Сычу́г ’адзін з аддзелаў страўніка жвачных жывёл’ (ТСБМ; б.-каш., ст.-дар., пін., Жыв. св.), сычу́к ’страўнік цяляці-сысуна’ (шуміл., Сл. ПЗБ). Укр. сичу́г ’тс’, рус. сычу́г ’тс’. Лічыцца запазычаннем з цюрк., параўн. куман. suzug ’кішка, вантробы’, кыпч. sučuk ’каўбаса’, тур. sudžuk ’тс’; гл. Фасмер, 3, 822 з аглядам літ-ры. Трубачоў (Дополн., там жа; ВЯ, 1960, 3, 68) узводзіць да рус. сы́тить ’сыціць, насычаць’ (гл. сыта), прыводзячы семантычныя паралелі ням. Lab, Labmagen ’сычуг’: laben ’цешыць, даваць асалоду’, асец. axsœn ’сычуг’, axsyn ’стварожваць’; сюды ж сычу́жны (сыр), сычу́жына ’сычужны фермент’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарчо́к 1 ’вясенні хвошч, таўкачык, Equisetum L.’ (круп., Сл. ПЗБ). Да тарча́ць, торч (гл.), параўн. іншыя назвы расліны стаўбуно́чык (маст., Расл. св.), стырч (лельч., Расл. св.), а таксама славен. tr̂ček ’пень, сцябло’.

Тарчо́к 2 ’смаржок звычайны’ (полац., круп., ЛА, 1; асіп., Сл. ПЗБ), ’вужовік, Amanitopsis fulva W. G. Smith’ (круп., Серж.-Яшк.), ’глузд веснавы, Gyromitra esculenta (Fr.) Fr.’ (полац., там жа). Параўн. укр. торчо́к, торчо́к ’смарчок, Helvella esculenta Pers.’. Матывацыя, як і ў папярэдняга слова, параўн. іншую назву старчо́к (акц., Сярж.–Яшк.), гл. старчак.

Тарчо́к 3 ’мядзведка (насякомае)’ (докш., Янк. Мат.). Гл. турчок ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́днасць ‘цяжкасць’ (Нас., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Ян.), ‘турботы’ (Ласт.), ‘моцны боль’ (Хромчанка, Паўн.-маст. гав.), трудно́сць (trudność) ‘боль (балесць)’ (Варл.), тру́дносць ‘цяжкасць’ (ТС), тру́дност’ ‘цяжкасць, намаганне, клопат’, трудно́сті ‘перашкоды’ (Вруб.), ст.-бел. трудность ‘цяжкасць; перашкода’ (ГСБМ): многа труднасци зададуц (Кітаб Луцкевіча). Адзначана ўкр. тру́дність ‘цяжкасць’, рус. тру́дность ‘тс’ — апошняе разглядаецца як пранікненне ў шэрагу слоў, што ўзніклі ў “литературном языке юго-западной Руси” (Суффикс. словообр., 134), магчыма, пад польскім уплывам, бо найбольш шырока назоўнікі на ‑ость прадстаўлены ў перакладных аповясцях «История о Атыле» і інш. (там жа, 138). Гл. трудны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

І́дал ’язычаскае бажаство; прадмет абажання або нізкапаклонства; нягоднік’ (ТСБМ), ’чорт, д’ябал’ (Нас., Касп., Шат.), і́дыл ’чорт’ (Бяльк.), і́дальшчына ’недарэчнасць, чартаўшчына’ (Нас.); параўн. рус. и́дол ’ідал, балван’ (Даль), смал. ’лаянка’, и́долыццна ’недарэчнасць’, укр. і́дол ’аб недарэчным, дурным або бяздушным чалавеку’, и́дал ’ідал, чорт’ (Грынч.). Ст.-бел. идолъ ’язычаскае бажаство’ (Скарына; Гіст. лекс., 121) < ст.-рус. идолъ ’язычаскае бажаство’ (XI ст., Сразн.), ’лаянка’ (XVII ст.) < ст.-слав. идолъ ’бажок, кумір’. Першакрыніца: грэч. εἴδωλον ’вобраз, падабенства, малюнак’. Фасмер, 2, 117; Шанскі, 2, I, 14. Ідалапакло́ннік, ідалапакло́нства — паўкалькі грэч. εἰδωλολάτρης, εἰδωλολατρεία. Шанскі, там жа, 14–15.