неспадзява́насць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць неспадзяванага. Неспадзяванасць сустрэчы. Неспадзяванасць падзей.

2. Нечаканае здарэнне, выпадак і пад. Была яшчэ адна радасная неспадзяванасць: шэфы прыслалі радыёпрыёмнік. Васілевіч. Разгублены яе [Мані] выгляд сведчыў, што іхняя паўторная сустрэча — неспадзяванасць. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́дасны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адчувае радасць. Натомленая, але радасная ўвайшла ў хату Люба. Мурашка. І, радасны, дамоў сястрычку нёс, Не чуючы, што анямелі рукі. Тармола. // Які выяўляе радасць. Радасны позірк. □ Ясней сонца ўзнялося пад самае неба гучнае і радаснае ўра. Лынькоў.

2. Які выклікае, прыносіць радасць. На дарозе, сярод акіяна, .. [людзей] дагнала радасная вестка: рускія разбілі немцаў. Шамякін. // Якому ўласціва радасць. Аж захапіць дух блазноце Нейкі радасны парыў, І ў самоцеадзіноце Песні, байкі ён [Сымонка] тварыў. Колас. Многа клопату, многа ў старой, Ды ўсё радасны клопат. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аго́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Набыць што‑н. з вялікімі цяжкасцямі. [Гушка] адчуў, як радасная надзея яго ўсяго ўскалыхнула: сярод добрых людзей, разам з імі, ён як-небудзь агорае сабе зямлі крыху і пачне жыць па-чалавечы. Чорны. // Справіцца з чым‑н.; здолець зрабіць што‑н. Агораць хату.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Тое, што і сустракаць. Спяшаюся. І ля варот страчае З усмешкаю прыветлівай яна [рыбачка]. Танк. Хочацца сёння самому пабачыць, Як беларусы страчаюць дзень новы. Прыходзька. Усмешка была адкрытая, радасная, якая бывае ў маці, што пасля доўгай разлукі страчае любімае сваё дзіця. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дане́сціся, ‑нясецца; пр. данёсся, ‑неслася; зак.

Пашырыўшыся, наблізіўшыся, зрабіцца чутным (пра гукі, пахі і пад.). Нявідны адчуў нейкую радасць, калі да яго слыху данёсся.. шчэбет дзіцячых галасоў. Колас. Да Злобіча данеслася конскае тупанне, парыпванне драбінак — ехаў абоз. М. Ткачоў. // Зрабіцца вядомым (пра чуткі, весткі і пад.). Да людзей данеслася радасная вестка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упача́тку, прысл.

Спярша, спачатку. Гэтая сустрэча, радасная ўпачатку, пад канец зусім сапсавала .. настрой [Івана Іванавіча]. Быкаў. А сціплага, не кідкага да славы Мітрафана ўпачатку зусім бянтэжыла: пасёлак сталі называць яго імем. Ракітны. // На самым раннім этапе. Вясна была яшчэ ўпачатку, Але снягі ўжо раставалі, І дружна ў полі балбаталі Раўкі, рачулкі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Семенчаваць ‘суцешыць радаснай весткай’ (Тэсфір 1725 г.). Паводле Мішкінене (Slavistica Vilnensis, 1997, 210), сустрэлася ў каментарыі да Карана ў форме семенчуй з тлумачэннем “суцеш радаснай весткай”. Антановіч (Зб. Крымскаму, 148–149) у арабаграфічных тэкстах семенчаваць “вітаць” разглядае як цюркізм. Вытворнае ад ст.-бел. семенчърадасная вестка’ (1545 г.), што з крым.-тат. sävinč, чагат. sävünč ‘тс’, якое ў сувязі з абмежаваным характарам выкарыстання сярод беларускамоўных мусульман разглядаецца як экзатызм (Булыка, Лекс. запазыч., 36).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

малява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак., каго-што і без дап.

1. Рысаваць фарбамі. Маляваць партрэт. □ Кожны дзень у час вячэрні Малявалі дзве рукі: Бацька пэндзлем у майстэрні, Сын алоўкам. Мастакі! Галіноўская. Андрэй расчыніў эцюднік, пачаў маляваць. Кандрусевіч.

2. Тое, што і рысаваць. Максім сядзеў нахіліўшыся і задумліва маляваў галінкай на пяску нейкія адмысловыя фігуры. Шамякін. Мама пачала прыбіраць у пакоі, а я маляваў каляровымі алоўкамі самалёт і нашага лётчыка з залатой зорачкай і ордэнамі на грудзях. Бяганская.

3. Разм. Фарбаваць. Маляваць плот. Маляваць падлогу. // Фарбаваць, падводзіць фарбамі твар (губы, бровы, вейкі). Авяліна, паставіўшы перад сабой люстэрка, малявала бровы. Бажко.

