сце́рціся, сатрэцца; пр. сцёрся, сцерлася; зак.
1. Знікнуць ад выцірання, трэння або ад уздзеяння якіх‑н. іншых знешніх прычын. Надпісу на плітах не разабраць: і не цяперашнімі літарамі ён напісаны і ад часу сцёрся. Васілевіч. Знадворку і вагон прыгожы. Яшчэ не сцерлася назусім чырвоная фарба. Лынькоў. // перан. Прапасці, знікнуць. Беларусь — я ў гэта веру разам са сваімі героямі — стане горадам-садам, дзе сатруцца, знікнуць усе межы, якія ёсць між горадам і вёскаю: бытавыя, культурныя, матэрыяльныя. Дубоўка. З памяці не маглі сцерціся ні высокія дняпроўскія кручы, ні звонкі бор над ракой. Шахавец.
2. Атрымаць пашкоджанні або стаць тонкім ад трэння, доўгага ўжывання. Прыступкі сцерліся. □ Пакуль адатрэш гразь, дык скарэй сатрэцца скура на далонях. Чарнышэвіч. Там, дзе галіны стыкаюцца адна з другою, кара на іх сцерлася. Колас. // перан. Пазбавіцца арыгінальнасці (пра словы, думкі і пад.). Паўзіце, словы, ад мяне: Агідныя, Халодныя, Ілжывыя, Атрутныя. .. Вы — сцерліся, Да вас прывыклі, Вас не прыкмячаюць. Дзяргай.
3. перан. Змарнавацца, дарэмна страціцца (пра час і пад.). Марыля заплакала. Гэтак ясна зрабілася ўсё, — што без долі сцерлася маладосць, што і цяпер на шчасце спадзявацца цяжка. Брыль. Так у Грыпіны і сцерлася жыццё. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сыры́, ‑ая, ‑ое.
1. Прасякнуты, насычаны вільгаццю; вільготны. Сырыя дровы. Сырое адзенне. □ Рыдлёўка была вельмі цяжкая. Відаць, наліпла зямля, сырая, непрасохлая гліна. Лынькоў. Досвітак быў халодны, і на ўсім ляжаў сыры малочны туман. Мыслівец. // З вялікай колькасцю дажджоў, ападкаў. Стаяла восеньская сырая пара. Дарогі зрабіліся што каша. Астрэйка. // Забалочаны, з вялікай колькасцю вільгаці ў глебе. Утульней развесілі голле Яліны ў нізінах сырых. Колас. Я спыніўся ў сырым рэдкім хмызняку і прыслухаўся. Нікановіч. / У народнай паэзіі — пастаянны эпітэт да слова «зямля». Абняўся з зямлёю сырой, Упаў ён [сын], ніколі не ўстане. Бялевіч.
2. Які не варыўся, не смажыўся, не кіпяціўся і пад. (аб прадуктах харчавання). Сырое мяса. Сырая вада. □ [Мікалай] слухаў радасна і прагна, смачна ядучы халодную бульбу з сырым салам. Шамякін. / у знач. наз. сыро́е, ‑ога, н. У мяшках наша начная здабыча. Мы з ёю маглі б даўно расправіцца, але баімся многа есці сырога. С. Александровіч.
3. Недавараны, недасмажаны, недапечаны. Сыры хлеб.
4. Неканчаткова выраблены. Сырое ліццё. // перан. Не да канца апрацаваны, не адшліфаваны як след (пра літаратурны твор. мову і пад.). У «Звяздзе» .. была надрукавана мая паэмка, праўда, сырая, расцягнутая. Лужанін.
•••
З зямлёю сырою ажаніцца гл. ажаніцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
то́ргаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. каго-што. Цягнуць, тузаць рэзкімі рухамі, рыўкамі. Сцяпан Птах торгае Івана за рукаў: — Я сам пайду. Хутчэй будзе. Навуменка. Аж пачырванеў тут ад злосці сівы і ад злосці той бараду сваю торгаў. Лынькоў. Запыленыя пальцы [Арцёма] торгалі сівы вус. Самуйлёнак.
2. каго і без дап. Дрыжаць, торгацца. У Макара непрывычна торгае павека. Асіпенка. / у безас. ужыв. Яго ўсяго торгае. // чым. Рабіць рэзкі рух якой‑н. часткай цела. [Сяргей:] — Што — жыць! Салдат мог спыніцца ў любым кутку роднай зямлі, адваяваўшы яе... — Тады не скажу, не ведаю, — торгае плячыма Дробаў. Ракітны.
