блок 1, ‑а, м.
Прасцейшае прыстасаванне для падняцця грузаў у выглядзе кола з жолабам, цераз якое перакінуты вяроўка, канат або ланцуг.
[Англ. block.]
блок 2, ‑а, м.
Аб’яднанне дзяржаў, палітычных партый, груповак для сумесных дзеянняў. Ваенны блок. Блок камуністаў і беспартыйных.
блок 3, ‑а, м.
1. Частка якой‑н. пабудовы, прылады, машыны і пад., якая сама складаецца з дэталей, элементаў. Блок цыліндраў. Блок матора. □ [Максім:] — Сам жа [Косця] прасіў паказаць будаўніцтва суцэльнымі блокамі. Грамовіч.
2. Штучна зроблены з бетоннай сумесі будаўнічы камень у выглядзе вялікай цагліны. Пустацелы блок. Шлакабетонны блок.
3. Комплекс будынкаў, якія маюць аднолькавае прызначэнне. Блок цэхаў жалезабетонных вырабаў. Хірургічны блок. Лагерны блок. □ Блокамі называюць баракі. Іх дзесяткаў чатыры, усе выходзяць тарцамі на адзіную вуліцу. Карпюк.
[Фр. bloc — аб’яднанне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шлак, ‑у, м.
1. Расплаўленая ці застылая маса розных прымесей, попелу і флюсаў, якая з’яўляецца пабочным прадуктам металургічнай вытворчасці. І кожны раз, калі вырываецца цяжкі паток металу з латкоў домнаў і мартэнаў, людзі гарачых цэхаў бачаць, як усё менш і менш выходзіць шлаку, усё больш мацнейшай робіцца сталь. «Беларусь». [Дзіміна] стаяла крыху ўбаку і безуважна пазірала, як плавільшчык качаргой ачышчае печ ад шлаку. Карпаў. // перан. Пра тое, што непатрэбна, не мае каштоўнасці, з’яўляецца лішнім, шкодным. Фашызм — шлак чалавецтва.
2. Попел каменнага вугалю ў топцы, які сплавіўся ў цвёрдую масу. Шура ссунуўся з вагона, назбіраў каля рэек шурпата-наздраватых камякоў шлаку, падаў дзядзьку Мікалаю. Ставер. Там [на гарадской ускраіне] не толькі вуліцы, нават гароды засыпаны шлакам ад перагарэлага вугалю. Ус.
3. Слой, які ўтвараецца на паверхні наплаўленага металу пры дугавой электразварцы.
4. звычайна мн. (шла́кі, ‑аў). Адходы фізіялагічных працэсаў, якія адбываюцца ў арганізме (не засвоены бялок і інш. рэчывы).
[Ням. Schlacke.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
павалі́ць 1, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак., каго-што.
Прымусіць упасці; абярнуць. Паваліў вецер плот. □ Накінуліся жа[ў]неры на дзеда Талаша і пачалі яго валтузіць, стараючыся паваліць старога. Колас. Вецер шалёна налятаў на дрэвы, нібы намагаючы паваліць іх з разгону. Лынькоў. // безас. Прымусіць нахіліцца, нахіліць. Пры віражы самалёта пасажыраў паваліла набок. // Разм. Высечы, спілаваць (пра лес, дрэвы і пад.). [Буднік:] — Дзялянка вялікая, хаця б да вясны ўправіліся паваліць. Ермаловіч.
павалі́ць 2, ‑валіць; зак.
Пайсці натоўпам, патокам. Адчыніліся дзверы, і ўслед за гарманістам у клуб з прыпеўкамі, гоманам і смехам паваліла моладзь. Дуброўскі. Нарэшце скончылася першая змена, і рабочы люд паваліў з цэхаў у прахадную. Сабаленка. // Пачаць часта хадзіць куды‑н., наведваць каго‑н. з якой‑н. мэтай — пра многіх. Да Настасі Палікарпаўны павалілі заказчыцы ажно з другога канца горада. Шахавец. // Пачаць ісці густой масай (пра снег, дым і пад.). На хату з пячуркі паваліла густая пара. Галавач. Паваліў мяккі ціхі снег, і чарнату вечара як бы хто прафастрыгаваў белымі ніткамі. Сабаленка.
павалі́ць 3, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак., што.
1. Зваліць усё, многае (шэрсць, воўну). Паваліць усю воўну.
2. і без дап. Валіць некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прагле́дзець, ‑гледжу, ‑гледзіш, ‑гледзіць і праглядзе́ць, ‑гляджу, ‑глядзіш, ‑глядзіць; зак.
1. што. Бегла прачытаць што‑н., азнаёміцца з чым‑н. Але наўперад гэтыя брашуркі і лісткі трэба было прагледзець, адабраць, бо шмат якія з іх ужо аджылі свой век і страцілі надзённую актуальнасць. Колас. Камандзір палка прагледзеў дакументы і з цікавасцю пачаў слухаць тлумачэнне. Машара. [Дзед:] — Цяпер пойдуць дні рэпетыцый. Трэба праглядзець увесь рэпертуар гэтага года. Караткевіч. // Агледзець што‑н. з мэтай праверкі. Інакш кажучы, стала ясна: трэба нанава прагледзець звяно за звяном і пачаць з гарачых цэхаў. Карпаў. [Настаўнік] праглядзеў сшыткі вучняў трэцяга класа. Кавалёў.
2. каго-што. Не заўважыць, празяваць, прапусціць. Ваню Чакая Уля прагледзела. Спадзявалася ўбачыць уперадзе, а ён вынырнуў ззаду. Паўлаў. [Верка:] — Гэта ж бачу, пайшоў [Кастусь] на канюшню, глядзела, глядзела і ледзь не праглядзела. Гаўрылкін. // перан. Удзяліць недастаткова ўвагі каму‑, чаму‑н.; не даглядзець. [Шыковіч:] — І я не сказаў бы, што сын мой Уладыслаў — гультай і [лежабок]. Безумоўна, занятыя працай, нешта мы прагледзелі. Шамякін.
3. што і без дап. Правесці некаторы час у разглядванні чаго‑н., у назіранні за чым‑н.
•••
Вочы прагледзець — углядаючыся, доўга чакаць каго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)