Страх ‘адчуванне небяспекі; боязь’, выкл. ‘страшна, жах’, прысл. ‘вельмі, надзвычайна’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Стан., Сл. ПЗБ, ТС), ‘вельмі, моцна’ (Нас.), ‘пудзіла’ (гродз., драг., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.; воран., Шатал.; Сл. Брэс., Клім.), страх, страшо́к ‘страшыдла, злы дух, д’ябал’ (Скарбы). Сюды ж страхата́ (Нас., Касп., Сл. ПЗБ), страхо́цце, страхаццё (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Ласт.) ‘нешта страшнае’, страха́цца ‘пужацца’ (Ласт.). Параўн. укр., рус. страх, стараж.-рус. страхъ, польск. strach, в.-луж. strach, н.-луж. tšach, чэш., славац. strach, серб.-харв. стра̑х, славен. strȃh, балг. страх, макед. страв, ст.-слав. страхъ. Прасл. *straxъ ‘страх, боязь, трывога’ не мае надзейнай этымалогіі. Па адной з версій, праславянскае слова мела першаснае значэнне ‘здранцвелы, анямелы’ і параўноўвалася з літ. stregti, stregiu ‘здранцвець; пераўтварыцца ў лёд’, лат. strēǵele ‘лядзяш’, с.-в.-ням. strac ‘тугі’, нова-в.-ням. strecken ‘расцягваць’; гл. Фасмер, 3, 772, з літ-рай; Глухак, 586. На іншую думку, *straxъ з ранейшага *strog‑so з рэгулярным змяненнем gs > ks > ch і звязаны з прасл. *strogъ (гл. строгі) ад і.-е. кораня *(s)terg‑/*(s)treg‑ (Борысь, 579). У выпадку развіцця *straksъ < *straskъ дапускаецца той жа корань, што і ў рус. стращать ‘палохаць’, острастка ‘пагроза, грозьба’ з чаргаваннем st/sk аналагічна пусціць/пушчаць/пускаць (Младэнава, Новое в рус. этим., 221–222). Дапушчэнне рухомага s дазваляе звязваць з трасці, параўн. страхану́цца ‘страсянуцца’ (Сл. ПЗБ). Прасл. *straxъ разглядаецца таксама як славянскае новаўтварэнне ад *strastь (гл. страсць) (Брукнер, KZ, 43, 309). Славянскае слова — дэвербатыў ад *straxati, параўн. н.-луж. tšachaś, польск. дыял. strachać, славац. prestrachaný, якія з *strōksati, роднаснага ням. schrecken ‘страшыць’, што з *srek‑ з “інтэнсіўным” суф. ‑sa (Махэк₂, 581); сувязь з лат. struõstêt, struõstit ‘пагражаць, сурова папярэджваць’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1699). Гл. яшчэ агляд версій у ЕСУМ, 5, 435.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́шка1 ’пятка яйца’ (Нас.; ЛА, 1; смарг., ігн., лудз., в.-дзв., Сл. ПЗБ; б.-каш., Мат. Гом.). Памянш. ад пуха (гл.); магчыма, звязана з харв. pûš ’тс’, якое Путанец (гл. Скок, 3, 85) лічыць запазычаннем з італьянскай мовы.

Пу́шка2 ’кончык пальца, мякіш’ (ТС; петрык., Шатал.; пухав., З нар. сл.; мазыр., карм., ельск., Мат. Гом., ПСл), ’сустаў пальца, костачка, знешняя паверхня суставаў пальца’ (хойн., Шатал.; слуц., Нар. словатв.; слуц., Жыв. сл.; ст.-дар., асіп., Сл. ПЗБ; Некр.; Сержп. Грам., светлаг., Мат. Гом.), сюды ж і пу́шка ’лытка’ (ЛА, 3), ’таўстуха’ (івац., Жыв. НС), ’шчопаць’ (ТС). Першапачаткова пу́чка ’тс’ ад пук ’выпукласць’, змененага пад уплывам пу́хлы, параўн. пу́шка ’порхаўка’ (рэч., Нар. сл.; лельч., Жыв. сл.), балг. пу́шка ’мачавы пузыр’ і пад.

Пу́шка3 ’каробка, скрыначка’ (ТСБМ; Мядзв.; Шат.; Некр.; Бяльк.; Ян.; брагін., Нар. словатв.; Сл. Брэс.; пін., Нар. лекс.; Янк. 1.; Мат. Гом.), ’вытачаны з дрэва невялікі кубел з накрыўкай для захавання дробных рэчаў’ (Нас.), ’збанок, гаршчок з вузкім горлам’ (кобр., Сіг.; малар., Сл. Брэс.), ’шклянка’: пушка гарэлкі (брагін., Мат. Гом.), ст.-бел. пу́шка ’скрынка’. Лічыцца запазычаннем праз польск. puszka ’тс’, чэш. puška ’тс’ са ст.-в.-ням. buhsa < народнае лац. buxis, грэч. πυξίς ’каробка з самшыту’ (< πυχος ’самшыт’), гл. Фасмер, 3, 415; Булыка, Лекс. запазыч., 190. На прышлы характар рэаліі і слова ўказвае Растаргуеў: пу́шка (выключна ў гарадах) “небольшая деревянная круглая с крышкой коробка от халвы; употреблялась главным образом для хранения мелкой монеты” (ст.-дубск., Растарг.). Пра магчымасць народнаэтымалагічнага асэнсавання слова гл. у Насовіча: “от Пустой, но лит. Puszka” (Нас.).

Пу́шка4 ’гармата’ (ТСБМ, Янк. 1): зробіў скрыпочку і сталяную пушку (гродз., Шн. 2), ст.-бел. пушка ’тс’. Запазычана праз польск. puszka (паводле Банькоўскага, 2, 967: “pożyczka wędrowna”) са ст.-чэш. puška, першапачаткова абазначала як ручную агнястрэльную зброю, так і гармату, што адлюстравалася і ў сучасных славянскіх мовах, параўн. балг. пу́шка ’стрэльба, ружжо’, серб.-харв. пу̏шка, першапачаткова пу̏кша ’тс’; крыніцай славянскіх слоў лічаць сярэднебаварскую форму *pukse ’агнястрэльная зброя’, сучаснае ням. Büchse ’гармата’ < ст.-в.-ням. buhsa ’трубка; ступка, цыліндр’, адкуль і значэнне ’каробка’, гл. пушка3. Параўн. Брукнер, 449; Фасмер, 3, 415; Скок, 3, 71–72; Сной, 516–517; Булыка, Лекс. запазыч., 190; Патры–Тамушанскі, JBS, 4, 3–4, 120; Адзінцоў, Этимология–1978, 113–133; Этимология–1984, 172. Нельга выключыць народнаэтымалагічнае збліжэнне з пу́хаць, пу́каць, пуска́ць (пушча́ць) і пад., параўн. Чарных, 2, 86.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)