намно́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што і чаго.
Разм. Павялічыць у нейкай колькасці; размножыць. Гордыя за народнае слова, што так буйна развілося і дало такі багаты плён, як творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа, мы ўзважваем тыя здабыткі, якія намножыла наша літаратура. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стымулява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак. і незак., каго-што.
Паскорыць (паскараць) або ўзмацніць (узмацняць) ажыццяўленне чаго‑н. Стымуляваць развіццё раслін. Стымуляваць развіццё жывёлагадоўлі. □ Людзі працы ўмеюць пастаяць за плён сваёй працы, за свае здабыткі, за сваю свабоду. Бо толькі свабода стымулюе стваральную працу. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
плённы, ‑ая, ‑ае.
1. Які дае плён (у 1 знач.). І там, дзе пелі пушчы баравыя, Корч смаляны хаціны асвятляў, Гараць агні гігантаў індустрыі, Шуміць калоссем плённая зямля. Звонак.
2. перан. Які дае добрыя вынікі, прадукцыйны. Дні працы ў лесе былі для прафесара вельмі плённымі. Кавалёў. Плённымі справамі адзначылі мінулы год працоўныя Савецкай Беларусі. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Сяўба́ ’пасеў збожжа, час пасеву’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Касп., Стан., Шат., Сл. ПЗБ, Бяльк.), ’матэрыял (насенне, караняплоды, зерне) для пасеву’ (віл., Стан.; Сцяшк., Сл. ПЗБ), сеўба́ ’перыяд пасадкі караняплодаў’ (Арх. Вяр.), сылба́ ’ўсходы’ (зах.-палес., Выг.), ст.-бел. севба ’працэс пасеву і яго плён’: севба моя поспела, бочку севбы (1540 г.; Лінгв. дасл., 69). Дэрыват ад сеяць з суф. -ба, паводак Сцяцко (Афікс. наз., 33), з менай j/b у аснове.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
аплаці́ць, аплачу, аплаціш, аплаціць; зак., што.
Аддаць грошы за што‑н., у замен чаго‑н.; пакрыць якія‑н. выдаткі. Аплаціць працу. // Пагасіць што‑н., заплаціўшы адпаведную суму грошай. Аплаціць рахунак. // Даць плён, аддзячыць. [Кукуруза] добра аплаціла хлебаробам за іх працу. «Звязда». // перан. Страціць што‑н. (жыццё, шчасце і пад.) у імя чаго‑н. [Зарэччы:] Зарына! Ты лёс мой адзіны!.. Гатоў за цябе я памерці, Каханне жыццём аплачу! Бачыла.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Плен 1 ’нязжаты касмыль жыта, пакінуты ў полі для прыманю зайцоў’ (Сцяшк. Сл.). Да польск. plenić ’размнажацца, прыносіць плён’ ст.-польск. pleni ’плодны, ураджайны’, з якіх — плен, відаць, пры ад’ідэацыі плен ’палон, здабыча’. Магчыма, звязанае з прасл. *plęgti, параўн. чэш. pléhnuť sa ’пладзіцца’ (Махэк₃, 457; Варбат, Этимология–1978, 23), суадноснае з папярэднім словам.
Плен 2 ’пасяджэнне’ (Юрч. СНЛ) — скарочаная (без ‑ум) форма лексемы пленум. Параўн. таксама рус. маск. пле́нный ’пленарны’, што ўзыходзяць да лац. plēnus ’поўны’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
вы́нік, ‑у, м.
1. пераважна мн. (вы́нікі, ‑аў). Канчатковыя паказчыкі якіх‑н. дзеянняў, з’яў, развіцця чаго‑н. Падвесці вынікі работы за дзень. □ Ад імя камісіі Іван Паўлавіч зачытаў вынікі экзаменаў і павіншаваў вучняў са сканчэннем школы. Васілевіч. // Плён, здабытак працы, намаганняў. Вынікі шмат гадовай працы. Вынікі экспедыцыі, творчых поспехаў.
