай і менавіта такіх шчупакоў можна фаршыраваць». Такая этымалогія пацвярджаецца інфармацыяй аб выкарыстанні шчупакоў у гэтым рэгіёне («надзеваная рыба»); яе можна падмацаваць і такім фактам, што адпаведным укр. кожушок называюць, паводле Грынчэнкі, скуру, вонкавую абалонку некаторых жывёл. Укр. і рус. назвы ад kožuxъ абазначаюць скуру, якая скідаецца, параўн. у фальк. тэкстах (’скура змяі’): рус. шадр., перм. «Как уснул Иван‑царевич, она вышла на улицу, сбросила кожух, сделалась красной девицей»; валаг. і інш. «Вот она кожух скинула и взяла мальчика на руки»; укр. (’скура жабы’): «Взяла кожушок з себе скинула, вийшла… Знову кожушок наділа і стала такою жабою, як і була». Параўн. яшчэ ад іншай асновы рус. перм. кожура: «А у нее была одежа из лягушечьей кожуры». Аб магчымасці яшчэ адной версіі сведчаць рус. валаг., пск. кожура ’рыбная луска’, с.-ур. кожуха ’тс’, параўн. яшчэ назвы раслін з калючымі пладамі, якія чапляюцца за адзенне: укр. кожушка, кожушки (липка, липучка, репашки), рус. кожушка. Па гэтай версіі шчупакоў сярэдніх памераў маглі называць кажушкамі па неабходнасці (пачынаючы з некаторага іх узросту) знімаць луску, чысціць. Ва ўсякім разе як па гэтай, так і па папярэдняй версіі кажушак < кожух ’скура, абалонка’ (адкуль і значэнне ’чахол’) з кажушак ’назва вопраткі’ непасрэдна не суадносіцца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прыдба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго-што і чаго. Набыць, займець што‑н.; нажыць. [Алесь] трымаў каня і цешыўся з таго, што прыдбаў уласную гаспадарку, прыдбаў яе, столькі выцерпеўшы і вызнаўшы. Адамчык. У хаце іх было адзінае на ўсё наваколле піяніна — яго таксама Аксіння Хвядосаўна прыдбала для дачкі. Шамякін. У часе вайны загінула ўся дзядзькава сям’я. Новай ён не прыдбаў... Сачанка.

2. што і чаго. Атрымаць што‑н., авалодаць чым‑н. Прыдбаць вопыт. Прыдбаць пашану. □ Цягаў ён [бацька] гліну, цэглу і каменне, Каб той мулярскі спрыт сабе прыдбаць. Звонак. Цяпер прыдбалі лепшай славы жыццём адноўленым Паставы: народ сваёй паставіў працай патомкам і сабе палацы! Дубоўка. Рыбак з гэтага самага Івана не вельмі што, за ўсё сваё жыццё ён, можа, і злавіў паўдзесятка шчупакоў, але ўсё ж славу сабе прыдбаў шырокую і ведаюць аб ім многія. Шашкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скі́віца, ‑ы, ж.

1. Кожная з дзвюх костак твару, у якіх умацаваны зубы. Васіль апусціў вочы, старанна запрацаваў сківіцамі, перажоўваючы хлеб. Шамякін. Мікульскі сціснуў сківіцы, каб не застагнаць. Місько. // Верхняя або ніжняя частка твару ці морды, дзе знаходзіцца гэтая косць. Асноўнай зброяй шчупакоў з’яўляюцца вострыя і шматлікія зубы-іклы, якімі літаральна ўсеяны іх ніжнія сківіцы. Матрунёнак. Цялушка, чакаючы, каб яе пачухалі пад сківіцаю, трасе галавою і выцягвае морду. Колас. // Пра шчаку наогул. [Павел] ляжыць ніцма пад ядлоўцавым кустом і, абапёршыся валасатымі сківіцамі на рукі, глядзіць у зямлю. Кулакоўскі.

