экано́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які прытрымліваецца эканоміі (у 1 знач.), беражліва, ашчадна расходуе што‑н. Колішнія невядомыя жыхары Плутона, відаць, былі эканомныя і не раскідваліся сваімі рэчамі. Шыцік. // перан. Дакладна разлічаны, скупы. Рухі ў .. [Цімкі] былі ўпэўненыя, эканомныя, стрыманыя. Карпаў. // Стрыманы, умераны ў праяўленні чаго‑н. Эканомны ў словах і ўчынках.

2. Які патрабуе меншых затрат, дазваляе абыходзіцца меншай колькасцю чаго‑н.; эканамічны. Мастацкая дэталь — гэта найбольш эканомны сродак раскрыцця думак. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скро́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, што не любіць хваліцца сваімі заслугамі; не ганарысты. І прывітаю разам шчыра Адданых партыі людзей — Тых скромных носьбітаў ідэй, Што нам прыносяць радасць міру. Колас.

2. Стрыманы, умераны; прыстойны ў жыцці, паводзінах. У адзенні ёсць прыкметы, І па ім відаць ваш густ: Скромны — скромна і адзеты... Непачаловіч. [Пані Мар’я:] — Маю такую дзяўчыну, вельмі бедных бацькоў. Скромная, маладая і нават прыгожая. Бядуля.

3. Які нічым не вызначаецца, просты, звычайны. Адны ў дрыгве карчуюць гаць — Паўзуць уверх карчы, Другія вараць у катлах Іх скромныя харчы. Купала. Быт Ваўковічаў быў вельмі просты, нават скромны. Васілевіч. // Звычайны, радавы (пра пасаду, работу і пад.). Там .. [Юткевіч] будзе скромным, непрыкметным настаўнікам гімнастыкі. Мікуліч. // Не яркі, не рэзкі (пра фарбы і пад.). Як рада ты жыццю нявольна, Уся пад срэбнаю расой Са стужкай скромнай між касой. Багдановіч.

4. Невялікі, нязначны. Хопіць подзвігаў і на вашу долю. А зараз пачнём з самага скромнага, — і .. [Лясніцкі] накіраваў .. [Маеўскую] ў якасці прапагандыста ў далёкую вёску. Шамякін. Фарсавыя моманты і прыёмы .. адыгрываюць у п’есах Марцінкевіча вельмі скромную ролю. Ярош.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скро́мны ‘неганарысты’, ‘стрыманы, умераны, сціплы’ (ТСБМ), ‘скнарлівы’ (навагр., З нар. сл.), скрамі́ць ‘заспакойваць’ (Нас.), скрэ́мнічаць ‘быць сціплым’ (Ян.). Паходжанне слова не вызначанае. Як мяркуе Крукоўскі (Уплыў, 74), з рус. скро́мный, аднак у рускай мове слова фіксуецца адносна позна і лічыцца паланізмам (Брукнер, 496; Віткоўскі, Słownik 174 і інш.). Паводле Тапарова (Этимология–1994–1996, 158), значэнне слова можа трактавацца падвойным чынам — як ‘той, хто трымаецца ў пэўных рамках’ і ‘той, хто трымаецца з краю’, г. зн. знае сваё месца і не прэтэндуе на большае. У залежнасці ад гэтага прасл. *skromьnъ, рэфлексы якога яшчэ ў польск. дыял. skromny ‘скупы’, каш. skromn ‘скупы; бедны, худы’, в.-луж. skromny ‘тс’, чэш. skromný, славен. skrómen, серб.-харв. скроман (< з чэш., Скок 3, 271), балг. скром ‘тс’, скро́мен ‘тс’, выводзіцца ад кораня *krom‑, параўн. рус. кро́мы ‘кросны; рама ў кроснах’, першапачаткова ‘той, хто трымаецца ў рамках’; гл. Сабалеўскі, РФВ, 70, 87; Фасмер, 3, 658; Бернекер, 1, 622. Аднак больш прымальным падаецца другое значэнне, захаванае ў рус. кро́мы ‘ўскраіна’, в.-луж. skromny, přikromny ‘які знаходзіцца з краю, крайні’, што дазваляе звязаць слова з скроміць, кром1 (гл.). Урбанчык (JP, 26, 6 і наст.) рускае слова лічыць запазычаннем з польск. skromny; ён мяркуе, што польскае з ст.-чэш. skrovný ‘тс’, якое да крыць (гл.), што адмаўляюць Басай і Сяткоўскі (Słownik, 317). Гл. таксама Глухак, 555 (першасна адносілася да жывёлы, якую вылегчалі, абрэзалі, “скрамілі”).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)