Ве́чар ’час сутак ад канца дня да наступлення ночы’ (КТС, БРС, Сцяшк. МГ, Касп., Бяльк., Бяс.); ’увечары, вечарам’ (Сцяшк. МГ, Янк. I); ’забавы моладзі з танцамі’ (Інстр. лекс.); ’грамадскі вячэрні сход, прысвечаны якой-небудзь даце, падзеі’ (КТС, БРС), укр. ве́чір ’вечар’, рус. ве́чер ’тс’, урал. ’перадвясельная вечарынка’, вяц. ’вечарам’, смал. ’старасць’, ст.-рус. вечеръ ’вечар’; ’увечары’; ’забава’, вечерний ’заходні’ (з XIII ст.), польск. wieczór ’вечар’; ’вячоркі’; ’вечарам’, н.-луж. (w)jacor, в.-луж. wječor ’вечар’; ’захад’, чэш. večer ’вечар, вечарам’, славац. večer ’тс’, славен. večér ’вечар’; ’захад’, серб.-харв. ве̏че, ве̏чер ’ранні вечар’; ’вячоркі’; ’увечары’; ’захад’, макед., балг. вече́р ’вечар’; ’увечары’, ст.-слав. вечеръ ’вечар’. Прасл. večerъ суадносіцца з літ. vãkaras ’вечар’ (< *vekeros < *ve‑ke(spe)ros), арм. gišer (гл. Махэк₂, 680; Рудніцкі, 1, 376), лат. vakars, а таксама, відаць, з грэч. ἑσπέρα, ἕσπερος, лац. vespera, ірл. fescor ’тс’ (< *ve‑(ke)speros), ст.-інд. vaskara. Некаторыя даследчыкі звязваюць večer з ням. West ’захад’, ст.-в.-ням. wästan, англа-сакс. west, ст.-нарв. vestr (Эндзелін, KZ, 52, 119; Траўтман, 348; Мюленбах-Эндзелін, 4, 448). Гл. таксама Міклашыч, 376; Вальдэ, 827; Бругман, IF, 13, 1902, 157; Покарны, 1174; Брукнер, 614; БЕР, 1, 140; Фасмер, 1, 309; Праабражэнскі, 1, 81; Шанскі, 1, В, 81. Малаімаверна збліжэнне *večer з *věko ’века’ (КЭСРЯ, 79).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жаро́н ’млынавы камень’, жорны ’ручны млын’ (ТСБМ), жорваны ’жорны’ (Шатал., Мат. Гом., Янк. II). Рус. жёрнов, дыял. пск. жерён, жерон, пск., смал., калін., наўг. же́рн, жёрн, наўг. жерно ’тс’, укр. жо́рно, мн. жо́рна, польск. żarna, чэш. žernov, žerno, żerna, славац. žarnov ’тс’, балг. дыял. же́рка, жръ́ни ’млын’, жерновен камък ’жарон’, серб.-харв. жрвањ, жр̑ван ’жоран, жорны’, славен. žȓne, žȓnev ’ручны млын’. Ст.-слав. жрънъ, жрънъви ’млын’, ст.-рус. жърновъ, жорны. Прасл. *žьrnъ належала да наз. на ‑ŭ, у выніку пашырэння ўзнікла форма *žьrnovъ, адкуль у выніку метатэзы — жорваны. Аб гэтым гл. Фасмер, 2, 49, Экерт, УЗ Инст. слав., 27, 50. Прасл. *žьrnъ роднаснае балт. словам: літ. gìrna, мн. girnos ’жорны’, лат. dzir̃nus ’млын’, ст.-прус. girnoywis ’жорны’ (Фрэнкель, 163–164; Тапароў, E–H, 245–247; Траўтман, 89), а таксама словам іншых і.-е. моў: ст.-інд. grāvan‑ ’камень для выціскання сомы’, арм. erkan, ст.-ірл. bráu, мн. broon, гоц. qairnus ’млын’, ням. Quirne ’жорны’. Гэтыя словы як падоўжанні з n Покарны (1, 477) далучае да і.-е. кораня g​er‑, g​ere‑ ’цяжкі’. Гл. яшчэ БЕР, 1, 537; Безлай, Posk. sv., 32; Скок, 3, 685–686; Ваян, Gr. comp., II, 1, 271; Бернштэйн, Чередования, 223; Сцяц. Словаўтв., 142; Аткупшчыкоў, Из истории, 231.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жы́чка ’чырвоная стужка’ (абл., ТСБМ). Рус. дыял. жи́чка ’ваўняная пража’, ’суровая нітка’, тул. жи́ча ’кайма, падшыўка’, перм., сіб., кур., пенз. ’чырвоны гарус’, укр. жи́чка ’чырвоная шарсцяная нітка’, ’шарсцяная ці шаўковая тасьма’, польск. życzka ’чырвоная стужка ці тасёмка’, балг. жичка ’нітка’ (Гераў). Параўн. славен. žica ’дрот’, серб.