рад¹, -а, М -дзе, мн. -ы́, -о́ў, м.

1. Лінія роўна размешчаных аднародных прадметаў.

Р. пладовых дрэў.

Стаяць радамі.

2. Сукупнасць з’яў, падзей і пад., якія ідуць адно за адным.

Рады пакаленняў.

3. Некаторая, звычайна немалая колькасць чаго-н.; шэраг.

Праслухалі р. лекцый.

4. толькі мн. Склад, асяроддзе.

У радах арміі.

5. Магазіны, ларкі, размешчаныя ў адну лінію.

Гандлёвыя рады.

6. Прабор у валасах.

Расчэсаныя на р. валасы.

У першых радах — уперадзе ўсіх.

|| памянш. радо́к, -дка́, мн. -дкі́ -дко́ў, м. (да 1 і 6 знач.); прым. радко́вы, -ая, -ае і радавы́, -а́я, -о́е (да 1 знач.; спец.).

Радковая сяўба.

Радковая сеялка.

Радавая пасадка бульбы.

Радавая сеялка.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ка́ры 1, ‑ая, ‑ае.

Карычневы (пра колер вачэй). Роўненькі прабор валасоў здаваўся залацістым, карыя вочы былі колеру добра выспелай вішні. Дуброўскі. Саханюк быў хлопец сухарлявы, досыць высокага росту, меў даволі прыгожы твар, але малавыразныя, жаўтавата-карыя вочы яго крыху псавалі. Колас.

[Ад цюрк. кара — чорны.]

ка́ры 2, ‑аў; адз. няма.

1. Сані для перавозкі бярвення. Людзі.. вазілі дахаты бярвенне на карах, на звычайных санях. Бядуля. Два калгаснікі канём, запрэжаным у кароценькія, шырокія, як атопак, кары, вытралёўвалі бярвенне да дарогі. Дуброўскі.

2. Вялікія калёсы для перавозкі грузаў. Шэсць чалавек правілі кары: жніво і ўборка, з поля, былі блізка. Чорны. Увесь заямнінскі дзядзінец уставілі фурманкі: тут былі карэты, брычкі, вазы, кары. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

го́рды, ‑ая, ‑ае.

1. Надзелены пачуццём уласнай годнасці, павагі да сябе. Чалавек наш горды і шчаслівы, Будучыня свеціцца ў вачах, Бо нясе ў сабе ён беражліва Дарагія рысы Ільіча! Звонак. // Поўны пачуцця задавальнення сваімі або чыімі‑н. поспехамі. [Моладзь] была гордая свядомасцю, што зрабіла вялікую справу. Колас. Успаміны хлопчыка палоняць, За бацьку горды хлопчык наш. А. Александровіч. // Які выражае гордасць. Горды позірк. □ Паша таксама калісьці красуняй лічылася: русыя валасы на прабор, карыя вочы, гордая пастава. Лось. // перан. Узвышаны, чысты. Гордая думка пра сыноў не выходзіла з галавы. Кавалёў. Дзесьці ў глыбіні істоты ў жанчыны заварушылася гордая радасць. Чорны.

2. Ганарысты, напышлівы, фанабэрысты. Яшчэ ўчора такія гордыя і грозныя, сёння кідаліся паны на калені перад Сёмкам-матросам. Лынькоў. Ласкавае цялятка дзвюх матак ссе, а гордае — ніводнае. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

станда́рт, ‑у, М ‑рце, м.

1. Прынятыя за аснову ўзор, мадэль, эталон, якім павінна адпавядаць што‑н. сваім намерам, формай, якасцю і пад. Дзяржаўны стандарт. // Ідэальны, узорны экземпляр. Бялявая галава была пастрыжана «пад бокс» і прылізана на прабор, вочы — светла-блакітныя, па стандарту арыйскай расы. Брыль. // Аднастайная, тыпавая форма арганізацыі, ажыццяўлення чаго‑н. Выпрацаваны стандарт выпрабавання металу.

2. Нарматыўна-тэхнічны дакумент, якім вызначаюцца адзінкі велічынь, тэрміны і іх азначэнні, патрабаванні да прадукцыі, вытворчых працэсаў і г. д. Стандарты на харчовыя прадукты.

3. перан. Тое, што не мае ў сабе нічога арыгінальнага, своеасаблівага; шаблон, трафарэт. Узнік сцэнічны стандарт «жалезабетоннага камісара», у якім вельмі мала было агульначалавечага. «Маладосць».

