уско́пвацца несов., страд. взрыва́ться, вска́пываться, взрыхля́ться; см. уско́пваць

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

взрыва́тьII несов. (к взрыть) уско́пваць; (рылом — о животных) узрыва́ць.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Рыць1 ’капаць’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., ТС), ’рыць (рылам)’ (гродз., паст., астрав., вільн., Сл. ПЗБ; Гарэц.), ’падмываць бераг’ (лід., Сл. ПЗБ), ’капаць бульбу’ (ЛА 2, карта № 222), руск. рыть, укр. ри́ти, ст.-рус. рыти, польск. ryć, славац. ryť, чэш. rýti, в.-луж. ryć, н.-луж. ruś, серб.-харв. ри̏ти. Прасл. *ryti (Копечны, 314). І.‑е. корань *reu‑: *reue: *rŭ ’рыць’, ’ускопваць’ (Покарны, 1, 868). Роднаснае да літ. ráuti ’вырываць, палоць’, ’карчаваць’, ravė́ti ’палоць’, rutìs ’бульбяная яма’, склеп’, лат. raût ’рваць’, ’дзёргаць’, ’браць’, ст.-пруск. rawys ’роў’, лац. ruo ’абрушваюся’, ’вырываю’, ’зграбаю’. Далей звязана з рваць, роў, рыла (Фасмер, 3, 531–532; Чарных, 2, 131; Махэк₂, 528; Скок₃, 148). Анікін выступае супраць генетычнай роднасці *ryjǫ/*rъvǫ (Анікін, Этимология–1984, 31).

Рыць2 ’нагаворваць’ (Янк. Мат.). Магчыма, скарочаная форма фразеалагізма яму рыць. Параўн. серб.-харв. ри̏ти ’вынюхваць’, ’сачыць’, ’шпіёніць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

калупа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

Разм.

1. Падчэпліваючы чым‑н. вострым, аддзяляць, абдзіраць што‑н.; рабіць у чым‑н. паглыбленне. Калупаць тынкоўку. □ [Рымша] палкаю выводзіць літары, калупае зямлю каля сцяны млына. Гурскі. [Даніла] збянтэжана калупаў відэльцам хлебную скарынку. Дуброўскі. // Капаць, ускопваць. «Рана бабка свае градкі калупае», — падумаў [Васіль]. Шамякін. — Ну, тайга, дык тайга, нарабілі мы сабе курані і пачалі сяк-так сек[чы] лес ды калупаць зямлю паміж пнёў. Галавач. // а таксама чым і без дап. Капацца, корпацца ў чым‑н., дастаючы адтуль што‑н. Пшыбыцкі сеў, пачаў калупаць нейкай трэсачкай у зубах. Курто.

2. перан. Разм. (у спалучэнні са словамі «зямля», «зямелька» і пад.). Займацца земляробствам, весці гаспадарку. [Змітрок:] А з мяне даволі таго, што я ёсць: што ж будзе, калі ўсе ў прафесары пададуцца? А зямельку хто будзе калупаць? Губарэвіч. Я ніколі не памятаю .. [бацькі] за плугам ці з касой у руках, хаця, відаць, і ён часамі калупаў зямлю. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тасава́ць1 ’перамешваць (ігральныя карты)’ (ТСБМ, Янк. 1), та́соваць ’тасаваць (карты)’ (ТС), тасова́ті ’тс’ (Вруб.), тусува́ць ’мяшаць карты’ (Бяльк.), сюды ж тасо́ваны ’перамешаны, пераблытаны’ (ТС). Праз польск. tasować ’перамешваць карты’, ’расстаўляць, распінаць, ставіць’ з франц. tasser ’збіраць у кучу’, звязанае з tas ’куча’ (Фасмер, 4, 26; Брукнер, 566; ЕСУМ, 5, 526).

Тасава́ць2 ’штурхаць, штыляць’ (Янк. 1), ’штурхаць, біць’ (Мат. Гом.), ’рыхліць, ускопваць’ (Сцяшк. Сл.; карэліц., Шатал.), сюды ж тасыну́ты ’штурхануць, піхануць’ (Клім., Сл. Брэс.). Відаць, роднаснае чэш. tasiti ’сячы; вымаць з похвы’, якое Махэк₂ (637) лічыць ітэратывам ад tesati (гл. цясаць) і параўноўвае з лат. test, якое акрамя ’абчосваць’ мае значэнне ’біць’. Сюды ж, магчыма, ст.-бел. тасоване ’?’: ковалю за тасоване прутов осми и два новых… заплатили (1686 г., КГС). Параўн. таскаць, ташчыць, гл.

