пра́жыцца, ‑жыцца; незак.

1. Падвяргацца пражанню.

2. Разм. Пячыся на сонцы. Вымушаная раней увесь час пражыцца на санцапёку, .. [Паліна Фёдараўна] цяпер заўсёды знаходзіла вольнае месца пад парусінавым грыбам. Паслядовіч.

3. Зал. да пра́жыць (у 1 знач.).

пражы́цца, ‑жыву́ся, ‑жыве́шся, ‑жыве́цца; ‑жывёмся, ‑жывяце́ся; зак.

Разм. Патраціць на пражытак. Але Бачурка ведаў, што Сашка рызыкне пайсці да бацькі толькі тады, калі яны пражывуцца да апошняй капейкі. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вільго́та1 ’адліга’ (Яруш., Нас., КТС). Запазычана з польск. wilgota ’макрата, вільгаць, вільготнасць’.

Вільго́та2 ’ільгота, аблягчэнне’ (Нас.); ’выгада’ (карм., Мат. Гом.), перан. ’прыволле, раздолле’ (Юрч.). Укр. вільгота ’ільгота, аблягчэнне’, палес. вильгота ’тс’, рус. вольготавольнае жыццё, воля, вольнасць, аблягчэнне’; ’прастор’; ’вызваленне ад дзяржаўнай павіннасці’. Беларуская лексема ўзнікла з ільгота з прыстаўным в‑. Рускія дыялектныя формы, магчыма, з’яўляюцца вынікам кантамінацыі з лексемай воля. Параўн., аднак (Шанскі, 1, В, 154–155). Украінская лексема, відаць, запазычана з бел. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

нара́іць, ‑аю, ‑аіш, ‑аіць; зак.

1. каго-што. Параіць, парэкамендаваць для якой‑н. мэты каго‑, што‑н. З тыдзень абшываў Іван Андрэя Ермаліцкага. І не сам хадзіў набівацца — людзі параілі гаспадару добрага шаўца. Грахоўскі.

2. з інф., каму і без дап. Даць параду зрабіць што‑н. Потым бегма кінулася [Галя] з аўдыторыі, быццам ёй хто параіў: хутчэй, хутчэй на вольнае паветра, набяры яго поўныя грудзі, і табе лягчэй стане. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лёз ’зазор’ (гродз., Нар. сл.), лёзны ’свабодны, нічым не заняты’ (Бяльк.), ’пусты, лёгкі’ (КЭС, лаг.), ’неказырны’ (Янк. I), сувалк. loźniak ’агароднік, бедны селянін, які жыве за вёскай’ (КСПГ), ст.-бел. лезный, лиозный, люзный ’вольны’ (з XVI ст.) запазычаны са ст.-польск. luz (польск. luz, каш. loz, lózвольнае месца’), luźny ’свабодны, разрознены’, якія паходзяць з ням. los ’свабодны, з зазорам’ < ст.-в.-ням., с.-в.-ням. los ’свабодны, расслаблены’, ’гарэзлівы’ (Слаўскі, 4, 393; Булыка, Запазыч., 192). Гл. яшчэ лёс2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рум1 выкл. ’шась, тух, бах’: госьці рум на двор (ЭШ), агледзеліся паны да рум назад (Сержп. Казкі). Укр. рум ’тс’, польск. rum ’шась, скрып, бух’. Гукапераймальнага паходжання (Брукнер, 468; Смаль-Стоцкі, Приміт., 97). Сюды ж таксама ру́мнуць ’нечакана зайсці, ускочыць’ (ТС), польск. rumać ’грукаць, стукацца ў дзверы’, каш. rumac ’моцна кашляць’, якое Борысь (SEK, 4, 219) параўноўвае з блізкім па значэнні і фанетыцы ням. rummeln ’шумець, крычаць, ляскатаць’. Гл. таксама румзаць, румза. Мяркулава (Этим. иссл., 6, 24–25) адносіць сюды і рус. ру́ма ’непрытомнасць’, стараж.-рус. рюма ’эпілепсія’, узводзіць апошнія да прасл. *ruti, *rʼuti ’рухацца’ + суфікс *ma, пастулюючы для ўкр. рум ’шась, тух’ першаснае значэнне руху.