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перабіра́ць ’пластаваць сена; сартаваць; чысціць (кішкі); перабіраць з ядой; выбіраць, перабіраць з дзяўчатамі’ (Сл. ПЗБ); ’прыцэньвацца, таргавацца; гаварыць лішняе; нанава вязаць світэр’ (ЖНС), пірабіра́іць (вушамі) ’стрыжэ (аб кані)’ (сен., ЛА, 1), перабіра́ць ’патрашыць рыбу’ (лаг., глыб., там жа). Прасл. *per‑birati са значэннем шматразовага дзеяння, утворанае ад *per‑bьrati. Да пера- і браць (гл.). Сюды ж перабіраны ’сабраны ў фалды’, перабіра́нец ’даматканы ручнік’, перабіра́чка ’дзяруга, вытканая асаблівым, складаным спосабам’ (ЖНС), перабі́рысты ’від дывана, які ткаўся спосабам перабору рознакаляровых нітак’ (Скарбы); перабіра́нка, перэбіра́нка ’посцілка, вытканая перабіраным спосабам (у 4–6–8 нічальніц), саматканы дыван’ (маладз., Янк. Мат.; Сл. ПЗБ, ТС; жытк., Мат. Гом.; З нар. сл.; валож., Жыв. сл.; глус., Мат. Маг., Сцяшк. Сл.), ’пласт сена’ (Юрч.); пераборы ’падрыхтоўка да ткацтва’ (мсцісл., Жыв. сл.), пірабіра́ньне ’нарад, падрыхтоўка да ткацтва’: перва ныря́д здзе́лыюць, а тады ткуць (мсцісл., Жыв. сл.); пірабіра́ньніца ’жанчына, якая нараджае, г. зн. рыхтуе кросны да ткацтва’ (там жа); пірябі́ркі ’рэшткі пасля неаднаразовага перабірання’ (Юрч. СНС), перабірка ’рэшткі, адыходы’ (Скарбы), астрав. перабіранка ’адабраная для пасадкі бульба’, перабіра́нік ’саматканы дыван, вытканы ніткамі аднаго колеру на чорнай ці белай аснове’ (Сл. рэг. лекс.). Паводле Грынавяцкене і інш. (SOr, 39, 317), перабі́ранкі ’саматканыя пасцілкі з узорамі’ калькуе літ. rinktíniai ’тс’, што цяжка давесці, хутчэй наадварот.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скрыль ‘луста, скіба’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Касп., Мядзв., Бяльк., Янк. Мат., Жд. 1), ‘пласт узаранай зямлі’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), ‘вашчына’ (там жа), ‘жменя льну’ (мядз., там жа), ‘губа на дрэве’ (ТС), скрылі́ ‘нарэзаная і падсмажаная бульба’ (Бяльк., Мат. Гом., Янк. Мат.), скрылькі́ ‘суп з бульбы’ (барыс., Жд. 1), скрыль ‘соты з мёдам у раме’ (віл., З нар. сл.), памянш. скры́лік, скрыля́ць ‘рэзаць скрылямі’ (ТСБМ, Касп., Нас., Ласт.; ашм., Стан.; Сл. ПЗБ). Рус. зах., паўд. скрыль ‘трэска, лучына, луста хлеба’, польск. дыял. skrzyl ‘бераг, край’, чэш. skřidla, škřidla ‘сланец, чарапіца’, славац. škridla ‘тс’, серб.-харв. скри́ла, шкри́ља, шкриљац ‘тонкая каменная плітка’, славен. skríl ‘сланец’, skríla ‘каменная плітка’, škríl, škríla ‘сланец; ільдзіна’. Прасл. *skridlь або *skridla ‘што-небудзь расшчэпленае, расколатае, адрэзанае’. Мяркулава (Этимология–1982, 46–47) узнаўляе прасл. *skriti ‘рэзаць’, адкуль выводзіцца смал. скрыля́ць ‘шчыпаць’. Сной₁ (575) дзеяслоў рэканструюе як *skristi, skridǫ ‘рэзаць , які да і.-е. базы *skreid‑ ‘рэзаць, шчапаць’. У якасці паралеляў ён прыводзіць гоц. diskretends ‘торгаючы, ламаючы’, ням. бавар. schritzen ‘ламаць, торгаць’, нова-в.