АРХЕАЛАГІ́ЧНАЯ РАЗВЕ́ДКА,

від і метад навукова-даследчай дзейнасці па вывучэнні археалагічных помнікаў на аснове выяўленых знаходак. Праводзіцца паводле дазволу (адкрытага ліста). Пры археалагічнай разведцы на Беларусі асаблівая ўвага звяртаецца на абследаванне берагоў старыц і тарфяных масіваў, якія ў мінулым былі вадаёмамі. Асаблівы плён дае абследаванне зямель, якія разворваюцца, дзе лёгка прасочваюцца стараж. могільнікі і жытлы. Выкарыстоўваюць таксама авіяразведку, якая дае магчымасць выявіць малапрыкметныя з зямлі помнікі, з дапамогай электрапошуку атрымліваюць даныя пра рэшткі стараж. збудаванняў пад зямлёй. Знойдзеныя археал. помнікі наносяць на карту, апісваюць, робяць чарцяжы, фотаздымкі. Па сабраных знаходках вызначаюць папярэдняе датаванне помніка, яго прыналежнасць да пэўнай археалагічнай культуры.

т. 1, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ДРАЎ (Міхаіл Мікалаевіч) (2.1.1894, Масква — 22.3.1972),

расійскі рэжысёр, акцёр, педагог. Нар. арт. СССР (1948). Вучыўся ў Вольных маст. майстэрнях. З 1922 у 2-й Студыі МХАТ, з 1924 у МХАТ, у 1946—55 гал. рэжысёр. Як акцёр вылучаецца здольнасцю сцэн. пераўвасаблення, пластычнай выразнасцю формы: Манілаў («Мёртвыя душы» паводле М.Гогаля), Захар Бардзін («Ворагі» М.Горкага), Тарцюф («Тарцюф» Мальера), Сінь Бін-у («Браняпоезд 14—69» У.Іванава) і інш. Як рэжысёр і педагог развіваў традыцыі рэжысуры К.Станіслаўскага і У.Неміровіча-Данчанкі. Сярод пастановак: «У людзях» М.Горкага (1933), «Глыбокая разведка» А.Крона (1943), «Плён асветы» Л.Талстога (1951), «Рэвізор» Гогаля (1967). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1950, 1952.

Б.М.Кедраў.

т. 8, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЖЫ́НКІ,

старадаўняе нар. свята ў беларусаў, звязанае з заканчэннем жніва. Дажынкавыя абрады былі скіраваны на тое, каб аддзякаваць «духам нівы» за хлеб, захаваць яе плён на наступны год. Дажаўшы жыта, жнеі ўпрыгожвалі апошні сноп кветкамі і стужкамі, плялі вянкі з каласоў і кветак і з песнямі ішлі ў вёску. Зайшоўшы ў двор, яны перадавалі апошні сноп гаспадару, які запрашаў іх за гасцінны стол з абавязковымі абрадавымі стравамі — блінамі з маслам і сытой, крупяной кашай. Усе абрады суправаджаліся дажынкавымі песням: іх спявалі ў канцы жніва, у час абраду «завівання барады», па дарозе жней дахаты, у двары гаспадара і на святочным застоллі. На Пн Беларусі Д. спраўлялі двойчы: малыя пасля заканчэння жытняга жніва, вялікія пасля таго, як зжыналі і яравыя. У наш час Д. адзначаюць як свята ўраджаю.

А.С.Ліс.

т. 6, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МСУН (Hamsun; сапр. Педэрсен; Pedersen) Кнут

