Ткані́на ’тканы матэрыял; тэкстыльны выраб’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Сл. ПЗБ, Бяльк., Вруб.), тканіна́ ’матэрыя, вытканая ў хатніх умовах’ (шчуч., смарг., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.; Ласт.), тка́ніна ’тс’ (астрав., шальч., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. ткани́на ’тэкстыль, тканы матэрыял’, рус. дыял. ткани́на ’тс’, польск. tkanina ’тс’, чэш. tkanina ’тс’, славац. tkanina ’тс’, в.-луж., н.-луж. tkanina ’тс’, славен. tkanina ’тс’, серб.-харв. тка̏нина ’тс’, макед. ткаенина ’тс’. Паводле Махэка₂ (644), новыя спецыяльныя тэрміны ў асобных славянскіх мовах. У народнай мове суф. ‑іна можа ўспрымацца як паказчык адзінкавасці, у сувязі з чым узнікаюць новыя тэрміны для называння тканага матэрыялу, напр. тка́нае ’матэрыя, вытканая саматужным спосабам’ (смарг., Сл. ПЗБ), або як сродак, што ўтварае экспрэсіўныя назвы дзеяння тыпу бегані́на, тузані́на, у сувязі з чым у якасці назвы матэрыялу выкарыстоўваюцца аддзеяслоўныя назоўнікі ад ткаць (гл.): тка́нье, тка́нё, тка́ння ’тс’ (ашм., лід., гарад., шальч., Сл. ПЗБ), тканнё ’агульная назва ўсяго тканага’ (Мат. Маг.), параўн. тка́ннеткацтва’ (мсцісл., Жыв. сл.). У аснове слова дзеепрыметнік тка́ны ад ткаць1, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лясёнка ’радняная посцілка ці абрус, у якіх носяць з поля сена, салому, траву, пераносяць груз за плячамі’ (Янк. 1, Жд. 1, Шат., Бяльк.; асіп., ДАБМ, к. 254; пух., З нар. сл.; асіп., Шатал.; іўеў., Сцяшк. Сл.); ’невялікі вышыты дыванок’ (Новы Двор пад Мінскам, КЭС). Генетычна ўзыходзіць да прасл. lěsa ’пляцёнка з галінак, прутоў для розных мэт, пляцень, вароты, краты’ (укр. лі́са, ліса́, рус. леса́, ст.-рус. лѣса, леса, лесы; польск. lasa, ст.-польск. lasy, ст.-н.-луж. lěsa, в.-луж. lěsa, чэш. lísa, мар. ľésa, славац. lesa, lésa, liesa, славен. lẹ́sa, серб.-харв. ljȅsa, макед. леса, балг. леса́, ля́са, ле́са, леси, лесич, ц.-слав. лѣса), якому адпавядаюць лат. lę̃sa ’сплеценыя расліны на паверхні вады’, lę̂sa ’пасцель з ільну, збажыны (снапоў)’, ’карэні раслін, якія зрасліся над вадой і ўтварылі слой’, lę̄ss ’тс’ (Сабалеўскі, РФВ, 15, 366; Брукнер, 290; Слаўскі, 4, 56–59; Мюленбах-Эндзелін, 2, 462). Фасмер (2, 485–486) мяркуе, што такое збліжэнне звязана з семантычнымі цяжкасцямі. Значэнне бел. лексемы ’посцілка’ развілося з прасл. ’пляцёнка з галінак’, трэба помніць аб тым, што ткацтва больш за ўсё нагадвае пляценне і, відавочна, узнікла з яго (Трубачоў, Ремесл. терм., 19).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́дзіць1 ’настройваць’: radzić krosny ’укідаць у ніты і бёрда і затыкаць’ (Варл.), радзі́ць ’прыбіраць, упрыгожваць’, радзі́цца ’прыбірацца, апранацца’ (ТС), ст.-бел. радити ’падрыхтоўваць’ (Аповесць пра Трыплана). Сюды ж раджаный ’падрыхтаваны для ткацтва’, ’вытканы з узорамі’ (Юрч. СНЛ), рус. ряди́ться ’святочна апранацца’, укр. ряди́тися ’збірацца’, ’рыхтавацца’. Да прасл. *rędъ (> бел. рад1), *ręditi, першапачатковым значэннем якога было, відаць, ’прыводзіць у парадак’, ’парадкаваць’, параўн. укр. ряди́ти ’парадкаваць’, ’прыводзіць у належны выгляд’, в.-луж. rjadować ’ставіць у рад’, ’прыводзіць у парадак’, серб. ре́дити, харв. réditi ’тс’, балг. редя́ ’тс’. Развіццё семантыкі ішло наступным чынам: ’ставіць у рад’ > ’парадкаваць’ > ’упрыгожваць’.

