Расхры́станы ’расшпілены, расхлістаны’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Бяльк., Ян.), расхрэ́станы ’тс’ (Скарбы), расхрыста́ны ’тс’ (Янк. Мат.). Дзеепрыметнік ад расхры́стацца ’агаліць грудзі’ (Нас.), ’расшпіліцца і расхінуць адзенне’ (Варл.), расхрэ́стацца ’тс’ (Сцяц.). Параўн. укр. росхри́станий ’з адкрытымі грудзямі, незашпілены’, рус. экспр. расхри́станный ’у расшпіленай, разарванай на грудзях вопратцы’, што ўтворана ад расхристать < *христать ’рваць’, гл. Мяркулава, Этимология–1970, 194, дае прыводзіцца толькі рус. дыял. хрыста́тьскабліць, стругаць’. У сувязі з гэтым дапускаецца вывядзенне з расхрыданы (гл.) з распадабненнем зычных: *xrydti > *xrysti > *христатъ ’рваць’ (там жа). Гл. аднак хры́ста (хри́ста) ’той, хто ходзіць незашпілены’ (Нас.), хрысце́нь (хрысце́нь) ’хто ходзіць з голымі грудзямі; прастак’ (Нас.), што не выключае ўтварэнне ад экспрэсіўнага хрысці́ць ’біць, лупцаваць’ (гл.) аналагічна да расхлі́стацца (гл.) ці на аснове апошняга; да фанетыкі параўн. укр. росхри́стя ’хто ходзіць з расшпіленай сарочкай’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скрэ́бці ‘драпаць’, ‘здзіраць, счышчаць’, ‘чысціць, абчышчаць (гародніну, рыбу)’, ‘чухаць’, ‘стругаць’, ‘трывожыць, непакоіць’. (ТСБМ, Касп., Шат., Сл. ПЗБ, Сцяшк., ЛА, 1, 4), скрэбці́ ‘тс’ (ТС), скрабсці́ (Касп., Варл., Шатал., Сл. ПЗБ, ЛА, 1), скрабці́ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1, Др.-Падб.), скрэ́сць (Гарэц., Др.-Падб., Ласт., Юрч.), скрэ́сці (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), скрэ́бціся ‘чухацца’ (Жд. 1). Укр. скребти́, рус. скрести́, скресть, славен. škrébati, дзеясловы з інш. ступенню чаргавання гл. на скрабаць. Роднасныя літ. skrebéti ‘шумець, шамацець, шастаць’, skrãbalas ‘бразготка’, ãtskrabas ‘рэшткі’, лат. skrabt ‘скрэбці, скабліць, часаць, драпаць’, skrabstît ‘скрэбці’, с.-н.-ням. schrapen (*skrapôn), ст.-ісл. skrapa ‘драпаць, выкрэсліваць’, англ. scrape ‘скрэбці’, лац. scrobis ‘яма’ (гл. Фасмер 3, 656 з літ-рай; Новое в рус. этим., 210). Сной₁ (636) рэканструюе прасл. *skre(b)ti, якое ўзыходзіць да і.-е. *(s)kerb(h)‑ ‘рэзаць, аддзяляць вострым прадметам’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ско́бля ‘цяслярская прылада ў выглядзе нажа з ручкамі на канцах (ТСБМ, Шат., Касп., Яшк. Мясц., Бяльк., Варл., Янк. Мат., Сл. ПЗБ), скабёлка ‘тс’ (Касп.), скабялёк ‘струг з адной ручкай’ (Нік. Очерки). Укр., рус. ско́бель, рус.-ц.-слав. скобль, польск. skobla, чэш. skoble ‘жалезная скобка ў хамуце’, славац. skobľa, славен. skȏblja, серб.-харв. ско̎бља дыял. ‘клямар’, балг. ско́бел. Прасл. *skobelь, *skobla. Ад страчанага яшчэ на праславянскім узроўні, як мяркуе Варбат (Этимология–1971, 3 і наст.), *skobiti, параўн. аднак скабіць (гл.), каш. skobić ‘здзіраць кару з дрэва’ (гл. SEK, 4, 281), з суф. ‑elʼ‑, ‑lʼa. Параўн. літ. skõbti, skobiù ‘скрэбці, зрываць’, skabýti, skabaũ ‘тс’, skabùs ‘востры’, лац. scabō, ‑ereскабліць, скрэбці, часаць’, гоц. skában ‘скрэбці, стрыгчы’ і інш. Гл. Траўтман, 262; Мюленбах-Эндзелін, 3, 863; Вальдэ-Гофман, 2, 484; Фасмер, 3, 643. Младэнаў (584) выводзіць ад *skoba (гл. скаба́); Брукнер (494) таксама параўноўвае формы, што адпавядаюць скаба́ і скобля. Гл. яшчэ БЕР, 6, 761; Сной₁, 573.