Звадыяш ’зводнік, падбухторшчык’, дыял. зваду́н, звод ’тс’ (Касп.). Параўн. рус. сводня, сводник ’асобы, што выступаюць пасрэднікамі’ (у тым ліку, паводле Даля, ’злачынных сувязей’), укр. звідник ’абманшчык’ (Грынч.), уст. дыял. зводи́тель ’спакуснік’, польск. дыял. zwodzijasz, zwodzijaś ’птушка ляляк, Caprimulgus europaeus, якая водзіць людзей па лесе’, ’падманшчык’ (1 красавіка — dzień św. Zwodzijasa) (Карловіч), ст.-польск. zwodzicz, zwodca ’баламут, падманшчык’ (Рэчак). Параўн. бел. звада ’спрэчка’ (Мікуцкі, Полымя, 1971, 8, 251), звадзіць ’пасварыць’ (Багушэвіч, Мар. дыс., 176). Паводле Мартынава–Міхневіча (Маладосць, 1969, 9, 149), да кораня вад‑ (гл. вадзіць). Аднак у словатворчых адносінах дакладней Сцяцко (Афікс. наз., 32–33): звадыяш ад зводнік. Сувязь з вадзіць пазнейшая. Зважаючы на бел.-польск. пашырэнне, хутчэй тут запазычанне, верагодна, з польск. у бел. Ад зводзіць з суфіксам ‑ун утворана звадун, што тыпова для бел. словаўтварэння. Звод можа быць рэфлексам старога ўтварэння з аблаўтам ад sъved‑ti (рус. свести) у спецыфічным значэнні, адкуль потым адназоўнікавы дзеяслоў зводзіць, але магчыма і больш новае, другаснае ўтварэнне ад гэтага дзеяслова, утворанага на базе звод з шырокім значэннем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дыва́н1 ’дыван, пакрывала на ложак’ (Сцяшк., Сцяц. Нар., Сл. паўн.-зах., Шатал.), ’дыван’ (БРС). Укр. дыял. диван ’дыван’. Запазычанне з польск. dywan ’тс’. У польск. мове гэта значэнне тыпова польскае (Слаўскі, 1, 187), таму і можна меркаваць аб запазычанні іменна з польск. мовы. Зыходным для гэтай групы слоў з’яўляецца тур. divan ’двор, рада, сход’ (< перс. divān; гл. Локач, 42). У польск. мове ’дыван’ < ’пакой, засланы дыванамі’ (Слаўскі, там жа, са спасылкай на Карловіча, Wyr. obce, 141). Рус. диван ’канапа’, чэш. divan ’нізкая канапа’ маюць некалькі іншую семантыку. Рус. слова, паводле Фасмера (1, 512–513) і Шанскага (1, Д, Е, Ж, 113), запазычана непасрэдна з франц. divan ’тс’ (< араб. < тур.-перс.). Гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 52.

Дыва́н2 ’мяккая мэбля на спружынах’ (Сцяшк.). Зыходзячы са значэння (параўн. дыва́н1), трэба лічыць гэта слова запазычаннем адносна новага часу з рус. дива́н ’канапа’ (аб рус. слове гл. пад дыва́н1).

