небезвыніко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які дае пэўныя вынікі, болей ці меней паспяховы. Небезвыніковыя клопаты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уда́лы, -ая, -ае.

1. Які завяршаецца ўдачай; удачны, паспяховы.

Удалая паездка.

2. Вельмі добры, які адпавядае патрабаванням; правільны.

Выбраць у. ход.

3. Здатны на ўсё; спрытны, умелы.

Удалая гаспадыня.

4. Смелы, адважны; хвацкі.

У. хлопец.

|| наз. уда́ласць, -і, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Памы́сны ’жаданы, згодны з думкамі, удалы, шчаслівы’ (ТСБМ), памы́сна ’добра, шчасліва’ (Сцяшк. Сл.), ’з намерам’ (Сл. ПЗБ). З польск. pomyślny ’удачны, шчаслівы, паспяховы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

уда́члівы, ‑ая, ‑ае.

Такі, справы якога заўсёды завяршаюцца ўдачай, якому ва ўсім вязе. Удачлівы рыбалоў зноў нёс рыбіну. Рылько. // Паспяховы, удачны. Пан Міханевіч нешта апавядае другому, незнаёмаму мне аб сваім удачлівым паляванні. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спо́рны, -ая, -ае.

1. Пра дзейнасць, працу: хуткі і паспяховы.

Спорная праца.

2. Пра дождж: які хутка пакрывае або змочвае зямлю.

С. дождж.

3. Які пры малых затратах дае найлепшы вынік; выгадны ў гаспадарчых адносінах.

Спорныя крупы.

Спорная пшаніца.

4. Пра почырк: з вузкімі, дробнымі, блізка размешчанымі літарамі і невялікімі прамежкамі паміж словамі.

|| наз. спо́рнасць, -і, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

гара́нтыя, ‑і, ж.

Запэўненне ў чым‑н., забеспячэнне чаго‑н.; парука. Гарантыя правоў. Тавар з гарантыяй. // Залог, умова, якая забяспечвае поспех чаго‑н. Паспяховы запуск магутнай савецкай многаступеньчатай ракеты з’яўляецца гарантыяй таго, што савецкая навука даб’ецца новага прагрэсу на шляху асваення касмічнай прасторы. «Звязда».

[Фр. garantie.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́ступ, ‑у, м.

1. Манера ступаць у хадзьбе; паходка. Паручнік, злезшы з свае каламажкі, паволі, важным поступам абышоў усе падводы. Нікановіч. [Салдат] ідзе за афіцэрам, старанна і пужліва прыстасоўваючы свой крок да няпэўнага поступу пана лейтэнанта. Лынькоў.

2. перан. Рух наперад, развіццё, прагрэс. Паспяховы, пераможны поступ Савецкай Арміі выклікаў вялікую радасць. Кавалёў. У цябе [Масква] нечуваная сіла, Поступ дужы, узлёты арла. Броўка. Пераможным поступам ішла па краіне культурная рэвалюцыя. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Спор1 ‘удача, поспех у чым-небудзь’ (ТСБМ), ‘карысць, пажытак’ (Ласт.), ‘прыбытак; поспех’ (Нас., Гарэц.), спор (спорь) ‘ураджай’ (Пятк. 2), параўн.: “wiedźmy… łopatą do pieczenia chleba biorą spór z żyta” (Маш., 221), спор, спара́ ‘памнажэнне, павелічэнне’: “Спор табе ў дзяжу! Спор вам на хлеб” — прыгаваруюць, каб не мінаўся хлеб” (мін., чэрв., рагач., Сл. ПЗБ), ‘дастатак’: въ гумнѣ спора ‘пажаданне пры ўлазінах’ (мазыр., Яшк. Мясц.), ‘пажаданне ў рабоце’ (ЛА, 5), спо́рны ‘выніковы, паспяховы’, ‘эканомны, шчодры’, ‘густы (пра дождж, снег)’ (Нас., ТСБМ, Шат., Гарэц., Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. укр. спо́рий ‘выніковы, паспяховы’, спориня́ ‘поспех, прыбытак, рост’, рус. спо́рый ‘тс’, спорынья́, спорина́ ‘прыбытак, рост’, стараж.-рус. споръ ‘багаты’, польск. spory ‘не малы, дастаткова вялікі’, в.-луж., н.-луж. spóry ‘багаты, шчодры’, чэш. sporý ‘выніковы, моцны’, славац. sporý, серб.-харв. спо̏р ‘павольны, працяглы’, славен. spòr ‘багаты, пажыўны’, балг., макед. спор ‘прыбытак; ураджай’. Прасл. *sporъ ‘выдатны; багаты; пажыўны’ з’яўляецца прыметнікам ад прасл. *spěti ‘спець’ (гл.) з суф. ‑r‑. Мае адпаведнікі ў ст.-інд. sphirás ‘сыты; багаты’, лац. prosper (*prosparos) ‘шчаслівы; спрыяльны’, ст.-ісл. sparr ‘ашчадны; пашкадаваны’. Іншая апафанічная ступень у прасл. *spěti (гл. спець). Гл. Фасмер, 3, 737 з іншай літ-рай; Скок, 3, 313; Махэк₂, 570–571. Шустар-Шэўц (1343–1344) узнаўляе прасл. наз. *sporъ ‘прыбытак, ураджай’ і прым. *sporъ‑jь ‘спорны, паспяховы’. Гл. яшчэ Варбат, Этимология–1965, 120; Тапароў, Этимология–1980, 652; ЕСУМ, 5, 380.

