По́лаз1 ’дэталь саней, полаз’ (ТСБМ, ТС), полозінец ’след ад палазоў’ (Сл. Брэс.), палазо́к ’дэталь плуга, якая слізгаюць па зямлі’ (Сл. ЦРБ). Укр. по́лоз ’полаз’, рус. по́лоз ’полаз’, ’санны след’, польск. płoza ’полаз’, płóz ’частка плуга, якая слізгаюць па зямлі’, чэш. plaz ’тс’, славен. plaz, серб.-харв. плаз ’частка плуга’, балг. плаз ’полаз; частка плуга’. Прасл. *polzъ, і.-е. корань *polgʼ‑ (Чарных, 2, 53). Фасмер (3, 314) прыводзіць роднаснае англа-сакс. fealg ’вобад, барана’, ст.-в.-ням. fëlga ’тс’. Анікін (Этимология–1980, 44, 48) выключае магчымасць сваяцтва з герм. *felgō ’вобад’, і, зыходзячы з семантыкі ’след’, якая развілася з першапачатковага значэння ’паўзці’, прапануе іншыя адпаведнікі: герм. *fulg‑ ’рухацца ўслед’, англ.-сакс. folgian, fylgan ’рухацца ўслед, ззаду’, follow ’ісці ўслед, суправаджаць’, ням. folgen ’тс’; рэканструяваныя і.-е. *pelgʼh‑/*polgʼh са значэннем ’паўзці, слізгаць’ з далейшым развіццём семантыкі ў асобных індаеўрапейскіх мовах (’паўзці, слізгаць’ > след’ > ’ісці па следзе’ > ’рухацца ўслед’), якія маюць надзейную паралель у сям’і слоў, што групуюцца вакол і.-е. кораня *(s)leigh‑/*(s)loidh‑/*(s)lidh‑ ’слізгаць’, параўн. прасл. *slědъ, *slěditi, *slědovati. Гл. яшчэ паўзці.

По́лаз2 ’крыло брадніка’ (КЭС), палазэ ’рыбалоўная крыга’ (ЛА, 1). Называецца так паводле падабенства: прылада складаецца з двух палазоў, за якія яе цягнуць па дне, параўн. іншую назву гэтай прылады — сані (ЛА, 1). Да полаз1 (гл.).

По́лаз3 ’неядавітая змяя сямейства вужоў’ (ТСБМ), ’капрызная асоба’ (Юрч. СНС). Укр. по́лоз, плазу́н, рус. по́лоз ’тс’; польск. płaz ’земнаводнае’. Банькоўскі (2, 621) лічыць біблейскім багемізмам са ст.-чэш. plaz, чэш., славац. plaz ’тс’. Прасл. *polzъ, ідэнтыфікуецца з полаз1 (гл.), Фасмер, 3, 314.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́да1 ’ляжка’ (КЭС, навагр.), вуды (экспр.) ’ногі’ (Весці АН БССР, 1969, 4, 133, нясвіж., дзятл.). Ст.-бел. вуда, удъ ’частка цела’ (усе прыклады, за выключэннем аднаго, у евангельскіх тэкстах) (КГСБМ). Рус. уд ’тс’ (прыклады ў Даля таксама з евангельскіх тэкстаў), ст.-рус. оудъ ’член; кавалак’, оудо н. р., мн. л. оудеса ’тс’, ст.-слав. оудъ ’частка цела’, польск. ud, udo ’частка цела, галоўным чынам нага ад бядра да калена’, чэш., славац. úd ’частка цела’, балг. уд, серб.-харв. у̑д, славен. у́д ’тс’. Прасл. udъ. Задавальняючай этымалогіі слова няма. Мяркуецца, што гэта — утварэнне ад і.-е. *au‑ ’прэч’ і кораня *dh(ē)‑ ’што-небудзь аддзеленае’ (Голуб-Копечны, 400) або ўтварэнне з прыстаўкай u‑ ад старажытнага кораня ў ступені рэдукцыі ‑dъ < і.-е. *dh(ē)‑ (Трубачоў, Ремесл. терм., 236). Няпэўна Младэнаў (649), які звязваў уд з уз‑да, об‑уть. Якабсон (LJSLP, 1/2, 1959, 273) падтрымлівае старую этымалогію Гараева (385) аб тым, што уд нельга аддзяліць ад рус. у́дить ’спець, набракаць’ і ад вымя (< *ūd‑men). Іншыя этымалогіі і літ. гл. Фасмер, 4, 148. У сучасных беларускіх гаворках вуда, калі меркаваць па адсутнасці жывых прыкладаў на ўсходнеславянскай тэрыторыі, а таксама па тэрыторыі распаўсюджвання і значэння слова, з’яўляецца, відавочна, запазычаннем з польск. udo ’частка нагі ад бядра да калена’.

Ву́да2 (БРС, Нас., Шат., Бяльк.), вуда́ (Гарэц., Касп.), ву́дка (Крыв.). Рус. уда́, у́дочка, укр. ву́дка, ст.-рус. оуда, ц.-слав. ѫда, ѫдица, балг. въдица (Младэнаў, 94), серб.-харв. у̏дица, славен. ȯdica, чэш. udice, польск. węda, wędka, в.-луж. wuda, н.-луж. uda. Найчасцей тлумачаць з прыстаўкі *an‑ або *on‑ і і.-е. кораня dhē‑, гэта значыць ’тое, што прыкладзена’. Роднаснымі лічаць лат. uodne ’планка, на якой стаіць санны кузаў’, ẽndas ’частка сялянскіх саней’; параўн. таксама літ. iñdas ’сасуд’, славен. nâda ’падстаўка’. Гл. Траўтман, 48; Махэк₂, 666; Фасмер, 4, 148. Менш верагоднай з’яўляецца версія Мейе, Études, 320, які лічыць зыходным *onkda і параўноўвае яго са ст.-інд. aṅkáḥ ’гак’, грэч. ὄγκος ’тс’, лат. uncus ’сагнуты’. Іншую літ-ру гл. у Фасмера (там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)