Жы́хар. Рус. смал., пск., наўг., пецярб., алан., калін., арханг., вяцк. жи́харь, жи́хорь ’тс’ (і шэраг мясцовых семан. варыянтаў: ’гаспадар’, ’дамасед’, ’скупы’, ’свавольнік’, ’плясун’, ’злы дух’, ’птушка’, ’сялянская гаспадарка’, ’здаровая, буйная жывёла’). Фіксуецца з 1912 г. (Вярхоў, Назоўнікі на ‑ар (‑яр) у бел. мове, 1970, 35). Утворана з суф. ‑ар ад дзеяслоўнай асновы *жых‑. Рус. жи́ха́ть(ся) мае знач. ’качацца, качаць, гнуць’, у бел. адпаведны дзеяслоў не зафіксаваны. Паводле Мартынава–Міхневіча (Маладосць, 1969, 4, 136), суфікс ‑ха‑ ў дзеяслове жихати < жити ўказвае на інтэнсіўнасць дзеяння, як грымецьграмыхаць. Такое ўтварэнне не вельмі тыповае, таму не выключана і аналогія ці сувязь са знахар ад знаць (Фасмер, 2, 101) як табуістычнай назвай (параўн. рус. жихарь ’злы дух’). Параўн. і назвы асоб з арганічным ‑х‑: бляхар, кажухар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мат1 ’брыдкая лаянка’ (ТСБМ, Растарг., ТС), ма́та ’тс’ (ТС), ’голас’ (Нас., Бяльк.), ма́тавы голас ’роспачны, адчайны’ (Нас.), сесці ма́том ’не крануцца ў рост, не расці’ (напр., цыбуля) (ТС). Рус. пск., цвяр., смал., ярасл., арханг. мат ’крык, моцны голас’, наўг., валаг. ма́том ’вельмі моцна, вельмі многа’, наўг., ’мат’, ’прывід, страшыдла’, вяц. ’дурны’, матом ’адчайна, смела’. Бел.-рус. ізалекса. Паводле Мартынава (Бел.-рус. ізал., 70), лексема мат — запазычанне з гоц. moþs ’лютасць, шаленства, унутраная духоўная сіла’. Параўн. таксама ст.-англ. mōd ’смеласць’ і ст.-ісл. mōðr ’роспач’, ням. mit wildem Mut = рус. лихим матом.

Мат2 ’становішча ў шахматнай гульні’, ’безнадзейнае становішча’ (ТСБМ). З польск. ці рус., у якія праз ням. matt, schachmatt ці франц. échec et mat ’шах і мат’ < араб. eš šâh mât ’кароль памёр’ (Бернекер, 2, 25; Фасмер, 2, 579).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пасты́р, па́стырь, па́стар, па́стэр, па́сцір ’пастух’, ’старшы пастух’ (ТСБМ, Яруш., Др.-Падб., Сл. ПЗБ, Гарэц., Бяльк.; докш., маладз., Янк. Мат.). З ц.-слав. < ст.-слав. пастырь ’пастух’ (рус. кніжн. пастырь ’тс’), якое з’яўляецца адзіным прыкладам з суфіксам ‑tyrʼь ад pasǫ ’пасу’ (Фасмер, 3, 215), дзе ‑t‑, як і ў суфіксах ‑telʼь, ‑tъlъ, ‑tuxъ, ‑tajь (Слаўскі, SP, 2, 29). Фасмер (там жа) лічыць няпэўным выводзіць гэту лексему з лац. pāstōrem праз пасрэдніцтва герм. формы на *‑turi̯o (як ст.-в.-ням. pfistūr з лац. pistōrem, гл. (Мее, Études, 186; Вондрак, Vergl. Gr., 1, 159). Больш імаверным можна лічыць меркаванне Мартынава (Язык, 64–65), які прасл. pastyrь лічыць інфільтрацыяй італійскага pāstōr‑io‑s, у якім ō дало протаслав. ū, якое ў праслав. мове перайшло ў у, (г. зн. у ы). Сюды ж пастыранка ’пастухова пуга’ (паст., Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Салупа́ць ’высоўваць язык, лізаць’, салу́п, салы́п ’аддзеяслоўная часціца, якая азначае частае высоўванне языка’ (Нас., Бяльк.), салапе́ць ’тс’ (Мартынаў, Бел.-укр. ізал., 49), салапа́ць ’высоўваць язык, балбатаць’ (Сл. ПЗБ); сюды ж *селяпа́ць, селепа́ць ’хутка чэрпаць, сёрбаць, хлёбаць лыжкаю’, *саляпану́ць, салепану́ць ’сцябаць чым-небудзь гнуткім’, *селяпа́йла > селепа́йла ’хто хутка чэрпае лыжкаю’ (Нас.). Часцей ужываецца з прыст., параўн. высалапіць, асалапець (гл.). Бел.