Легава́цца ’качацца’ (зэльв., Сцяшк. Сл.), укр. ляговитися ’лажыцца’, ст.-рус. наўг. лѣгивати — мнагакратны дзеяслоў да лѣгати ’выконваць палавы акт’, польск. legiwać, паўд. legować ’часта ляжаць, лажыцца’, н.-луж. zlagowaś, в.-луж. zlehować ’класці, накладваць’, чэш. polehovati ’класціся, прылягаць’. Паўн.-прасл. leg‑ovati sę ’лажыцца (неаднаразова)’ — ітэратыўны адыменны дзеяслоў, утвораны пры дапамозе суф. ‑ovali ад асновы leg‑ / log‑ / lag‑. Семантыка бел. лексемы развілася ад ’(неаднаразова) лажыцца’ праз ’вылёжвацца’ да ’качацца’. Да легчы (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Здо́лець, здале́ць ’магчы, змагчы’. Параўн. до́ліць ’перамагаць’ (Нас.). Рус. пск. сдолять, сдолить ’перамагчы’, пск., цвяр., дан. здо́лить, смал., прыбалт. вздо́леть ’тс’, укр. здола́ти, здолі́ти ’перамагчы’, польск. zdoleć ’змагчы’, чэш. zdolati, zdoliti ’змагчы, перамагчы’, славац. zdolať ’тс’. Ст.-рус. съдолѣти ’перамагчы, умацавацца’ (XIV ст.). Прасл. (паўн.) sъ‑doliti, *sъdolěti — прэфіксальны адыменны дзеяслоў з коранем dol‑ (гл. дол) і значэнне ’змясціць унізе — паваліць’, адкуль перан. ’перамагчы’ (параўн. рус. одолеть, укр. подолати ’тс’) > ’змагчы’. Трубачоў, Эт. сл., 5, 62; Трубачоў, Дополн., 1, 525 (доли́ть ’перамагаць’, doliti). Іначай менш верагодна: ад доля праз значэнне ’дзяліць’ Бернекер, 1, 206–207; Фасмер, 1, 525; Слаўскі, 4, 63; Брукнер, 92; Голуб-Копечны, 104. Яшчэ іначай: да і.-е. кораня *dher‑ ’трымаць’, ’падтрымліваць’, Махэк₂, 123. Але Покарны (1, 252–253) не ўказвае фармацый на ‑l‑ з гэтым коранем; таму патрэбна дадатковая аргументацыя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кро́іць ’разразаць матэрыю і інш. на кавалкі пэўнай формы і памеру, каб пашыць, зрабіць з іх што-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Жд. 2, Янк. I, ТС, Сцяшк., Касп., Сл. паўн.-зах.), разразаць’ (Сержп. Пр., Кліх, Вешт. 1, Гарэц.). Укр. кроіти, рус. кроить, ст.-рус. кроити ’тс’, балг. кроя, макед. крои, серб.-харв. кро̀јити, славен. kròjiti ’тс’, польск. kroić, чэш. krojiti, славац. krojiť, в.-луж. krejić, палаб. krüjĕ ’тс’. Прасл. krojitiадыменны дзеяслоў, паходзіць ад krojь (Ваян, Gram. comp., 3, 417–418). У сваю чаргу прасл. krojь ад першаснага дзеяслова *kriti, які не мае надзейных балтыйскіх адпаведнікаў (параўн., аднак, Атрэмбскі, SI, 177, які звязвае са славянскім дзеясловам літ. raikýti ’рэзаць’). Іншыя індаеўрапейскія паралелі ўскладнены n‑дэтэрмінатывам: ст.-грэч. κρίνω, лац. cerno < *crino ’раздзяляць’ (Трубачоў, Эт. сл., 12, 181–182). Параўн. асабліва семантычна блізкія лац. cerno ’прасяваю’ і рус. кроить ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Конь1 ’буйная свойская аднакапытная жывёліна’ (ТСБМ, Нас., ТС, Сл. паўн.-зах., Яруш., Сцяшк.), ’здаровы высокі мужчына’ (Мат. Маг.). Укр. кінь, рус. конь, ст.-рус. конь ’тс’, ст.-слав. конь, балг. кон, серб.-харв. ко̏њ, славен. kònj ’тс’, польск. koń, чэш. kuň, славац. koň, в.-луж. kóń, н.-луж. koń ’тс’. Прасл. konь. Мы выводзім у адпаведнасці з этымалогіяй Левянталя (KZ, 47, 146) з прасл. komonь (ст.