зара́д, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.
1. ‑у. Пэўная колькасць выбуховага рэчыва, шроту, карцечы, якая змяшчаецца ў снарадзе, патроне, стрэльбе. Тапурыя высыпаў на далонь рэшткі пораху. Заставалася якраз на адзін зарад. Самуйлёнак. У стрэльбе быў добры зарад шроту. Корбан.
2. ‑а. Баявы снарад, патрон і пад. [Ётка] дастае з пісьмовага стала рэвальверы і гарады да іх. Чорны. // Куля, шрот, карцеч з пэўнай колькасцю выбуховага рэчыва, запраўленыя ў канал агнястрэльнай зброі. Забіць шомпалам зарад. // Пэўная колькасць выбуховага рэчыва са ўзрывальнікам. Толавы зарад. □ Узляцеў у паветра мост, пахіснулася і пахілілася вадакачка. Лясніцкі загадаў падкласці пад яе адзін зарад. Шамякін.
3. ‑у. Колькасць электрычнасці ў якім‑н. целе. Дадатны зарад. Адмоўны зарад. Рознаіменныя гарады.
4. ‑у; перан.; чаго. Запас якіх‑н. пачуццяў, якасцей і пад. Зарад энергіі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
змякчы́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.
1. Зрабіць больш мяккім, эластычным; пазбавіць цвёрдасці, калянасці. Змякчыць скуру.
2. Пазбавіць суровасці, строгасці; зрабіць больш мяккім, лагодным, падатлівым. Панця маўчаў — відаць, моцная рэзь у карку занепакоіла і трохі змякчыла яго. Кулакоўскі. [Шаройка] глянуў на Сынклету Лукічну з надзеяй, што напамінак аб сыне змякчыць яе душу. Шамякін. / Пра твар, вочы, усмешку. [Аляксей Пятровіч] зрабіў паўзу, перамінаючыся з нагі на нагу, і ўсмешка змякчыла панурыя рысы яго вострага, са светлымі брывамі, твару. Сіўцоў.
3. Зрабіць менш моцным, рэзкім; аслабіць, зменшыць. Змякчыць боль. Змякчыць удар. // Зрабіць менш цяжкім, суровым. Змякчыць прыгавор. □ Суддзі доўга шукалі, як бы змякчыць пакаранне. Новікаў. // Зрабіць менш грубым, рэзкім, прамалінейным (словы, выразы і пад.). Змякчыць тон.
4. Вымавіць з дадатковым пад’ёмам спінкі языка; палаталізаваць (пра зычныя гукі).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
змяні́ць, змяню, зменіш, зменіць; зак., каго-што.
1. Зрабіць інакшым; перамяніць. Змяніць голас. Змяніць выраз твару. □ Сам таго не падазраючы, Данік сказаў такія словы, якія ў момант змянілі кірунак імклівых Сашыных думак. Шамякін.
2. Вызваліць ад якіх‑н. абавязкаў, што выконваюцца пазменна; пачаць дзейнічаць узамен другога, заступіўшы яго месца. Змяніць дазорных. □ Чырвонаармеец пайшоў на дарогу змяніць варту. Чорны.
3. Адхіліць, зняць з якой‑н. пасады, замясціўшы кім‑н. другім. Змянілі на сяле старасту. Мурашка.
4. З’явіцца на месцы каго‑, чаго‑н., што перастала існаваць, дзейнічаць. Ужо вясну змяніла лета. Крапіва.
5. Перастаць карыстацца чым‑н., узяць узамен другое; перамяніць, замяніць. Змяніць бялізну. □ Пакуль прыбрала [Лена] у клубе, у бібліятэцы, пакуль змяніла фіранкі, паліла вазоны — .. звечарэла. Ваданосаў.
•••
Змяніць гнеў на міласць — дараваўшы каму‑н. што‑н., перастаць гневацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
змясці́ць, змяшчу, змесціш, змесціць; зак., каго-што.