-укр. ізалекса: укр. солопі́ті, высолопі́ти; у рус. гаворках (солопи́ть ’высоўваць язык, лізаць’, вы́солопить) толькі на сумежных з бел. гаворкамі тэрыторыях (Мартынаў, Бел.-укр. ізал., 49). Фасмер (3, 714) лічыць гукаперайманнем. Паводле Мартынава (там жа; Лекс. Палесся, 14) пранікненне з балт. моў, гл. падрабязна ЭСБМ, 2, 282. Трубачоў (Слав. языкозн. V, 177) высунуў гіпотэзу аб сувязі разглядаемых усх.-слав. слоў са ст.-слав. слѣпати ’скакаць’, рус.-ц.-слав. слѣпати ’цячы, біць крыніцай’; на яго думку, яны працягваюць прасл. дыял. *vysolpiti, *vyselpiti, *vyselpati, *selpati. Гэта сувязь была намечана яшчэ ў Патабні (гл. Патабня, К истории, 206). Фасмер, 3, 715 рускі гідронім Солпа таксама звязваў з вышэйназванымі стараславянскімі і царкоўнаславянскімі словамі, прыцягваючы сюды ж ст.-слав. слапъ ’хваля’, чэш. slap ’парог на рацэ’, серб.-харв. сла̑п, славен. slȃp ’вадаспад; вал, хваля’; сюды ж і балг. слап ’хваля’, макед. слап ’вадаспад’. Агляд усіх версій і семантыкі гл. Анікін, Этимология–1982, 65 і наст., які рэканструюе прасл. *selpati, *sьlpati, *solpъ, якія ўзыходзяць да і.-е. *sel‑ ’скакаць’ з семантычным пераходам ’скакаць’ — ’бурна цячы, струменіць’, уласна кажучы ’скакаць (аб вадзе)’. Прыцягваючы для параўнання яшчэ ўкр. палес. совпатисʼ ’тыкацца, таўчыся’ (гл. і бел. соўпаць(ца)) < прасл. *sъlpati sę (’высунуць язык’, уласна ’выткнуць язык’, а ’тыкацца’ — гэта своеасаблівы варыянт ’скакаць’), для беларуска-ўкраінскай групы ён рэканструюе прасл. *solpati (салупаць) з адпаведнікамі ў славен. slápati ’цячы, выпарацца’, серб.-харв. slàpati ’удараць (па вадзе)’, *solpěti (салапе́ць, славен. slapéti ’сцякаць уніз’, укр. солопі́ти ’глядзець бессэнсоўна’, *selpati ’селепаць’, ст.-слав. слѣпати, *vysolpiti ’высалапіць язык’. Гл. яшчэ Супрун, Веснік БДУ, 1970, 3, 58: бел. асалапець, высалапіць разглядаў як кантамінацыю прасл. *solp‑ і *slop‑, параўн. польск. osłupieć; крытыку яго версіі і гіпотэзы Мартынава гл. Анікін, там жа; гл. яшчэ Скок, 3, 279.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Звадыяш ’зводнік, падбухторшчык’, дыял. зваду́н, звод ’тс’ (Касп.). Параўн. рус. сводня, сводник ’асобы, што выступаюць пасрэднікамі’ (у тым ліку, паводле Даля, ’злачынных сувязей’), укр. звідник ’абманшчык’ (Грынч.), уст. дыял. зводи́тель ’спакуснік’, польск. дыял. zwodzijasz, zwodzijaś ’птушка ляляк, Caprimulgus europaeus, якая водзіць людзей па лесе’, ’падманшчык’ (1 красавіка — dzień św. Zwodzijasa) (Карловіч), ст.-польск. zwodzicz, zwodca ’баламут, падманшчык’ (Рэчак). Параўн. бел. звада ’спрэчка’ (Мікуцкі, Полымя, 1971, 8, 251), звадзіць ’пасварыць’ (Багушэвіч, Мар. дыс., 176). Паводле Мартынава–Міхневіча (Маладосць, 1969, 9, 149), да кораня вад‑ (гл. вадзіць). Аднак у словатворчых адносінах дакладней Сцяцко (Афікс. наз., 32–33): звадыяш ад зводнік. Сувязь з вадзіць пазнейшая. Зважаючы на бел.