-рус. комонь ’баявы конь’), які адносіцца разам з ст.-прус. camnet ’тс’ да аднаго гнязда з літ. kãmanas ’аброць’, kamanuóti ’кілзаць’. Такім чынам, можна рэканструяваць *kamanas asvas ’закілзаны конь’ (= прасл. *komonъ osъ). Апошні ў выніку семантычнай кандэнсацыі даў komonь (Мартынаў, Изоглоссы, 21; Мартынаў, Язык, 71). Аналагічна тлумачыцца ст.-прус. camnet, які ад *kamnētas russis ’закілзаны конь’ (Тапароў, I–K, 193). Суфіксацыя старажытнарускага слова, яго супастаўленне з прасл. komonь даюць падставы для рэканструкцыі зыходнай формы *kamn‑, як супастаўленне komonь з літ. kãmanas для *kaman‑. Ад гэтых асноў рэгулярна ўтвараецца адыменны назоўнік якасці на ‑is *kamnis/*kamanis (як літ. júodas ’чорны’ > júodis ’вараны конь’). Форма *kamanis дала на славянскай моўнай глебе рэфлексацыю komonь, форма *kamnis*komnь > konь. Іншыя этымалагічныя версіі неверагодныя: konь < *kobnь (Фасмер, ZfSlPh, 9, 111; Брукнер, 253–254), konь < *skopnь (Машынскі, Pierw., 235), konь < кельт. *konkos ’скакун’ (Трубачоў, Эт. сл., 10, 197). Параўн. яшчэ Баль, SPKOK PAN, 20, 2, 334–335.

Конь2 ’слуп, драўляная апора’ (Хар., Нік. Очерки). Гл. конь1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лапа́та, лопа́та ’драўляная ці металічная прылада з дзяржаннем і шырокім ніжнім канцом для капання зямлі, зграбання збожжа, саджэння хлеба ў печ, для расчысткі снегу’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Касп., Шат., Яруш., Бес., Бяльк., Сцяшк.), ’вертыкальная частка прасніцы, да якой прывязваецца кудзеля’ (Уладз.), ’прылада (дошчачка) для выраўноўвання саломы на страсе’ (Шушк.; паст., шальч., Сл. паўн.-зах.). Укр., рус. лопа́та, польск. łopata, палаб. lüpotǝ ’лапатка’, н.-луж. łopata, klěbowa łopata, в.-луж. łopata, hopata, opata ’хлебная лапата’, łopač ’лапата’, чэш. lopata, lopač, lopař, славац. lopata, славен. lopáta ’лапата’, ’вясло’, ’лапатка’, серб.-харв. ло̀пата, чак. lopȁta, макед. лопата, лопа́та, лупа́та, балг. лопата, ст.-слав. лопата ’лапата, шуфель’, ’вясло’. Прасл. lopata паводле марфалагічнай будовы ўяўляецца як адыменны (вельмі стары, першасны) прыметнік на ‑at‑ъ, ж. р. ‑at‑a (Мее, 291), утвораны ад лексемы lop‑ъ ’ліст’, роднаснай да літ. lãpas, лат. lapa ’ліст’ (гл. ла́па2). Семантыка лексемы lopata заключала ў сабе прыкмету з наяўнасцю знешняй рысы, а іменна формы ліста. Вельмі яскравым сведчаннем гэтага з’яўляецца дэфініцыя славен. lopáta ў SSKJ (2, 640): orodje s širokim listom in dolgim držajem… Роднаснымі для прасл. lopata з’яўляюцца літ. lópeta, lopetà ’лапата’, ’лемех’, ’лапатка’, лат. lâpsta, lāpusta ’лапата’, ’лапатка’, прус. lopto ’лапата’. Больш падрабязна гл. Бернекер, 732–733; Буга, Rinkt, 1, 312–313; Брукнер, 312; Траўтман, 149–150; Младэнаў, 279; Фрэнкель, 339–340; Мюленбах-Эндзелін, 2, 240; Фасмер, 2, 518–519; Слаўскі, 5, 193–196; Скок, 2, 318–319 і інш. Махэк₂ (339) рэканструюе прасл. форму як lapeta.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́ліць ‘вадзіць у гульні ў хованкі’: у хованкі гулялі, адзін ту́ліць, а ўсе хаваліса (гродз., Нар. словатв.). Магчыма, да тулі́ць (гл.) у значэнні ‘закрываць вочы’.