-харв. жи̏ца ’пасма, нітка, дрот, жыла’, балг. жѝца ’дрот’, разм. ’нітка’, дыял. ’сцябло гарбуза, кавуна і г. д.’, макед. жица ’нітка, дрот’, ’слой зямлі’, ’наследнік’. Прасл. *žika > *žica ’стужка, пасма, нітка’. Літ. gijà ’нітка ў аснове тканіны’, лат. dzija ’тс’, а таксама ’матуз для пад’ёму бортніка на дрэва’, вед. jiya ’цеціва’, ст.-іран. ǰiyā ’жыла’, грэч. βιός ’лук’. Узыходзіць да таго ж і.-е. кораня, што жыла (гл.): *g​heiə‑, *g​hī‑ ’жыла, стужка’. Покарны, 1, 489; Фасмер, 2, 57–58; БЕР, 1, 549; Брукнер, 669; Скок, 3, 679–680; Траўтман, 87. Корань g​hī‑ атрымаў у слав. ‑k‑ (Мейе, Études, 209) і трансфармаваўся ў *ži‑k‑; з памянш. суфіксам *‑ьk‑ атрымліваецца жычка (форм. žica мае ‑c‑ па бадуэнаўскай палаталізацыі). Аб прасл. *žica ў суч. слав. мовах гл. Чумакова, Совещание по ОЛА (Ужгород, 25–28 сентября 1973 г.). Тезисы докладов. М., 1973, 80–82. Значэнне ’чырвоная стужка’ ў бел., укр., польск. сфарміравана, відаць, не незалежна, не выключана, што распаўсюджана з польск.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Загне́т ’прыпечак’, загне́тка, загне́так. Рус. дыял. загне́т, загнёт, загне́та, загне́тка, загне́ток ’тс’, ’месца ў вусці печы для захавання жару і г. д.’, укр. загніт ’вуголле для зарумяньвання хлеба’ (Грынч.). Ст.-рус. (XVII ст.) загнѣта ’пярэдняя частка, вусце печы’. Усх.-слав. аддзеяслоўны назоўнік ад прэфіксальнага *загнѣтити (за + гнѣтити, вядомае ў помніках з XII ст.) ’запальваць, распальваць’, утвораны альбо з дапамогай асноваўтвараючага галоснага, альбо з суфіксам (‑ък‑). Першапачаткова, відаць, ’жар, вуголле, што захоўваліся для запальвання («запал»)’. Прасл. gnětiti ’распальваць’ рэканструюецца на базе серб.-харв. нетити, славен. nétiti, чэш. nítit, польск. niecić, ст.-рус., ц.-слав. гнѣтити, рус. дыял. гнети́ть ’распальваць, запальваць’, укр. гніти́ти ’падрумяньваць (хлеб)’. Прасл. параўноўваюць са ст.-прус. knaistis ’пажар’, ст.-в.-ням. gneista ’іскра’. Бернекер, 1, 312; Трубачоў, Эт. сл., 6, 168; Фасмер, 1, 421; Рудніцкі, 1, 657; Махэк₂, 400; Скок, 1, 379. Выказваецца думка (Трубачоў, Скок, Махэк) аб сувязі з дзеясловамі са значэннем ’церці’ (ст.-в.-ням. gnîtan). Махэк звязвае з гняды. Але магчымы і больш шырокія параўнанні: з гнеў, гніць, гной, а магчыма, і гнясці, якія семантычна верагодна звязваюцца з агнём, жарам, а таксама з трэннем. Параўн. гніць, гной, а таксама гнусны (а магчыма, і гніда), што зводзяцца да і.-е. кораня *ghen‑ ’расціраць, раздзіраць’. Покарны, 1, 437; Трубачоў, 6, 174; Булахаў, Веснік БДУ, 1972, 2, 66–67.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сло́ва ‘адзінка мовы, маўлення’, ‘фраза, выказванне’, ‘мова’ (ТСБМ, Нас., Шат., Бяльк., Байк. і Некр., Др.-Падб.), сло́во ‘тс’ (ТС, Федар. 4), слові́на ж. р., экспр. ‘тс’ (ТС), сюды ж слове́чно ‘вусна’ (мазыр., Нар. Гом.), ст.