-ням. schritz ‘разрэз’. Фасмер (3, 659) звязвае з кроіць, крою (гл.). З прычыны праславянскага і агульнаславянскага характару слова нельга лічыць яго запазычаным з літ. skrỹlis ‘варэнікі; аладкі; абрэзкі цеста’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 39 з літ-рай), параўн. Анікін, Опыт, 283 з літ-рай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скры́ня ‘драўляная пасудзіна для складвання ці ссыпання, скрынка’, ‘драўляная пасудзіна з вечкам і замком, сундук, куфар’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Др.-Падб., Мал., Мядзв., Бяльк., Шат., Касп., Сцяшк., Пятк. 2, ТС, Булг., Шатал., Бір. дыс., Нар. словатв., Сл. ПЗБ, Шушк., Жыв. сл.), ‘аконная або дзвярная шуфляда’ (Тарн., Шушк., ТС), ‘драўляная аправа ў жорнах’ (шальч., лід., Сл. ПЗБ), ‘дадатковы зруб на дне калодзежа’ (Некр., Сцяшк., Шатал., Бір. дыс., ТС, Нар. лекс.), ‘вулей’ (ігн., вільн., Сл. ПЗБ), ‘дамавіна з чатырох дошак’ (ТС), ‘шуфляда ў стале’ (Нар. сл.), ‘форткі акна’ (Шушк.), ‘ступка (медная)’ (Мат. Гом.), скры́нка ‘сундук’ (мазыр., Яшк. Мясц.), скры́нка ‘чатырохчленная пасудзіна’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ). Асноўная версія: беларускае, як і ўкр. скри́ня, рус. скрин, скри́ня, скри́нка ‘тс’, запазычаны з польск. skrzynia, skrzynka ‘тс’ (Карскі, Белорусы, 157; Кюнэ, Poln., 97) або чаш. skříně ‘тс’ (Фасмер, 3, 657). Крыніца заходнеславянскіх слоў у лац. scrīnum ‘цыліндрычная скрынка для захавання папер’; гл. Махэк₂, 550; Голуб-Копечны, 334–335; Младэнаў, 586; Скок, 3, 270) або з ст.-в.-ням. scrîni ‘шафа’ (Фасмер, там жа, Кіпарскі, Gemeinslav., 264 і наст., Сной₁, 575), якое ўзыходзіць да той жа лацінскай крыніцы. Праабражэнскі, 2, 312; Брукнер (498), Шустар-Шэўц (700–701) дапускаюць магчымасць спрадвечнаславянскага паходжання і роднасць з рус. крынка. Гл. яшчэ БЕР, 6, 796.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́я ’рагулькі палявыя, Delphinum consolida L.’ (ТС, ПСл), ’званочак, Campanula persicifolia L.’ (лельч., Бейл.), ’сон, дрымотна, Pulsatilla pratensis Mill.’ (там жа), ’падтыннік, Chelidonium majus L.’ (там жа), то́я садо́ва ’рагулькі высокія, Delphium elatum’ (лельч., Нар. лекс.). Укр. то́я, то́ядь ’боцікі, Aconitum napellus L.’, тоя польо́ва ’крывяна-чырвоная герань, Geranium sanguineum L.’, ту́я, нето́я, чорното́я ’тс’, то́я лісна́ ’лазаніца звычайная, Lysimachia vulgaris L.’, польск. дыял. toja ’боцікі’, tojad ’тс’, tojeść ’лазаніца, Lysimachia nummularia L.’, ст.-польск. toje, matki boże toje, tojeść, matki boże(j) tojeść, matki boży tojeść ’лазаніца звычайная, Lysimachia vulgaris L.’. Арэальнае ўтварэнне з не да канца высветленай этымалогіяй (Пастусяк, Pogranicze, 320–322). Брукнер (572) у якасці зыходнай формы для польскай мовы лічыць tojeść, tojest, to je (літаральна ’гэта ёсць’) як табуізаваную назву для атрутных і проціатрутных раслін. Дзендзяліўскі (SFPS, 12, 195) тлумачыць украінскую форму з суф. ‑ядь як вытворную ад то́я, якая азначала спачатку ’зараснік тоі’, а то́я ён выводзіць як адваротнае ўтварэнне ад нето́я, табуізаванай назвы з семантыкай ’гэта не ёсць расліна, што мае звышнатуральную моц’, параўн. таксама ЕСУМ, 5, 612. Будзішэўска (JP, 1974, 4, 174) мяркуе пра нямецкае паходжанне назвы ад das ist ’гэта ёсць’, магчыма, нейкім чынам пераробленае з ням. Dost ’мацердушка, Origanum L.’, што няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́ска 1 ‘трэска’ (Нас., Некр. і Байк., ТС), труска́ ‘акаліна’ (пух., Сл. ПЗБ), ст.