-польск. пашырэнне, хутчэй тут запазычанне, верагодна, з польск. у бел. Ад зводзіць з суфіксам ‑ун утворана звадун, што тыпова для бел. словаўтварэння. Звод можа быць рэфлексам старога ўтварэння з аблаўтам ад sъved‑ti (рус. свести) у спецыфічным значэнні, адкуль потым адназоўнікавы дзеяслоў зводзіць, але магчыма і больш новае, другаснае ўтварэнне ад гэтага дзеяслова, утворанага на базе звод з шырокім значэннем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Павуці́на (ТСБМ, Касп., Яруш., Сл. ПЗБ, Інстр. II), павучы́на (Нас., Бяльк., Яруш., Гарэц., Сл. ПЗБ), павуце́нне (Гарэц., Мал.), павучы́ніна (Др.-Падб., Гарэц.), павучэ́нне (Яруш.), павучы́нне (Др.-Падб., Інстр. II, Сл. ПЗБ) ’тс’. Прасл. paǫčina < paǫkъ. Форма з ч з’яўляецца агульнаслав., параўн. рус. павучи́на, укр. павучи́на, польск. pajęczyna, серб.-харв. па̏учина і г. д. Распаўсюджаны ва ўсх.-слав. мовах варыянт з ‑т‑ (рус. паути́на, укр. павути́на), як мяркуюць, узнік пазней у выніку кантамінацыі ст.-рус. паучина з рус. дыял. путина ’павучына’, звязанага са ст.-слав. пѫто (Фасмер, 3, 29). На думку Бадуэна дэ Куртэнэ (SF, 4, 52), т у форме паутина атрымалася пад уплывам слова паук, а Праабражэнскі (2, 28) дапускае змяшэнне з рус. тянуть (бел. цягнуць). Найбольш здавальняючым здаецца цяпер тлумачэнне Мартынава (вусн. паведамленне), што наяўнасць гэтых варыянтаў з’яўляецца вынікам змешвання ў праславянскім і у выніку моцнай акамадацыі, асабліва паказальнай у паўночным арэале ўсх.-слав. моў (Мартынаў. Слав. акам., 62 і наст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скорб м. р. ‘смутак’ (ТС). Укр. скора́ ‘тс’, рус. скорбь, ст.-рус. скърбь, серб.-харв. скр̑б ‘клопат’, славен. skȓb ‘тс’, балг. скръб, ст.-слав. скръбь ‘му́ка, няшчасце, гора’. Прасл. *skъrbь ‘смутак, клопат’, *skъrběti ‘смуткаваць; тужыць’, якія роднасныя літ. дыял. skur̃bti ‘смуткаваць’, skurbė ‘смута, гора, нястача’, лат. skúrbt, skurbstu ‘хмялець, траціць прытомнасць’, skur̂ba ‘галавакружэнне; ап’яненне; цечка (у авечак)’. Паводле Ларына (История, 42), сучасныя значэнні пераносныя на базе першаснага ‘хвароба’. Мяркуюць, што славянскія словы маюць агульнае паходжанне з рус. вяц. ско́рблый ‘ссохлы, зморшчаны; заскарузлы, закарэлы’ (сюды ж адносяцца зафіксаваныя Ластоўскім ско́рбнуць ‘карэць; дубець’, ско́рблік ‘крухмал’, скарблі́ць ‘прыдаваць жорсткасць тканіне’), якое суадносіцца з ст.-ісл. skarf ‘зморшчаны, худы, востры’, ст.-в.-ням. skar(p)f, с.-в.-ням. scharpf ‘востры’, што ўрэшце ўзыходзяць да пашыранай формы і.-е. *(s)ker‑ ‘рэзаць’: *(s)kerb(h)‑/*(s)kreb(h)‑, параўн. серб.-харв. oskŕbiti ‘параніць’ і ‘задаць смутку’, а таксама ‘клапаціцца’. Паводле Мартынава (Язык, 44), апошняе — вынік перабудовы семантыкі ў паўднёвых славян пад уплывам іншамоўных пранікненняў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрыбо́г ‘уладар зямных і нябесных вод (атаясамліваўся з Міколам Вясеннім або Лысым)’ (Жлоба, Народная педагогика Полесья: по материалам этнографических исследований, Брест, 2002, 182–183), страж.-рус. Стрибогъ ‘бог вятроў’, параўн. вѣітри, Стрибожи внуци ў “Слове пра паход Ігаравы”. Лічыцца запазычаннем з ст.-іран. *Srībaɣa; паводле Мартынава (Этнагенез, 6–7), ‘добры бог’, супрацьпастаўлены *Dužbaɣa ‘злы бог’, суадносным з стараж.