Тулі́ць ‘прыхіляць, гарнуць да сябе з ласкай, пяшчотай, шчыльна прыціскаць, гладзіць, прытульваць’ (ТСБМ, Гарэц.), ‘прымаць каго-небудзь пад заступніцтва, ахову (напр., сірату)’ (Нас.), ‘закрываць, затуляць’ (Яруш.), ‘утойваць, хаваць’ (ТС, Байк. і Некр., ТСБМ, Нас.), ‘служыць прытулкам для каго-небудзь’ (ТСБМ, Ласт.), перан. ‘гаварыць праўду ў вочы’: ён вока ня ту́ліць (Шат.); тулі́цца ‘хавацца, затойвацца’ (Нас., Байк. і Некр., Шат.), ‘размяшчацца дзе-небудзь у зацішным месцы, пад аховай чаго-небудзь’ (ТСБМ, Касп.), ‘гарнуцца, з любасцю прыхінацца’ (Некр. і Байк., Варл.), ‘хінуцца, прыязна адносіцца, песціцца, прыхіляцца’ (Касп., Сл. ПЗБ, ТС, Яруш.), тулі́тисʼе ‘прыціскацца, хавацца’ (Вруб.), тулэ́тысь ‘тс’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). Укр. тули́ти, тули́тися ‘туліць, абдымаць’, рус. тули́ть ‘хаваць, закрываць’, тули́ться ‘хавацца, затойвацца’, польск. tulić (się) ‘чулліва прыціскаць, -цца’, ст.-польск. tulić ‘хаваць’, н.-луж. tuliś ‘гнуць’, ‘утаймоўваць’, ‘хаваць’, в.-луж. tuleć, tulić ‘прыціскаць, гнуць’, чэш. tuliti se ‘сціскаць’, ‘туліцца, прыціскацца’, славац. túliť sa ‘тс’, славен. дыял. tuliti ‘загортваць, звіваць у рулон’, ‘мяць’, túliti se ‘сціскаць’, ‘прыціскаць’, серб. дыял. ту́лʼит ‘гасіць полымя’, ‘згортваць, згібаць’, ‘схіляць галаву’, макед. тули ‘хаваць, прыкрываць’, тули се ‘хавацца’, балг. ту́ля (се) ‘тс’, ц.-слав. затулити ‘схаваць’. Прасл. *tuliti (sę) ‘прыціскаць, туліць, хаваць, утаймоўваць; заспакойваць’ суадносяць з *tulъ ‘калчан’ (гл. тул2), што сустракаецца з пэўнымі семантычнымі цяжкасцямі, гл. Фасмер, 4, 117. Трубачоў (Дополн., 4, 118) услед за Якабсонам (IJSLP, 1/2, 1959, 273) звязвае рус. тули́ть з тул, туловище, тулья (гл. тулава). Гл. таксама ЕСУМ, 5, 671–672; Арол, 4, 115–116. Борысь (653) бачыць у прасл. *tuliti (sę) адыменны дзеяслоў, утвораны ад прасл. *tulъ/*tulo ‘труба, трубка, калчан’, першасным значэннем якога было б ‘навіваць на трубку’. Значэннем і формай лексема *tuliti злілася з блізкім прасл. *toliti ‘заспакойваць, утаймоўваць’: ст.-польск. tolić ‘ахопліваць рукамі, гарнуць да сябе’, ст.-рус. толити ‘прысаромліваць, сарамаціць’, рус. толить ‘заспакойваць’, укр. толи́ти ‘стрымліваць, заглушаць, уціхамірваць’, серб. то̀лити, харв. tòliti ‘заспакойваць, суцяшаць, спатольваць’, бел. напато́ліць, пато́ля (гл.), якое ад і.-е. асновы *tel‑/*tol‑/*tl̥‑. Меркаванні аб запазычанні з польск. tulić się (Сл. ПЗБ, 5, 145) не маюць падстаў. Гл. таксама туляць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)