-бел. труска ‘адзінка вымярэння колькасці хмелю’ (Ст.-бел. лексікон), ‘вязанка, пучок’ (ГСБМ), ‘друзачка, трэска’: лукъ в​s трꙋскы зломи​т (XVI ст., Карскі 2–3, 424); сюды ж тру́сачка ‘парушынка’ (Ласт.), трушчы́на ‘гушча, што застаецца на дне (напр., у квасе)’ (Нас., Растарг.), ‘што-небудзь кіслае, салёнае і горкае’ (Растарг.), трушчы́нка ‘жамерыны, макуха ад выціснутага соку, малака ці дробнага насення’ (Нас.), трушчы́ны ‘вашчыны’ (там жа). Параўн. рус. труска́ ‘мякіна, труха’, в.-луж. truska ‘металічнае пілавінне’, ‘кавалак шлаку’, чэш. trůska, struska ‘акаліна’, ст.-чэш. tróska ‘адходы пры апрацоўцы металу’, славац. troska ‘тс’, ‘шлак’, славен. trôl1ska ‘жамерыны’, ‘шлак’, ‘акаліна’, серб. тро̏ска, тру̏ска, харв. trȍska, trȕska ‘акаліна, га́раль на метале’, балг. тру́ска ‘асколкі пры каванні’. Прасл. trǫska ‘асколак, трэска’ (Сной₂, 787), якое ад дзеяслова *truskati < treskati (Махэк₂, 652–653) з далейшай семантыкай ‘разбурацца, распадацца’ (Куркіна, Этимология–1994–1996, 50), параўн. трусіць, трушчыць, гл. Сной₂ (там жа) дапускае асіміляцыю са звонкага варыянта *drǫska, роднаснага літ. drum̃stas ‘мутны’; магчыма, літ. druskà ‘соль’, параўн. смал. аргат. тру́ска ‘тс’, з больш раннім значэннем у лат. druska ‘крышка, крыха’ (Анікін, Опыт, 289), параўн. тру́сачка ‘драбок, шчопаць’: дай трусочки соли (Нас.).

Тру́ска 2 ‘ператрус, вобыск’ (Клім.; Горбач, Зах.-пол. гов.). Гл. трус 3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́лап ‘кажух з роўнай спіной, без таліі’ (Шат., Сл. ПЗБ), тула́п ‘доўгі кажух’ (Сцяшк. Сл.), тулу́б ‘тс’ (Бес.), ту́лоб, ту́луб ‘вялікі доўгі кажух’ (ТС, зах.-палес., ЛА, 4), тулубо́к ‘кажушок’ (ТС), тулубе́ц ‘кароткая вопратка з аўчыны’ (Лекс. Бел. Палесся), ту́луб, ту́луп ‘доўгая вопратка з аўчыны’ (там жа), тулу́п ‘выпатрашаны труп жывёлы без унутранасцей’ (Кліх), ‘шкура (жабы)’ (там жа), тулу́пам ‘цалкам’: скура здымаецца з вангора цэлым тулупам (іўеў., Сл. ПЗБ), тулу́п ‘кажух’ (усх.-бел., ЛА, 4) ‘верхняя зімняя доўгая мужчынская вопратка з аўчын’ (Сцяшк., ПСл), тулу́пчык ‘кажушок’ (слонім., Шн. 3). Выглядае на тое, што лексема запазычана (для шэрагу форм, магчыма, праз пасрэдніцтва ід. tulep) з рус. тулу́п ‘кажух без таліі, які аблягае, як халат, усё цела, увесь стан’, якое, у сваю чаргу, запазычана з цюркскіх моў, параўн. крым.-тат., алт., казах. tulup ‘суцэльны скураны мех без швоў, зняты з адной жывёліны’, казах. тулып ‘чучала’, ‘шкура здохлага цяляці, набітая сенам (ставяць перад каровай, якую дояць)’, чагат. тулб ‘скураны мяшок’ (Міклашыч, 365; Фасмер, 4, 118; Анікін, 563–564). Дапускаецца збліжэнне з ту́лаб ‘тулава’ (кажух засцерагае стан, тулава чалавека) альбо магчымасць генетычнай сувязі з тул 2, тулі́ць (ЕСУМ, 5, 673; Чарных, 2, 270; Куркіна, Этимология–1982, 21–24; Трубачоў, Этимология–1991–1993, 10–11). Гл. таксама тулуп.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)