экалагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да экалогіі. Экалагічны баланс прыроды. Экалагічныя ўмовы. □ Ад станоўчага вырашэння экалагічных праблем у значнай ступені залежаць дабрабыт цяперашняга і будучага пакаленняў, існаванне самой цывілізацыі. «Звязда». // Звязаны з умовамі навакольнага асяроддзя, якія ўздзейнічаюць на арганізм. Экалагічныя фактары. Экалагічная прыстасаванасць віду.

•••

Экалагічны крызіс — крытычны стан навакольнага асяроддзя, які пагражае існаванню людзей, выкліканы безгаспадарчым выкарыстаннем вады, паветра, глебы, расліннага і жывёльнага свету.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Незале́жнасць ’самастойнасць, аўтаномнасць’ (Яруш., Некр. і Байк., БРС, ТСБМ), укр. незалежність ’самастойнасць, непадпарадкаванасць’. Запазычана з польск. niezależność ’тс’ або ўтворана на мясцовай глебе ад зале́жны, зале́жнасць ’несамастойнасць’, якое ў сваю чаргу, відаць, запазычана з польск. zależny, zależność ’тс’, ад zależeć ’быць залежным, несамастойным’ (< za‑leżeć, гл. ляжа́ць). На базе гэтай жа мадэлі прыназоўнік *za + дзеяслоў стану (спакою), аднак з іншым лексічным напаўненнем, утвораны рус. незави́симость (ад за‑висетьзалежаць’), чэш. nezávislost, славен. nezavisnost, серб.-харв. неза́висност, балг. незави́симост, макед. независност і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мана́ ’прыемны пах’ (раг., Сл. ПЗБ; драг., КЭС; Клім.), ’закваска, смак і пах хлеба, якія залежаць ад дзяжы і закваскі’ (зэльв., карэліц., дзятл., лях., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), ’нектар’ (лях., Сл. ПЗБ), лельч. мона́ ’сок з кветак’ (Нар. лекс.), мана́ ’ўзмах’, ’подых, павеў’ (Нас.), мані́ць ’патыхаць’ (ТС), бяроз., драг., стол. мані́ты, мані́тэ ’прыемна пахнуць’ (Нар. лекс., Шатал., КЭС), драг., кобр. манюшчы ’духмяны’ (Нар. лекс., КЭС). Рус. тамб. мана́, калуж. манна́ст, манна́стый ’прыемны пах’, ’тонкі (пах, густ)’. Бел.-паўд.-рус. ізалекса. Узнікла ў выніку пераносу значэння ’прынада’ > ’прыемны пах’ > ’прыемны смак, нектар’. Укр. бойк. ма́на ’застылы сок некаторых раслін’, балг. мана́ ’падзь’ можна лічыць семантычным варыянтам лексемы ма́нна (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вы́падак, -дку, мн. -дкі, -дкаў, м.

1. Тое, што здарылася, здарэнне.

В. з жыцця.

Няшчасны в.

У такім выпадку (пры такой умове, пры дадзеных абставінах). На ўсякі в. (у прадбачанні чаго-н. нечаканага). У крайнім выпадку (пры крайняй неабходнасці). У асобных выпадках (калі-нікалі). Ні ў якім выпадку (ніколі, ні пры якіх умовах, ні за што). У тым выпадку, калі... (калі здарыцца так, што...). У адваротным выпадку (калі будзе наадварот, не так). У лепшым выпадку (пры самых спрыяльных абставінах).

2. Зручны момант.

Падвярнуўся в.

Упусціць в.

3. Тое, што і выпадковасць (у 2 знач.).

Поспех работы не можа залежаць ад выпадку.

Ад выпадку да выпадку — калі-нікалі, не пастаянна.

Ва ўсякім выпадку — пры любых абставінах, незалежна ні ад чаго.

З выпадку — з-за, з прычыны чаго-н.

Пры выпадку (разм.) — калі будзе магчымасць.

Пры выпадку перадам усё яму.

У выпадку чаго — калі адбудзецца, надыдзе што-н.

Забеспячэнне ў выпадку хваробы.

У выпадку чаго (разм.) — калі будзе патрэба.

У выпадку чаго, паведамі мне.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

нале́жаць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.

1. каму-чаму. Быць, з’яўляцца ўласнасцю каго‑, чаго‑н. Гэтыя кнігі належаць таварышу. □ Дзед не раз гаварыў пра зямлю пад Дубамі, пра паплавы на рэчцы, якія калісьці належалі мужыкам. Колас. // Быць, знаходзіцца ў распараджэнні каго‑н. Будучае належыць моладзі. □ Цяпер вуліца належала .. [працэсіі]: сустрэчныя аўтамашыны збаўлялі хуткасць, а тыя, што даганялі, паволі сунуліся ззаду. Карпаў. // Быць, з’яўляцца чыім‑н. тварэннем, быць напісаным, створаным (пра твор, ідэю, думкі і пад.). Пяру Янкі Купалы належаць пераклады многіх вершаў з «Кабзара». Палітыка. // перан. Быць прысвечаным каму‑, чаму‑н. Усё жыццё Дзяміда належала лесу. В. Вольскі. // (з займеннікам «сабе»). Свабодна распараджацца сабою, ні ад каго не залежаць. Цяпер Міхал Шарупіч належаў не толькі сабе. Дэлегацыю на вакзале ўжо чакалі, і прыйшлося пасяліцца ў гасцініцы «Масква». Карпаў.

2. да каго-чаго. Адносіцца да якой‑н. групы, уваходзіць у склад чаго‑н. Відаць, прахожыя належалі да тутэйшых механізатараў і цяпер па нейкай патрэба ішлі ў РТС. Быкаў. Адчувалася, што доктар не належаў да вельмі спакойных і ўраўнаважаных натур. Васілевіч.

3. каму-чаму. Быць чыім‑н. правам, непасрэдным абавязкам. [Андрыян Цітавіч:] — Калі справа ідзе аб павышэнні, то рашаючае слова павінна належаць .. [Валі]. Марціновіч.

4. безас. каму. Падлягаць выплаце, выдачы за што‑н. Вам належыць заплаціць за білет. □ Бабка была зацікаўлена ў гэтай ссыпцы, бо і ёй належала некаторая частка гарцаў. Колас. // з каго. Разм. Пра пачастунак з якой‑н. нагоды. — З цябе сёння належыць, — смеючыся на ўсю палатку, сказаў Пракапенка. — Пішы, што ты імяніннік.. Пойдзем у клуб, пачытаеш, як там цябе ў заводскай насценгазеце расхвалілі. Кулакоўскі. [Лявон:] Ну, пане гаспадар, дакоскі зрабіў, з вас бутэлька належыць. Козел.

5. безас. каму і без дап. Быць устаноўленым, вызначаным. Па статуту нам належаць пісталеты. Але дзе ж там.. — калі і вінтовак усім не хапіла... Брыль.

6. безас. з інф., каму. Быць неабходным. Перш за ўсё належала сабраць насенне, ачысціць яго, пратруціць, каб увесну было што ўкінуць у зямельку. Сабаленка. Нарэшце пагадзіліся [настаўнікі] на тым, што дырэктару школы належыць яшчэ раз сустрэцца са старшынёй.. сельскага Савета. «Звязда».

•••

Як (і) належыць — як патрэбна, як мае быць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)