4. перан. Расказваць пра што‑н., апісваць што‑н.; уяўляць. [Багушэвіч] не проста малюе карціны сялянскага жыцця, а выбірае якраз тыя, дзе можна найлепей выявіць трагізм існавання сялянскага класа. Навуменка. Помніце мінулую восень? Як толькі не малявалі яе ў вершах?. І багатая. І залатая. І шчаслівая. І радасная. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вясна́ ’пара года паміж зімою і летам’; ’светлая, радасная пара жыцця — маладосць’ (БРС, КТС, Бяльк., Касп.), палес. высна́ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), вэсна́ (Бес.), пін. вестна (Шн., 2) з устаўным ‑т‑, вісна́ (Бяльк., Касп.), вісна ў вочы лезя — «гавораць тады, калі пабыць доўга на двары пры снезе і сонцы, а пасля прыйсці ў хату і нічога адразу не бачыць» (КЭС, лаг.), вясна вочы крадзе — пра вясенняе сонца, якое слепіць вочы (віл., Нар. сл.). Укр. весна́, рус. весна́ ’вясна’, арханг., кастр. ’вясенняе разводдзе’, паўн. ’першы вясенні дождж’, с.-урал. ’вяснушкі, рабацінне на твары’, перм. ’ліхаманка, трасца’, свярдл. ’трава, якою лечаць ліхаманку’, польск. wiosna ’вясна’; ’вясеннія палявыя работы’; ’галодная пара перад новым ураджаем’, чэш. усх.-мар. vesno ’вясна’, odvesno ’вясною’, vesna (паэт.) запазычана з рус. мовы, тое ж славац. vesna, Vesna ’багіня вясны ў старажытных славян’, славен. vẹ̑sna ’вясна’; ’міфічная жаночая істота, якая стракоча, бухае, трашчыць’; ’пра чалавека, які моцна кашляе’, серб.-харв. вѐсна ’вясна’, ст.-слав. весна. Прасл. vesna ’пачатак лета’ — старажытная і.-е. рознаскланяльная аснова на ‑r‑//‑n‑: наз. скл. *u̯esr‑, род. скл. u̯es‑n‑es; у слав. мовах за аснову прыняты ўскосны склон. у балт. мовах — прамы: літ. vãsara < veserà (Экерт, LKLR, 143–154), лат. vasara ’лета’; параўн. таксама грэч. ἔαρ, лац. vēr, ст.-ісл. vár, ст.-фрыз. wars, арм. garun, ст.-інд. vasantás ’вясна’, vasar‑ ’рана’, авест. vaηri‑ ’вясною’. Узыходзіць да і.-е. кораня *au̯es ’асвятляць’. Некаторыя этымолагі звязваюць з лексемай вясёлы (гл.). Параўн. таксама Міклашыч, 386; Гараеў, 1896, 75; Праабражэнскі, 1, 79; Педарсан, KZ, 32, 246; Траўтман, 356; Буасак, 209; Майргофер, 20, 172; Мюленбах-Эндзелін, 3, 484; Голуб-Копечны, 413; Махэк₂, 685; Брукнер, 623; Фасмер, 1, 303; Шанскі, 1, В, 73; КЭСРЯ, 77.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сапсава́ць, ‑псую, ‑псуеш, ‑псуе; ‑псуём, ‑псуяце; зак.

1. што. Зрабіць няспраўным, непрыгодным для ўжывання, карыстання; пашкодзіць. [Дэлегат:] — І каб жа гаспадары, а то сапсуюць зямлю. Зямля любіць, каб і з яе браць і каб ёй даваць. Галавач. Колькі гэты ксёндз сапсаваў паперы, пакуль адна з камедый была прынята да пастаноўкі! Бядуля. // Зрабіць нясвежым (аб прадуктах). Сапсаваць мяса.

2. каго-што. Прывесці ў хваравіты стан. [Доктар:] Вам [Наталі] здароўе сапсавалі няўмекі. Вы не сцерагліся. Чорны. Калупае сахаром той гной Зося, асцерагаецца, праўда, — не доўга сябе сапсаваць. Крапіва.

3. што. Змяніць на горшае, пагоршыць; зрабіць дрэнным. Сапсаваць адносіны. □ Гэтая сустрэча, радасная ўпачатку, пад канец зусім сапсавала.. настрой [Івана Іванавіча]. Быкаў. І ні слова больш не сказаў Рыгорка; так можна ўсю справу сапсаваць. Якімовіч. // Сарваць, парушыць. Добра было б цяпер напасці на [вайсковы абоз]. Але нельга: самавольным учынкам можна сапсаваць увесь план. Маўр. [Верабей:] — Ну, чакайце ж! Ваша свята я таксама сапсую! Гілевіч.

4. каго-што. Зрабіць дрэнны ўплыў. [Давідовічыха:] Ой, не, зусім не сапсавалі твае душы, дзевухна! Лупсякоў. Едучы дадому, Варановіч думаў, што рабіць з Шалютам, якога былая слава сапсавала дашчэнту. Дуброўскі.

5. каго-што. Пазбавіць прыгажосці. Сапсаваць прычоску.

•••

Сапсаваць кроў каму — прычыніць каму‑н. шмат клопату, нарабіць непрыемнасцей.

Сапсаваць (усю) абедню (музыку) каму — сарваць, парушыць каму‑н. якія‑н. планы, справы і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)