Ра́дзіць2 ’даваць раду’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., навагр., ашм., ваўк., Сл. ПЗБ; Гарэц., Мал., Шпіл., Бес.), ’рабіць’ (Ян.), ра́дзіцца ’прасіць рады’, ’мець раду, раіцца’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ), ра́дца ’той, хто раіць, дарадца’ (ТСБМ, Нас.), ст.-бел. радити ’раіць’, укр. ра́дити ’даваць параду’, ’разам абмяркоўваць пытанні’, ’шукаць выйсця’, польск. radzić ’раіць, абмяркоўваць’, radzić się ’радзіцца’, в.-луж. radzić ’раіць’, чэш. řadiť ’тс’. Да ра́да (гл.), якое з’явілася на аснове значэння ’рабіць’.

Радзі́ць1 ’нараджаць’, ’даваць ураджай’ (ТСБМ, Варл.), родзі́ць ’тс’ (ТС), ’весціся’ (смарг., Сл. ПЗБ), радзі́ць, родзі́ці, роды́ты ’нарадзіць’, ’урадзіць’ (калінк., навагр., лід., свісл., віл., в.-дзв., пруж., бяроз., Сл. ПЗБ), радзі́цца ’нарадзіцца’, ’даваць ураджай’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл.), рус. роди́ть, укр. роди́ти, польск. rodzić, палаб. rudi să (3 ас. адз. л. цяп. ч.), в.-луж. rodźić, н.-луж. roźiś, чэш. roditi, славац. rodiť, серб. ро̀дити, харв. roditi, славен. roditi, макед. роди, балг. родя, ст.-слав. родити. Прасл. *roditi, звязана з род1 (гл.), параўн. лат. radît ’радзіць, тварыць’, rads ’родзіч, радня, род’, далейшыя сувязі з ст.-інд. várdhati ’памнажацца, павялічвацца, набываць сілу’ (Фасмер, 3, 492; Бязлай, 3, 190; Шустар-Шэўц, 2, 1230; БЕР, 6, 146).

Радзі́ць2 ’прарэджваць’ (смарг., брасл., Сл. ПЗБ; Юрч. СНЛ), ’рэдка сеяць’ (Варл.), радча́ны ’прарэджаны’ (докш., Сл. ПЗБ). Ад рад1 (гл.) з пачатковым значэннем ’фарміраваць рады’ або ад рэдкі (гл.), г. зн. ’рабіць радзей’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жа́ба1 ’земнаводная жывёліна’ (ТСБМ). Рус., укр., балг., макед. жаба, польск. żaba, чэш., славен. žába, серб.-луж. žaba, палаб. zobo ’жаба, рапуха’. Ст.-слав. жаба ’жаба’. Прасл. *žaba < *gēbā < і.-е. g​eb(h)‑ ’слізістае, жаба, крот’ (Покарны, 1, 466): ням. Quappe ’апалонік; мянтуз’, ісл. kvap(i) ’жэле, халадзец’, швед. дыял. (s)kvabb ’нешта тлустае’, англ. quab ’балота’, ст.-прус. gabawo ’жаба’ (Тапароў, E–H, 124–127). Фасмер, 2, 31. Міёр. жа́біна ’згустак сопляў’ (Нар. словатв., 162), магчыма, адлюстроўвае не пераноснае значэнне, а старажытную семантыку. Гэта датычыць, магчыма, і жабер ’студзяністыя водарасці’ (Яшкін; гл. жабурынне). Параўн. памор. žaba (побач з ’лягушка’, ’жаба’, ’смоўж’) ’засохшыя соплі’ (Лорэнц, Pomor.). Калі першаснае значэнне ’жывёліна’, не выключана гукапераймальнае паходжанне і.-е. слова (Махэк₂, 721; Скок, 3, 669; Покарны, 1, 466, не ўпэўнена). Гл. Хэмп, Этимология, 1981, 35–37.