-рус. Дажьбогъ (< прасл. *dъžbogъ). Гл. таксама Фасмер, 3, 777 (з аглядам версій і літ-ры). Трубачоў (Этногенез₂, 197–198) лічыць прасл. *stribogъ і *da(djь)bogъ культурнымі інавацыямі славян, а не індаеўрапейскімі архаізмамі, першае з якіх уяўляе кампазіт з імператыўнай формай дзеяслова *sterti ‘распаўсюджваць, распасціраць’ у спалучэнні з іменем *bogъ ‘бог’; гл. яшчэ Праабражэнскі, 2, 398; Якабсон, IJSLP, 1959, 1–2, 272; Тапароў, СБЯ, 1983, 120; Жураўлёў, Язык и миф, 171–172. Сувязь з стрыбаць (гл.) і ням. streben ‘прагнуць, імкнуцца’ (Брукнер, KZ, 50, 195) малаверагодная, паколькі гэта быў бы просты аддзеяслоўны дэрыват, параўн. стрыбок ‘скачок’. Гл. яшчэ Зайкоўскі, Бел. міф.₂, 492–493; ЕСУМ, 5, 439–440.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жале́йка ’музычны інструмент’. Рус. смал., тамб. жале́йка, тул., варонеж., разан., калуж., горк., пск., смал. желе́йка, пск., калін. жалея́ ’тс’. Паводле Мартынава–Міхневіча (Маладосць, 1970, 7, 150), ад назоўніка жаль (гл.) з суф. ‑ейка па характары гуку, якім вылучаўся гэты народны інструмент. Дакладней, непрадуктыўны суф. ‑ейка суадносіцца з дзеяслоўнымі асновамі: варейка, лупейка, калатэйка (Сцяцко, Афікс. наз., 37), а значыць, не з жаль, а з жалець. Але ці толькі жаллівыя гукі выдае дудка? Даль побач з такім тлумачэннем дапускаў магчымасць суаднясення з жилиться (Даль, 1, 524), што не матывуецца, а таму мала верагодна. Трэба ўлічыць пск. же́ледь, же́ледка ’трыснёг, з якога робяцца дудкі, жалейкі’. Же́ледка магло пераўтварыцца ў желейка, жалейка. Пераход д > й адзначаецца яшчэ: маладзецмалайцы, радарайца (радца), Карскі, 351. Назвы муз. інструмента па матэрыяле сустракаюцца; параўн. ражок, рог, кастаньеты. У далейшым, верагодна, адбывалася кантамінацыя народнаэтымалагічнага характару з коранем жаль. Адносна паходжання желедь, желедка гл. у Фасмера, 2, 41, жёлдь I, дзе ён адкідвае сувязь з жалуд, прапанаваную Міклашычам (407), і схіляецца да думкі Шахматава пра першасную форму *жьлдь, што, аднак, не тлумачыць паходжання гэтага кораня.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стары́ ‘шматгадовы’, ‘даўні’, ‘зношаны’, ‘старажытны, мінулы’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), сюды ж дзеяслоў старэ́ць (ТСБМ). Параўн. укр. ста́рий, рус. ста́рый, стараж.-рус. старъ, польск., в.-луж., н.-луж. stary, чэш., славац. starý, серб.-харв. ста̏р, славен. stàr, балг., макед. стар, ст.-слав. старъ. Прасл. *starъ ‘стары’ з’яўляецца архаічным прыметнікам з суф. *‑rъ ад дзеяслова *stati ‘стаць’; гл. Борысь, 577–578. Роднасныя літ. stóras ‘тоўсты, аб’ёмісты’, ст.-ісл. stórr ‘вялікі, дужы, важны, мужны’; з іншай ступенню вакалізму: ст.-інд. sthirás ‘моцны’ (Фасмер, 3, 747 з літ-рай). Борысь (там жа) з улікам семантыкі і.-е. паралеляў прапаноўвае наступны шлях семантычнага развіцця славянскага *starъ: ‘сталы, моцны’ → ‘той, які знаходзіцца ў поўнай сіле, дужы’ → ‘немалады, стары’; уласна, гэта семантычная інавацыя, якая часткова выцесніла прыметнік *větьxъ (гл. ветхі). Гл. яшчэ Сной₁, 604; Шустар-Шэўц, 1355; Глухак, 580; ЕСУМ, 5, 398. Паводле Мартынава (Язык, 84–85), семантычны зрух у праславянскай ‘вялікі, моцны’ → ‘стары’ адбыўся пад уплывам *matorъ ‘сталы, стары’ — пранікнення з італійскіх моў, параўн. лац. mātūrus ‘спелы, стары’, гл. мацёры.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)