шарэ́ць, ‑эе; незак.

1. Станавіцца шэрым. Твар у .. [Севы] шарэў, калі ў такія хвіліны даводзілася гаварыць з бацькам. Карпаў. Неба шарэла. Было вельмі холадна. Мележ.

2. Выдзяляцца сваім шэрым колерам, віднецца. Пераезд у нізіне ўжо ледзь шарэў у вячэрнім паўзмроку. Быкаў. Зрабілася яшчэ больш цёмна, толькі шарэлі ў цемры шыбы вокнаў. Асіпенка.

3. безас. Світаць або змяркацца. Бярэцца на досвітак. Прыкметна шарэе, але хмары густа зацягваюць і без таго хмурнае неба, — мусіць, будзе мяцеліца. Сачанка. Унізе, ля зямлі, шарэла: надыходзіў вечар — хутка, па-зімоваму, адразу ж пасля паўдня. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Збро́я ’прылада для нападу ці абароны’. Укр. зброя ’тс’. Польск. (з XIV ст.) zbroja ’панцыр, браня ў старых рыцараў і іх коней’, чэш., славац. zbroj ’абароннае адзенне’. Ст.-бел., ст.-укр. зброя (XVI ст.) ’зброя’, ’браня’ (Сінаніма славенарос.), збройныи (Александрыя). Параўн. в.-луж. zbroić, н.-луж. zbrojś ’прыводзіць у беспарадак, спусташаць’, рус. ніжнегар. сбройный ’сварлівы, свавольны’. Саднік-Айцэтмюлер (1, 416–417) суадносяць з broj‑ ’рэзаць’ (гл. броіць, брыць), дапускаючы ўздзеянне кораня bor‑ (гл. бароцца), адкуль польск. broń > бел. бронь (гл.). Гэта дапушчэнне больш прымальнае, калі лічыць польск. zbroja крыніцай бел., укр. слоў. Голуб-Копечны (77) не лічацца з такім уздзеяннем, выводзячы brojiti, zbrojti, zbroj з broj‑. Махэк₂ (68), наадварот, адносіць гэтыя словы да кораня bor‑ з метатэзай. Мартынаў–Міхневіч (Маладосць, 1969, 4, 136) узводзяць зброя да і.-е. кораня *bhrei‑ ’востры, рэзаць’ і лічаць, што польск. zbroja запазычана з бел. ці ўкр. Апошняе малаверагодна, калі ўлічваць наяўнасць слова ў чэш., славац. і фіксацыю zbroja у польск. з XIV ст. Адваротная накіраванасць запазычання ці падыход да слова як прасл. дыялектызма, што адлюстроўваўся ў польск., укр., бел., чэш., славац., здаюцца больш адпаведнымі. У карысць польск. паходжання бел., укр. слоў адсутнасць фіксацыі ў ст.-рус. мове, дзе наогул ваенная лексіка прадстаўлена добра. Пра польск. zbroja падрабязна Астроўска, JP, 32, 112–117; ст.-бел. ужыванне слова апісвае Крыўчык, Труды яз., 34–35.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каду́шка1 ’невялікая кадзь, кадка’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг.; палес., З нар. сл.; Касп., Маш., П. С., Сержп., Сержп. Грам., Сцяц. Нар., Сцяшк., Яруш.), ’кадаўб’ (палес., З нар. сл.), ’маленькая цыліндрычная каробачка, зробленая з бярозавай ці вішнёвай кары (змацаваная «ў замок») з накрыўкай; у кадушку насыпалі соль ці накладвалі масла, калі ехалі на сенажаць, у дарогу’ (брэсц., З нар. сл.), ’вялікіх памераў ёмістасць для мукі’ (слонім., КЭС), ’выдзеўбаная скрыня на дне калодзежа’ (калінк., Нар. сл.), ’рыбалоўная стаўная пастка з двума процілеглымі глухімі заходамі (ніцяная або з лазы)’ (палес., Крыв.), ’тоўстая жанчына’ (Мат. Маг.), кадуша ’тс’ (Мат. Маг.). Слова вядома ў рус. літар. мове і ў гаворках, што можна разглядаць як сумесную інавацыю (яна ўтворана памянш. суфіксам ад кадь, гл. кадзь) або як пранікненне слова разам з пашырэннем рэаліі. Звяртае на сябе ўвагу рус. дыял. кадушка ’састаўная частка рыбалоўнай снасці — венцера: абруч з нацягнутай на яго сеткай’, аднак меркаваць аб нейкай роднаснасці слоў нельга па розных прычынах. Маг. кадушка ’тоўстая жанчына’ можна разглядаць як утварэнне ад кадушка з трансфармацыяй суфікса ў выніку экспрэсіўнага характару слова або ў выніку замены яго на іншы, больш падыходзячы суфікс, параўн. вядомае на гэтай тэрыторыі гаваруша ’асоба, якая любіць пагаварыць’.

