обстриженный абстры́жаны, мног. паабстрыга́ны; абрэ́заны, мног. паабраза́ны, паабрэ́званы; см. обстри́чь;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

пратаўчы́ся, ‑таўкуся, ‑таўчэшся, ‑таўчэцца; ‑таўчомся, ‑таўчацеся, ‑таўкуцца; пр. пратоўкся, ‑таўклася, ‑таўклося; зак.

Таўчыся некаторы час. Цэлую ноч .. [Назарчук] пратоўкся на міжгародняй і ўсё толькі для таго, каб тэлефаністка паведаміла, што і тэлефон Сініцкага абрэзаны. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абрэ́з, ‑а, м.

1. Вінтоўка з укарочаным, абрэзаным ствалом. Ірын бацька пачаў расказваць, як яго, прадстаўніка рабочага класа, камуніста, паслала партыя праводзіць калектывізацыю ў наш Верамеевіцкі раён і як стрэлілі ў яго праз акно з абрэза. Сабаленка. З лесу пачалі выходзіць цэлыя групы людзей з карабінамі, з вінтоўкамі, з абрэзамі, з бярданкамі... Колас.

2. Абрэзаны край, беражок. Кніга з зялёным абрэзам.

•••

У абрэз — без усякага лішку, якраз у меру; малавата.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кно́раз ’самец свінні, кныр’ (ТСБМ, Нас., ТС, Сл. паўн.-зах., Жд. 2, Бяльк., Сержп. Грам., Мядзв., ДАБМ, Грыг., Гарэц., Янк. II). Укр. кнороз, рус. кнороз ’тс’, польск. kiernoz, славац. kornáz, в.-луж. kundroz, н.-луж. kjandrozʼ ’тс’. Формы заходнеславянскія фанетычна адрозніваюцца ад усходнеславянскіх (лужыцкія не адпавядаюць цалкам іншым заходнеславянскім). З адменным пачаткам паўднёваславянскія назвы кнораза: балг. нерез, серб.-харв. не̏раст ’тс’ (гл. Слаўскі, 2, 155 і ў апошні час Аткупшчыкоў, Из истории, 121). Нягледзячы на фанетычныя цяжкасці, усё ж такі ўдаецца аднавіць праславянскае складанае слова *kъrnorzь. У паўднёваславянскіх паралелях балг. нерез, серб.-харв. не̏раст маюць у якасці паралелі рус. нерезь ’непакладаны самец свінні’ (да не + рэзаць). Прасл. kъrnorzь ад kъrnъабрэзаны’ і orzъ ’ядро’. Такую рэканструкцыю пацвярджаюць формы кныр, кнур, якія з’яўляюцца скарочанымі адносна формы кнораз. Гл. кныр. Параўн. у апошні час Шаўр ZfSl, 24, 115–119.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рубі́ць ’падшываць край чаго-небудзь; рабіць рубец’, ’будаваць што-небудзь з дрэва, бярвення’, ’здабываць (руду, вугаль)’ (ТСБМ), у выразе рубіць хату/хлеў ’часова без моху складаць сцены будынка з новых бярвенняў’ (капыл., саліг., клец., слуц., З нар. сл.); сюды ж рубну́ць ’секануць’ (ТС). Укр. руби́ти ’падрубаць, падшываць’, рус. руби́ть ’сячы’, н.-луж. rubnuś ’секануць’, в.-луж. rubnuć ’секануць’, чэш. roubiti ’будаваць; рабіць прышчэпку’, славен. róbiti ’падрубаць, падшываць’, серб.-харв. ру̀бити ’тс’, балг. ръ́бя ’абрубаць; рабіць зазубрылі; падрубаць’. Ст.-слав. рѫбити, стараж.-рус. рꙋбити ’будаваць з дрэва; рыхтаваць (ваяра)’ (Сразн., 3, 181–182). Прасл. *rǫbiti, *rǫbati на базе і.-е. *remb‑/*romb‑/*romb‑ ’сячы, рабіць насечку, рубец, шрам’, параўн. літ. rémbėti ’пакрывацца рубцамі; рубцавацца’. Старэйшае значэнне — ’рабіць засечку; рубцаваць’ < ’будаваць’ < ’сячы’ (Чарных, 2, 125). Паводле Трубачова (Ремесл. терм., 149), значэнне ’будаваць з дрэва’ другаснае на базе прасл. *rǫbъ ’край, абрэзаны кавалак’. Гл. руб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аця́цца ’згубіць жаданне есці’ (Сцяц.). Да цяць, тну з развіццём значэння ад ’рэзаць, біць’ да ’рэзка мяняць стан або паводзіны’, параўн. зацяць, уцяць ’раптоўна змоўкнуць, схаваўшыся і прыслухоўваючыся’ (Мядзв.), зацін ’прымус’, зацінлівы ’наравісты’ (Гарэц., Сцяц.), затнуцца ’занатурыцца’ (Сцяц.), зацяты ’ўпарты’; магчыма, што на семантыку гэтых слоў аказалі ўплыў даўнія ўяўленні аб умяшанні звышнатуральных сіл (чым і тлумачылася рэзкая змена паводзін ці стану), параўн. безасабовыя формы дзеяслова зацяло́ (гаварыць) (Арх. Бяльк.), цяло́ ’схапіла, узяло’ (Нас.) і асабліва архаічнае палескае зацінаць ’загаворваць хатнюю жывёлу, якая згубілася ў лесе; заткнуўшы нож у дрэва, чараваць’, параўн. таксама засека ’чараўніцтва з мэтай, каб жывёла, якая адбілася ад статка, стаяла на адным месцы’. Дзеепрыметнік ацятыабрэзаны’ і ’наравісты’ адпавядае польск. ocięty зацяты, упарты, свавольны, шалёны’, ociętny ’тс’ (апошняе Брукнер (374) звязвае з архаічным ocokały ’заўзяты’ няяснага паходжання), параўн. таксама ст.