Плакса 1 ’плаксівае дзіцё’ (б.-каш., Мат. Гом.), ’той, хто часта плача без уважлівай прычыны’, ’які любіць скардзіцца, наракаць’ (ТСБМ), пла́ксы ’крыксы, крык з плачам дзіцяці’ (Нас.). Адсутнічае ў Слоўніку І. Насовіча (ёсць плаксун(ок), плаксу́ння), а таксама ў Б. Грынчэнкі (ёсць у сучаснай укр. мове: плаксій, плаксія, плаксу́н, плаксійка, плаксу́ха і пла́кса). У польск. мове — з XV ст. płaksa ’плакальніца на пахаванні’, якое Банькоўскі (2, 616) адносіць да запазычанняў з усх.-слав. моў. Неабавязкова, бо ў польск. мове ёсць beksa (< bekać, beczeć ’раўсці, плакаць’ — літ. beksė́ti ’рыпаць’) з тым жа суфіксам ‑с‑а. Найбольш лексема прадстаўлена ў рус. мове, параўн. пла́кса, плаксуха ’плаксівы чалавек’; пла́кса ’вазак, які вязе ў царкву ўхутаную нявесту’; пла́кса/пла́ксы ’абрад: увесь час плачу, жалобных песень, што аплакваюць нявесту — ад змовін да зборнай суботы’, пла́ксы/крыксы ’начны, хваравіты крык дзіцяці’. Суф. ‑с‑а — уплыў балт. моў: у літ. мове яму адпавядае ‑sa, ‑sas, які ўтварае назоўнікі ад дзеясловаў: baĩsa ’страх’, švaisa/sviesà ’святло’, tamsà ’цемра’, papsà ’хто чмокае губамі’, а таксама kùksas ’бязрогі, галамоўзы’. Сюды ж плаксі́вы ’які часта плача; любіць наракаць, скардзіцца’; ’які падобны да плачу (пра голас)’ (ТСБМ).
Пла́кса 2 ’плакун-трава, чальчак, Lythrum salicaria L.’ (б.-каш., жытк., Мат. Гом.), ’ажына валасістая, Luzula pilosa (L.) Willd.’ (гродз., Кіс.). Да пла́каць (гл.). Параўн. таксама плакун-трава, слёзны ’чальчак’ (Кіс.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Плаку́н-трава́ ’від чальчаку (відаць, вербалісты). Lythrum salicaria L.’ (ТС; Ласт.). Да пла́каць і трава́ (гл.), параўн. іншую назву — слёзнік. Паводле Кісялеўскага (Аб некат. асабл., 30), назва звязана з павер’ямі: ад яго плачуць ведзьмы і чэрці (Ласт., 799); ён плача, калі ў чалавека журба (ТС) і інш. Тэрмін узнік пад уплывам украінскай і рускай моў, дзе ён больш распаўсюджаны, параўн. укр. плаку́н ’тс’, рус. плаку́н‑трава́ — гэтак названа шмат раслін: белы гарлачык, святаяннік, скабіёза, драсён звычайны, баркун белы, касач сібірскі, скрыпень вузкалісты і чатырохгранны, аер, ядрушка, валяр’ян, большасць з іх — вільгацелюбівыя, што датычыць святаянніка (Hypericum L.), то паводле павер’я, яго крывава-чырвоны сок прымушае плакаць нячыстую сілу (Фасмер, 3, 272–273); сюды ж і балг. плаку́н ’чальчак’ (запазычана з рус.?, гл. БЕР, 5, 299).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тро́йнік 1 ‘рыбацкая прылада крыга’ (капыл., Янк. 1). Да трайні́к (гл.).
Тро́йні́к 2 ‘чальчак вербалісты, Lythrum salicaria L.’ (Кіс.), ‘бабок трохлісты, Menyanthes trifoliate L.’ (Бейл.), трыйні́к ‘лекавая балотная расліна з трыма лістамі’ (Клундук), укр. тройча́к ‘тс’. Да тры (гл.), аднак матывацыя першай назвы застаецца няяснай. Паводле ЕСУМ (5, 647), з-за таго, што кветкі гэтай расліны бываюць трох відаў; хутчэй перанос на расліну іншых назваў з-за размяшчэння лісткоў на сцябле (Волкава, БЛ, 65, 113; Пастусяк, Pograniczne, 138, 205). Сюды ж, відаць, і тро́йнік ‘капытнік, Caltha palustris L.’ (івац., ЛА, 1).
Тро́йнік 3 ‘бёрда на 13 пасмаў’ (ТС); у тры́йнык, у тры́нʼнік — ‘у трынаццаць пасмаў’ (пін., Уладз.). Параўн. рус. тройни́к ‘самае тонкае сялянскае палатно, у аснове якога 13 пасмаў’, тройнико́вый холст ‘тс’, польск. дыял. trojanotka, побач з trzynastka, trzynastnica ‘бёрда на 13 пасмаў’. Фактычна тройнік — гэта ніт, які складаецца з трох частак, слова ўтворана на базе тро́йны ‘патройны’ (Байк. і Некр.), гл. трайнік.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)