Сампо́рык ’рэдкі малапажыўны суп’ (Скарбы). Дэрыват ад польск. sapory ’прысмакі, соўсы’ з другаснай назалізацыяй і нарашчэннем дэмінутыўнага суфікса. Да гэтай жа крыніцы ўзыходзіць і сапо́рак ’нагар у люльцы’ (трак., Сл. ПЗБ). Польскае слова з лац. sapa ’від сока’, sapor ’смак’ (Брукнер, 481). Да семантыкі сапорак параўн. сос (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вя́ціцінь ’вяхір, Columba palumbus L.’ (Грыг.). Рус. дыял. вети́тень (Мат. СОС), вятю́тень ’тс’ (Дабр., Звукоподр.). Бел. маг. вяціцінь складае адзін арэал з рускімі словамі. Фасмер далучае да апошніх яшчэ вятютень, вятитель, вятюх, витютень, вититин, ветитин, якія пазначаюцца як «цёмныя» і якія Трубачоў, са спасылкай на Унбегауна, лічыць гукапераймальнымі (Трубачоў, Дополн., 1, 308).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

О́кліна ’глыбокае месца на балоце’ (Сл. Брэс.). Параўн. рус. смал. о́клины ’багна на месцы былых азёр’ (Мат. СОС). Перыферыйны характар гэтага слова для асноўнай беларускай тэрыторыі сведчыць аб яго старажытнасці: о́кліна < *о́кніна (во́кніна) у выніку дысіміляцыі н‑н > л‑н. У сваю чаргу *о́кніна (во́кніна) утворана ад акно, як зы́біна ад зыб (параўн. Сцяцко, Афікс. наз., 42, дзе зыбіна — аддзеяслоўнае ўтварэнне). Гл. акно́2 ’глыбокае месца ў балотных крыніцах і азёрах’ і вокнішча ’акно ў балоце’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ссаць ‘уцягваць у рот, смактаць’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Касп., Федар. 4, Сл. ПЗБ, Варл., ТС). Укр. сса́ти, рус. соса́ть (пад уплывам слоў со́ска, сос — гл. Фасмер, 3, 725), стараж.-рус. съсати ‘ссаць’, съсъ ‘сасок, грудзі’, польск. ssać, каш. sësac, чэш. sáti, ст.-чэш. ssáti, славац. sať, серб.-харв. са̏ти, си̏сати, славен. sesáti, балг. си́сам, ст.-слав. съсати. Прасл. *sъsati (< *sъps‑ati) ‘ссаць, высмоктваць’, дзеяслоў з прэфіксам *s‑, каранёвая частка якога засноўваецца на паўн.-і.‑е. базе *seu̯‑p‑/*seu̯‑b‑ ад кораня *seu̯‑ ‘сок; выціскаць сок; ссаць, смактаць (сок)’; гл. Борысь, 573–574. Бязлай, 3, 229 праславянскае адносіць да і.-е. *seu̯‑p/b:*sū‑p/b; Фасмер (3, 725–726) і.-е. *su‑p/su‑b лічыць выклічнікам, а славянскі дзеяслоў гукапераймальным; параўн. ст.-інд. súpas ‘поліўка’, ст.-ісл. súpa ‘піць сёрбаючы’, ст.-в.-ням. sûfan ‘тс’. Гл. яшчэ Махэк₂, 538; Сной₁, 563; Скок, 3, 244; Глухак, 549; SEK, 4, 267; ЕСУМ, 5, 388–389.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Надзе́і ’дажджавыя чэрві’ (в.-дзв., расон., Сл. ПЗБ), рус. надей ’ўсё, што надаецца для прынады на вуду (чарвякі, матыль і пад.)’, ’чарвякі, вусені’, ’гнаявыя чарвякі’, ’глісты’, надейна ’чарвяк; вусень’, ’земляны чарвяк’. Цёмнае слова. Можа выказаць некалькі версій, якія пры адсутнасці надзейнай этымалогіі маюць права на існаванне. Магчымая версія — ад надзець, параўн. ст.-слав. надѣти трьвь на жднцж, тады да *άέϋ, форма адз. л. магла быць аманімічнай назоўніку надзея ’спадзяванне’, параўн. у сувязі з гэтым звязанае з рыбалоўствам на́жа ’ўдача’: на езі нема нажы, не ловяцца (ТС), а таксама рус. надены ’надзеі’ і наденка, надеенка ’земляны чарвяк’, г. зн. магчыма табуізацыя сапраўднай назвы і яе замены эўфемізмам з мэтай «паспрыяць» рыбнай лоўлі. Аднак нечаканая смаленская паралель гнадейка ’дажджавы чарвяк’ (СОС, 2) з пачатковым г прымушае разгледзець і іншыя магчымасці этымалагізацыі слова, пры якіх улічваецца гэты факт, што можа атрымаць розную інтэрпрэтацыю. Паводле Мяркулавай, побач з шырока вядомым у славянскіх мовах працэсам з’яўлення g- пратэтычнага перад плаўнымі маюцца выпадкі страты этымалагічнага g перад n і I (Этимология–1983, 67–68; спецыяльна: Пятлёва И. П. К вопросу o g протетическом в слав. яз. Этимология–1976, 51–55), параўн. ніда ’гніда’ (Сл. ПЗБ). Калі прыняць у якасці зыходнай форму з г‑, то можна яе выводзіць са спалучэння к надзе (ад надзіць ’прыманьваць’, параўн. пры‑нада ’прыманка’), падобна да таго, як рус. дыял.· гнадобить ’берагчы, капіць’ выводзяць са спалучэння к надобе, пры надоба ’патрэбная рэч’ (Фасмер, 1, 410), або славен. gnaditi (= naditi) ’загартоўваць’ параўноўваюць з серб.-харв. кнадити і пад. (Дэбеляк, Predpone, 173).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)