За́кла ’закутак у хляве для малых свіней’ (брагін., З нар. сл.), ’месца ў вуглу плота’ (Мат. Гом.), ’выгін ракі’ (стол., Яшкін). Укр. уст. дыял. за́кла ’крук’ (’Haken’, Жэлях.), за́кло ’частка зямлі, што ўдаецца ў чужую зямлю (Грынч.). Ніканчук (БЛ, 1974, 6, 71), улічваючы розныя значэнні слова на Укр. Палессі, аб’ядноўвае закло са словамі клін, укр. ікла, рус. клык, якія генетычна звязвае з калоць (гл.) і прапануе рэканструяваць яго форму як закъло. Гэта верагодна. Аналагічна на больш шырокім матэрыяле Варбат, Этимология, 1972, 49–53.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скло́ка ‘сварка, непрыязныя адносіны’ (ТСБМ), ‘калатня, гармідар; віхор, ураган’ (Ласт.), ‘моцны вецер з дажджом’: нахопітца склока да й пакруціць, паломіць усе збожэ (Сержп.). Параўн. укр. скло́ка ‘сварка’ (з рус., гл. ЕСУМ, 5, 276), рус. скло́ка ‘тс’, якое Якабсон (IJSLP, 1959, 1–2, 270) узводзіць да клок (гл.), параўн. таксама клаката́ць ‘сварыцца’ (Мат. Гом.), гл.; сюды ж склы́ка ‘лаянка, варожасць’ (Касп., Мат. Гом.), ‘сваркі, калатня’ (Растарг.), якое Трубачоў (Дополн., 3, 642) лічыць экспрэсіўным пераўтварэннем склока; хутчэй да клы́чыць ‘шкуматаць, блытаць; дражніць (злаваць)’, гл. Фасмер (3, 642) рус. склы́ка разглядае як дэрыват ад клык (гл.). Першасным значэннем трэба прызнаць ‘блытаць, круціць’, параўн. клочча ‘адходы пры апрацоўцы льну’ (гл.), рус. скло́чить ‘склычыць, пераблытаць’ (Ласт.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Накол ’рог хусткі’ (чэрв., Сл. ПЗБ), наклы́ ’па вуглах’ (там жа), рус. пск. накло́ ’мыс берага, каса’, ’неглыбокае месца, парослае трыснягом’ (СРНГ), польск. Nakło (тапонім), чэш. náklí ’зараслі маладой вярбы’, nákel ’вільготнае месца з вярбовымі ’зараслямі’, náklo ’месца каля ракі’, славен. Naklo (тапонім, гл. Бязлай, Eseji, 163), серб.-харв. на̑кла ’глыбокае месца ў рацэ’, nákla прысл. ’дадолу, на зямлю’ (Šimunović, Olesch. Čak.-deut. Lexikon, 3, 538). На падставе наяўных матэрыялаў можна рэканструяваць у якасці зыходнай формы прасл. *nakъlъ, *nakъlo ’выступ’, прыставачнае ўтварэнне з прэфіксам na‑, параўн. сінанімічнае да яго *zakъlo (гл. за́кла), ад асновы kъlъ ’зуб, клык, малады парастак’, якая ўзыходзіць да *kolti ’калоць’, гл. Брукнер, 354; Махэк₁, 317; Скок, 2, 500; спецыяльна гл. Варбат, Этимология–1972, 49–53. Для шэрагу вучоных аснова і першаснае значэнне слова застаюцца няяснымі (Махэк₂, 388; Бязлай, 2, 213). Ондруш звязвае з балг.-макед. натлак ’нанос’ і праз стадыю пераходу ‑tьl > ‑tl‑ > ‑kl‑ спрабуе звесці да ‑tьlo (Slavica Slovaca, 16, 1981, 3, 230–235). Гл. таксама: Борысь, Onomastica Jugoslavica, 11, 1984, 1–9. Наяўнасць беларускіх і рускіх форм пярэчыць сцвярджэнню Налепы пра выключна заходнеславянска-паўднёваславянскі характар слова, на якім грунтуюцца далёка ідучыя этнагенетычныя вывады, параўн. Nalepa J. Słowiańszczyzna północno-zachodnia. Podstawy jedności і jej rozpad. Poznań, 1968, 70–72.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)