Каду́шка2 ’ўтулка (у коле)’ (браг., Шатал.). Утворана ад кадушка1 (перанос паводле падабенства), на магчыма больш шырокую геаграфію слова ўказвае брэсц. кадыця ’тс’ (гл. там жа прыклады іншых пераносаў).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

чо́рны, -ая, -ае.

1. Які мае колер сажы, вугалю; проціл. белы.

Чорная фарба.

Чорная барада.

Ч. дым.

2. Цёмны, больш цёмны ў параўнанні з чым-н. больш светлым.

Ч. хлеб.

Ч. ад загару.

3. Брудны, запэцканы.

Чорныя рукі ад гразі.

4. Некваліфікаваны, які не патрабуе высокага майстэрства, часта фізічна цяжкі і брудны (пра работу).

Чорная работа.

5. Прызначаны для якіх-н. службовых ці бытавых мэт; не парадны, не галоўны.

Ч. ход.

Чорная лесвіца.

6. Не апрацаваны, чарнавы.

Ч. варыянт рукапісу.

7. перан. Нізкі, каварны, подлы.

Чорная зайздрасць.

Чорныя справы.

8. перан. Дрэнны, адмоўны.

Чорныя старонкі біяграфіі.

Ч. бок жыцця.

9. перан. Цяжкі, змрочны, беспрасветны.

Чорныя думкі.

Чорная доля.

10. перан. Крайне рэакцыйны.

Чорныя сілы.

11. У Рускай дзяржаве 14—17 стст.: цяглавы, падатковы; дзяржаўны, не прыватнаўласніцкі (гіст.).

Чорныя землі.

12. Паводле міфалагічных уяўленняў: вядзьмарскі, чарадзейскі, звязаны з нячыстай сілай.

13. Як састаўная частка некаторых заалагічных і батанічных назваў.

Чорныя парэчкі.

Чорная рабіна.

Ч. дзяцел.

Чорнае золата

1) нафта;

2) каменны вугаль.

Чорная біржа (чорны рынак) — неафіцыйная біржа (рынак).

Чорная ікра — ікра асятровых рыб.

Чорная кава — моцная кава без малака і вяршкоў.

Чорны лес — лісцёвы лес, чарналессе.

Чорны шар — выбарчы шар, які азначае «супраць абрання» каго-н.

Чорныя металы — назва жалеза і яго сплаваў (сталі, чыгуну і г.д.).

На чорную гадзіну (разм.) — на цяжкі час (пакінуць што-н.).

Ні чорнага ні белага (разм.) — не абазвацца, не сказаць ні слова каму-н.

Трымаць у чорным целе — сурова, строга абыходзіцца з кім-н.

У чорным святле — змрочным, непрыглядным, горш, чым на самай справе (бачыць, падаваць, паказваць і пад. што-н.).

Чорная косць (костка) (уст.) — пра людзей простага, недваранскага паходжання.

Чорны дзень (разм.) — перыяд нястачы, беднасці ў жыцці; цяжкая часіна.

Чорным па белым (разм.) — дакладна, выразна, ясна (напісана).

Як чорны вол (рабіць, працаваць; разм.) — рабіць не пакладаючы рук.

|| наз. чарната́, -ы́, ДМ -наце́, ж. і чарно́та, -ы, ДМо́це, ж. (да 1—3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Вала́нда ’маруда, левы чалавек’, вала́ндацца ’вазіцца, марудзіць’ (КЭС). Рус. валандаться ’марудзіць’, вала́нда, вала́ндала ’няўклюда, маруда’, валанде́р ’лежань’, укр. валандатися ’бадзяцца’. Карскі ўказвае, што дзеяслоў больш уласцівы вялікарускай мове. Валандацца < валанда < літ. valandá ’(кароткі) час’ (Карскі, Труды, 394; Аткупшчыкоў, Лекс. балтызмы, 33, 35; Кіпарскі, Лекс. балтызмы, 13; Непакупны, Бел.-укр. ізал., 54; Шанскі, 1, В, 9; Рудніцкі, 1, 298). Змену націску можна тлумачыць уплывам блізкіх семантычна і падобных структурна слоў (мару́да, няўклю́да, валакі́да). Форма валы́ндацца ўзнікла, магчыма, пад уплывам валынка, валыніцца. Форма валэндацца, як можна меркаваць, — вынік збліжэння з паланізмамі, што маюць суфіксы з насавымі (валацэнга, недалэнга) або з дзеясловамі wałęsać się, wałęgać się ’бадзяцца’ ва ўмовах беларуска-польскага білінгвізму.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лі́чнік1 ’лік простага дробу, які стаіць над рысай’ (ТСБМ). Запазычана з польск. мовы, дзе licznik ’тс’ (з XVIII ст.) < liczyć ’лічыць’ (Слаўскі, 4, 243–244) з’яўляецца калькай з с.-лац. numeralor ’лічыльнік’ < лац. ’той, хто лічыць’.