-бел. слово ‘адзінка маўлення’, ‘выказванне’, ‘выражэнне волі, загад’, ‘павучэнне’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 75). Укр., рус. сло́во, польск. słowo, в.-луж., н.-луж. słowo ‘слова’, чэш. slovo ‘слова’, sloveso ‘дзеяслоў’, славац. slovo, серб.-харв. сло̏во ‘літара’, славен. slovọ̑ ‘развітанне’, slóvọ ‘літара; слова’, балг. сло́во, макед. слово ‘літара’, ст.-слав. слово, Р. скл. словесе. Прасл. *slovo ‘слова’ (аснова на ‑es). Роднасныя ўсх.-літ. šlavė ‘пашана; ушанаванне, слава’, šlȧvinti ‘славіць, шанаваць’, лат. slava, slave ‘пагалоска; рэпутацыя; пахвала; слава’, авест. srávah‑ ‘слава, павага; кліч’, грэч. κλέος ‘слава’, ст.-ірл. clù ‘слава’; гл. Траўтман, 368; Мюленбах-Эндзелін, 3, 920; Фрэнкель, 1008; Майргофер, 3, 389; Мее, Études, 356–357; Покарны, 606–607. Узводзяць да і.-е. кораня *kʼleu̯os < *kʼleu̯‑ ‘чуць, слухаць’ (Сной₁, 583). У славянскіх мовах звязана чаргаваннем галосных з слава, слыць (гл.). Гл. Фасмер, 3, 673; Глухак, 563; Махэк₂, 557 (падкрэслівае, што ў склад прасл. *slovo уваходзіў семантычны кампанент ‘пашана, слава’, прадстаўлены ў *slověti, *sloviti, ст.-слав. благословити ‘гаварыць, прапаведваць, велічаць, славіць’). Гл. яшчэ Скок, 3, 288–289; Трубачоў, Этимология–1968, 58; Шустар-Шэўц, 1308; Сной₁, 583; Борысь, 559; ЕСУМ, 5, 306.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Снава́ць ‘рабіць аснову тканіны’ (ТСБМ, Гарэц., Шат., Байк. і Некр., Касп.; ашм. Стан.; Нар. сл., Жыв. сл., Сл. ПЗБ, ЛА, 1), снова́ць ‘тс’ (ТС, Уладз.), снува́ць ‘тс’ (Нас., Бяльк., в.-дзв., Сл. ПЗБ), снава́ць ‘рухацца ў розных кірунках, туды і сюды’ (ТСБМ), ‘хадзіць без работы’ (Жд. 3), снава́цца ‘снавацца; ледзь рухацца’ (Касп., Пятк. 2), ‘хадзіць без работы, справы’ (Жд. 3, Шатал., Нар. лекс.). Параўн. укр. снува́ць, рус. снова́ть, ст.-рус. сновати, рус.-ц.-слав. сноути, польск. snuć (się), snować (się), в.-луж. snować, н.-луж. snowaś, чэш. snouti, snovati ‘снаваць’, перан. ‘рыхтаваць, задумваць нешта’, славац. snovať ‘матаць, наматваць’, серб.-харв. сно̀вати, славен. snováti, балг. снова́, макед. снове. Прасл. *(o)snovati роднаснае лат. snaujis ‘пятля’, гоц. sniwan ‘спяшацца , ст.-ісл. snúa ‘вярцець, матаць, плесці’, да і.-е. кораня *sneu‑ ‘вярцець, паварочваць’; гл. Покарны, 1, 977; Фасмер, 3, 699; Чарных, 2, 182; Скок, 3, 298; Трубачоў, Ремесл. терм., 122; Шустар-Шэўц, 1329; Бязлай, 3, 280–281; Борысь, 565; ЕСУМ, 5, 338. Пераноснае значэнне ‘хадзіць туды і сюды; хадзіць без справы Махэк₂ (564) тлумачыць старым спосабам снавання пры дапамозе калкоў у сцяне або ў зямлі, калі той, хто снуе, мусіў рухацца туды і сюды, папераменна ў абодвух напрамках. Варыянт снуваць пад уплывам формы цяп. часу сную; гл. Варбат, Морфон., 115.