ту́пік, ‑а, м.
Паўночная марская птушка сямейства чысцікавых з моцнай, сціснутай з бакоў дзюбай.
тупі́к, ‑а́, м.
1. Вуліца, завулак, якія не маюць скразнога праходу, праезду. Завулкі заводзілі часамі вандроўніка ў тупікі, дзе далей не было дарогі. Колас. // Праход, прастора, якія не маюць далейшага выхаду, прадаўжэння; адсутнасць праходу, прадаўжэння чаго‑н., у чым‑н. Лізагуб паспеў давесці яго да самага акна ў тупіку калідора, і толькі тут Алесь вызваліў локаць. Караткевіч. Упершыню за тысячагоддзі ганарлівая, нястрымная ў сваёй хадзе рэчка спынілася, уперлася ў тупік. Галавач.
2. Чыгуначны станцыйны пуць, злучаны з іншымі пуцямі толькі адным канцом. З’ездзіўся вагон, пастарэў. Паставілі яго ў тупік пад жыллё. Лынькоў. На станцыю Хазарычы цягнік прыйшоў у нядзелю на світанні. Гэта была канцавая станцыя-тупік. Сабаленка. Пакуль рыхтаваўся састаў, вагон, у якім ехала Наталля Аляксееўна, адчапілі і загналі ў тупік аж на шэсць гадзін. Васілевіч.
3. перан. Безвыходнае становішча. [Свідраль] адчуў сябе ў тупіку, з якога ў думках сваіх не знаходзіў выйсця. Дуброўскі. І як заўсёды, нягледзячы на Алесева красамоўства, Кастусь заганяў яго ў тупік. Ваданосаў.
•••
Зайсці ў тупік гл. зайсці.
Ставіць у тупік гл. ставіць.
Стаць у тупік гл. стаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)