Рум2 ’месца на беразе ракі, куды звозяць бярвенне для сплаву і дзе вяжуць плыты’ (ТСБМ, Касп., Шат., Сержп. Казкі, ТС), рум, ром ’тс’ і ’штабель бярвенняў, дроў’, ’вялікая па плошчы прастора’ (Сл. ПЗБ), рюм ’месца на беразе ракі, куды звозяць сплаўны лес’ (віц., Нар. сл.). Ст.-бел. румъ ’руіны’, ’вольнае месца’, ’месца пагрузкі’, што з ст.-польск. rumвольнае месца’, ’вольны праход, дарога’, якое ўзыходзіць да с.-в.-ням. rūm, сучаснае ням. Raum ’прастора’, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 189; БЛ, 29, 45–46; SEK, 4, 218.

Рум3 ’уся будоўля’ (Сцяшк. Сл.), ’агульная страха жылога будынка і гаспадарчых пабудоў’, ’зруб’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. румъ ’будаўнічы матэрыял’, ’вольнае месца’. Параўн. польск. дыял. rum ’вялікі пакой у жылым памяшканні’, в.-луж. rum ’прастора, абшар’, ’пакой’, што выводзяцца з ням. дыял. rūm ’прастора’, ’частка будынка, абмежаваная сценамі, пакой’, н.-ням. Rūm, Rüm ’прастора’, ’памяшканне’, параўн. Борысь, SEK, 4, 218. Гл. рум2.

Рум4 ’сена з першага ўкосу’ (хойн., Арх. ГУ). Няясна.

Рум5 ’ром’: “Подмовивши да красную девку, румом напоили” (гом., Рам. 1, 135). Гл. ром.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

во́льны, ‑ая, ‑ае; ‑лен, ‑льна.

1. Нікому не падпарадкаваны, ні ад кога не залежны, які мае магчымасць адвольна распараджацца сваім часам, ажыццяўляць свае жаданні. Каля мяне, як цень, Праходзіць да вадапою Вольны лясны алень. Караткевіч. Гэй у неба птахам вольным На спатканне навальніцам! Крапіва. [Максім:] — Ты ж адзін. Ні жонкі, ні дзяцей — вольны, як вецер на прасторы! Машара. // Выпушчаны на волю. — Быў палонны, а цяпер вольны, — казаў.. [Васілёк], едучы побач. Маўр. // Які вызваліўся ад якіх‑н. абавязкаў. Спектакль павінен быў адбыцца ў нядзелю, калі ўсе суседзі вольныя ад працы. Бядуля. Цяпер Гушка быў вольны ад даўгоў і меў сваю ўласную зямлю. Чорны. // Не заняты ніякай работай, які мае час. [Волька:] Вера то ўжо скончыла заняткі ў сваёй школе, цэлае лета будзе вольная. Чорны. // Які мае права, магчымасць дзейнічаць па ўласнаму жаданню. Вольны ўсюды я ляцець. Колас.

2. Свабодны ад сацыяльнага і інш. прыгнёту. Вольная праца. Вольнае жыццё. □ Вольным народам сталі вы сёння. Колас. Мы з вольнае краіны, Адной на цэлы свет, І кожная дзяўчына Глядзіць нам доўга ўслед. Глебка.

3. Нікім, нічым не заняты; пусты, свабодны. Яўхім знайшоў каля століка ў кутку два вольныя зашмальцаваныя крэслы. Мележ. [Суседка] трымалася, як дзяўчынка, гойдалася на нагах і ўсё адкідвала вольнай рукой з ілба, попельныя кудзеркі. Ракітны. У бібліятэках нават з самай раніцы цяжка знайсці вольнае месца. Шахавец. У праціўніка заставалася вольная дарога на вёску Бабровічы. Казлоў. // Нікім не замешчаны, вакантны. Вольная пасада. // Нічым не заняты (пра час). Раніцу вырашылі абвясціць вольнай, гэта значыцца ніякіх агульных паходаў не праводзіць, а здацца цалкам на самадзейнасць моладзі. Дубоўка. Кожную вольную хвіліну Люба бралася за кніжку. Васілевіч.