-польск. o(b)cięt(y) ’той, каму адрэзалі якую-небудзь частку цела, часцей за ўсё галаву’ (Крупянка, Formacje, 70); наяўнасць балг. дыял. о́тет ’які цяжка згаджаецца’, ’непаслухмяны, своеасаблівы’, параўн. таксама выраз «ега́ си про́клет и о́тет» (каб ты быў пракляты і ?), дазваляе паставіць пытанне аб праславянскім архаізме o‑tętъ ’зацяты, наравісты’ (ад o‑tęti). Параўн. таксама ацяць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Калды́ба, колдыба ’крывы, кульгавы, які павольна ідзе’ (Нас.), калдыбаць ’кульгаць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.), калдыбыць і кылдыбаць (Юрч. З жыцця), колдыбаць (Нас.), кылдыбаць (Бяльк.), колдыбайло ’кульгавы’, ’павольны ў рабоце’ (Нас.), сюды ж калдыб ’пра цяжкую хадзьбу пры хворых нагах’ (мсцісл., Нар. лекс.: Нас.). Рус. зах. бран. калдыбать ’ісці павольна, кульгаць’, смал. колдыба ’кульгавы’, колдыбка ’скалечаная нага, кукса’, колдыб ’дзеянне па дзеяслову колдыбать’, колдыбай ’кульгавы’, колдыбать ’кульгаць’, кур. колдыбать ’тс’, ’павольна ехаць, ледзь цягнуцца’, разан. ’не мець сталага месца’, колдыбащий ’няўстойлівы, непастаянны, які часта мяняецца’: «Моя жизнь колдыбащая…» (СРНГ, 14, 119). Паводле геаграфіі — інавацыя ў сумежных бел. і рус. гаворках. Што датычыць этымалогіі, рус. колдыбай, колдыбать Фасмер (2, 288) лічыў роднасным колдыка ’кульгавы, які ідзе перавальваючыся’, колдыкать, бел. колдыга (гл.), колдыгаць. Апошнюю групу слоў шматлікія этымолагі разглядаюць у сувязі з гоц. halts ’кульгавы’, грэч. κόλος ’абрублены, надламаны’, арм. kał ’кульгавы’, літ-pa ў Фасмера, там жа. Як відаць, і.-е. семантыцы адпавядае смал. колдыбка ’скалечаная нага, кукса’, аднак гэта суфіксальнае ўтварэнне і няма ніякіх падстаў лічыць яго першасным у параўнанні з іншымі лексемамі гэтай групы. Славянскіх паралелей, якія б дазволілі рэканструяваць праславянскую форму, няма. Як здаецца, бел. і рус. словы ўтвораны не па мадэлі ’абрублены, абрэзаны’ → ’куксаты’ → ’кульгавы’. Параўн. рус. валаг. колдыбашить ’балбатаць, пустасловіць’ (< ’боўтаць’), цвяр. колдыбашиться ’калыхацца, вагацца’, разн. колдыбащий ’няўстойлівы’, колдыбацца ’качаваць, матацца’. Аналагічная версія была прапанавана Бернекерам (1, 660), які рус. колдыкать, колдыбашить і пад. уключыў у артыкул kъltajǫ, kъltati, дзе аб’яднаны лексемы са значэннямі ’кульгаць’, ’рухаць’, ’калыхаць; гайдаць’ і да т. п. Структура дазваляе меркаваць аб архетыпе *kl̥t‑ і яго звонкім адпаведніку *kl̥d‑. Статус гэтых форм не зусім ясны: шэраг рус. дыял. фактаў (пск., цвяр., асташк. колтовня ’чалавек, які таргуецца за кожную капейку’, колтыг ’жмінда’, ’шум, сварка’ і колтыга ў абодвух значэннях) сведчыць аб празрыстай сувязі з адпаведнымі вытворнымі ад колот‑ (развіццё семантыкі: ’хістаць’ → ’хістацца’, ’трэсціся’ або непасрэдна ’трэсці’ → ’трэсціся’ → ’дрыжаць’ → ’скупіцца’ і ў прынцыпе можна дапусціць, што разглядаемая лексіка паходзіць іменна ад гэтай асновы. Параўн. яшчэ колты ’плёткі’ (у Даля без геаграфіі). Што датычыць фанетыкі, можна прывесці як прыблізны адпаведнік бел. кальбель < калыбель. Аднак тое ж развіццё семантыкі магло быць цалкам самастойным; значэнне ’кульгаць’ не зафіксавана ў вытворных ад колотить. Такім чынам, прыведзеныя архетыпы цалкам магчымыя, хоць іх усх.-слав. характар відавочны. Параўн. яшчэ калдыга (гл.).

