пакары́цца, ‑каруся, ‑корышся, ‑корыцца; зак., каму-чаму.

1. Падпарадкавацца чыёй‑н. сіле, уладзе, выявіўшы пакорлівасць. [Адам:] — Ёсць, брат, у горадзе людзі, якія не пакарыліся і не пакарацца нахабным заваёўнікам... Якімовіч. // перан. Паддацца чыім‑н. намаганням, стаць асвоеным. У [свідравіны], якія былі прабураны вакол ствалоў, пусцілі мароз, і злосныя плывуны пакарыліся. Кулакоўскі. Каб быць пакарыцелем свету, Не толькі зямлёю трэба ўладаць, А трэба ўзняцца На сінюю гладзь — І неба павінна табе папарыцца! Чарот.

2. Змірыцца з чым‑н., адмовіўшыся ад барацьбы. Ты не спяшайся лёсу пакарыцца: Пакліч мяне. Пакліч. І я прыйду. Чэрня.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што.

1. Зрабіць усё, многае. Сабралася жонка ў поле і кажа мужыку: — Толькі ж глядзі, каб усю работу нарабіў. Якімовіч. Мы парабілі цяпер такія галубятні, што ніхто не далезе, ніхто не дастане. Брыль.

2. і без дап. Папрацаваць некаторы час. Малады цыган трохі парабіў у калгасе і пасля падаўся ў горад. Чыгрынаў.

•••

Нічога не паробіш; што (ж) паробіш — пра неабходнасць зрабіць не так, як хочацца, змірыцца з тым, што ёсць. Турсевіч цмокнуў, журботна паківаў галавою. — Гуляў і дагуляўся!.. Эх, Андрэй!.. Ну, ды нічога не паробіш. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пацярпе́ць, ‑цярплю, ‑цярпіш, ‑цярпіць; ‑цярпім, ‑церпіце; зак.

1. Цярпліва перанесці што‑н., вытрымаць (боль і пад.) некаторы час. — Доктар, зрабіце ўсё, каб я застаўся... жывы. — Паспрабую, толькі давядзецца пацярпець, наркозу ў нас няма. Васілеўская. Тайдо хацеў есці, але прыходзілася пацярпець. Маўр.

2. што. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае: перажыць, перанесці, зведаць тое, што абазначана назоўнікам. Пацярпець паражэнне. Пацярпець аварыю. □ Перадавалі, што нямецкі атрад пацярпеў няўдачу, камандзір цяпер месца не знаходзіць ад злосці, і невядома, чым усё гэта скончыцца. Лынькоў.

3. Панесці, мець страты; атрымаць цялесныя пашкоджанні. Сям-там былі выбіты кулямі вокны, але з людзей ніхто не пацярпеў. Якімовіч. Зона эмтээс .. вельмі пацярпела ад акупацыі. Хадкевіч. // Быць пакараным за што‑н. [Лабановічу] часамі арышт здаваўся прынадным, не пазбаўленым своеасаблівай прыемнасці. Чаму ж і не пацярпець за праўду? Чаму не спрабаваць лёсу «крамольніка»? Колас.

4. каго-што і чаго (звычайна з адмоўем). Дапусціць, змірыцца з кім‑, чым‑н. Не пацярпець несправядлівасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцерагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце, ‑рагуць; незак., каго-што.

1. Сачыць за захаванасцю чаго‑н.; вартаваць што‑н. Я, як кажуць, пры выкананні службовых абавязкаў: коней сцерагу, мала што можа быць. Скрыпка. [Маша:] — Аб усім ты [Павел] паклапаціўся... І выйшла, што я толькі кватэру сцерагу. Гроднеў. // перан. Не даваць парушаць, трывожыць што‑н.; ахоўваць. Шмат год, як дубы ўжо Твой [дружа] сон сцерагуць, А я ўсё змірыцца Ніяк не магу. Гілевіч.

2. і з дадан. сказам. Уважліва сачыць, пазіраць за кім‑, чым‑н. [Ліба:] — Я сцерагла, каб у хаце ніхто не стукнуў. Заперла браму. Гартны.