Тасава́ць3 ’зносіць, цягаць, кідаць’ (рагач., Сл. ПЗБ). Няясна. Нагадвае чэш. tasiti ’цягнуць, валачы’, якое Махэк₂ (637) параўноўвае з рус. таска́ть ’цягаць, валачы’ (параўн. таскаць, гл.), роднасным літ. tąsýti ’торгаць, цягаць, валачы’; паводле аўтараў Сл. ПЗБ (5, 92), апошняе магло быць крыніцай слова, што не мае падстаў. Махэк₂ (там жа) лічыць чэшскае слова ізаляваным у славянскіх мовах, паколькі адсутнічае зыходны дзеяслоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ка́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Падаць каплямі. Зямля была мокрая, з дрэў капала вада. Маўр. / у безас. ужыв. Удзень капала са стрэх, у зацішку зусім па-веснавому прыгравала сонца. С. Александровіч.

2. Ліць, наліваць каплямі. Капаць лякарства. // Разліваць каплі чаго‑н. на што‑н. Капаць салам на настольнік.

3. перан.; на каго. Разм. Даносіць, нагаворваць. Капаць на суседзяў.

•••

За каўнер не капае — няма падстаў спяшацца; паспеецца.

Капаць на мазгі каму — настаўляць, навучаць.

капа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак., што.

1. Пераварочваючы і разбіваючы верхні слой глебы (звычайна лапатай), размякчаць, рыхліць зямлю; ускопваць. Капаць агарод. □ Хлапчукі капалі зямлю і насілі перагной. Васілевіч. // Выбіраючы, выкідваючы зямлю, рабіць паглыбленне. Капаць яму. □ Дзесяткі і сотні тысяч жыхароў сталіцы, пачалі капаць акопы, супрацьтанкавыя равы, будаваць надаўбні, каб перагарадзіць ворагу дарогу да сталіцы. Паслядовіч.

2. Выконваць, даставаць што‑н. з зямлі. Капаць бульбу. □ Улетку [людзі] збіралі грыбы і ягады, капалі карэнне. Якімовіч. // Рыючы зямлю, здабываць каштоўныя пароды, карысныя выкапні, мінералы. Капаць гліну. □ [Эдвард Лявэр] з самых малых год сваіх капаў жалезную руду. Чорны.

•••

Капаць магілу (яму) каму — рыхтаваць пагібель, тварыць зло каму‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калупа́ць ’падчэпліваючы чым-н. вострым, аддзяляць, абдзіраць што-н.; рабіць у чым-н. паглыбленне’, ’капаць, ускопваць’, ’капацца, корпацца ў чым-н., дастаючы адтуль што-н.’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп.; бешан., Нар. сл.; Радч.; Сержп.; Федар. Рук.; Шат.), укр. колупати, рус. колупать ’тс’. Трубачоў (Эт. сл., 10, 160) на падставе польск. дыял. kolupać і ўсх.-слав. лексем дапускае рэканструкцыю прасл. kolupati. Верагоднасць такога рашэння нязначная, паколькі статус польск. слова няясны. Карловіч памячае яго як запазычанне з фіксацыяй у мове палякаў на перыферыі (за межамі моўнай тэрыторыі). Слаўскі гэту лексему не разглядае. Большую цікавасць выклікае польск. дыял. klupać ’калупаць’, асабліва ў сувязі з бел. клупаць і рус. клупать, аднак статус польск. слова няясны. Не вельмі ясны і статус дыялектных значэнняў; не выключана, што яны ў большасці другасныя. Асноўныя факты былі вядомыя этымолагам вельмі даўно і першыя спробы этымалогіі (Міклашыч, Мацэнаўэр і інш.) пакуль што не знайшлі альтэрнатывы. Трубачоў (там жа) лічыць, спасылаючыся на Фасмера, 2, 298, што слова ўтворана складаннем прэфікса ‑ko і дзеяслова *lupati. Сабалеўскі (Slavia, 5, 444) меркаваў аб гаплалогіі з кололупати, аднак з гэтым нельга нагадзіцца і з пункту погляду фармальнага і семантычнага крытэрыю. Паколькі папулярная ў апошні час думка адносна вялікай архаічнасці падобных прэфіксаў надзейна не пацвярджаецца, фактычна няма прычын лічыць разглядаемае слова праславянскім.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́паць ’падаць кроплямі’, ’крапаць’, ’ліць кроплямі’ (ТСБМ; гродз., віл., Сл. паўн.-пах.). Укр. ка́пати, рус. ка́пать, ц.-рус. капати, польск. kapać, н.-луж. kapaś, в.-луж. kapać, чэш. kapati, kapat, kvapati, славац. kvápať, kapať, славен. kápati, серб.-харв. ка̏пати, макед. капе, балг. капя, ка́пʼъ, капа, ст.-слав. капати ’капаць’. Прасл. kapati. Сцвярджэнне таго, што kapati/kap‑kap! (Фасмер, 184) не з’яўляецца рашэннем праблемы. Трубачоў (Эт. сл., 9, 145) прапануе звярнуць увагу на аманімію kapati ’падаць кроплямі’ і ц.-слав. капати ’капаць, рыць’ і атаясаміць гэтыя дзеясловы, — параўн. першаснае значэнне ў прасл. kapati ’біць’, ’удараць’ (з дуратыўным значэннем), якое з kopali ’капаць, рыць’. БЕР (2, 612) рэканструюе для апошняга дзеяслова прасл. форму ў выглядзе kapāti.