Калдыба́2 ’цвёрды выступ каля паглыблення на разбітай або мёрзлай дарозе’, ’няроўнае ворыва з ямкамі і выступамі’, ’скіба дзярновай зямлі на раллі’ (слаўг., Яшк.). Рус. разан. колдырь ’вялікі кавалак чаго-н.’, ’нарасць на дрэве’, колтырь ’вялікі кавалак (хлеба і да т. п.)’, да семантыкі параўн. скіба (хлеба) і скіба (зямлі). Аб архетыпе гл. пад калдыба1, семантыка намінацыі не вельмі зразумелая. Магчыма, неабходна суаднесці відавочна ўтвораныя ад асновы колот рус. дыял. колоть ’няроўная, узгорыстая, абледзянелая паверхня дарогі, якая замерзла пасля моцнай адлігі’, ’узгоркі замёрзлай восенню гразі, ледзь пакрытыя снегам’, ’няроўная, ухабістая паверхня дарогі, якая высахла ад летняга спёку’ і да т. п. Параўн. да гэтага пск., асташк., цвяр. колоть ’сумятня, сварка’, празрыстае вытворнае ад колотить ’сварыцца’. Што датычыць словаўтварэння рус. паралелі і семантыкі намінацыі, параўн. яшчэ пск., асташк., цвяр. колотьба ’няроўная, абледзянелая паверхня дарогі’, дыял. колоткой ’ухабісты, гразкі (аб дарозе)’, колотливый ’тс’, ’(пра сэрца), якое моцна калоціцца’. Параўн. яшчэ арханг., халмаг. колотовка ’глыба мёрзлай зямлі’ і назвы розных прылад, утвораных ад колот‑; ленінгр. колотушка ’палка, якой разбіваюць сухія камкі зямлі на ворыве’. У шэрагу рус. дыял., вытворных ад колб‑, адзначаны колдыбнуть ’моцна стукнуць’, колдыбахнуть ’кінуць што-небудзь з шумам у ваду; баўтнуць’, якія, магчыма, сведчаць на карысць апошняга варыянта тлумачэння. Разам з тым праблема з’яўляецца вельмі складанай, паколькі нельга не параўнаць разглядаемае слова і вялікую групу лексікі, якую рэпрэзентуюць такія рус. дыял. лексемы, як колдыбашина ’выбоіна, ухаба’ (параўн. колдыбашный ’ухабісты’), колдыбина, бел. калдыбіна і да т. п. Аднак відавочная розніца ў семантыцы дазваляе меркаваць, што бел. слова — рэгіянальны наватвор ад калдыбаць (?), наконт семантыкі параўн. нашы меркаванні вышэй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)