3. што і без дап. Балець праз аднолькавыя прамежкі часу, звычайна, калі ўтвараецца нарыў; тузаць. Палец торгае. / у безас. ужыв. І ў выніку «прынятых мер» Зароў пад раніцу гаротнік наш, як звер... Руку разнесла, торгае руку. Валасевіч.
4. што. Рэзкім рухам кранаць, зрушваць з месца. Паравоз .. торгаў вагоны, іржаў жарабцом, выў, рагатаў. Бядуля.
5. Тое, што і торкаць (у 3 знач.). Драбок торгае лейцамі каня, выязджае на дарогу. Навуменка.
6. Тое, што і торкаць (у 2 знач.). Саўка пачуў, што рыбка пачынае торгаць. Колас.
7. Абл. Крычаць (пра птушак). Аднастайна,.. назойліва торгае драч. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ту́пік, ‑а, м.
Паўночная марская птушка сямейства чысцікавых з моцнай, сціснутай з бакоў дзюбай.
тупі́к, ‑а́, м.
1. Вуліца, завулак, якія не маюць скразнога праходу, праезду. Завулкі заводзілі часамі вандроўніка ў тупікі, дзе далей не было дарогі. Колас. // Праход, прастора, якія не маюць далейшага выхаду, прадаўжэння; адсутнасць праходу, прадаўжэння чаго‑н., у чым‑н. Лізагуб паспеў давесці яго да самага акна ў тупіку калідора, і толькі тут Алесь вызваліў локаць. Караткевіч. Упершыню за тысячагоддзі ганарлівая, нястрымная ў сваёй хадзе рэчка спынілася, уперлася ў тупік. Галавач.
2. Чыгуначны станцыйны пуць, злучаны з іншымі пуцямі толькі адным канцом. З’ездзіўся вагон, пастарэў. Паставілі яго ў тупік пад жыллё. Лынькоў. На станцыю Хазарычы цягнік прыйшоў у нядзелю на світанні. Гэта была канцавая станцыя-тупік. Сабаленка. Пакуль рыхтаваўся састаў, вагон, у якім ехала Наталля Аляксееўна, адчапілі і загналі ў тупік аж на шэсць гадзін. Васілевіч.
3. перан. Безвыходнае становішча. [Свідраль] адчуў сябе ў тупіку, з якога ў думках сваіх не знаходзіў выйсця. Дуброўскі. І як заўсёды, нягледзячы на Алесева красамоўства, Кастусь заганяў яго ў тупік. Ваданосаў.
•••
Зайсці ў тупік гл. зайсці.
Ставіць у тупік гл. ставіць.
Стаць у тупік гл. стаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
турма́, ‑ы; мн. турмы, ‑аў; ж.
1. Месца зняволення, будынак, дзе ўтрымліваюцца асобы, якія прыгавораны судом да пазбаўлення волі, або тыя, што знаходзяцца пад следствам. [Дзяўчыну] не пасадзілі ў турму, а паколькі яна была яшчэ вельмі маладая, суд вырашыў выслаць яе этапным парадкам у нейкі штат. Лынькоў. Машына спынілася каля турмы. Мележ. // Пакаранне зняволеннем. Відаць было Максіму, што Алесь вельмі ганарыцца сваімі чатырма і васьмю месяцамі турмы. Машара. Дзед не змоўчаў. — Мой след, — сказаў ён, — хоць і праз турмы прайшоў, але чысты, не тое, што другіх... Якімовіч. // Знаходжанне ў зняволенні. У турме [П. Пестрак] захапляўся літаратурай, шмат чытаў, пісаў вершы. Хромчанка. А Кірыл сваё паўтараў: — Так усім і скажы, рабочы я і аніякай турмы не адбываў. Кавалёў. Пайду ў турму і веру — будзе год, калі маю прамову дагаворыць натхнёны барыкадамі кулямёт! Таўлай.
2. перан. Месца, дзе цяжка жыць, дзе жывуць прыгнечана. Царская Расія была турмой народаў. □ Я старац, Фёдар Кузьміч... Пустэльнік, Які сам сябе тут, на заімцы, у келлю-турму запёр... Сіпакоў. // Заняволенне, прыгнечанне. Ф. Багушэвіч .. клікаў з цемры да святла, з турмы на свабоду. «Полымя».
•••
Турма плача па кім — пра таго, хто заслугоўвае пакарання, турэмнага зняволення.
[Ад ням. Turm.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узне́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. узнёс, ‑несла; заг. узнясі; зак.