2. Тое, што вынікае з чаго‑н., з’яўляецца лагічным вывадам. Поспехі з’яўляюцца вынікам напружанай штодзённай працы. □ Мы павінны заўсёды правяраць сябе, вывучаючы ланцуг палітычных падзей у іх цэлым, іх прычыннай сувязі, іх выніках. Ленін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
удзя́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які адчувае, выказвае ўдзячнасць. Удзячны чытач. □ Мажэйка быў удзячны Івану за тое, што ён падтрымліваў Святлану ў цяжкія дні. Шахавец. [Лабановіч:] — Я вельмі і вельмі ўдзячны за дапамогу, якую вы абяцаеце мне. Колас. [Ваня:] — Век буду ўдзячны, толькі памажыце. Новікаў. // Які прасякнуты ўдзячнасцю, выяўляе ўдзячнасць. Удзячны позірк. Удзячная ўсмешка. □ Многа яшчэ чуецца прыемных і ўдзячных слоў у адрас старога пастуха Ферапонта. Ракітны. — Жэнечка... родны мой... — шапнула [Ліда] і адразу .. заплакала ўдзячнымі слязамі маткі. Брыль. Ва ўдзячнай памяці мінчан навечна астануцца імёны герояў. «Полымя».
2. перан. Які абяцае добрыя вынікі, плён; можа апраўдаць затрачаныя сілы, сродкі. Удзячная тэма. □ Алёша .. лічыў, што больш паэтычнай, больш радаснай і ўдзячнай працы, як праца камбайнера, на свеце няма. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сусве́т, ‑у, М ‑свеце, м.
1. Увесь свет, бясконцы ў часе і прасторы і бясконца разнастайны па формах, якія прымае матэрыя ў працэсе свайго развіцця. Недзе ў бяздонных глыбінях сусвету Вымпел чырвоны праносіць ракета. Макаль. Самуіла, які любіў кнігу і хацеў пазнаць тайны сусвету, не мог задаволіць рэлігійны дыдактызм. Каваленка.
2. Зямны шар, Зямля з усім, што існуе на ёй. [Восень] усім людзям сусвету ў дарунак плён зямлі прыносіць. Дубоўка. І «Аўрора», агнём скалануўшы планету, аддавала салют маладосці сусвету. А. Вольскі.
3. Тое, што і свет (у 3 знач.). Але наш паэт і натураліст не дабіраецца да другой, не менш важнай ісціны — да класавага падзелу большай часткі гэтага сусвету на паноў і нявольнікаў. Кудраўцаў. Ён [Ленін] скалануў стары сусвет, Да камунізма шлях намеціў. Астрэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дар, ‑у; мн. дары; м.
1. Тое, што даецца ва ўласнасць дарма; падарунак. А гэта скрыня — дар ад мужа, Як быў яшчэ ён жаніхом. Колас. // часцей мн. (дары́, ‑оў). Ахвяраванні. Не памыліўся поп, — прыход У храм быў паўнаводны; На багамолле плыў народ, Вязлі дары падводы. Жычка.
2. Плён працы, якой‑н. дзейнасці; тое, што дае прырода. Дары лесу. □ Кажуць, ураджай — дар зямлі. На самай справе, гэта дар людской працы. Гроднеў. Што ні кажы, а жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар. Колас.
3. Здольнасць, талент. Дар музыканта. Паэтычны дар. □ Гэта быў мужчына гадоў за трыццаць, адукаваны, вопытны арганізатар з прыродным дарам красамоўства. Машара.
•••
Божы дар (уст.) — усё, што даецца ад прыроды.
Дар данайцаў — каварная паслуга з мэтай прычыніць зло, загубіць.
Дар за дар — паслуга за паслугу. — Вось што, браце Даніла, — сказаў.. [Мікола], — Дар за дар, а дарма нічога. Я цябе выручыў, і ты мяне выруч. Брыль.
Дар слова — а) здольнасць гаварыць; б) здольнасць гаварыць свабодна, прыгожа, вобразна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)