Раму́ль ’рамонак’, рамулі́, рамулькі́ мн. л. (ігн., швянч., паст., Сл. ПЗБ). Па лінгвагеаграфічных характарыстыках, хутчэй за ўсё з літ. ramùliai ’тс’, аднак не выключана самастойнае ўтварэнне, параўн. Сцяцко, Афікс. наз., 173, які адзначае формы на уль як малапрадуктыўны словаўтваральны тып, што выкарыстоўваецца на Віцебшчыне, Гродзеншчыне і Магілёўшчыне, напрыклад: горбгарбуль ’нарасць’, быкбычуль ’гультай’, шыпшыпуль ’тонкая трэска’. Адсюль, магчыма, рамонрамуль як экспрэсіўная форма з адсячэннем карнявой фіналі ‑он, параўн. раму́нкі ’рамонкі’ (Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свіргу́ль ‘стрыж, Apus apus L.’ (ушац., бяроз., ЛА, 1; Ласт.). Утворана пры дапамозе непрадуктыўнага суф. уль ад гукапераймальнага дзеяслова свіргата́ць ‘шчабятаць’ (ТСБМ) як суб’ект дзеяння (Сцяцко, Афікс. наз., 67), параўн. таксама свыргота́тэ ‘цвыркаць’ (драг., Нар. словатв.), укр. сверготі́ти ‘тс’, польск. świergotać, szwargotać ‘тс’, якія паводле Брукнера (536; гл. таксама ЕСУМ, 5, 188, 195), утвораны на польскай глебе, што цяжка давесці, паколькі чаргаванне глухіх і звонкіх зычных у гукаперайманняў — звычайная з’ява ў славянскіх мовах. Параўн. наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́лей (БРС, Грыг., Бяльк., Шат., Сцяшк. МГ, Анох.), ву́ляй (чэрв., рагач., З нар. сл.), уле́й (віл., воран., З нар. сл.), вуль, уль (Касп., глыб., віл., слаўг., бялын., З нар. сл., палес., Анох., Нар. лекс.), укр. ву́лій, ву́лень, ву́лік, дыял. вуль (Лысенка, СПГ), ву́лий ’бочка для залення бялізны’, рус. у́лей, польск. ul, чэш. úl, славац. úľ, н.-луж. huľ ’вулей, выдзеўбаная калода’, палаб. väul, славен. úlj ’дуплістае дрэва, борць, вулей’, серб.-харв. уља̀ник ’вулей’, мн. л. у́љеви ’чарва’, макед. улиште ’вулей’, балг. у́лей, дыял. радоп. вулʼ ’дрэва з дуплом, драўляная труба для вады ў млыне, вулей’. Прасл. ulьjь, uljь ’дупло, пустая калода, вулей’; дакладны семантычны і словаўтваральны адпаведнік слав. uljьліт. aulỹs, лат. aũlis; паколькі такая форма ўспрымалася як зборны назоўнік, то для ўзмацнення адзінкавасці атрымала дадатковы фармант ulь‑jь; параўн. салаве́й (*solvь‑jь) (Мартынаў, Деривация, 56 і наст.); характэрна, што нарашчэнне атрымала таксама адпаведная літоўская форма avilỹs (Атрэмбскі, Gramatyka, 122). Іншыя і.-е. адпаведнікі: ст.-прус. aulis ’галёнка’, aulinis ’халява’, грэч. αὐλός ’труба, дудка’, лац. alvus ’поласць жывата, трыбух’, alveus ’поласць, карыта, вулей’, што дазваляе рэканструяваць і.-е. *au‑lo‑s ’труба, падоўжная поласць’ (Фасмер, 4, 159; Брукнер, 593; Младэнаў, 651; Махэк₂, 668; Слаўскі, SP, 1, 80, 83 адносна суфікса ‑jь: «выступае ў функцыі фарманта, які пашырае розныя архаічныя словаўтваральныя катэгорыі, накладваючыся на першасныя ўтварэнні»). Беспадстаўна Булыка (Запазыч., 329) выводзіць ст.-бел. уль з польск. ul.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вулды́р ’гуз’ (Жд., 2, 3), вулды́рь ’гуз, гузак, пухір’ (Бяльк.), рус. волды́рь ’тс’ (няяснага паходжання, гл. Фасмер, 1, 338). Няма падстаў разглядаць асобна ад булды́р ’пухір, бурбалка, бугор’ (параўн. Гараеў, 53; Праабражэнскі, 1, 91), з метатэзай бурды́ль і асабліва бурду́ль ’пухір’, вытворных ад дзеясловаў з «вобразнай» семантыкай, гл. бурдзе́ць ’пачынаць закісаць’ (З нар. сл.); параўн. інш. семантычныя паралелі: брузды́ль ’пухір на целе’ і брузда́цца ’аблівацца ў час яды’ (Бяльк.), літ. vir̃dulas ’пухір, бурбалка’ ад vìrti, vérda ’кіпець’ (Атрэмбскі, Gramatyka, 125). Фармальная блізкасць утварэнняў з пачатковымі в і б прывяла да перапляцення значэнняў ’пухір’ і ’гуз’; ёсць падставы меркаваць, што зыходным для ўтварэнняў з в было значэнне ’гуз, круглы прадмет’ і аснова вурд‑ (*vr̥d‑), гл. навагр. ву́рда ’вяртушка зробленая з бярцовай косці свінні, буркаўка’ (Жыв. сл.); параўн. балг. върда́лям ’перакульваць’, серб.-харв. вр̏дати ’вярцецца, круціцца’, тады вулды́р < *вурдыль з метатэзай. Адносна суфіксацыі, асабліва чаргавання ‑ыль/‑уль, параўн. Слаўскі, SP, 1, 112.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)