Бурва́лак1 ’невялікі ўзгорак, сухое месца на нізіне’ (Янк. Мат.). Відаць, памяншальнае ад *бурва́л, параўн. рус. бурева́л (Даль) ’лес паломаны і звалены бурай’, бел. бурава́л (да буря, бура і валіць, валить). Невядома ці ёсць нейкая сувязь з літ. bùrvalkis ’сцежка, пратаптаная статкам жывёлы’ ці ст.-літ. burvalkasпрадмесце’ (прус. burwalkan ’двор’). Аб літ. словах гл. Фрэнкель, 1, 533.

Бурва́лак2 бушва́лак (жарт.) ’кавалак бервяна; моцны, прысадзісты (камлюкаваты) чалавек’ (Сцяц.). Няясна. Магчыма, таго ж паходжання, што і бурвалак1, г. зн. < *бурва́л < бурава́л. Ускосна аб гэтым сведчыць і другая форма — бушва́лак, якая (з лінгвагеаграфічных меркаванняў: зах.), здаецца, з’яўляецца паланізаванай формай ад бурва́лак (параўн. польск. burza ’бура’). Непакупны (Latv. Vest., 1973, № 2, 81) лічыць гэта слова магчымым балтызмам (прус. burwalkan двор і г. д.’). Няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слабада́1 гіст. ‘у XI–XVI стст. сяліба вольных людзей, прадмесце’, ‘вялікае гандлёвае ці прамысловае сяло, пасёлак’; памянш. слабо́дка (ТСБМ, Ласт.), ‘гаспадарчае пасяленне сялян, вызваленых ад прыгону, на пэўнай адлегласці ад сяла’ (Пятк. 2). Укр., рус. слобода́, ст.-рус. свобода, слобода ‘тс’, ст.-польск. sloboda ‘невялікі пасёлак, пасяленне сялян’, гл. слабода. Трубачоў (История терм., 170) першаснае тэрміналагічнае значэнне дэфінуе як ‘сумесна жывучая роднасная група’ (гл. свабода), якое потым зазнала значныя змены. У рус., бел., укр. формах з націскам на канцы ён адзначае старажытную інтанацыйную асаблівасць, характэрную для зборных дэрыватаў. Карскі (1, 145) пры серб. слобо́да ‘свабода’ лічыць канцавы націск у слове заканамерным.

Слабада́2 ‘агульная назва скаціны’ (Арх. Федар.; пруж., івац., ДАБМ, камент., 887), ‘статак кароў’ (Сцяшк. Сл.). Хутчэй за ўсё, з слабы (гл.) з суф. ‑oda, які яшчэ праславянскі (гл. Слаўскі, SP, 1, 63); семантычная паралель у худоба (гл.) ад худы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паса́д, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Гіст. У 10–18 стст. — гандлёва-рамесная частка горада за крапасной сцяной. Месцам канцэнтрацыі гандлёва-рамесніцкага насельніцтва з’яўлялася другая частка горада — пасад, які ўзнікаў звычайна ўздоўж берага ракі. Штыхаў.

2. Гіст. Прыгарад, прадмесце, пасёлак. Але гэта яшчэ не горад, а так званы пасад — пасяленне прасталюдзінаў. Жычка.

3. Рад снапоў, пакладзеных на ток для абмалоту. Пасля поўдня, хоць пасад і не быў дамалочаным, [Тарэнта] у ток не пайшоў, а выбраўся на тарфяную станцыю да сына. Галавач.

4. Уст. У вясельным абрадзе — месца (звычайна дзяжа, накрытая кажухом), куды садзілі нявесту. Узялі матчыну хлебную дзяжу, паклалі ў яе хлеба, солі, накрылі .. кажухом — вось ён і пасад. Дубоўка. // Разм. Месца, сядзенне. У творчыя дні Канстанцін Міхайлавіч пакідаў свой пасад пад вязам хутка. Лужанін. // перан. Становішча, месца. Занімай, Беларусь маладая мая, Свой пачэсны пасад між народамі!.. Купала. Ён [пан] музыкам быў у замку, Капельмайстра меў пасад. Колас.

•••

Пасад садзіць гл. садзіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Паса́д1 ’снапы, раскладзеныя ў рад для малацьбы цэпам’ (паўсюдна, апрача Зах. Палесся і Зах. Віцебшчыны — ДАБМ, к. 285; ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Янк. БП, Некр., Сцяшк., ТС, Янк. 2, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ’колькасць снапоў, высушаных у ёўні за адзін раз’ (Касп., Шатал.), ’месца на таку для абмалочвання снапоў’ (паст., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), ’будынак для абмалочанага збожжа’ (Мат. Гом.). Укр. поса́д, рус. поса́д ’род або круг снапоў’, том. насад ’тс’, уладз. ’рад дамоў з аднаго боку вуліцы’, польск. posad, posot, posou̯t ’снапы на таку для абмалоту’, славен. pósad, násad, nasàd, серб.-харв. на́сад, макед. насад ’тс’. Прасл. posadъ. Да садзі́ць ’насаджваць’ (гл.). Першапачаткова, відаць, снапы насаджвалі на нешта ці ўсаджвалі (напр., у азярод), калі малацьба была больш прымітыўнай. Параўн. малацьбу ў Сярэдняй Азіі і на Каўказе, дзе малацілі пры дапамозе дошак з вострым) зубамі (Основы этнографии, M., 1968, 168).

Паса́д2 ’трон, прастол уладара’, ’месца (звычайна дзяжа, пакрытая кажухом), дзе сядзіць маладая на вяселлі’ (ТСБМ, Нас., Шат., Гарэц., Др.-Падб., Яруш., Маш., Мал., Касп.; КЭС, лаг.; ТС, Бяльк.), ’рознае дабро, рэчы’ (паўн.-усх., КЭС), ’вышка’ (Яруш.), ’як каравай дзеляць, тады ета пасад, маладой расплятаюць касу’ (Мат. Гом.), садзіць на пасад ’садзіць маладую на воз да маладога’ (паўн.-усх., КЭС). Яшчэ ў X ст. пасад — ’гандлёва-рамесная частка горада за крапасной сцяной’, ’прыгарад, прадмесце, пасёлак’ (ТСБМ). Укр. посад, рус. посад, ст.-рус. посадъ, польск., ст.-польск. posad(a) ’тс’. Да пасадзіць < па‑ і сад, садзі́ць (Ягіч, AfslPh, 13, 300; Фасмер, 3, 338). Брукнер (432) выводзіць з posagъ (гл. паса́г). Сюды ж пасажа́нка, паса́дная маці ’пасаджоная маці’, паса́жаны бацька ’сват’ (Сцяшк., Сл.), паса́жаны, пасаджоны (бацька, маці) ’хросныя’ (Бір.), пасаднік ’намеснік князя’, ’выбраны вечам правіцель горада ў Старажытнай Русі’ (ТСБМ), пасадзі́ць ’усадзіць у зямлю’, ’паставіць у гарачую печ’, ’прымусіць сесці’, ’арыштаваць’, ’пакінуць знак’, ’прывесці ў нягоднасць’, ’змясціць у вулей рой’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)