4. Не абмежаваны якімі‑н. перашкодамі, прадметамі, бязмежны, бяскрайні. Зноў вольны акіян усіх, Змёў чорных ворагаў сваіх. Куляшоў. Волен свет мне кругом. Колас. // Які знаходзіцца на свабодзе, не запёрты ў што‑н.; нічым не абмежаваны. Ці пачую крык іх [птушак]? Ці ўбачу? Шлях далёкі — горы і вада... Вунь ля гаспадарскіх тлустых качак Села вольных птахаў чарада. Сербантовіч. // Пра неабмежаваны нічым рух, неабмежаванае пашырэнне. Але паршываму сабачаняці, відаць, спадабалася вольная беганіна пасля надакучлівай язды ў машыне. Лынькоў. Даўшы хвалям вольны ход, Прыпадыме бацька Нёман На хрыбце магутны лёд. Багдановіч. Пустое бязмежнае снегавое поле — ці ёсць дзе большая прастора вольным разлётам гарачай фантазіі чалавека? Зарэцкі.

5. Нястрыманы, які выходзіць за межы прынятых нормаў. Вольныя жарты. Вольнае абыходжанне. // З якога знята абмежаванне. Дазволены законам. Вольны продаж сельскагаспадарчых прадуктаў.

6. Уласцівы свабоднаму жыццю. Льецца ў полі песня вольная На вясковай паласе. Бядуля. Вольным гоманам хвоек высокіх Клічам, сонца, цябе, як адзін! Купала.

7. Які заклікае, абуджае імкненне да волі; свабодалюбны. Вольнае слова. Вольная думка, натура.

8. Больш чым дастатковы па велічыні, прасторны. Вольны касцюм.

9. Які робіцца без выкарыстання спартыўных прылад. Вольныя рухі, практыкаванні.

10. Які адбываецца на свабодзе, не ў памяшканні, не пад наглядам. Вольная злучка. Вольнае ўтрыманне жывёлы.

11. У якім не прытрымліваюцца пэўнага парадку. Людзі рухаліся вольнымі шарэнгамі.

12. Не заціснуты, не замацаваны ў чым‑н. Вольны канец вяроўкі.

•••

Вольная барацьба гл. барацьба.

Вольная прафесія гл. прафесія.

Вольная тэма гл. тэма.

Вольны верш гл. верш.

Вольны горад гл. горад.

Вольны пасяленец гл. пасяленец.

Вольны пераклад гл. пераклад.

Вольны слухач гл. слухач.

Вольны стыль гл. стыль.

Вольнаму воля — гавораць таму, хто робіць што‑н. па-свойму, не звяртаючы ўвагі на слушныя парады.

Вольная воля гл. воля.

Вольная птушка гл. птушка.

Вольны казак гл. казак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цясні́цца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; незак.

Разм.

1. Размяшчацца ў вялікай колькасці на невялікай прасторы блізка адзін ад аднаго. Потым мы абедалі на кухні, прыляпіўшыся да невялічкага століка. Чаго было так цясніцца, я не разумеў. Місько. Каля сцен вялікага «салона» цясніліся маленькія столікі. Бядуля. // Стаяць на невялікай плошчы цесна, датыкаючыся адзін да аднаго (пра мноства людзей). Ля ўвахода на ўзлётнае поле цясніцца стракаты, маляўнічы натоўп. В. Вольскі. // перан. Перапаўняць каго‑, што‑н. (пра думкі, пачуцці). Думкі цясніліся ў маёй галаве, абганяючы адна другую. Аляхновіч. І тады страх, што цясніўся ў грудзях, набыў рэальнае і канкрэтнае асэнсаванне. Кудравец.

2. Рухацца, станавіцца цясней, вызваляючы вольнае месца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассу́нуцца, ‑нецца; зак.