2. Пласцінка з штучнымі зубамі, зубны пратэз. Камандзір, не вітаючыся, хутка падышоў да мяне і, злосна агледзеўшы з галавы да ног, гаркнуў так, што ледзь не вывалілася ўстаўная верхняя сківіца зубоў. Гурскі. // перан. Дэталь механізма, якая служыць для захоплівання або раздрабнення чаго‑н. Каля Дома афіцэраў два магутныя экскаватары выгрызалі сваімі стальнымі сківіцамі гару. Паслядовіч. Мы спыняемся перад машынай з магутнымі сківіцамі. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сто́раж ‘вартаўнік’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Пятк. 2, Варл., Сл. ПЗБ, Бяльк.), перан. ‘колас, які застаўся на полі’ (віл., Сл. ПЗБ), сто́рож ‘вартаўнік’, ‘стаўная вуда на шчупакоў’, ‘першы колас у жыце’ (ТС), ‘пчала, якая належыць да «стражы»’ (Анох.), ‘нацягнуты шнурок у рыбалоўнай прыладзе, які сігналізуе аб наяўнасці рыбы’ (Нас., ТС), ‘першы або апошні колас у жыце’ (ТСБМ), сто́рож ‘шнурок, якім прывязана цэўка да сукала’, ‘пруток у сукале, на які натыкаецца цэўка’, ‘пруток, які падтрымоўвае нічальніцу ў час вязання’ (Бел.-польск. ізал.). Укр., рус. сто́рож, стараж.-рус. сторожь, польск. stróž, славен. stȓašəc, балг. страж, ст.-слав. стражь ‘ахоўнік’. Прасл. *storžь утворана з суф. ‑jь ад прасл. *stergti, *stergǫ ‘сцерагчы’, з якім яно звязана чаргаваннем галосных; гл. Слаўскі, SP, 1, 81; Фасмер, 3, 768. Параўноўваюць з літ. sárgas ‘стораж, вартаўнік’, sérgti ‘пільнаваць, быць пільным’, лат. sar̂gs ‘вартаўнік’, прус. absergisnan ‘абарона’ (Глухак, 587). Сюды ж старо́жа ‘ахова, варта’ (Нас., Байк. і Некр., Нар. Гом., Юрч.), ст.-бел. сторожа ‘тс’ (Карскі 2-3, 428). Параўн. укр., рус. сторо́жа, стараж.-рус. сторо́жа, польск. stróža, в.-луж. stróža, н.-луж. stroža, чэш., славац. stráž, серб.-харв. стра̑жа, славен. strȃža, балг. стра́жа, макед. стража, ст.-слав. стража. Прасл. *storža. Гл. яшчэ Махэк , 587; Борысь, 581–582; Шустар-Шэўц, 1366; Бязлай, 3, 324. Борысь (Etymologie, 492) для значэння ‘нацягнуць, наставіць, напнуць’ рэканструюе прасл. *storžiti — каўзатыў ад *sterkti. Гл. сцерагчы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

перспекты́ва, ‑ы, ж.

1. Від у далячынь з якога‑н. месца; даль. Я вяртаюся на месца, дзе канал злучаецца з Бярэзінай, і спыняюся на невялікім мыску, створаным берагам ракі і берагам канала. Адсюль адкрываецца далёкая перспектыва ўверх і ўніз па плыні. В. Вольскі. Юткевіч выйшаў за вайскоўцам у доўгі напаўцёмны калідор. У перспектыве свяціліся шкляныя дзверы. Мікуліч.

2. Спосаб адлюстравання аб’ёмных прадметаў на плоскасці з улікам уяўных змяненняў іх велічыні, абрысаў, выразнасці ў залежнасці ад ступені аддаленасці ад наглядальніка. Законы лінейнай перспектывы. // Аб’ёмнасць, суадносіны аб’ёмных прадметаў і іх частак. Адсутнасць перспектывы.

3. Раздзел начартальнай геаметрыі, які вывучае правілы і спосабы праекцыі прадметаў на плоскасць.

4. пераважна мн. (перспекты́вы, ‑тыў); перан. Планы, віды на будучае. Перспектывы далейшай работы. Перспектывы на ураджай. □ Ля вогнішча ідзе гутарка пра перспектывы развіцця рыбнай гаспадаркі на возеры. В. Вольскі. // Будучае, магчымасці, спрыяльныя ўмовы развіцця чаго‑н. у далейшым. Яно і добра, што ёсць з каго браць прыклад, — светлая перспектыва заўсёды заве наперад. Кулакоўскі. [Заранік:] — Зона.. [машынна-трактарнай станцыі] глухая, вельмі пацярпела ад акупацыі, але з перспектывамі... Хадкевіч. Рабочыя памяталі аб даваенных крызісных гадах, аб жахлівых нягодах беспрацоўнага жыцця, пазбаўленага ўсякіх перспектыў і надзей. Лынькоў. Бацька не бачыў у агранаміі тэхнікі, а таму і ніякіх перспектыў. Пестрак. // Тое, што, па меркаванню каго‑н., павінна наступіць. Адзіночка, а пасля перспектыва васьмігадовага вандравання з астрога ў астрог страшылі .. [Гурына]. Машара. Доктара ніколі не захапляла перспектыва цягаць аднаго за другім шчупакоў або акунёў. Васілевіч.

•••

У перспектыве — у будучым, у далейшым. [Паддубны] прадчуваў, што ў перспектыве будуць неймаверныя цяжкасці і небяспекі. Пестрак.

[Фр. perspective.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)