Тармазі́ць ’запавольваць, спыняць рух’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), тормозі́ті ’тс’ (Вруб.), тормозі́ць ’хваляваць, парушаць; уплываць на нармальную працу’ (КСТ), тормозова́ць ’тузаць, тармасіць’ (ТС); сюды ж то́рмаз ’механізм для тармажэння’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), тормаза́ ’непаседа’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), тармазы́ ’падрэзы (у санях)’ (лудз., Сл. ПЗБ). Параўн. рус. тормози́ть ’запавольваць, спыняць рух’, дыял. тормози́ть ’гаварыць глупствы, несці лухту’, тормози́ться ’хвалявацца, непакоіцца’, серб.-харв. тр̀мизати ’рухацца, кранацца’, балг. тормо́зя ’затрымліваць развіццё, перашкаджаць’, ’гнясці, прыгнятаць’ (маральна). Словы без пэўнай этымалогіі. Тэхнічны тэрмін выводзяць з грэч. τορμος ’устаўленае ў адтуліну; дзірка з затычкай, цвіком, калочкам’ (сумніўна, гл. Трубачоў, Дополн., 4, 84) або з цюрк. turmaz ’падкладка пад калёсы арбы’ (там жа), што, відаць, запазычана з рускай мовы. Дзеясловы з больш шырокай семантыкай Куркіна (Этимология–1974, 44–45) збліжае з *tьrm‑ з пашыральнікам ‑z‑, што ўрэшце да і.-е. ter‑ са значэннем ’церці’. Няпэўна; цяжка семантычна адмежаваць ад тармасіць (гл.), параўн. і польск. дыял. termożyć ’марудзіць, траціць час’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тро́нуцца1 ‘звар’яцець’ у фразе: тро́нуцца з ума, з розуму тронувся (палес., гродз., маг., гом., віц., ЛА, 2, Жд. 1, Ян., Юрч. Сін.; пух., Сл. ПЗБ), тро́нутый ‘ненармальны’ (кобр., ЛА, 2). З рус. тронуться (з розуму). Аналагічна ва ўкраінскай мове — тро́нутіся ‘зрабіцца трохі ненармальным, псіхічна хворым’ (ЕСУМ, 5, 646).

Тро́нуцца2 ‘пачацца (пра вайну)’ (Юрч. СНЛ), ‘сапсавацца, растаць (пра зімовую дарогу)’ (лун., Шатал.), тро́нутыса ‘тс’ (Сл. Брэс.), тро́нуць ‘крануць, зачапіць, рушыць’ (ТС), ‘злёгку зачапіць’ (Юрч. Сін.; віц., ЛА, 3), ‘параніць жарабя (пра воўка)’ (ТС). Параўн. укр. трону́ти ‘крануцца, зварушыць’, трога́тикранацца, варушыць, непакоіць, назаляць’, рус. тро́нуться ‘рушыцца, крануцца’, ‘расчуліцца’, тро́нуть ‘дакрануцца’, ‘зачапіць’, ‘рушыць (у дарогу, з месца)’, ‘папсаваць, крануць, прымарозіць’, сюды ж балг. тро́гвам ‘кранаю’. Надзейнай адзінай этымалогіі няма (Фасмер, 4, 104): супастаўляюць з лат. treksne ‘ўдар, поштурх’, ст.-ісл. þreka ‘сціскаць, давіць’, ст.-англ. đracu ‘націск, гвалт’ (Мюленбах-Эндзелін, 4, 230), ст.-лат. trieksne (XVII ст.) ‘бунт, мяцеж’ (Каруліс, 2, 426); з лац. tergeō, ‑ēre ‘мыць, чысціць’, гоц. þaíeko ‘дзірка’ (Петр, BB, 18, 285). Рускае слова выводзяць з тро́пнуть ‘топнуць’, тропа́ть ‘таптаць’ (Трубачоў, Дополн.). Гл. яшчэ Чарных, 2, 263–264; ЕСУМ, 5, 646.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шту́рхаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Кранацца каго‑, чаго‑н. рэзкім кароткім штуршком. — Цябе не пазнаць, — гаворыць Янка і ад радасці штурхае сябра. П. Ткачоў. Ганка адварочвалася і штурхала занадта стараннага хлопца ў грудзі. М. Стральцоў. // Нямоцным штуршком, дотыкам падаваць які‑н. знак, звяртаць увагу каго‑н. на што‑н. — Глядзі!.. глядзі!.. — штурхала сябровак Марфачка. Броўка.