1. Пасунуўшыся, аддаліцца адзін ад аднаго, вызваліўшы паміж сабой месца, прастору. Хто сядзеў, дык тыя рассунуліся на лаўцы, і .. [баец] прысеў. Брыль. // Раз’яднацца, утварыўшы вольнае месца, раскрыўшы што‑н. Некалькі хвілін ніхто не паказваўся з вагонаў, а пасля ў адным з іх дзверы рассунуліся і на платформу саскочыў салдат. Арабей. У гэты час заслона рассунулася, і .. [Віцю] здалося, што проста на яго паплыла ўся зала. Нядзведскі. // Расступіцца, расхіліцца ў бакі. Раптам чарот рассунуўся, і з яго вынырнула невялікая лодка. Гамолка. / у перан. ужыв. Ноч разам пасвятлела, мрок рассунуўся, стала светла, як.. перад усходам сонца. Колас.

2. Разм. Разваліцца, разбурыцца. Дзядзька яшчэ гаварыў, што сена трэба браць цэлым ахапкам, бо калі яго разарвеш, дык, бывае, і рублём не паспееш прыціснуць, як увесь воз рассунецца... Дайліда.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Адсунуць адно ад аднаго на нейкую адлегласць, адсунуць у розныя бакі. [Андрэю] з Веркай не было як выйсці з кута, і ім рассунулі сталы. Пташнікаў. [Міхалка] адчыніў стрэшку вулля, рассунуў рамкі, каб быў вольны праход пчолам. Якімовіч. // Раз’яднаць, утварыўшы вольнае месца, раскрыўшы што‑н. Рассунуць заслону. □ Нешта такое мяцежнае было ў голасе маці, што .. [Алесь] раптам кінуўся да шторы і са звонам рассунуў яе. Караткевіч. // Прымусіць расступіцца, расхіліць у бакі. Раманюк адышоў ад трыбуны, рассунуў студэнтаў, якія сядзелі ў прэзідыуме, сеў. Карпюк. [Жанчына] асцярожна пасунулася ў гушчар, рассунула галлё, імкліва падалася наперад. Лынькоў.

2. Зрабіць шырэйшым, раскласці (што‑н. складное, рассоўнае). Антон Авяр’янавіч рашуча ўстаў з канапы і рассунуў стол. Васілёнак. Бацька Стася стаяў трохі воддаль ад людзей. А потым рассунуў сваю казулю-сажань і пайшоў мераць поле. Хомчанка. // Зрабіць шырэйшым, большым. Дык рассунем кола шырай, Патанцуем на памосце. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.

1. каго-што. Заняць чыё‑н. або вольнае месца; замяніць каго‑н. Не было патрэбы адбудоўваць карчму і не было каму заступіць месца старога шынкара: сыноў Абрам не меў, а дочкі павыходзілі замуж. Колас. // без дап. Заняць якую‑н. пасаду, прыступіць да работы. Заступіць на пасаду сакратара.

2. Прыступіць да работы, дзяжурства і пад., змяніўшы каго‑н. — Так і быць. — Конюх дастае з кішэні вялікі чыгунны гадзіннік. — Да дванаццаці ты дзяжурны, а там я заступлю. Курто. Увечары Міхалёў са сваім аддзяленнем заступіў у каравул. Хомчанка.

3. каго-што. Загарадзіць, засланіць сабой каго‑, што‑н. Ліда Сцяпанаўна інстынктыўна заступіла сабой дачку і стаяла, быццам скамянелая. Шчарбатаў. Спрытны Корч тут жа знарок заступіў Васіля, схаваў ад Ганны. Мележ.

•••

Заступіць дарогу каму — а) нечакана з’явіўшыся перад кім‑н., спыніць яго рух. — Не, Якаў, даражэнькі! — Лукер’я заступіла яму дарогу. — Не, я цябе так не пушчу з хаты. Папалуднуеш разам з намі. Чарнышэвіч; б) перашкодзіць дзейнасці каго‑, чаго‑н. Бывае так, што чалавек табе ніколі, як кажуць, не заступаў дарогу, а ты яго неўзлюбіш па нейкім прадчуванні. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)