КІСЯЛЁЎ (Генадзь Васілевіч) (н. 19.3.1931, г. Каломна Маскоўскай вобл.),

бел. гісторык, літ.-знавец, пісьменнік, археограф. Канд. гіст. н. (1964), д-р філал. н. (1994). Скончыў Маск. гісторыка-архіўны ін-т (1953). У 1953—56, 1960—71 працаваў у архіўных установах Вільнюса. З 1971 у Ін-це л-ры Нац. АН Беларусі. Даследуе гісторыю грамадскай думкі і нац.-вызв. руху на Беларусі 19 ст., жыццё, дзейнасць К.Каліноўскага і яго паплечнікаў: «Сейбіты вечнага» (1963), «З думай пра Беларусь» (1966), «Паплечнік Каліноўскага» (1976), «Радаводнае дрэва: Каліноўскі — эпоха — наступнікі» (1994). Аўтар прац па гісторыі бел. культуры 19—20 ст., напісаных у жанры займальнага літ.-знаўства, у т. л. «Загадка беларускай «Энеіды» (1971), «Пошукі імя» (1978), «Расшукваецца класік...» (1989) пра аўтарства ананімных паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». Даследуе жыццё і творчасць В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, А.Вярыгі-Дарэўскага, П.Шпілеўскага і інш. Распрацаваў тэарэт. асновы археаграфіі і літ. крыніцазнаўства як асобнай навук. дысцыпліны («Ад Чачота да Багушэвіча», 1993). Складальнік і рэдактар зб-каў гіст.-архіўных дакументаў «Рэвалюцыйны пад’ём у Літве і Беларусі 1861—1862 гг.» (1964), «Паўстанне ў Літве і Беларусі 1863—1864 гг.» (1965), зб-каў па гісторыі бел. л-ры 19—20 ст. «Пачынальнікі» (1977), «Пуцявінамі Янкі Купалы» (1981), «З жыццяпісу Якуба Коласа» (1982). Распрацаваў канцэпцыю і склаў гіст.-літ. зб. «Шляхам гадоў» (1990). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1990.

Тв.:

Героі і музы: Гіст.-літ. нарысы. Мн., 1982;

Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча. Мн., 1988;

На пераломе дзвюх эпох: Паўстанне 1863 г. на Міншчыне. Мн., 1990.

Літ.:

Александровіч С. Плён навуковага пошуку // Александровіч С. Слова — багацце. Мн., 1981;

Мальдзіс А. У пошуках залатых самародкаў // Мальдзіс А.І. ажываюць спадчыны старонкі. Мн., 1994;

Батвіннік М.Б. Г.В.Кісялёў — даследчык жыцця, дзейнасці і светапогляду К.Каліноўскага // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 1995. № 3;

Кароль факта // Бел. мінуўшчына. 1996. № 6.

В.У.Скалабан.

Г.В.Кісялёў.

т. 8, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)