схіліць, схілю, схіліш, схіліць; зак., каго-што.

1. Нахіліць, нагнуць. Схіліць сцягі. ▪ Спелае жыта схіліла каласы. Гарэцкі. Над флягай пажоўклы Лісточак паперы... Схілілі галовы Над ім піянеры. Нядзведскі. Паляўнічы стаяў каля алешыны і, упёршыся ў яе рукамі, дапамагаў схіліць дрэва ўбок. Гамолка. // на што. Нахіліўшы, апусціўшы, пакласці на што‑н.; прыхіліць да чаго‑н. [Аксеня] нават схіліла галаву на плячо хлопца, а Піліп нешта ўжо сардэчна нашэптваў ёй на вуха. Лупсякоў. // перан. Скарыць, перамагчы, зламаць. Нас не схіліць І не зламаць! Мы — Дзеці барацьбы! Багун. Народ палескі — гэта волат, яго і гора не схіліла. Дубоўка.

2. Узяць кірунак, павярнуць да якіх‑н. межаў (часавых або прасторавых). Сонца ўжо схіліла на поўдзень. Пестрак. Вунь ужо колькі часу прайшло, схіліла за поўнач, а яго [Пятра] няма і няма. С. Александровіч. // Падаць які‑н. кірунак (размове і пад.). — А Рая? — не дала .. [маці] схіліць гаворку на іншае. Карпаў.

3. перан. Залучыць на свой бок, выклікаць прыхільнасць да сябе. Бабка знае, чым прыбавіць, схіліць на свой бок малыша. Колас.

4. перан.; да чаго, на што і з інф. Пераканаць зрабіць што‑н., згадзіцца на што‑н. Схіліць да ўцёкаў. ▪ Прычынай, што схіліла Радзівіла прызначыць «прэзідэнтам» Саўку, была незвычайная Саўкава сіла. Гурскі.

•••

Схіліць галаву перад кім-чым — а) прызнаць сябе пераможаным. пакарыцца каму‑, чаму‑н. Для ворага ёсць у мяне порах. Я не схілю перад ім галавы. Вярцінскі. Шлях круты, але пройдзены прама, І ніхто не схіліў галавы. Прануза; б) аднесціся з пашанай да каго‑, чаго‑н., ушанаваць каго‑н. Было штось велізарнае, магутнае і захопліваючае ў гэтым імкненні цягніка, і мімаволі хацелася [Лабановічу] схіліць галаву перад геніем чалавечага розуму, атрымаўшага верх над бясконцымі адлегласцямі. Колас; в) апусціць галаву ў знак пашаны да памёршага. [Сярго:] Таварышы, нізка схіліце галовы Над прахам байца, камісара і сына. Глебка; г) пакланіцца каму‑н., павітацца з кім‑н. Іван Кузьміч пачціва схіліў сваю лысую галаву перад загадчыкам камунгаса. Каршукоў.

Схіліць калені перад кім-чым — пакарыцца, змірыцца, прызнаць чыю‑н. уладу над сабой. Гаварылі мы катам Грознай мовай агню: — Нам свабоду даў Ленін, Мы яе адстаім. І не схілім калені Зроду ні перад кім!.. Смагаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)