Дыва́н3 ’дыван, дзяржаўная рада ў Турцыі; месца пасяджэнняў; збор арыентальных твораў’ (ТСБМ). Рус. дива́н, польск. dywan, чэш. divan, балг. дива́н і г. д. Зыходным з’яўляецца тур.-перс. divan (divān). Па паходжанню гэта слова ідэнтычнае з дыва́н1 (гл. там падрабязна аб гісторыі лексемы). Гл. яшчэ Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 112–113.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зя́бер ’расліна Galeopsis’, жа́бер (Жд. 2) ’Scrophularia nodosa’, жабо́р ’Galeopsis’, ’асцюк’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. смал., цвяр., арл. зя́бер, зя́бирь, зя́берь, маск., жа́бер, маск., вяцк., цвяр., іркуцк., табол. жабре́й ’тс’ (апошняе і ў функцыі назваў іншых раслін), укр. жабрі́й ’тс’, польск. уст. zibrz, н.-луж. zyber ’тс’, в.-луж. уст. zabr, zabrij, славац. дыял. ziabor ’Galeopsis’, ’Lamium’ (Калал), чэш. уст. žabr (Махэк, Jména rostl., 196) ’Galeopsis’, славен. zę́brot ’тс’, zęber ’нейкая трава’, серб.-харв. срба ’Galeopsis’, балг. жабрей ’Linaria’. Верагодна, перанос, паводле знешняга выгляду кветкі ці лісця, ад жабры (гл.) ці вытворнай ад жа́ба1, 2 (гл.) назвы хваробы тыпу ст.-чэш. žáber (Плевачава, Этимология, 1966, 90–96; там іншая літ-ра). Параўн. ням. назву ’Scrophularia’ Sauwurz ’свіное зелле’; гэтай травой лячылі свінку (заўшніцу), якая мае сярод іншых і назву, звязаную са словам жаба як назву пухліны на горле, шыі (Махэк, Jména rostl., 211; Мяркулава, Этимология, 1963, 76). Трэба ўлічыць пры гэтым, што ў дыялектах сустракаецца форма зябры ’жабры’ (але не тыпова *зяба ’жаба’). Варыяцыя зябержабер, як і жабрызябры, не растлумачана. Буліч (ИОРЯС, 10, 2, 428), матывуючы назву тым, што (Xleopsis мае зубавідныя чашачкі, калючая (параўн. прыклад у Сл. паўн.-зах.: зябра калючая), звязваў яе са словам зуб (*zęb‑*zǫb‑). Гэта падтрымлівае Фасмер, 2, 111. Ільінскі (ИОРЯС, 24, 1, 125) высунуў ідэю кантамінацыі зуб і жабры. Няясна. Параўн. яшчэ жыбулька.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кало́дка1 ’капыл, кавалак дрэва ў форме ступні, на якім шавец робіць абутак’ (ТСБМ, магчыма, тут у больш шырокім значэнні). Дакладныя адпаведнікі ў гаворках ёсць, аднак ТСБМ ілюстрацый з мовы пісьменнікаў не падае, можа гэта «слоўнікавы» русізм. Але сувязь з калода1 відавочная і спосаб дэрывацыі рэгулярны. У гаворках з паметамі талач. і гарад. адзначае Сл. паўн.-зах.; ёсць і ў Каспяровіча; геаграфія не выключае іншамоўнага ўплыву. Адзначаецца і ўкр. колодка ’тс’.

Кало́дка2 ’сярэдняя частка кола’ (БРС, ТСБМ, Маш., Шат.), калёсная калодка (КЭС, лаг., бар., астрав., лід., віл. Сл. паўн.-зах.). Укр. колодка ’тс’, адносна рус. матэрыялу пэўных звестак няма, Даль (з паметай «зах.?») падае калода ў тым жа значэнні, польск. kłódka ’тс’. Статус апошняга не вельмі ясны; паводле геаграфіі можна меркаваць аб сумеснай бел.-укр. інавацыі з наступнай экспансіяй слова. Сувязь з калода1 відавочная, матывацыя не вельмі ясная (гл. падрабязней пад калодзіца).