(4.8.1859, г. Лом, Нарвегія — 19.2.1952),

нарвежскі пісьменнік. Вёў вандроўніцкае жыццё, змяніў шмат прафесій. З 1911 жыў у Нарвегіі. У 1934 публічна выказаў сваю падтрымку нацыстам. У 1945 арыштаваны, у 1947 асуджаны за пасобніцтва ворагу. У ранніх раманах і аповесцях «Голад» (1890), «Містэрыі» (1892), «Новая зямля» (1893), «Пан» (1894), «Вікторыя» (1898), зб. навел «Сіеста» (1898), напісаных у традыцыях неарамантызму, адчуваецца ўплыў філас. ідэй Ф.Ніцшэ, Э.Сведэнбарга, А.Шапенгаўэра, С.К’еркегора, эстэтыкі А.Стрындберга, Ф.Дастаеўскага. У раманах «Пад восеньскай зоркай» (1906), «Бенані», «Роза» (абодва 1908), «Вандроўнік грае пад сурдзінку» (1909) дамінуюць матывы самотнага вандроўніцтва, беспрытульніцтва, пошуку шляхоў да зліцця з прыродай. Раманы «Апошняя ўцеха» (1912), «Дзеці свайго часу» (1913), «Мястэчка Сегельфос» (1915), «Плён зямлі» (1917; Нобелеўская прэмія 1920) вызначаюцца непрыняццем тагачаснай зах. цывілізацыі (за выключэннем нямецкай). Ідэі зліцця з прыродай і зямлёй развіваюцца ў раманах «Жанчыны каля студні» (1920), «Аўгуст» (1930), «А жыццё ідзе» (1933), «Кальцо замыкаецца» (1936). Аўтар драм. твораў «Каля брамы царства» (1895), «Гульня жыцця» (1896), «Вечаровая зара» (1898), «Манах Вэнт» (1902), зб-каў вершаў «Дзікі хор» (1904), мемуараў «На зарослых сцяжынках» (1949) і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Царыца Саўская // Крыніца. 1996. № 25 (10);

Рус. пер.Собр. соч.: В 6 т. Т. 1—3. М., 1991—94.

Л.П.Баршчэўскі.

т. 5, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЯЛЁЎ (Генадзь Васілевіч) (н. 19.3.1931, г. Каломна Маскоўскай вобл.),

бел. гісторык, літ.-знавец, пісьменнік, археограф. Канд. гіст. н. (1964), д-р філал. н. (1994). Скончыў Маск. гісторыка-архіўны ін-т (1953). У 1953—56, 1960—71 працаваў у архіўных установах Вільнюса. З 1971 у Ін-це л-ры Нац. АН Беларусі. Даследуе гісторыю грамадскай думкі і нац.-вызв. руху на Беларусі 19 ст., жыццё, дзейнасць К.Каліноўскага і яго паплечнікаў: «Сейбіты вечнага» (1963), «З думай пра Беларусь» (1966), «Паплечнік Каліноўскага» (1976), «Радаводнае дрэва: Каліноўскі — эпоха — наступнікі» (1994). Аўтар прац па гісторыі бел. культуры 19—20 ст., напісаных у жанры займальнага літ.-знаўства, у т. л. «Загадка беларускай «Энеіды» (1971), «Пошукі імя» (1978), «Расшукваецца класік...» (1989) пра аўтарства ананімных паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». Даследуе жыццё і творчасць В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, А.Вярыгі-Дарэўскага, П.Шпілеўскага і інш. Распрацаваў тэарэт. асновы археаграфіі і літ. крыніцазнаўства як асобнай навук. дысцыпліны («Ад Чачота да Багушэвіча», 1993). Складальнік і рэдактар зб-каў гіст.-архіўных дакументаў «Рэвалюцыйны пад’ём у Літве і Беларусі 1861—1862 гг.» (1964), «Паўстанне ў Літве і Беларусі 1863—1864 гг.» (1965), зб-каў па гісторыі бел. л-ры 19—20 ст. «Пачынальнікі» (1977), «Пуцявінамі Янкі Купалы» (1981), «З жыццяпісу Якуба Коласа» (1982). Распрацаваў канцэпцыю і склаў гіст.-літ. зб. «Шляхам гадоў» (1990). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1990.

Тв.:

Героі і музы: Гіст.-літ. нарысы. Мн., 1982;

Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча. Мн., 1988;

На пераломе дзвюх эпох: Паўстанне 1863 г. на Міншчыне. Мн., 1990.

Літ.:

Александровіч С. Плён навуковага пошуку // Александровіч С. Слова — багацце. Мн., 1981;

Мальдзіс А. У пошуках залатых самародкаў // Мальдзіс А.І. ажываюць спадчыны старонкі. Мн., 1994;

Батвіннік М.Б. Г.В.Кісялёў — даследчык жыцця, дзейнасці і светапогляду К.Каліноўскага // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 1995. № 3;

Кароль факта // Бел. мінуўшчына. 1996. № 6.

В.У.Скалабан.

Г.В.Кісялёў.

т. 8, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)