Лі́чнік2 ’апаўшыя камлючкі з хвоі або елкі’ (івац., Нар. сл.). Можна дапусціць роднаснасць са ст.-польск. licznik ’самшыт, Buxus sempervirens L.’ (Слаўскі, 4, 244), утвораным ад лац. lycium ’лікій — лякарства, якое складалася з сокаў розных раслін, у тым ліку і самшыту, крушыны’ > ’сок самшыту’ > ’самшыт’. Аднак больш імаверна, што гэта слова ўзыходзіць да ⁺іглічнік (< ігліца ’калючкі з хвоі ці елкі’) — з адпадзеннем пачатковага і‑, а пасля і ‑г‑ (як, напрыклад, бел. лянь! < глянь!).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гале́тнік ’бядняк’ (БРС, Касп., Нас.). Ад прыметніка *golъ ’голы; бедны’ ў слав. мовах утвараецца шмат назоўнікаў з рознымі суфіксамі, у тым ліку з суф. *‑eta (паралельная фармацыя, быццам з апафоніяй, да ‑ota). Адсюль шырока вядомае слав. *golota і менш пашыранае *goleta. Гэта апошняе мы знаходзім, напр., у бел. галіта́ ’беднасць’ (у Нас. голита́) < *gol‑eta. Адсюль пры дапамозе суф. ‑нік утворана гале́тнік (або з суфіксам ‑ік ад прыметніка *gol‑et‑ьnъ). Суфікс *‑eta з элементам ‑j‑ (*‑et‑ja) дае пачатак новаму фарманту — *‑eč‑a (усх.-слав.). Параўн. бел. гале́ча ’беднасць’ (Касп.), укр. голе́ча ’галота, беднякі’ (у рус. мове голе́ча мае больш абстрактнае значэнне ’галалёдзіца’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

До́ля. Рус. до́ля, укр. до́ля, польск. dola, славац. doľa, балг. доля. Прасл. дыял. *dolʼa ’тс’. Звычайна звязваецца з і.-е. *del‑ ’аддзяляць і да т. п.’ (Слаўскі, 1, 154–155; Бернекер, 1, 209; Траўтман, 44) і параўноваецца з літ. dalìs ’частка, доля’, dalýti ’дзяліць’, усх.-літ. dalià ’частка’, ст.-інд. dalam ’частка, кавалак’ і г. д. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 526. Мартынаў (Лекс. балтызмы, 26–27) лічыць, што доля (бел., укр. і польск. лексемы) — гэта рэзультат пранікнення літ. (усх.-балт.) dalià (г. зн. запазычанне). Паводле Мартынава, даказаць прасл. характар гэтай лексемы цяжка, тым больш што яна не этымалагізуецца на слав. глебе, а літ. dalìs, dalià суадносіцца з дзеясловам dalýti, dalinti.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

От, ото ’вось’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ, Жд., Янк. 2, Янк. Мат., Ян., Кліх). Укр. от, ото, рус. от, ото, вот, серб.-харв. ото, чэш. oto, польск. oto, што сведчыць аб праславянскім характары слова. Адпаведна толькі ўсходнеславянскія паралелі з пратэтычным в‑: бел. авот (Бяльк.), рус. вот. Паводле Фасмера (1, 358), зыходзіць да спалучэння выклічніка o (аблаутнае, да e) з займеннікам to(d). Адсюль роднаснасць otъ, oto з eto (гл. гэты). ESSJ, SG, 2, 551 супраць, паколькі ўтварэнні з e‑ маладзей. Параўн. іншыя, яшчэ больш неверагодныя гіпотэзы: Фартунатаў, AfslPh, 12, 97 (з і.-е. *ho > лац. hoc), Зубаты, LF, 36, 338 (з ovo + to).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паве́ць, паве́тка ’пляцоўка пад страхой на слупах, прызначаная для хавання чаго-н. ад дажджу, непагоды; памяшканне, дзе звычайна складаюць дровы, дрывотнік’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., КЭС, лаг., Сцяшк.), пове́ць (ТС), паве́тка (Сл. ПЗБ). Рус. дыял. пове́ть ’страха, навес, хлеў, адрына’, укр. пові́тка ’хлеў, навес’. Паводле Міклашыча (387), ад веяць. Больш пераканаўчай здаецца версія Машынскага (JP, 37, 1957, 297) аб роднаснасці са слав. jata (падрабязна гл. аб гэтым вятка, ятка2) і рэканструкцыя гэтага слова як po‑(v)ětь (Гл. яшчэ Фасмер, 3, 293 і наст.). Мартынаў (Лекс. Палесся, 11) крыніцай лексемы лічыць усх.-балт. *pa‑vietas, якое суадносіцца з літ. vietà ’месца’ (усх.-літ. vietà ’хаваць’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)