•••

Залаты стандарт — форма арганізацыі капіталістычнага грашовага абароту, пры якой існаваў размен банкнотаў на залатыя манеты, залатыя зліткі ці на замежную валюту.

[Англ. standard.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паста́ва, ‑ы, ж.

1. Становішча корпуса, фігуры, уласцівае каму‑н. Незалежнасць, самавітасць адчувалася ва ўсёй яго паставе. Сачанка. Паша таксама калісьці красуняй лічылася: русыя валасы на прабор, карыя вочы, гордая пастава. Лось. У .. паставе, хадзе [Панасюка] не было ніякай паважнасці, якая звычайна прыходзіць да людзей гадоў пад сорак. Навуменка. // Фігура чалавека. Зялёная спадніца падкрэслівала.. [Ядзіну] статную дзявочую паставу. Новікаў. Кастусь адразу падняўся з зямлі, правёў пальцамі пад рэменем, абцягваючы гімнасцёрку на сваёй тонкай, да немагчымага схуднелай паставе. Ваданосаў.

2. Поза. Кашлатая Саўкава галава з цэлаю шапкаю чорных валасоў зняважліва ківалася. Войту зусім не спадабалася такая гордая пастава Саўкі Мільгуна. Колас. А Лёнька і Алік замерлі ў такіх паставах, як быццам збіраліся скочыць цераз шырокую канаву. Шашкоў.

3. Пастаноўка, становішча якой‑н. часткі цела. Правільная пастава ног у танцы. □ [Гаспадыня] падобна да мужа: тая ж пастава галавы, аднолькавы разрэз вачэй, той жа тонкі прамы нос. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сце́жка ’вузкая пратаптаная людзьмі або жывёлай дарожка’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Касп., Шат., Пятк. 2, Бяльк., ТС), сце́жка, сце́шка, стэ́жка ’тс’ (Сл. ПЗБ), сте́жкапрабор у валасах’ (Сл. ПЗБ), сцяга́ ’сцежка’ (Касп.), сціга́ ’тс’ (рас., Шатал.; Сл. ПЗБ), сцяжы́на ’тс’, ст.-бел. стежька ’тс’ (Альтбаўэр). Укр. сте́жка, рус. стезя́, дыял. зах., паўдн. стега́, стёжка, стараж.-рус. стьзя, польск. ścieżka, ст.-польск. stedzka, в.-луж. sćežka, н.-луж. sćažka, палаб. stadza, чэш. steze, stezka, славац. stezka, серб.-харв. ста̀за ’пешаходная дарожка’, славен. stezá ’тс’, stegná, stegné, stágna ’выган’ < ’палявая дарожка’; таксама ц.-слав. стьгда, стьгна ’вуліца’ (Дзячэнка), балг. стъ́гда ’дарожка’ (Куркіна, Этимология–1968, 98–99), ст.-слав. стьгда, стьгна ’вуліца, плошча’. Прасл. *stьza (або *stьdza) < *stьga ’дарожка, сцежка’ ў выніку 3‑й палаталізацыі, звязанае чаргаваннем з прасл. *stigati ’дасягаць’. Борысь (613) польск. ścieżka выводзіць з прасл. *stьžka, дэрывата ад прасл. *stьga, на якім не адбілася 3‑я палаталізацыя. Роднасныя лат. stiga ’сцежка; пешаходная дарога’, ст.-в.-ням. steg ’тс’ (< *stigaz), грэч. στίχος ’рад’; з іншай ступенню вакалізму гоц. staiga ’дарога’, ст.-в.-ням. steiga, алб. shtek ’сцежка’; гл. Траўтман, 286; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1065–1066; Торп, 492; Фасмер, 3, 752; Покарны, 1017; Скок, 3, 331; Махэк₂, 577; Шустар-Шэўц, 1416–1417; ЕСУМ, 5, 406; Бязлай, 3, 317; Шывіц–Дулар, Зб. Мерку, 429–440.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

радо́к, ‑дка, м.

1. Памянш. да рад (у 1 знач.). Роўнымі радкамі маладых груш і яблынь нельга было не залюбавацца. Шахавец. Унізе цягнецца балотца з радкамі скошанае атавы. Скрыган.

