Ку́заў1 ’частка павозкі, аўтамашыны і пад., якая служыць для размяшчэння людзей або грузаў’ (ТСБМ). Гл. кузаў2.

Ку́заў2карзіна з бяросты’ (КЭС, лаг.). Запазычанне з рус. кузов ’тс’. Апошняе з тат. kyzau̯ (гл. Фасмер, 2, 402).

Ку́заў3 ’тып паселішча, двары ў якім размешчаны ўроскід’ (Яшк.). Да кузаў2 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ко́зубкарзіна’ (Мат. Гом.), ’кубачак (з кары асіны для ягад)’ (Сцяц.). Укр. козуб ’тс’, польск. kozub, чэш. kazub ’тс’, славац. kozub ’камін’. Рэканструкцыя паўночнаславянская рызыкоўная (параўн. Слаўскі, 3, 35). Лічыцца вытворным ад каза пры дапамозе суфікса ‑убъ (параўн. кастра: > каструб). Але славянскія мовы не ведаюць такога прадуктыўнага суфікса. Геаграфія слова хутчэй гаворыць аб яго неспрадвечным характары (параўн. ЕСУМ, 2, 501).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́гля ’часовая ўкладка снапоў жыта або пшаніцы (9 і дзесяці наверх)’ (слуц., Лекс. і грам.) < ⁺мандля. Укр. мандель ’укладка снапоў або жменей канапель у 15 ці 50 штук’, польск. mendel ’бабка’, в.-луж. mandl, чэш. mandel, славац. mandeľ ’бабка з 15 снапоў’ — усе з ням. Mandel ’тс’, якое паходзіць з с.-лац. mandalaкарзіна’, ’вулей’. Бел. ма́гля, запазычанае з польск., змяніла род (м. на ж.), а таксама ‑н‑, ‑длʼ‑ перайшло ў ‑глʼ‑. Гл. яшчэ мэндлік.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кашала́ ’верх воза, сам воз’ (Касп.), кашала́ ’кош’, кашалы́ ’высокія драбіны ў возе, воз з такімі драбінамі’ (Сл. паўн.-зах., 2). Гэтыя бел. словы можна рэканструяваць як *košela, што з’яўляецца вытворным ад *košmкарзіна’ пры дапамозе суф. ‑ela. Суфіксальная частка тут вельмі варыятыўная, так што ўсе вядомыя выпадкі можна прадставіць як *košelъ/*košela/*košelь. Праблематыка суфіксальнай варыянтнасці ўскладняецца яшчэ тым, што сустракаюцца таксама выпадкі іншага вакалізму ў суфіксах (параўн., напр., польск. koszałka). Падрабязна гл. у Трубачова, Эт. сл., 11, 187–189.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Като́мка ’сумка, клунак’ (Сцяшк. МГ, Сл. паўн.-зах.). Параўн. рус. котома́, кото́мка; паводле Фасмера, 2, 353, сюды адносяцца (з тым жа значэннем) рус. ко́тма, хото́мка, коту́ль, коты́ль, хоту́ля, хату́ль. Трубачоў (Эт. сл., 11, 208) прыводзіць яшчэ ўкр. ко́тма ’тс’. Слова няяснага паходжання. Прапанаваліся розныя этымалогіі, напр., утварэнне ад дзеяслова ката́ть, далей, запазычанне з фін. konttiкарзіна з бяросты, якую носяць на спіне’, або з чагат. kat ’футляр’ (гл. Фасмер, 2, 353). У апошні час Трубачоў, там жа (праўда, без бел. матэрыялу), мяркуе, што, магчыма, было прасл. *katoma, залежны дзеепрыметнік на ‑om ад дзеяслова *kotiti ’каціць, валяць і да т. п.’ Няпэўна. Параўн. яшчэ Шанскі, 2, К, 360.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шчыт, -а́, М -ыце́, мн. -ы́, -о́ў, м.

1. Прадмет старажытнай ручной зброі ў выглядзе круглаватай прамавугольнай плоскасці (з дрэва, металу і пад.) для засцярогі ад удараў, стрэл.

Абараняцца шчытом.

Каваны ш.

2. Агароджа, прыстасаванне ў выглядзе металічных пліт, збітых дошак і пад.

Ш. артылерыйскай гарматы.

Супрацьснежныя шчыты.

3. Франтон двухскатнага даху.

4. Вялікая мішэнь для артылерыйскай стральбы на моры (спец.).

5. Дошка, на якой змяшчаюцца прадметы для паказу, агляду.

Шчыты з дыяграмамі.

Ш. для насценгазеты.

6. Дошка, на якой зманціраваны вымяральныя і кантрольныя электрапрыборы.

Ш. кіравання.

Размеркавальны ш.

7. Верхняя рухомая частка пласціны для рэгулявання ўзроўню вады (спец.).

8. У будаўніцтве зборных канструкцый: гатовая частка сцяны, перакрыцця, загароды і пад.

9. Устройства для праходкі тунэля (спец.).

Праходка шчытом.

10. Прыстасаванне, на якім умацавана карзіна для гульні ў баскетбол (спец.).

Падняць на шчыт каго-н. — узвысіць, расхваліць (высок.).