1. Знайсці месца для каго‑, чаго‑н.; умясціць. Навагранскі рынак не змясціў усіх кірмашоўцаў. Сабаленка. Ты адчуў, колькі шчасця і сілы Можа ў сэрцы змясціць чалавек. Прыходзька.
2. Даць памяшканне для жылля; пасяліць. Маці Васілька змясцілі ў хлеве. Гэта быў даўгі цагляны будынак. Маўр. // Даць месца, размясціць дзе‑н. [Прыяцель] змясціў сакаляня ў клетцы на даху сваёй хаты. В. Вольскі.
3. Уладкаваць, аддаць куды‑н. (на вучобу, службу і пад.). Змясціць у школу. Змясціць у бальніцу.
4. Надрукаваць, апублікаваць дзе‑н. Змясціць артыкул у часопісе. □ За той жа час побыту ў школе Аленка змясціла два свае вершыкі ў газеце. Колас.
5. Разм. Зняць, звольніць з пасады. Бюро райкома вынесла Байкову вымову і змясціла з камандзіра. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зне́шні, ‑яя, ‑яе.
1. Які знаходзіцца, размяшчаецца звонку, за межамі чаго‑н.; проціл. унутраны (у 1 знач.). Знешняе асяроддзе. □ Знешнія шыбы пакрыты тоўстым пластом шызага інею. Шамякін. // Які дзейнічае звонку. Знешнія ўплывы. // Звернуты вонкі; вонкавы. Свайму знешняму выгляду рэдактар надаваў не малое значэнне. Колас.
2. Які праяўляецца толькі са знешняга боку, не закранаючы асновы, сутнасці чаго‑н. Знешнія змены. Знешні спакой. □ Можа, пры ўсёй сваёй знешняй няўклюднасці — сухасці, строгасці, рэзкасці — Леўкін у душы ўсё ж някепскі чалавек? Дадзіёмаў. // перан. Паказны, паверхневы, пазбаўлены глыбіні. Савецкага чалавека не можа асляпіць знешні бляск. «ЛіМ».
3. Які адносіцца да зносін з замежнымі дзяржавамі; проціл. унутраны (у 4 знач.). Знешні гандаль. Знешняя палітыка. // Які існуе, дзейнічае за межамі данай дзяржавы; замежны. Знешнія і ўнутраныя цэны. Знешнія і ўнутраныя ворагі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зні́зіцца, зніжуся, знізішся, знізіцца; зак.
1. Спусціцца ніжэй, апусціцца ўніз. Васька глядзіць на сонца, якое знізілася над далёкаю вёскай. Лынькоў. Бусел зрабіў некалькі кругоў над балотам, знізіўся і сеў. Дуброўскі. // перан. Паставіць сябе ў нізкае становішча; унізіцца. Некалькі разоў ён хацеў было спытаць парады ў Візэнера, але гонар не дазволіў яму знізіцца да гэтага. Шамякін.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць ніжэйшым, малым (пра ступень, велічыню, інтэнсіўнасць чаго‑н.); зменшыцца. Тэмпература знізілася. Цэны знізіліся. Сабекошт прадукцыі знізіўся. □ Па .. тоне мы зразумелі, што інтарэс дзяўчат да нашых асоб неяк адразу знізіўся. Лынькоў. // Стаць ніжэйшым па якасці або значнасці, важнасці. Аўтарытэт знізіўся. // Стаць ніжэйшым па тону, па гучанню (пра голас, гук і пад.). Вольчын голас раптам, нібы ад спалоху, знізіўся. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лю́стра 1, ‑а, н.
1. Адшліфаваная паверхня (шкла, металу), здольная даваць адбіткі тых прадметаў, якія знаходзяцца перад ёю, а таксама спецыяльна зроблены прадмет з такой паверхняй. Алёша спыніўся ў вестыбюлі перад вялікім люстрам і спачатку нават не пазнаў сябе. Васілевіч. // перан., чаго. Спакойная, гладкая паверхня вады. Нерухомае возера-старыца нібы застыла, ашклела, люстра яго з незвычайнай яскравасцю адбівала такія ж нерухомыя хмары і дубы. Шамякін.