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ска́ба ‘рабро’ (ТСБМ, Ласт., Варл., Сцяшк.; навагр., Жыв. сл.; Сл. ПЗБ), ‘рабро кошыка’ (Сл. ПЗБ), ска́бы ‘рэбры, рэберная частка тушы’ (Нас., Касп., Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр., Шн. 2), ска́бка ‘раберца’ (Шат.), ска́бкі ‘рэберныя кавалкі’ (Шн. 3), ска́біна ‘рабро’ (Нас., Бір. дыс., Янк. Мат.), ска́бʼя ‘тс’ (З нар. сл.), скабуры́на ‘рабро ў свіней, авечак’ (гродз., Жыв. сл.). Выключна беларускае. Мяркулава (Этимология–1983, 65) рэканструюе прасл. *skaba, *skaburina і ўзводзіць да кораня *skab‑ ‘драць, часаць, калоць’, параўн. літ. skõbti, skabiù ‘скрэсці, зрываць’. Сюды ж яна адносіць бел. шкаба (гл.), польск. chaby ‘косці, якія тырчаць з-пад скуры’ і рус. скабри́стый ‘моцна зхуднелы’. Польскае слова Слаўскі (SP, 1, 58), аднак, выводзіць ад прасл. *chabъ ‘благі, слабы’, а Брукнер (483), разглядаючы польск. chaby ‘свіное мяса пры рэбрах’ ставіць пытанне аб магчымасці запазычання. Аб запазычанні думаў і Насовіч (Нас., 580) і параўноўваў беларускае слова з літ. skabs ‘рабро’, але ў слоўніках гэта слова не адзначана. Карскі (Белорусы, 137) выводзіў з літоўскай мовы ска́ба ‘стрэмка, клін’, аднак слова са значэннем ‘рабро’ лічыў запазычаннем з польск. schab. Лаўчутэ (Балтизмы, 56) узводзіць слова да літ. skobà ‘рабро’, параўн. яшчэ літ. skabís ‘востры’, skabèti ‘сячы, рэзаць’, лат. skabrs ‘востры’. Анікін (Опыт, 278) прапануе адрозніваць ска́ба ‘рабро’, якое лічыць балтызмам, і ска́ба ‘стрэмка, трэска’ (гл. скабка), што несумненна роднаснае скабліць, скобля (гл.). Астрэйка (АКД, 5) хоча бачыць у ска́ба, ска́бка, ска́біна ‘рабро’ семантычны балтызм, які разглядаецца як занальная намінацыя.

Скаба́1 ‘выгнуты металічны прут для злучэння чаго-небудзь, клямар’, ‘скобля’ (ТСБМ, ТС), ‘прыстасаванне, з дапамогай якога прымацоўваюцца кроквы да сцяны’ (Шушк.), ска́ба ‘ручка ў дзвярах’ (Растарг.). Укр. ско́ба ‘крук у дзвярах, прабой’, рус. скоба́ ‘тс’, серб.-ц.-слав. скоба ‘засцежка’, чэш., славац. skoba ‘планка, засаўка’, серб.-харв. ско̏ба, славен. skọ́ba ‘тс’, балг. ско́ба ‘скобка’, макед. скобичка ‘падкоўка (на падэшве)’. Прасл. *skoba ‘загнуты крукам прут, скобка’ да і.-е. *(s)kāmb‑ ‘крывіць, гнуць’. Роднасныя літ. kabė́ti ‘вісець’, kabė̃ ‘крук’, kablỹs ‘тс’, kìbti ‘чапляцца, вешацца’, лат. kablis ‘кручок, засцежка’ (Траўтман, 112). Далей параўноўваюць з лац. scamnum ‘услон’, ст.-інд. skabhnaā́ti ‘умацоўвае, падпірае’, грэч. σκαμδός; ‘крывы, сагнуты, выгнуты’; гл. Вальдэ-Гофман, 2, 487; Майргофер, 3, 507; Міклашыч, 300–301; Фасмер, 3, 643; Махэк₂, 546. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1290–1292; Сной₁, 573 (параўноўвае яшчэ з літ. sùkaba ‘крук, скобка’).

Скаба́2 ‘скапа, тушка Pandion haliaetus L.’ (Касп.; мазыр., ЛП). Укр. скаба́ ‘тс’. Параўн. укр. скобе́ць ‘птушка Accipiter gentilis’, рус. ско́бчик ‘ястрабок; перапёлачнік’, славен. skobec ‘арол, Falco haliaetos’. Лічыцца роднасным рус. ко́бец, ко́бчик ‘шулятнік’, якія, магчыма, гукапераймальнага характару; агляд версій гл. Фасмер, 2, 267–268. Булахоўскі (ИАН ОЛЯ, VII, 2, 120) адносіць сюды ж і рус. скопа (гл.); але ‑п‑ лічыцца няясным. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 260 (вынік дээтымалагізацыі скопа́, гл. скапа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)