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́лаб (ту́лоб), то́луб, ту́луб ‘тулава чалавека’ (Дразд., ТС), ту́луб ‘цела мерцвяка без вантробаў’ (драг., З нар. сл.), ‘туша’ (Пятк. 3), ту́лоб ‘аснова лапця’, ‘аснова жака (венцера)’ (ТС), тулу́б ‘корпус жака’ (ПСл), ту́лап ‘тулава’ (Кал.), тулу́бішча ‘тс’ (асіп., Буз.), та́луб ‘вонкавая частка чаго-н.’: з гарбуза адзін талуб застаўся (Зайка Кос.), тулу́п ‘асноўная частка кашулі, без рукавоў’ (Лекс. Бел. Палесся), ту́луб ‘кажух’ (зах.-палес., ЛА, 4), ст.-бел. тулобъ ‘фігура, выява, балван’: тꙋлобъ его былъ з дерева мистерны​s рѣзаны​s (ГСБМ). Укр. ту́луб ‘цела чалавека або жывёлы’, а таксама ‘ствол, дрэва’; рус. дыял. тулубить ‘рашэціць сцены будынка дранкай і абмазваць іх глінай’; польск. tułub, tułup ‘тулава, корпус’, ‘цела чалавека без галавы і канечнасцей’ (запазычаны з усх.-слав. моў). Лексема, хутчэй за ўсё, паходзіць з прасл. *tulo/*tulъ ‘тулава, корпус’, параўн. стараж.-рус. туло ‘тс’, ст.-харв. (XVIII ст.) tulo ‘цела, тулава чалавека ці жывёлы’, чак. tûl, tulo ‘тс’, якое з першаснага *tou̯‑lo і ўзыходзіць да і.-е. асновы *teu̯(ə)‑/*tēu̯‑/*tū‑ ‘набрыняць, пухнуць’ (Покарны, 1, 1080; Борысь, 654). Гараеў (379) суадносіць лексему з тыл, гл. Праблему складае рэдкая суфіксацыя, параўн. кузуб і кузаў (гл.), што, згодна з Сабалеўскім (Лекцыі, 120) і Фасмерам (4, 118), дазваляе генетычна звязаць тулуб і тулаў, гл. наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таро́кі ’рамяні каля задняй лукі сядла’ (ТСБМ), ’паляўнічая сетка (для здабычы)’ (Сцяшк.), ст.-бел. торока ’шаўковы шнур’ (Ст.-бел. лексікон), сюды ж торочкі́, тро́чкі ’завязкі ў спадніцы, фартуху, штанах’ (Лекс. Бел. Палесся). Укр. тороки́ ’рамяні ззаду сядла для прывязвання рэчаў; махры’, то́рок ’махры; аблямоўка’, рус. торока́ ’рамяні ззаду сядла’, дыял. торо́ка ’аблямоўка, махры’, стараж.-рус. торокъ ’рамяні ззаду сядла’, ’стужка, якая навязвалася на лоб’, польск. trok, troki ’раменчыкі, матузкі; путы’, каш. trok ’пала; паясок’, в.-луж., н.-луж. trok ’матуз, завязка’, чэш. trak, trák ’лямка’, старое tráky ’падцяжкі, шлейкі’, славац. trak, tráky ’тс’, славен. trak ’стужка, вузкая палоска, тасёмка’, серб.-харв. тра̑к, тра̏ка ’тс’, балг. дыял. трак ’шнур у цадзілцы’, макед. трака ’стужка’. З прасл. *torkъ ’матузоў завязка’, якое роднаснае прус. tarkue (tarkne?) ’рэмень у вупражы’, лат. tę̃rka ’матузок для прывязвання буйкоў у рыбалоўнай сеткі’, ст.-інд. tarkúḥ ’верацяно’, грэч. άτρακτος ’тс, лац. torquēre ’круціць, віць’, torques ’ланцуг’, ст.-в.-ням. drāhsil ’токар’, нова-в.-ням. drechseln ’тачыць’, алб. tjerr ’праду’, ірл. torc ’каса’ з і.-е. *tork‑ ’круціць, віць’, тады першаснае значэнне ’шнур, скручаны з некалькіх пасмаў’, або і.-е. terk‑ з *ter‑ ’церці’ (Покарны, 1077; Міклашыч, 359; Фасмер, 4, 85; Махэк₂, 649; Голуб-Копечны, 388; Шустар-Шэўц, 1533; Борысь, 642; Сной₂, 776; SEK, 5, 171; Новое в рус. этим., 233–234; ЕСУМ, 5, 604).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мяня́ць1, меня́ць ’абменьваць’, ’рабіць іншым’, мяняла, меняйло ’той, хто займаецца абменам грошай, адных рэчаў на другія’ (ТСБМ, Яруш., Сл. ПЗБ, ТС), міня́ньне ’абмен’ (Рам. 7). Укр. міня́ти, міни́ти, рус. меня́ть, ст.