2. перан.; чаго. Аб тым, што з’яўляецца адлюстраваннем якіх‑н. з’яў, працэсаў і пад.; адбітак. Паэзія, па думцы Купалы, павінна быць праўдзівым люстрам жыцця народа. Івашын.
3. Спец. Паверхня, плошча чаго‑н. Люстра гарэння. Люстра цыліндра.
лю́стра 2, ‑ы, ж.
Падвесны асвятляльны прыбор з некалькімі крыніцамі святла (электралямпамі ці свечкамі) і аздобленай арматурай. Вялікая люстра пад столлю запалілася мяккім рассеяным святлом. Васілёнак.
[Фр. lustre.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заця́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад зацяць (у 1 знач.).
2. у знач. прым. Упарты, настойлівы, які патрабуе вытрымкі, сілы. Зацятая барацьба. Зацяты бой. Зацятая спрэчка. □ Пачалося зацятае спаборніцтва трох упартых, моцных характараў. Шамякін. // Упарты, працяглы. Зацятая варожасць. Зацяты боль.
3. у знач. прым. Які тоіць, захоўвае ў сабе свае думкі, пачуцці; скрытны. Бабіч, гэты ціхі, лагодны чалавек, які ўмее так добра слухаць, цяпер строгі і зацяты. Колас. Веньяміну хацелася б быць гордым і зацятым. Навуменка. // Напружаны, насцярожаны, затоены. У зацятай маўклівасці замерла вёска. Мала з якой хаты не было чалавека ў партызанах. Асіпенка.
4. у знач. прым. Вельмі адданы, верны чаму‑н.; заўзяты. Зацяты балельшчык. □ Барташэвіч злосна бліскаў на мяне вачыма, быццам я быў яго даўні і зацяты вораг. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
звіне́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.
Утвараць тонкі металічны гук. Гулі паравозы, ляскаталі пад’ёмнікі на прыстані, звінелі трамваі. Асіпенка. У кузні грукаталі молаты. Звінела жалеза. Чарнышэвіч. Шуміць піла, звініць тапор, Разносіць рэха гул далёка. Астрэйка. // чым. Утвараць пры дапамозе чаго‑н. такі гук. Вярнуўся [Патапчыкаў] не тым Іванам, што звінеў медалямі адразу пасля дэмабілізацыі з арміі, а зусім не падобным да сябе: прыціхлым, бязмоўным. Васілевіч. А Зося.., пачала расказваць далей, не зважаючы на тое, што Маша хадзіла, звінела шклянкамі. Шамякін. // Звонка гучаць. У школах савецкіх растуць нашы дзеці, роднаю мовай звіняць галасы. Машара. / Пра насякомых, птушак. Над зялёнымі жытнімі каласамі таўкуць мак і звіняць камары. Пташнікаў. У небе бесперастанку звінеў жаваранак. Гурскі. // перан. Поўніцца чым‑н. звінючым. Наваколле зранку звінела дзіцячымі галасамі. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ме́ншы, ‑ая, ‑ае.
1. Выш. ст. да прым. малы (у 1–3 і 5 знач.). Пасля таго як у Руднічах арганізаваўся калгас, сяляне пастанавілі меншую палавіну дома аддаць пад праўленне, а большую — абсталяваць пад клуб. Курто. Маленькі, шчуплы стараста раптам зрабіўся яшчэ меншым, сціснуўся, утуліў галаву ў плечы. Шамякін.
2. Са словам «самы» азначае найвышэйшую ступень да прым. малы. Далёкае, няведамае, сіняе неба! Тысячы, мільёны гадоў пазіраеш ты, без болю, без трывогі, пазіраеш на ўсіх роўна: на чалавека, на звера, на птушку, на самую меншую мушку. Колас.
3. Якому менш гадоў у параўнанні з кім‑н.; самы малады сярод іншых. Вярнуўся Сцёпка з паходу на досвітку, ціхенька адчыніў адрынку, дзе спалі двое меншых яго братоў. Колас.
•••
Па меншай меры гл. мера.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)