Жа́ба2 ’хвароба горла’ (Бяльк., Шат.). Значэнне ’хвароба горла, рота’ вядома ў рус., укр., польск. (Карловіч), чэш., славац., славен., балг., макед., серб.-луж. (у апошніх для формы žabka), таму можа лічыцца агульнаславянскім. Параўн. таксама літ. gẽbenė ’пухір, прышч, высыпка’. Відаць, ад назвы жывёліны (Фасмер, 2, 31). Падобны перанос параўн. у лац. rana ’жаба; нарыў на языку ў жывёліны’, ням. frösch im Halse ці англ. frog in the throat літар. ’жаба ў горле, хрыпата’, тур. kurbaǧacik ’жабяня, запаленне жыл шыі’ (Радлаў, Опыт). Паводле Махэка (Studie, 123), жаба ў народных павер’ях — ведзьма, што прыносіць хваробу. Трэба улічваць яшчэ жабіць ’перагінаць’ (гл.), магчыма, ’сціскаць’ і лац. angina ’ангіна’ ў сувязі з дзеясловам ango ’душыць, сціскаць’. Мяркулава, Этимология, 1963, 72–78.

Жа́ба3 ’дэталь у плузе для прымацавання паліцы і ручак’ (Шатал.), жа́бка ’рэгулятар мельнічных жорнаў’ (Касп., Сцяшк. МГ, Шатал.). Рус., укр., дыял. жа́бка ’тс’; у іншых слав. мовах žaba, žabka таксама абазначаюць розныя ’прылады для прыяднання або замацавання дэталей’ (польск., чэш., славац., славен., серб.-харв., балг.). Улічваючы іншамоўныя тыпалагічныя паралелі (англ. frog ’жаба’, ’засаўка’, узб. бақа, кірг. бака ’жаба’, ’крыжавіна, на якой замацаваны верхні камень жорнаў’ і г. д.), хутчэй за ўсё перанос назвы жывёліны паводле формы і ўяўнай функцыі (быццам жаба трымае, седзячы, тое, што знаходзіцца пад ёю).

Жа́ба4 ’загана ў палатне, калі ўток слаба прыбіты бёрдам’ (Нар. слова, 253; Влад., 210). Чэш. žaba ’тс’ (PSJČ), балг. жаба ’тс’ (БЕР). Прыналежнасць да тэрміналогіі ткацтва, што мае старажытны характар, а таксама фіксацыя ва ўсіх групах слав. моў указваюць на, магчыма, старажытны характар значэння. Ці перанос ад жаба ’непрыемная жывёліна’ або ’загана, выкліканая ўздзеяннем жабы — ведзьмы’, ці непасрэдна звязаны з дзеясловам жабіць (гл.)? Няясна.

Жа́ба5 ’карабатае месца на астрыі касы’ (Жд. 1). Магчыма, звязана з паняццем няроўнасці ці непрыемнасці да жа́ба1 (параўн. жа́ба4) або з карабатасцю да дзеяслова жа́біць (гл.). Але не выключана і сувязь з жа́бры: рус. дыял. жа́бри́, жа́бры ’зазубіны на восцях, вудцы; ніжняя сківіца’ (СРНГ).

Жа́ба6 ’адмоўная назва дзяцей’ (ТСБМ), жабянё, жабу́цька, ’малая жаба, дзіця’ (Шат.), жа́біца, жабу́ха ’рабая, маршчыністая жанчына’ (Нас.). Перанос ад жа́ба1 па падобнасці. Такія пераносы вядомы і іншым слав. мовам. Найбольш замацавана ў чэш. і славац. žaba ’дзяўчынка’ (без адмоўнага адцення).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)