схо́дны, ‑ая, ‑ае.

Прымальны, падыходзячы; выгадны. Купіць па сходнай цане. □ Гаспадар, талковы і ветлівы дзядзька, ахвотна даў нам за сходную плату маторнай лодкі, паслаў з намі хлопца, загарэлага дзевяцікласніка. Брыль. Тут стаяла гамонка больш вясёлая, бо ў кірмашовыя дні, пасля сходнага продажу якога свінчаці, на возе мужчыны збіраліся каля пляшкі гарэлкі. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ста́тны ‘прапарцыянальна складзены’ (ТСБМ), ‘высокі; збытны’ (Нас.), ‘добры’ (Жд. 3, Гіл.), ‘высокі, стройны, удалы, добры’: статный будзя етый лён (Бяльк.). Укр. дыял. ста́тний ‘стройны; багаты, заможны’, рус. ста́тный ‘стройны, пастаўны’. Да стаць2 (гл.); да семантыкі параўн. спра́ўны ‘удалы, прыгожы’ (ТСБМ), прысто́йны ‘добры, падыходзячы’ (там жа), прычы́нно ‘зручна’ (ТС) і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Падо́бны ’які мае падабенства з кім-, чым-н., нагадвае каго-, што-н.’ (ТСБМ), ’прыгожы, здатны, добры да чаго-н.’ (Федар. VII). Агульнаславянскае: рус. подо́бный, укр. подо́бний, поді́бний, ст.-слав. подобьнъ, чэш., славац. podobný і г. д. Праслав. podobьnъ, якое ад podobiti < doba (гл. даба), з першапачатковым значэннем ’падыходзячы’ (гл. Фасмер, 3, 298; Брукнер, 91).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Го́дзе ’годзе’ (БРС, Шат., Касп.), го́дзя ’тс’ (Бяльк.). Рус. дыял. го́де, укр. го́ді ’тс’. У іншых слав. мовах (агляд у Трубачова, Эт. сл., 6, 187) значэнне адпаведных слоў адрозніваецца ад семантыкі ўсх.-слав. лексем. Паводле Трубачова (там жа), гэта вытворнае (прасл. *godě) ад асновы *godъ, для якой Трубачоў (там жа, 192) рэканструюе першапачатковае значэнне ’падыходзячы час’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэфны, ст.-бел. трефный ‘адборны, рэдкі’, ‘трапны, смешны, жартаўлівы’ (ГСБМ). З польск. trefny, trafny ‘адборны; жартаўлівы; дасціпны’ ад trafiać ‘трапляць у цэль; дасягаць мэты’, што да с.-в.-ням. trëffen ‘тс’ (Вінцэнц). Меркаванне пра крыніцу ў венг. tréfás ‘дасціпны’ (Булыка, Лекс. запазыч., 196) не мае падстаў, хутчэй праз чэш. trefny ‘меткі, адпаведны, падыходзячы’ ў часы ўзмацнення чэшскага ўплыву на польскую мову.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зру́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Добра прыстасаваны для выкарыстання, такі, якім лёгка ці прыемна карыстацца. Гэта быў невялікі, лёгкі і вельмі зручны аўтамат; ложа яго была аздоблена перламутрам, механізм ніколі не даваў асечкі. Шчарбатаў.

2. Добры, падыходзячы; такі, які патрэбен. Зручны выпадак. □ [Тварыцкі] знайшоў зручны момант. Выйшаў з хаты, ляпнуў дзвярамі. Чорны. Хлопцы выбралі зручнае месца пад кустом ажыны, адкуль быў відаць увесь сад. Хомчанка. // Практычны, выгадны. — Мне чалавек зручны патрэбен. І я яго знайду, вядома, знайду. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Год ’год’ (БРС, Шат., Сцяшк. МГ). Рус. год, укр. дыял. год ’тс’. Паводле Трубачова (Эт. сл., 6. 192), першапачатковае значэнне падыходзячы час’ і сувязь з дзеясловам прасл. *goditi (тут даецца агляд і семантыкі дзеяслова). Вытворным з’яўляецца *godina, якое з рознай семантыкай (’час’, ’гадзіна’, ’надвор’е’, ’дождж’ і г. д.) сустракаецца ва ўсіх слав. мовах (агляд гл. у Трубачова, Эт. сл., 6, 187–188; гл. яшчэ Талстой, ВЯ, 1963, 1, 33 і наст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Няго́да ’непагода, непагадзь’ (Чач., Некр.; слонім., Арх. Бяльк.; петрык., Шатал.), него́да, нэго́да ’тс’ (ТС, Сл. Брэс.), ’непагадзь; бяда, няшчасце’ (Бяльк.), ’дрэннае надвор’е; нязгода’ (Гарэц.), ’дрэннае надвор’е; дрэнны настрой’ (Сл. ПЗБ), ’няшчасце, няўдача’ (Яруш.), укр. него́да ’дрэннае надвор’е, непагадзь’, рус. негода ’дрэннае надвор’е; дрэнны чалавек’, чэш. nehoda ’дрэннае надвор’е; няшчасны выпадак’, славац. nehoda ’няшчасце’, славен. negóda ’няшчасце, няшчасны выпадак; штосьці непрыемнае’, серб.-харв. нѐгода ’няшчасце’. Да *godъ (гл.) з першасным значэннем ’падыходзячы, спрыяльны час’. Распаўсюджанне тыпалагічнай мадэлі паводле матэрыялаў Лінгвістычнага атласа Еўропы гл.: Іанеска–Руксандою, Revue roumaine de linguistique, 28, 253–262. Параўн. пагода.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Не́падабень ’пра непрыгожую, неахайную асобу’ (жлоб., Жыв. сл.). Да падо́бны ’уласцівы, прыстойны’, параўн. ніпадобны ’брыдкі, неахайны’ (там жа), ’непрыстойны, неўласцівы; неверагодны’ (Нас., Яруш.), усё да падаба́ць ’любіць, мець прыхільнасць’ (гл.). З іншым значэннем непадо́бны ’які не мае падабенства да каго-небудзь ці чаго-небудзь’ (Гарэц., ТСБМ), развіццё семантыкі зыходнага падобны ад ’падыходзячы’ да ’маючы падабенства’. Іншае развіццё значэння дэманструе хойн. непадобнасць (нэпадобнасць) : «вазьми ад е́тага чалавека нэпадобнасць, каторая дадзяна доўгими рука́ми» (Полес. этнолингвист. сб., 100), параўн. польск. niepodobność, niepodobieństwo, адно са значэнняў якога ’злосць, непрыстойнасць, нягоднасць’ тлумачыцца праз стадыю ’рэч немагчымая, непадобная да праўды’ (Варш. сл.), адкуль і ст.-бел. неподобность, неподобенство ’немагчымасць, неймавернасць; немагчымая, непраўдападобная рэч’ (пач. XVI ст., КГС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

подходя́щий

1. прич. які́ (што) падыхо́дзіць; які́ (што) надыхо́дзіць;

2. прил. падыхо́дзячы; (пригодный) прыда́тны; (удобный) зру́чны; (соответствующий) адпаве́дны; (неплохой) нядрэ́нны; (сносный) ніштава́ты; (хороший) до́бры;

подходя́щее помеще́ние прыда́тнае памяшка́нне;

подходя́щий моме́нт зру́чны мо́мант;

э́то де́ло подходя́щее разг. гэ́та спра́ва нядрэ́нная;

в подходя́щей компа́нии у адпаве́днай (у до́брай) кампа́ніі.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)