слаі́цца, слаіцца; незак.

1. Рабіцца слаістым; размяшчацца, складвацца слаямі. Лёд слаіцца. Дым слаіцца. Слюда слаіцца.

2. Зал. да слаіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лушча́кслюда’ (ТСБМ). Да лу́шчыць (гл.). Параўн. аналагічнае ўтварэнне ўкр. лупа́к, бел. лупня́к ’сланец’. Такім жа чынам утворана лексема лушчак ’лузан’ (рэч., Мат. Гом.; лаг., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), як і ўкр. лущак, польск. łuszczak, макед. лушна́к, балг. лушта́к, луштна́к, для якіх Слаўскі (5, 365) выводзіць прасл. дыял. luščakъ ’лузан’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

страказа́, ы́; мн. страко́зы (з ліч. 2, 3, 4 страказы́), страко́з; ж.

1. Драпежнае насякомае з доўгім брушкам і дзвюма парамі празрыстых сеткаватых крылаў. Над сітняком трымцяць стракозы — то цёмна-сінія, то празрыстыя, як слюда, самалёцікі. Брыль. Сіняя страказа, што сядзела на гарлачыку, успырхнула, павісла над вадой. Хомчанка.

2. перан. Разм. Вясёлая, жывая, непаседлівая дзяўчынка, дзяўчына. [Смірніцкі:] — Не маглі зрабіць так, каб гэтая страказа пачакала. Паспела б. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

буякі́, ‑оў; адз. няма.

1. Кустовая нізкарослая ягадная расліна сямейства бруснічных, якая расце ў нізкіх лясных месцах. Святло выхоплівала з цемнаты мокрыя, сумнаватыя ствалы маладых хвоек, бліскучую, як слюда, кару бяроз, кусцікі буякоў і багунніку. Кудравец.

2. Цёмна-сінія з шызым налётам кіславатыя на смак ягады гэтай расліны. Роўнае, чыстае поле было і на лузе, дзе мы кідалі з бацькам стагі, на тых балотах, куды хадзілі з маткаю па журавіны, буякі... Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сарцаві́на, ‑ы, ж.

1. Унутраная частка сцябла (ствала) або кораня раслін. Ссеклі злыдні дзіва-дрэва, Сэрца вынялі з яго, Каб не чулі болей спеву Найдзіўнейшага таго, А дубок без сарцавіны Злосна кінулі на дол. Колас. Дзесяць год! За гэты тэрмін дрэва Дзесяць раз убор зялёны зменіць, Дзесяць пакаленняў салаўіных Выкалыша на сваіх галінах, Дзесяць залатых кругоў адложыць, Як пярсцёнкаў, каля сарцавіны. Танк. // Унутраная накрытая абалонкай частка плода. Сарцавіна яблыка.

2. Сярэдняя частка, сярэдзіна чаго‑н. Хрусне, расколецца [камень] Напалавіну, — Блісне слязінкай Слюда сарцавіны... Лойка. // перан. Аснова, сутнасць чаго‑н.; асяродак. [Наталля Іванаўна:] — Ты [Валера] ва ўсім старайся асяродак разгледзець, сарцавіну. Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лама́цца, ламлюся, ломішся, ломіцца; пр. ламаўся, ‑малася; заг. ламіся; незак.

1. (1 і 2 ас. не ужыв.). Раздзяляцца, распадацца на часткі ад уздзеяння якой‑н. сілы. І на маўклівыя нізіны Бяжыць, шалеючы, вада, І ломяцца, як шкло, ільдзіны, І крыгі гнуцца, як слюда. Глебка. Палі часта ламаліся, плюшчыліся, іх прыходзілася выцягваць назад. Шамякін. Бліскае маланка, ломіцца на часткі, — і па ўсім наваколлі працяжна грукоча гром. Гамолка. // Быць крохкім, ломкім; лёгка разломвацца. Гнецца, а не ломіцца.

2. (1 і 2 ас. не ужыв.). Псавацца, станавіцца непрыгодным. Людзі помняць усялякія здарэнні, якія адбываліся ў гэтым месцы, як ламаліся калёсы, трапляючы ў глыбокія западзіны між каменняў на дне тонкай разбоўтанай гразі. Пестрак.

3. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Парушацца, разбурацца (пра што‑н. прывычнае, традыцыйнае). Стройна апрацаваныя планы ламаліся пад націскам жывое сапраўднасці. Гартны. // Рэзка змяняцца (пра характар, прывычкі, паводзіны). Іх [Косціка і Зосі] дружба пачала ламацца, гульні нярэдка канчаліся разладамі. Дуброўскі.

4. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Змяняцца на тэмбру і дыяпазону ў пераходным узросце (пра мужчынскі голас). // Станавіцца перарывістым пад уплывам моцных пачуццяў, перажыванняў (пра голас). Добры раманс гучаў ненатуральна: Рая «крыўлялася», голас яе дрынчаў, ламаўся. Шамякін.

5. перан. Разм. Ісці напралом; спрабаваць пранікнуць куды‑н. сілай. Ламацца ў дзверы. □ Ноч не збавенне — толькі забыццё... Засну. — А ў грудзі ломяцца трывогі. Зуёнак.

6. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Быць застаўленым чым‑н., быць перапоўненым мноствам чаго‑н. Ломяцца вітрыны ад тавараў. □ Частка людзей адразу ж вярнулася ў пакой, дзе стол ламаўся ад усякай яды. Чорны. // Гнуцца пад цяжарам. Голле ў садзе ломіцца ад яблыкаў. Грамовіч.

•••

Ламацца ў адчыненыя дзверы — даказваць, сцвярджаць тое, што даўно ўсім вядома, што не патрабуе доказаў і не выклікае пярэчанняў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)