Са шчытом або на шчыце (вяртацца, прыходзіць і пад.) — з перамогай, з поспехам або пераможаным.

|| памянш. шчыто́к, -тка́, мн. -ткі́, -тко́ў, м. (да 2—6 знач.).

|| прым. шчытавы́, -а́я, -о́е (да 2—10 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Лу́бка, смарг. лу́бачка ’кош, карзіна’, ’сявенька (з кары)’, ’плецены саламяны кораб для мукі’, ’дзежка для трымання мукі пад рукой’, ’бочачка’, ’салянка з ліповай кары’, ’кошык, сплецены з саломы і лазы’ (Нас., Яруш., Мікуц., Касп., Мат. Гом., Шат., П. С., Гарэц., Юрч., Янк. БП., Ян., Мат. Маг., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.; паўд.-усх., КЭС; мядз., Нар. словатв., Жыв. сл.; барыс., Шн. 2; докш., маладз., Янк. Мат., Мат. АС; рагач., З нар. сл.), ’вулей у лесе’ (добр., рэч., Мат. Гом.), ’калыска’ (Сл. Брэс.; карэліц., Сл. ПЗБ); лу́бка і лу́пка ’раёўня’ (Сл. ПЗБ, слаўг., Нар. сл.), бялын. лупок ’лубок, што ставіцца на дрэве для лоўлі раёў’ (Мат. Маг.), лу́бка‑мядоўка ’ліповая бочачка для мёду’ (рагач., З нар. сл.; Сл. ПЗБ), лубок ’тс’ (карм., добруш., Мат. Гом.). Ст.-бел. лубка (Скурат, БЛ, 8, 13–14). Да луб1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Буч1 ’верша’ (БРС, Сцяшк. МГ), ’сець’ (Маш., 36), ’прылада, зробленая з дубцоў для лоўлі рыбы’ (КЭС, лаг.), ’сажалка, дзе можна лавіць рыбу’. Рус. дыял. (зах.) буч ’тс’, польск. дыял. bucz ’тс’. Звычайна лічыцца запазычаннем з літ. мовы (літ. bùčias, bùčius ’тс’ < лат. bucis ’кошык, сплецены з вербавых пруцікаў’; уласна літ. форма bukìs ’род рыбацкай сеці’, гл. Фрэнкель, 61), параўн. яшчэ Варш. сл., 1, 225. Падрабязна аб усёй праблематыцы Урбуціс, Baltistica, V (1), 51–52.

Буч2 ’пасудзіна з саломы, шытая дубцамі, для мукі’ (КЭС, лаг., Янк. Мат.). Можна меркаваць, што слова таго ж паходжання, што і буч1 ’верша (плеценая карзіна)’. Так Урбуціс, Baltistica, V (1), 51–52. Наўрад ці можна думаць пра іншае паходжанне слова (напр., пра запазычанне з с.-в.-ням. butschen ’бочка для засолкі’ або пра сувязь з укр. бу́ша ’цыліндрычная пасудзіна для салення рыбы’ < ням.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ко́раб ’пасудзіна, сплеценая з лубу, саломы і пад.’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Нар. лекс., КЭС, лаг., Бяльк., Нар. сл., З нар. сл.), корабам стаць ’павялічыцца, расшырыцца (пра галаву)’ (Жыв. сл.), поўны кораб, сем корабаў, як з кораба ’у вялікай колькасці’ (ТСБМ). Укр. короб, рус. короб, ст.-рус. коробъ ’тс’, славен. kraba ’каробка’, польск. kroba ’плеценая каробка’. Мы не бачым магчымасці для рэканструкцыі прасл. korbъ, паколькі няма надзейных паўднёваславянскіх адпаведнікаў. Славен. kraba — новае запазычанне з іншых славянскіх моў (Безлай, 2, 77). Таму трэба вярнуцца да этымалогіі Міклашыча (130), згодна з якой у гэтым выпадку мы маем справу з запазычаннем з лац. corbisкарзіна’ (непасрэдна або праз с.-в.-ням. korb ’тс’). Гл. таксама Бернекер, 1, 568–569; Брукнер, 267. Фасмер (2, 331), які зыходзіць выключна з фанетычных крытэрыяў, разглядае лацінскія, германскія і нават літ. kar̃bas, лат. kar̂ba як спрадвечна роднасныя са славянскімі. Параўн. Фрэнкель, 220, дзе балтыйскія лексемы лічацца славянізмамі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кі́па ’вязка, пачак якіх-небудзь прадметаў’ (ТСБМ). Ст.-бел. кипа ’тс’ (з 1593 г.) (Булыка, Запазыч., 154), ’сноп бобу’ (Сл. паўн.-зах.), ’лазовая аплётка для бутэлькі’ (Мат. Гом.). Магчыма, формы, якія выступаюць у першым і другім значэннях, амонімы рознага паходжання. Тады бел. кіпа ’вязка, пачак’, укр. кипа ’тс’ праз рус. кипа ’тс’ з с.-н.-ням. kip ’тс’ (гл. Фасмер, 2, 235). А кіпа ’сноп бобу’ з літ. kypà ’куча, частка капы’ (Сл. паўн.-зах., 463). Але літ. kypà само разглядаецца як запазычанне з рус. кипа (Фрэнкель, 255). Цікава разгледзець трэцяе значэнне, якое яўна паходзіць ад с.-н.-ням. kīpe ’плеценая карзіна’ (Клюге, 367). Нямецкая форма ў сваю чаргу з’яўляецца непасрэднай крыніцай літ. kýpas ’тс’. Сумненне выклікае рускае паходжанне літ. kypà ’частка капы’, паколькі рус. кипа не мае сельскагаспадарчага значэн ня. З іншага боку бел. кіпа ’сноп бобу’ цесна звязана з літоўскім. Гэта дае падставу разглядаць слова ў другім значэнні асобна як амонім іншага паходжання. Не выключана, што бел. кіпа < *kypa суадносіцца з купа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)