Спор2 ‘сварка, спрэчка’ (Бяльк.), спор, спо́рка ‘супраціўленне’ (Нас.), спор, спо́рка ‘сварка, спрэчка’ (ТС), спо́рыць ‘спрачацца’ (паст., смарг., Сл. ПЗБ; ТС), спо́раць ‘ісці ў заклад’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), спо́рыцца ‘спрачацца’ (Шат.; віц., Сл. ПЗБ; Бяльк.), спо́роваць ‘тс’ (Нас.), спо́рываць ‘тс’ (Касп.). Укр. спір, спо́ритися ‘спрачацца’, рус. спор, спо́рить, стараж.-рус. съпоръ, польск. spór, чэш., славац. spor, серб.-харв. спо́р ‘спор; судовы працэс’, славен. spór ‘спрэчка’. Прасл. *sъporъ аддзеяслоўны назоўнік ад прасл. прэфіксальнага дзеяслова *sъ‑perti sę < прасл. *perti (гл. перці) (Борысь, 570–571; Фасмер, 3, 737). Параўн. спіраць, гл.

Спор3 ‘чорнае зерне ў коласе’ (ТС, Выг., ЛА, 5). Этымалагічна тое ж, што і спор1. Параўн. спарыння, спарыш3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

до́бры, -ая, -ае.

1. Чулы да людзей, спагадлівы, сардэчны.

Д. па натуры чалавек.

Добрая душа.

2. Цалкам станоўчы па сваіх якасцях, з дадатнымі ўласцівасцямі, такі, як патрэбна.

Д. характар.

Добрая кніга.

Д. густ.

Д. настрой.

Добрыя ўмовы.

3. Заснаваны на жаданні дабра.

Д. водзыў.

Добрая парада.

4. Які карыстаецца славай, слаўны, чысты.

Добрае імя.

Пакінуць аб сабе добрую памяць.

5. Умелы, старанны ў рабоце, здольны.

Д. гаспадар.

Д. майстар.

Д. работнік.

6. Даволі вялікі па колькасці, памеры (разм.).

Д. кавалак.

Д. заробак.

7. Дабратворны, спрыяльны.

Д. ўплыў.

Д. клімат.

8. Удачны, паспяховы.

Д. вынік.

Добрыя паказчыкі.

9. Прыдатны для ўжывання, карыстання.

Д. грыб.

10. Блізкі пасяброўску, звязаны ўзаемнай сімпатыяй.

Д. знаёмы.

11. Які прадказвае ўдачу, прыносіць радасць.

Добрая прымета.

Добрая навіна.

Добры вечар! — прывітальны зварот пры сустрэчы з кім-н. вечарам.

Добрай ночы! — пажаданне спакойна спаць.

Добры інтэрас! (разм., іран.) — выказванне нязгоды, неадабрэння, абурэння з якой-н. прычыны.

Усяго добрага — развітальнае пажаданне.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

спо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, што спорыцца; хуткі і паспяховы (пра дзейнасць, працу). Закіпела дружная спорная праца, у якой Марына Паўлаўна не толькі не тамілася больш, а нібы адпачывала ад ранейшае зморы. Зарэцкі. // Складны, энергічны. Жвір выстукаў пальцамі па лаўцы нейкі спорны і дробны марш. Адамчык. // Які найбольш падыходзіць да выканання чаго‑н.; найбольш практычны, эканомны. Трактар — Дужы і ў працы спорны. Колас. Буланы, застаяўшыся ў гарадку, апанаваны аваднямі, імчаў лінейку спорнай рыссю. Хадкевіч.

2. Які хутка змочвае або пакрывае зямлю (пра снег, дождж); часты. Нядаўна прайшоў спорны дождж, і ісці па слізкай абочыне было цяжка. Парахневіч. Снег валіў нядоўга з неба, але быў да таго густы і спорны, што праз якую гадзіну горад стаў белы. Васілёнак.

3. Які дае пры малых затратах найлепшы вынік; выгадны ў гаспадарчых адносінах. Спорная мука. □ Дровы, праўда, былі не самавітыя, бо не надта спорныя, у большасці галлё ды пруцце. Кулакоўскі. // З вялікай колькасцю ягад, зярнят і пад. Колькі разоў падыходзіў я да.. [каліны] і любаваўся спорнымі гронкамі ягад! Бажко. [Юстын:] — Такой пшаніцы мы і, праўда, зроду не бачылі — буйная, спорная, што золата. Краўчанка. // Буйны, вялікі. Мох на балоце густы, спорны. Галавач. Слёзы пацяклі па твары, гарачыя і спорныя. Крапіва. На .. [чамаданчыку] кроплі вады: сцякліся адна да адной, спорныя цяпер, круглыя, як гарох. Пташнікаў.

4. З вузкімі, дробнымі, блізка размешчанымі літарамі і невялікімі прамежкамі паміж словамі (пра почырк і пад.). [Рэдактар] падаў.. [Віктару] густа спісаны спорным почыркам ліст паперы. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)