1. каго-што. Падняўшы, занесці куды‑н. наверх. Узнесці цэглу на другі паверх. Узнесці вёдры з вадой на ганак. □ Па лесвіцы, што стаяла прыслоненая да ўтрамбаванага сена, [дзяўчынкі] ўзнеслі дзіця наверх, аж пад дах, раскудлачылі трохі сена, выскублі ямачку і паклалі Валю. Ус.
2. перан.; што. Падняць, узняць увысь, угору; ускінуць. На ўсход, на поўнач гетман глянуў, Уладарна ўзнёсшы булаву. Жычка. І ўзнёс ён [музыка] смык рукою, і павёў яго па струнах... Дубоўка. // Накіраваць угору, у вышыню. Старыя яліны высока ўзнеслі свае лапы ў чорнае неба. Лынькоў. Аж да самых нябёс, аж да сонца ты [горад] узнёс свае мачты — пад’ёмныя краны. А. Вольскі. / Пра вочы, позірк і пад. Калі ж часам і крадзецца сум (Я сумую, раўную, кахаю), Вочы смела на змрок узнясу, заспяваю, назло заспяваю. Хведаровіч.
3. што. Збудаваць, пабудаваць. У рукі ўласныя свой лёс Узяў народ вольналюбівы, На вогнішчы палацы ўзнёс, Ператварыў балоты ў нівы. Крапіва.
4. перан.; каго-што. Узвялічыць, узвысіць; усхваліць. Другі ўрывак [«Слова аб палку Ігаравым»], у якім апавядаецца пра князя Усяслава, .. паэт узнёс як узор паэзіі. Лойка.
•••
Узнесці да неба — непамерна расхваліць каго‑, што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ці́кавы 1, ‑ая, ‑ае.
Спец. Зроблены, пашыты з ціку 2. Цікавая навалачка. Цікавы чахол.
ці́кавы 2, ‑ая, ‑ае.
1. Спец. Які мае адносіны да ціка 3, з’яўляецца цікам 3. Цікавае дрэва.
2. Зроблены з драўніны ціку. Цікавая мачта.
ціка́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які выклікае цікавасць, захапляе. Цікавая кніга. Цікавы даклад. □ Дзед умее расказваць такія цікавыя казкі, што заслухаешся. Рылько. // Які вызначаецца сваёй работай, багатымі ведамі і іншымі прыкметнымі рысамі. Паездкі на Бярозаўскую ДРЭС запомніліся і ўсхвалявалі мяне перш за ўсё сустрэчамі з вельмі цікавымі людзьмі. Дадзіёмаў. — Цікавы чалавек наш палітрук. Ён бясконца ходзіць ад адной гарматы да другой, на прыбор, да сувязістаў і разведчыкаў і праводзіць гутаркі. Шамякін.
2. Забаўны; незвычайны. Я сягоння вам хачу Расказаць пра сад дзіцячы, Што там добрага пачуў, Што цікавага пабачыў. А. Александровіч. Акрамя «зайцавага хлеба» ў бацькавай скрынцы бывае шмат якіх цікавых рэчаў. Лынькоў.
3. Знамянальны, характэрны; прыкметны якімі‑н. якасцямі, уласцівасцямі. Ёсць пушчы, якія не менш цікавыя, [чым] далёкія трапічныя лясы. Маўр.
4. Разм. Прыгожы. [Пані Вашамірская] аглядае сябе, — яна яшчэ цяпер, маючы пяцьдзесят гадоў, досыць цікавая, стройная, вёрткая, нібы ёй дваццаць гадоў. Бядуля.
5. Тое, што і цікаўны (у 1 знач.). [Сцяпан:] Вельмі васпанна цікавая! Скора састарышся, каханенькая, родненькая, як усё будзеш ведаць. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чака́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., што.
1. Рабіць металічны выраб, выбіваючы на яго паверхні адбітак або ўзор. Чаканіць манеты. □ — Хіба гэта грошы? Гэта смецце, пане. Не спытаўшы круля, Ільчык іх чаканіў І мяняў, нягоднік, на вашы дукаты... Бажко. // Выбіваць (узор або малюнак) на паверхні металічнага вырабу. У сонца ператварылася галава Мядузы Гаргоны, якую любілі чаканіць на сваіх лагах паганцы. Караткевіч. // Рыхтаваць фігурныя металічныя вырабы шляхам халоднага кавання. Чаканіць медны посуд.