3. Чакаць каго‑н., падпільноўваць. Хто ведае на вайне, дзе каго смерць сцеражэ. Шамякін. / у паэт. ужыв. Белы вус, як снег калядны, Смех хавае неразгадны, Вы ахвяру сцеражэ. Колас.

4. Клапатліва засцерагаць ад чаго‑н. [Змітрок] верна служыў ляснічаму. Ён сцярог яго ад бяды і немачы, паважаў і любіў, як сына... А ляснічы лічыў яго забойцам. Чарнышэвіч. Клёны шумелі панура, Вецер блукаў у галлі. Дрэўца малое ад буры Дбала яны сцераглі. Смагаровіч.

5. Клапатліва аберагаць, захоўваць. Краіна родная мая,.. Высокі твой дзяржаўны лад У сэрцы дбайна сцерагу я. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схілі́ць, схілю, схіліш, схіліць; зак., каго-што.

1. Нахіліць, нагнуць. Схіліць сцягі. □ Спелае жыта схіліла каласы. Гарэцкі. Над флягай пажоўклы Лісточак паперы... Схілілі галовы Над ім піянеры. Нядзведскі. Паляўнічы стаяў каля алешыны і, упёршыся ў яе рукамі, дапамагаў схіліць дрэва ўбок. Гамолка. // на што. Нахіліўшы, апусціўшы, пакласці на што‑н.; прыхіліць да чаго‑н. [Аксеня] нават схіліла галаву на плячо хлопца, а Піліп нешта ўжо сардэчна нашэптваў ёй на вуха. Лупсякоў. // перан. Скарыць, перамагчы, зламаць. Нас не схіліць І не зламаць! Мы — Дзеці барацьбы! Багун. Народ палескі — гэта волат, яго і гора не схіліла. Дубоўка.

2. Узяць кірунак, павярнуць да якіх‑н. межаў (часавых або прасторавых). Сонца ўжо схіліла на поўдзень. Пестрак. Вунь ужо колькі часу прайшло, схіліла за поўнач, а яго [Пятра] няма і няма. С. Александровіч. // Падаць які‑н. кірунак (размове і пад.). — А Рая? — не дала .. [маці] схіліць гаворку на іншае. Карпаў.

3. перан. Залучыць на свой бок, выклікаць прыхільнасць да сябе. Бабка знае, чым прыбавіць, схіліць на свой бок малыша. Колас.

4. перан.; да чаго, на што і з інф. Пераканаць зрабіць што‑н., згадзіцца на што‑н. Схіліць да ўцёкаў. □ Прычынай, што схіліла Радзівіла прызначыць «прэзідэнтам» Саўку, была незвычайная Саўкава сіла. Гурскі.

•••

Схіліць галаву перад кім-чым — а) прызнаць сябе пераможаным. пакарыцца каму‑, чаму‑н. Для ворага ёсць у мяне порах. Я не схілю перад ім галавы. Вярцінскі. Шлях круты, але пройдзены прама, І ніхто не схіліў галавы. Прануза; б) аднесціся з пашанай да каго‑, чаго‑н., ушанаваць каго‑н. Было штось велізарнае, магутнае і захопліваючае ў гэтым імкненні цягніка, і мімаволі хацелася [Лабановічу] схіліць галаву перад геніем чалавечага розуму, атрымаўшага верх над бясконцымі адлегласцямі. Колас; в) апусціць галаву ў знак пашаны да памёршага. [Сярго:] Таварышы, нізка схіліце галовы Над прахам байца, камісара і сына. Глебка; г) пакланіцца каму‑н., павітацца з кім‑н. Іван Кузьміч пачціва схіліў сваю лысую галаву перад загадчыкам камунгаса. Каршукоў.

Схіліць калені перад кім-чым — пакарыцца, змірыцца, прызнаць чыю‑н. уладу над сабой. Гаварылі мы катам Грознай мовай агню: — Нам свабоду даў Ленін, Мы яе адстаім. І не схілім калені Зроду ні перад кім!.. Смагаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)