2. Штуршком ці штуршкамі рухаць, перамяшчаць, прымушаць ісці куды‑н. Потым зноў узмах флажка, і паравоз штурхае новую групу вагонаў. Васілёнак. Сабраліся мужчыны і пад выгукі «раз, два — узялі!» штурхалі машыну. Дуброўскі. // перан. Прымушаць каго‑н. уступіць на той ці іншы шлях, развівацца ці дзейнічаць у тым ці іншым напрамку. Інстынкт самазахавання штурхаў яго на такі шлях, бо настаўнік быў упэўнены ў тым, што так ці іначай яму прыйдзецца мець дачыненне з начальствам і даваць тлумачэнне па сутнасці захопленага прыставам пратакола, а можа, адказваць і на запытанні следчага. Колас. Не пускалі яшчэ Андрэя з дому, але ўпёрся, паставіў на сваім, — не толькі патрэба зарабіць на хлеб штурхала яго ісці ў невядомае. Пестрак.

3. перан. З’яўляцца прычынай чаго‑н., натхняць на што‑н. Рэўнасць і крыўда штурхалі Веру Антонаўну на скандал. Карпаў.

4. Спец. Трымаючы на ўзроўні плячэй, рэзкім моцным рухам паднімаць над сабой (штангу, гіру). Штурхаць штангу. // Штуршком кідаць наперад (звычайна ядро). Ты штурхаеш ядро, на трывалы апёршыся грунт, — Граюць мускулы, твар твой ружовей ранета! Хай да сонца ляціць, каб на столькі імклівых секунд Рух прыспешыла наша цяжкая плане та. Гаўрусёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крана́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Датыкацца, дакранацца да каго‑, чаго‑н.; чапаць. Аляксандра кранала сына за плячо, будзіла. Пестрак. Да дрэў прыглядваўся Сымон, Кранаў рукой дубочкі. Бялевіч. // Працягваючыся да пэўнага месца, даставаць сабой каго‑, што‑н. Пышная шавялюра, акуратна зачэсаная на патыліцу, аж кранала плечукоў. Хведаровіч. Вось перад ім [Асілкам] сцяной высокай раскінуўся вячысты бор. Вяршынямі кранаў аблокі і засланяў наўсцяж прастор. Машара.

2. (звычайна з адмоўем). Браць у рукі што‑н., карыстацца чым‑н. Па інструкцыі, калі міна.. не ўзарвецца, кранаць яе нельга: замыканне можа наступіць зусім нечакана і партызана разнясе на кавалкі. Карпюк.

3. Парушаць чый‑н. спакой; дакучаць, турбаваць. [Порхаўка:] Год праляжу на баку, абы мяне не краналі. Гурскі. Ведаючы характар брыгадзіра, Зіна неяк не хацела кранаць Языковіча, ёй не хацелася абвастраць з ім адносіны. Кавалёў. // перан. Спыняцца на кім‑, чым‑н., закранаць каго‑, што‑н. у прамове, гутарцы. Аграном расказваў пра значэнне севазвароту. Гэту тэму не раз кранаў і Васіль. Шамякін.

4. перан. Хваляваць, расчульваць. Кранаюць сэрца родныя абрысы: Смаленск і Орша, Слаўнае, Барысаў, І я з акна крычу: «Дзень добры, Мінск!» Пушча.

5. Сваім уздзеяннем змяняць пачатковы выгляд або парушаць цэласць чаго‑н. Ля мёрзлага прычала Стаяць радком чаўны. Вайна і іх кранала: Прабітыя яны. Калачынскі. Хутка скончылася жыта і пачалося бугрыстае поле, якое даўно ўжо не кранаў плуг. Федасеенка. // чым. Злёгку пакрываць паверхню чаго‑н. Восень ледзь-ледзь кранае першай пазалотай лісце бяроз і асін. Шамякін. Кранае шэрань скроні на галаве юначай... Дубоўка. // перан. Пакідаць след, выклікаць змены ў чым‑н. У абліччы дзяўчыны і ў тоне, якім яна размаўляла, было нешта ад той слаўнай, крылатай маладосці, якую яшчэ ледзь-ледзь кранае сталасць. Хадкевіч. // перан. Парушаць, наносіць якую‑н. шкоду. — Што таварышу Кісялю да працадня! Для яго гэта пусты гук, які не кранае яго ўласнага дабрабыту. Паслядовіч.

6. Прыводзіць у рух; варушыць што‑н. Кранаць лейцы. □ Позні час. Вецер шастае глуха, Голле яблынь кранае ў садку. Ляпёшкін. // Узнікаючы, выклікаць лёгкі рух чаго‑н. Юзікавы губы ледзь кранае ўсмешка. Крапіва.

7. Цягнучы, папіхаючы, зрушваць з месца, прымушаць рухацца. Цягнік кранае вагоны.

8. без дап. Разм. Тое, што і кранацца (у 1 знач.). Фурманка кранае з месца.

•••

Кранаць за жывое — тое, што і браць (узяць) за жывое (гл. браць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)