Капа́ць, кыпа́цьускопваць, рыхліць зямлю’, ’выкопваць, даставаць што-небудзь’ (ТСБМ, Янк. 1., Бяльк., Сцяшк., Яруш., Янк. Мат.), ’разграбаць (аб курах)’ (Інстр. III). Укр. копати, рус. копать, польск., kopać, н.-луж. kopaś, в.-луж. kopać, чэш. kopati, славац. kopať, славен. kopáti, серб.-харв. ко̀пати, макед. копам, купа́ям, балг. копая, ст.-слав. копати ’тс’. Прасл. kopati (Трубачоў, Эт. сл., 11, 18–20). Роднаснае да літ. kapóti ’рубаць’, лат. kapât ’тс’, ст.-прус. en‑kopts ’закапаны’, далей — з арм. kopʼem ’высякаць, вырэзваць’; н.-перс. kāvad, kāfad ’капаць’, ’расколваць’, ст.-грэч. κόπτω ’сячы’ і σκάπτω ’капаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляда1 (ж. і н.), ля́до, лядо́, ле́до, ля́ды, ля́дзіна ’дзялянка высечанага лесу, хмызняку; высека’, ’расчышчанае месца ў лесе пад пасеў або пад сенажаць’ (ТСБМ, Гарэц., Зн., Нас., Растарг., Шн. 2; усх.-бел. ДАБМ, к. 337), а таксама ’пакінутая зямля’, ’дзікае месца’, ’пожня’, ’цаліна’, ’поле ў кустах’, ’неаранае поле са свірэпай’, ’вялікае поле’, ’будынак, у якім ніхто не жыве’ (ДАБМ, к. 337; Яшк.; Талстой, Геогр.; Растарг.), ’месца, якое зарасло густым, маладым лесам’, ’сухадольны лес’, ’харошы лес’, ’сасновы лес’, ’востраў, дзе добра расце сасна’, ’чубок лесу сярод поля’, ’цёмны лес’, ’месца з высечаным лесам, дзе ляжыць галлё’ (Маш., ДАБМ, к. 337); ля́давіца, лядцо, лядца, лядзечка, лядцовічка ’невялікі ўчастак ляда’, лядзішча ’поле на высечцы’ (Яшк.), ’месца, прыдатнае для ачышчэння ад зарасніку’ (Нас. Доп.). Укр. н.-валын. лядо ’высокае месца ў лесе, дзе расце будаўнічы лес’, палес. ’невялікая плошча сярод лесу’; лядина, ровенск. лядо́ва (лядова́та) сосна ’смалістая хваіна’, ’стрыжань хваіны ці яліны’, рус. ля́да, ляда́, дя́дина — вельмі шмат значэнняў, большасць з якіх аналагічная да бел.; польск. lędzina, каш. lëʒëna, laʒëna, ladzina ’пожня’, назвы азёраў Lendo, Polędzie; палаб. lʼǫdü ’ралля’, н.-луж. lědo, lěda, lědy (мн. лік) ’пустка, неапрацоўваемая зямля, папар’, в.-луж. lado, lada ’тс’; чэш. lado, lada ’тс’, славац. ležať ľadom ’ляжаць лядам’; славен. ledína ’аблога’, ledič ’лясны луг’, серб.-харв. лѐдина, леди́на ’неапрацоўваемае поле, пакрытае дзірваном’, макед. ледина ’аблога’, лендина ’лясная паляна’, балг. леда ’аблога’, ле́дина, леди́на ’тс’, ’лясная паляна’, ц.-слав. лѧдина ’аблог’. Прасл. lędo, lędina ’неапрацоўваемая зямля’ (Слаўскі, 4, 201; Мартынаў, Лекс. взаим., 144) ці, увогуле, ’зямля, не прыдатная для апрацоўкі’ (Талстой, Геогр., 137); і.-е. адпаведнікі: ст.-прус. lindan ’даліну’, швед. linda ’папар’, гоц. land ’зямля, поле’, ірл. land, lann ’плошча, адкрытае месца’ — усе да і.-е. *lendho‑ (Траўтман, 157; Бернекер, 1, 705; Брукнер, 289; Фасмер, 2, 549; Махэк₂, 317; Скок, 2, 284; Бязлай, 2, 130; Трубачоў, Эт. сл., 14, 44–48). Мартынаў (БЛ, 6, 79) параўноўвае бел. ляда з літ. lyda ’вырубка (лесу)’. Сюды ж ляда біцьускопваць’ (клім., БНТ, Лег. і пад.), ля́дны ’з ляда’; лядныя сена ’сена з ляда’ (Юрч., Вытв.). Тарнацкі (Studia, 53–54) і Папоўска–Таборска (Бел.-польск. ізал., 105–106) адзначалі палес.-каш. ізалексу са значэннем ’пожня’.