Кало́дка3 ’драўляная або металічная аправа, у якую устаўляецца або на якую насаджваюць асноўную частку інструмента’ (ТСБМ), кулітка ’тронкі нажа’ (малар., Нар. лекс.), сюды ж, відаць, і колодка ’частка рубанка’ (Ян.), апошняе не вельмі зразумела. Такое вытворнае як тураў. колодан ’гаспадарчы нож з драўлянай ручкай’ сведчыць аб больш шырокім распаўсюджанні слова ў параўнанні з інфармацыяй крыніц. Засведчана ў іншых мовах: укр. колодка ’ручка, дзяржанне’, рус. колодка, польск. kłódka ’тронкі нажа, відэльца’, н.-луж. kłodka ’дзяржанне касы, лапаты’, в.-луж. kłotka, kłodka, ’ручка’, чэш. мар. kladka ’ручка, дзяржанне сярпа’. Усе лексемы да прасл. koldъka (паўн.-слав., паводле Слаўскага, 2, 273), дымінутыва ад kolda ’калода, бервяно’, аднак не вельмі ясна, ці можна на аснове прыведзеных фактаў узнавіць як архаічнае значэнне ’тронкі’. Шэраг лексем, якія пры адпаведным этымалагічным рашэнні можна суаднесці з разглядаемым словам (параўн., напрыклад, калодка ’ступіца ў коле’) дазваляюць меркаваць аб значэнні ’аснова’, ’галоўная частка’ (параўн. яшчэ колодка пера), аднак не выключана, што такое значэнне было характэрным ужо для калода, г. зн. для зыходнага слова такое значэнне нельга разглядаць як паказчык архаікі (калі дапускаць, што разгалінаванне семантыкі патрабуе часу). Таксама паўн.-слав. характар утварэння koldъka ’тронкі’ цяжка давесці па прычыне натуральнага развіцця «тэхнічнай» семантыкі, так што, магчыма, прыведзеныя вышэй лексемы могуць быць і незалежнымі.

Кало́дка4 звычайна калодкі ’род скуранога абутку на драўлянай падэшве, дзеравяшкі’ (ТСБМ; гродз., З нар. сл.). Укр. колодочка ’абцас’, рус. дыял. колодка ’драўляная дошчачка, падэшва, прымацаваная да лапцей для дажджлівага надвор’я’, колодки ’абцасы’, у Даля колодка ’драўляны абцас пад абутак’. Відаць, спачатку калодка ’абцас’, што дазваляе зразумець матывацыю сувязі з калода1. Рэгулярны характар утварэння, магчымасць экспансіі рэаліі не дазваляюць з упэўненасцю бачыць тут усх.-слав. інавацыю.

Кало́дка5 ’абрубак дрэва як функцыянальны элемент народнага абраду’ (Касп., Кос., Нас.), ’назва гэтага абраду’ (Касп.). Відавочна, што ў большасці прыкладаў захоўваюцца толькі рэшткі абраду, пры гэтым сапраўдная першапачатковая калодка змяняецца да трэскі або велікоднага яйка. Абмежаваная геаграфія слова як быццам дазваляе бачыць тут інавацыю; аднак наяўнасць слова ў двух розных арэалах не выключае магчымасці больш даўняга паходжання. Пра звычай «валачыць калодку» ў літоўцаў, латышоў і ўкраінцаў пісаў Снегіроў (Русские простонародные праздники и суеверные обряды, I. М., 1837, 114–115), параўн. яшчэ Фрэнкель, 1047; Мюленбах-Эндзелін, 1, 318 (bluku vakars). У літоўцаў tabala ’цурбанны вечар, куцця’, фактычна звычай у гэты святочны вечар гуртам валачыць цурбан з аднаго двара ў другі. У плане рэалій інтэрпрэтацыя прыведзенага матэрыялу можа быць рознай: гэта можна разглядаць і як стары абрад, які быў захаваны ва ўсходніх славян (а магчыма, і ў іншых), не выключана, што была невыпадковая кансервацыя — захаванню абраду спрыяла суседняя балтыйская традыцыя, можна разумець і як экспансію абраду з больш-менш кампактнай зоны; пры гэтым фактычная безупыннасць у распаўсюджанні (ад балт. плямён да ўкр. тэрыторыі) можа сведчыць пра напрамак экспансіі. Цяжкасць стратыфікацыі з’явы абумоўлена, магчыма, агульнаеўрапейскім яе характарам (першапачаткова), што наогул тыпова для свят розных каляндарных цыклаў народаў Еўропы. Апошняе з’яўляецца вынікам як генетычна суаднесеных з’яў, так і другасна пашыраных. Адносна канкрэтнага выпадку аб першапачатковай функцыі калодкі-цурбана можна толькі здагадвацца (яе прымацоўвалі хлопцам або незамужнім дзяўчатам), аднак аднолькавая назва рэаліі ў балтаў і ўсх. славян дазваляе меркаваць, што замена першапачатковага святочнага атрыбута нейтральнай калодкай з адпаведнай субстытуцыяй назвы была даўняй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)