-рус. мѣняти, польск. mienić, mieniać, н.-луж. měniś, в.-луж. měnjeć, чэш. měniti, славац. meniť, славен. ménjati, серб.-харв. мијѐнити; макед. мени ’змяніць’, менува ’мяняць’, балг. меня, ст.-слав. мѣнити. Прасл. měniti, роднаснае да літ. maĩnas, mainaĩ ’мена’, лат. maĩnît ’мяняцца’, гоц. gamains, лац. commūnis ’агульны’, mainikáu̯ti ’займацца перакупніцтвам’, лат. maĩnît ’мяняцца’, ст.-інд. máyatē ’мяняе, і.-е. *mei ’тс’ (Міклашыч, 195; Бернекер, 2, 48; Фасмер, 2, 600; Бязлай, 2, 177–178).

Мяня́ць2 ’гаварыць абы-што, недарэчнае; малоць языком’ (свісл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. мѣнити ’называць, казаць, гаварыць няпраўду, узводзіць паклёп’ (Літ. статут 1529 г.). Укр. поміни́ти ’абяцаць’, польск. nad‑mienić ’згадаць’, палаб. menăm, н.-луж. měniś, в.-луж. měnić ’думаць, меркаваць’, чэш. míniti, славац. mieniť, славен. meníti/méniti ’тс’, серб.-харв. кайк. meniti se, чак. miniti, шток. намијѐнити ’паправіцца’, доме́нути се ’дамовяцца’, макед., балг. у кампозітах, ст.-слав. мѣнити. Прасл. měniti ’помніць’. Паводле вакалізму з’яўляецца роднасным да ст.-в.-ням. meina ’сэнс, думка, меркаванне’, meinem ’думаць, меркаваць’, новав.-ням. meinen, ст.-ірл. māin ’жаданне’, ірл. moin ’погляд, адносіны’, уэльск. mwyn ’густ’. Да і.-е. *men‑ (Мее, MSL, 13, 364; Фрэнкель, 455; Покарны, 726; Бязлай, 2, 177; Махэк₂, 363).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліза́ць ’дакранацца языком’, ’піць, есці мала, вяла’, ’пакрываць, абдаваць’, ’цалаваць’, лізацца ’падлашчвацца, лашчыцца’ (Нас., Шат., Бяльк., Яруш., ТСБМ, ТС, Сл. паўн.-зах.), полац., мсцісл. лізну́ць ’паспытаць, з’есці зусім нямнога’ (Нар. сл., Юрч. Вытв.), лізацца ’прыхарошвацца, старанна прычэсвацца’ (Шат.). Укр. лизати(ся), рус. лизать(ся), польск. lizać (się), палаб. lai̯zĕ ’ён ліжа’, н.-луж. lizaś, (pśe)lizaś se, в.-луж. lizać (so), чэш. lízati (se), ст.-чэш. lzáti, славац. lízať (sa), славен. lízati (se), серб.-харв. ли́зати (се), макед. лизам, балг. лижа, ст.-слав. лизати, чэш.-ц. слав. льзати. Прасл. lьzati з другасным падаўжэннем вакалізму кораня lizati (). І.‑е. адпаведнікі: літ. liẽžti, liežiù, лат. làizît ’лізаць’, ст.-інд. lḗdḥi, rédḥi, líhati ’ліжа’, авест. raēz‑, н.-перс. lištan ’лізаць’, арм. lizem, ст.-грэч. λείχω ’ліжу’, лац. lingō, lingere, ст.-ірл. ligin, гоц. bilaigōn, ст.-англ. liccian, ст.-в.-ням. lecchōn ’лізаць’, і.-е. *lig̑h‑/*lei̯g̑h‑, ітэратыў *loigʼh‑ Міклашыч, 171; Бернекер, 1, 725; Фасмер, 2, 494–495; Фрэнкель, 369; Покарны, 668; Слаўскі, 4, 311–312; Аткупшчыкоў, Из истории, 102; Скок, 2, 311; Бязлай, 2, 145–146). Інакш Жарскі (Rozp. Kom. Jęz. — Wrocł. TN, XI, 185), які памылкова выводзіць польск. lizać з і.-е. ‑lei̯p ’мазаць тлушчам’. Сюды ж лізґаць ’есці, ледзь дакранаючыся зубамі’ (Шат.), ’лізаць раз за разам’ (КЭС, лаг.), ’есці мала, перабіраючы’ (міёр., Нар. лекс.), у якіх ‑ґ‑ экспрэснае (параўн. лузацьлузгаць), а таксама лізну́ць ’цішком адысці’ (Грыг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)