Ля́да2, ля́до ’гарошак плотавы, Vicia sepium L.’ (нясв., КЭС; гродз., Кіс.), ’мышыны гарох’ (пін., Шатал., ТС), ’віка’ (Мікуц.), ’гарошак’ (лях., стаўб., Сл. ПЗБ). Укр. ляд, лядве́ць, лядвене́ць, ля́дник, рус. ля́двенец, ля́дник, польск. lędziaj, lędziej, leńdziak і інш., якія ў слав. мовах называюць розныя расліны, — усе да прасл. lędo (> ляда1) з першасным значэннем ’расліны, якія растуць на лядзе, на аблогу’ (гл. Слаўскі, 4, 201–202). Пасля гэта сема замацавалася за асобнымі раслінамі.

Ляда3, ляды ’бруд у хаце’ (талач., КЭС), ’непарадак’, ’шкода’ (зах.-віц., ДАБМ, к. 337; Сл. ПЗБ), ’пустазелле’ (Сцяшк.), ’пустазелле ў абмалочаным збожжы’ (зах.-бел., палес., ДАБМ, к. 337; кругл., Мат. Маг.). Да ля́да1. Талстой (Геогр., 141) уключае гэтыя лексемы ў семантычны ланцуг: ’лес’ ∼ ’лісцевы лес’ ∼ ’хмызняк’ ∼ ’сучча’ ∼ ’пустазелле ў абмалочаным збожжы’ ∼ ’смецце, бруд’. Сюды ж в.-дзв. ля́дам‑градам ’у беспарадку’ (Сл. ПЗБ).

Ля́да4, лядо ’драўлянае карыта ў сячкарні’ (гродз., брэсц., ДАБМ, к. 337; Сцяшк., Нар. лекс.), ’сячкарня’ (маст., Шатал.), ’калода, на якой рэжуць касой салому для жывёлы’ (пруж., кам., ДАБМ), ’набіліцы’ (Сцяшк., Сцяц., Жд. 1, ЛАПП, Тарн.; пін., КЭС; Шатал., Мат. Маг., ТС, Сцяшк. Сл.; ДАБМ, к. 337), ’дзверы ў пограб, у склеп’, ’прылавак у магазіне’ (Растарг.; ельск., Мат. Гом.); ’верхняя частка церніцы’ (маст., Сл. ПЗБ); ляда, лядо, лядь ’прылада для падымання цяжкіх прадметаў’ (зах.-бел., ДАБМ, к. 337; Словаўтв., Нар. сл., Нар. лекс., Нар. словатв., Мат. Гом., ТС, Сцяшк., Клім., Сл. ПЗБ), лядава́ць ’паднімаць, класці бярвенне на воз пры дапамозе ляды’ (гродз., Нар. сл., слонім., Нар. лекс.). Запазычаны праз польск. мову з ням. Lade (Weberlade, Ladebaum) ’скрыня, шуфляда’, ’набіліцы’, ’ляда для паднімання цяжкіх прадметаў’, с.-в.-ням. lada ’скрыня’, ’дыль’, ст.-нарв. blada ’свіран’ (Бернекер, 1, 682; Брукнер, 289; Слаўскі, 4, 20–21; Талстой, Геогр., 141–142; Арашонкава, Бел.-польск. ізал., 9; Чартко, Бел. лінгв. зб., 147, 149).

Ля́да5 ’абы’ (беласт., ваўк., Сл. ПЗБ). Да леда (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)