2. Частка тэксту або асобныя словы, літары ці іншыя знакі, напісаныя або надрукаваныя ў адну лінію. Радок верша. □ Чытаў .. [Лабановіч] зусім механічна, нічога не разумеючы з таго, што чытае. Ён проста пераводзіў вочы з радка на радок.., а думаў пра Ядвісю. Колас. Думы і вобразы, розум і радасць заключаны ў алавяныя радкі набора. Брыль. [Верыны] вочы тужліва бегалі па радках лічбаў і раптам спыніліся. Асіпенка. // толькі мн. (радкі́, ‑оў). Напісаныя, надрукаваныя словы, фразы. [Саша] прачытала радкі, якія пераканалі, што горад, дзе служыць Пятро, не здадзены, стаіць, змагаецца. Шамякін.

3. Разм. Прабор у валасах, рад (у 6 знач.). Сівыя валасы расчэсаны на просты радок. Пестрак. Цёмна-русыя валасы акуратненька разабраны на радок і гладка прычасаны. Дуброўскі.

•••

Ламаны (ломаны) радок — вершаваны радок, у якім словы стаяць не на адной лініі.

Радок у оадок — літаральна, даслоўна (пераказаць, спісаць і пад.).

Чытаць паміж радкоў гл. чытаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Роў1 ’доўгае паглыбленне ў зямлі, канава’ (ТСБМ, Гарэц., Нас., Шат., Бяльк., Стан., ТС, Сл. ПЗБ), ’яр, лагчына’ (Байк. і Некр.), ’баразна’ (Куч.), ’трэшчыны на пятах’ (паст., ігн., Сл. ПЗБ), рове́ц ’раўчак’, ’разора’, ’паз у вушаку’, ’прабор у валасах’ (ТС), ро́вам, рава́мі ’моцным струменем’ (шум., навагр., Сл. ПЗБ), роў ’невялікі прыродны вадаём’ (ганц., ЛА, 2), рів ’мачулішча’ (драг., кобр., ЛА, 4), ров, роў, рӥв ’ручай, прамыіна, мелкае месца на рацэ’ (зах.-палес., ЛА, 5), ’доўгі, мелкі капец бульбы’ (кобр., Нар. сл.), ’круглая яма на высокім месцы для захоўвання бульбы зімою’ (віл., ст.-дар., Яшк.). Укр. рів ’роў, канава’, рус. ров ’канава’, карэл. ’баразна паміж градамі’, пск. ’палонка’, ро́вы ’ямы’; польск. rów ’канава’, ’акоп’, ’западзіна’, в.-луж., н.-луж. row ’магіла’, чэш. row ’тс’, славен. rȍv, ròv, rovíšče ’роў, канава’, ’акоп’, ’капальня, яма’, серб. ро̏в, ро̑в ’роў, глыбокая канава’, ’акоп’, харв. rȏv ’тс’, макед. ров ’роў’, балг. ров, дыял. ро́вът ’тс’, ст.-слав. ровъ ’яма’, ’роў’, ’магіла’. Прасл. *rovъ — утварэнне з суф. ‑vъ (як *kovъ < *kovati) ад *rovati < ryti (Міклашыч, 285; ESJSt, 13, 778) < *reu̯o‑ < і.-е. *reuH‑ ’рыць, капаць, вырываць, дзерці’ (Сной–Бязлай, 3, 199–200), з якога выйшлі: ст.-грэч. οὐρός ’роў’ (Фасмер, 3, 488), лац. ob‑ruere ’засыпаць, закопваць’, ē‑ruere ’выкопваць, вырываць, выграбаць’ (Махэк₂, 520).