2. перан. Рэзка аддзяляць адно ад другога (крокі, словы, гукі і пад.). Конскія капыты віхрылі дарожны пыл, цьмяна пабліскваючы срэбрам падкоў, і дружна чаканілі ціхі крок, трапляючы на гнуткія дошкі старых масткоў і грэбляў. Лынькоў. Чаканяць крок, раўняюцца [пажарнікі], Парадак у радах, І людзі пасміхаюцца На прызбах, у дварах. Калачынскі. Генерал ідзе, бы сокал, І арлом глядзіць навокал, Ротны тут пад казырок, Ідзе з рапартам з прыскокам, За апошнім цвёрдым крокам Стаў чаканіць назубок. Колас.
3. У тэхніцы — апрацоўваць выраб з металу з мэтай надаць яму дакладны памер, вагу, чысціню паверхні. // Апрацоўваць заклёпачныя швы і няшчыльныя злучэнні ў металічных вырабах, каб ліквідаваць шчыліны.
4. У сельскай гаспадарцы і садаводстве — абразаць верхавіны сцябла і бакавых парасткаў раслін для ўзмацнення плоданашэння і скарэйшага паспявання; пасынкаваць. Чаканіць вінаград.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чым 1, злучн.
1. злучн. параўнальны. Ужываецца для сувязі параўнальных сказаў і членаў сказа са значэннем параўнання, супастаўлення, якія паясняюць у галоўным сказе прыслоўе ці прыметнік у форме вышэйшай ступені параўнання. Хутчэй перасохнуць крыніцы ды рэкі, Чым клятву парушу сваю. Бялевіч. Чым па-рабску жыць на каленях, лепей стоячы паміраць! Таўлай. [Паўліна:] Не, сваток, нас такім козырам не заб’еш. Мы крыху дужэйшыя, чым ты думаеш. Крапіва. Алесь бегаў на каньках значна лепш, чым на лыжах. Шыцік. Дзед быў узрушаны не менш, чым Міколка. Лынькоў.
2. злучн. супастаўляльны. Падпарадкоўвае даданыя супастаўляльныя сказы і часткі сказа пры суадносным слове «тым» у галоўным сказе. І чым больш аддаляліся, заміралі гукі, тым больш вастрэйшая станавілася туга. М. Ткачоў. Пачалі браты церабіць прасекі.. Але дзе там! Чым далей, тым лес гусцей, а ў ім такія нетры, што і выбрацца нельга. Якімовіч. Чым госць радзейшы, тым мілейшы. Прыказка.
3. Уваходзіць у склад састаўнога непадзельнага злучніка «перш чым», пры дапамозе якога падпарадкоўваюцца даданыя часавыя сказы. Перш чым сеяць, трэба падрыхтаваць глебу, трэба павыкарчоўваць старое карэнне... Зарэцкі. Дзён пяць блукаў Антось па навакольных вёсках і хутарах, перш чым натрапіў на след пана Томчака. Бажко.
чым 2,
гл. што 1.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шмо́ргаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. каго-што і без дап. Цягнуць, тузаць кароткімі, рэзкімі рухамі. Да Панаса падышлі абодва хлопцы. Адзін — бледны, спалохаўся, шморгае Панаса за рукаў кашулі. Галавач. — Зоя Кірылаўна! Ён мяне за косы шморгае... Дубоўка. // Шморгаючы, зрываць што‑н. або абрываць з паверхні. Цудоўныя каштаны! Толькі гэты аднарукі «прынцыпал» на злосць яму, Гукану, шморгае лісце. Цэлую галіну абарваў. Шамякін. Маці з цёткаю пільна завіхаюцца, шморгаюць у кошыкі буйныя спелыя ягады. Ус.
2. што і без дап. Праводзіць па чым‑н., намазваючы што‑н. Тоўстую шэрую нітку [Іван] шморгае кавалачкам воску. Лынькоў. // Церці па чым‑н. Хуценька шморгаю шчоткаю зубы, мыюся — усё раблю спехам. Савіцкі. На парозе.. спакойна сядзеў пацук і шморгаў пярэдняй лапаю сабе па носе. Чорны.
3. чым. Прыціскаючы, праводзіць чым‑н. па якой‑н. паверхні, утвараючы характэрны гук. А сам [Венька] крадком, крадком, паўз сцяну бэзу адбегся падалей і, схаваўшыся за кустамі, пазіраў, як Шурка шморгае карабком па запалцы. Шыловіч.
4. чым. З шумам часта ўцягваць носам паветра. Слаўка стаяў у кутку, шморгаў носам і злосна пазіраў на брата. От, гэты свісток! Няхай. Суседкі смяюцца, хлеба малому даюць, а той шморгае носам з марозу ды: «Не хачу хлеба, дай сала». Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)