Роў2 ’моцны працяглы крык некаторых жывёл’, ’гукі, што напамінаюць такі крык’, ’моцны плач’ (ТСБМ). Да раўці́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рад1 ’лінія аднародных прадметаў’, ’шэраг’, ’прабор у валасах’ (ТСБМ), ’засеяная баразна’, ’пласцінка ў грыбе’ (Нар. словатв.), ’шарэнг’, ’вуліца’ (Ян.), ’пракос’ (Сл. ПЗБ), ’валок скошанага сена’ (ТС, ПСл), ’пласт’ (Янк. 2), ’пропуск пры касьбе’ (Мат. Гом.), ’рад’, ’чарга’ (Гарэц.), ’раскладка снапоў для малацьбы’ (ДАБМ), ст.-бел. радъ ’шэраг’, укр. ряд, рус. ряд, польск. rząd, чэш. řád ’парадак’, ’клас (бат.)’, ’строй’, славац. rád, в.-луж. rjad, н.-луж. rěd, славен. rȇd ’парадак’, ’ярус’, ’рад’, серб. ре̑д харв. rȇd, мак. ред, балг. ред ’рад, парадак, радок’, ст.-слав. рѧдъ. Да прасл. *rędъ. Звязваюць з *orǫdьje (> рус. ору́дие) і збліжаюць з літ. дыял. rindà ’рад’, ’лінія’, лат. riñda ’тс’ (Фасмер, 3, 536; Чарных, 2, 134), этымалогія якіх цьмяная. Махэк₂ (529) лічыць роднасць з балтыйскімі словамі няпэўнай і прапануе збліжаць прасл. *rędъ з лац. ōrdō (аснова *orden‑) ’рад’, ’чарада’, ’строй’, якое звязваюць з ōrdior ’навіваю аснову’, ’нанізваю’, ’стаўлю ў рад’ і далей са словамі, што ўзыходзяць да і.-е. кораня *ar‑ ’далучаць’, ’звязваць’.

Рад2 ’намер, дапамога, толк’, ’справа’ (Ян.), серб. ра̑д ’праца’, ра́дити ’працаваць’, балг. ра́да ’работа’, ра́дя, ра́да ’працаваць’. Да прасл. *radъ ’праца’, *raditi ’працаваць’. Яцвяжская паралель — rada ’праца’, radid ’рабіць, працаваць’ (калі гэта не запазычанне са славянскіх моў) сведчыць аб заходнебалтыйскай старажытнасці слова. Этымалогія няпэўная. Паводле Скока (3, 97), развіццё семантыкі ішло па лініі ’клопат, старанне’ → ’старанная праца’. Мяркуецца, што прасл. *raditi узыходзіць да іран. rōd‑ ’карчаваць, церабіць’ (Мартынаў, Праслав. язык, 37–38), што цяжка давесці. Параўноўваюць таксама са ст.-інд. rādhayati ’ён робіць’, авесц. raẟaiti ’ён падрыхтоўвае, уладкоўвае’ (БЕР, 6, 145). Гл. радзець.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

касы́, а́я, ‑о́е і ко́сы, ‑ая, ‑ае.

1. Размешчаны, накіраваны пад вуглом да гарызантальнай паверхні; не адвесны. Касы лівень. □ Вось жанчыны дайшлі да рога вуліцы, і касы барвовы промень сонца ўдарыў ім у вочы. Мікуліч. Ішоў косы сцюдзёны дождж, на ветры разбіваўся і плыў несканчоным туманам. Скрыган. // Які ідзе нахільна да прамой лініі, перасякае што‑н. наўскос. Касы почырк. Сшытак у касую лінейку. □ Касыя, доўгія цені ад прысадаў слаліся на брук. Мурашка. // Накіраваны ўбок, які ідзе збоку. Касы пагляд.

2. Скрыўлены, перакошаны, несіметрычны. Струхнелыя, абклееныя старымі афішамі, з касымі вокнамі і дзвярамі дамы нагадваюць катакомбы. Філімонаў. // Размешчаны збоку, не ў цэнтры. Касы каўнер. Насы прабор валасоў.

3. Касавокі. Услед за ім [Зосіным бацькам] пераступіў парог Васіль Бераг, малады і моцны, але.. сутулы і касы, з лёгкім рабаціннем на белым пляскатым твары. Гартны. // Які глядзіць коса, косіць (пра вочы). Уласюк пагладзіў свае пышныя, чорныя вусы, зірнуў на Лабановіча касымі вачамі. Колас.

4. перан. Недружалюбны, падазроны, недаверлівы (пра позірк, погляд). [Містэр Лаяна] бачыў і панурыя твары, і касыя позіркі, і тлеючыя аганькі нянавісці ў апушчаных вачах. Лынькоў.

5. у знач. наз. касы́, ‑ога, м. Разм. Заяц. Заяц, як мячык, падскочыў угару, крута павярнуў і яшчэ хутчэй панёсся полем на рог лесу. Мікола ўсміхнуўся — пашанцавала касому! Краўчанка.

•••

Касы парус гл. парус.

Касы трохвугольнік гл. трохвугольнік.

Касы сажань у плячах гл. сажань.

У касы сажань ростам гл. сажань.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)