Вуша́к ’бакавы брус у дзвярной або аконнай асадзе’ (КТС); ’слуп з пазамі ў раме дзвярэй’ (БРС; КЭС, лаг.; Байк. і Некр., Гарэц., Касп., Шат.; бялын., Янк. Мат., В. В.), палес. уша́к, вушак (Шушк., КСТ) таксама ’шула ў плоце’ (Куч.), польск. uszak. Ад ву́ха, што звязана з метафарай «дзверы — галава»; параўн. назву верхняй часткі рамы дзвярэй шапка (Сцяц., Словаўтв., 20) або з формай выраза для замацавання дзвярэй, параўн. правушына (гл.). У карысць апошняга сведчыць, відаць, рэдкае серб.-харв. уша̑к: «наби̏о држаљу у уша̑к» (СДЗб., 17, 47), значыць, магчыма, нейкую дэталь з правушынай, што дазваляе бачыць ва ўсіх пералічаных словах самастойныя ўтварэнні з суфіксам ‑jakъ; адносіны беларускага і польскага слоў няясныя (запазычанне з бел.?), аднак Варш. сл. дае і значэнне ’крукі, завесы, на якіх трымаюцца дзверы’, якое магло быць зыходным для дадзенага слова. Ці не сюды ж балг. дыял. куша́к ’папярэчная перакладзіна ў старых дзвярах’, збліжанае, магчыма, з цюркізмам куша́к ’пояс’? Параўн. вушня́к (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мясці́цца, мяшчуся, месцішся, месціцца; незак.

1. Змяшчацца, знаходзіцца, размяшчацца. Там жа, дзе пачынаўся за вясковымі платамі выган, мясціўся і будынак школы. Галавач. Пакой, у якім мясціўся сельгасаддзел, быў не так вялікі. Сабаленка. // Мець прыстанішча, жыць. У хутарскіх хатах, разам з гаспадарамі, і мясціліся палонныя з лесапільні. Чорны.

2. Займаць зручнае месца; уладкоўвацца. Хутка сястра пайшла, а хворы, крэкчучы і стогнучы, пачаў мясціцца пад коўдрай. Быкаў. Я чую, як варочаецца на паліцы жанчына, пэўне, месціцца, каб зручней было гутарыць. Галавач.

3. Умяшчацца, змяшчацца. Народ не месціцца ў хаце. Скрыган. Цеснавата калгаснаму дабру .. мясціцца ў старых будынінах. Палтаран. / Аб думках, пачуццях, перажываннях. У галаве .. [Лемеша] не месціцца, як гэта можна пайсці супраць начальства? Колас. Радасць гэткая ў сэрцы не месціцца. Бураўкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераплёт, ‑у, М ‑лёце, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. пераплятаць — пераплесці (у 1 знач.).

2. Цвёрдыя вокладкі ў кнізе, сшытку і пад. Нашу ўвагу прыцягнула палічка з адметнымі кнігамі.. у старых пераплётах. Пальчэўскі.

3. Рашотка, рама, агароджа з перакрыжаваных перакладзін. Пераплёты аконных рам. □ Перастук колаў стаў гучнейшы, і здавалася ўжо, што ён водгуллем аддаецца ў жалезным пераплёце моста. Карпаў.

4. Разм. Што‑н. пераплеценае, утворанае спляценнем; перапляценне. Тут ёсць абрус яе [Марынінай] работы З брыжамі белымі, як снег. На ім у зоры, пераплёты, — Мастацкай выдумкі разбег. Колас. / у перан. ужыв. Гэткі пераплёт жыццёвых з’явішчаў блытаў Сёмкавы думкі. Гартны.

5. перан. Складанае, заблытанае, цяжкае становішча. У якія б пераплёты ні траплялі яго [Пятра Рунца] героі, іх заўсёды чакае шчаслівы канец. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распля́скацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Пачаць многа і доўга пляскаць.

распляска́цца 1, ‑пляшчу́ся, ‑пле́шчашся, ‑пле́шчацца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Плешчучыся, праліцца цераз край; разліцца па якой‑н. паверхні. Дома .. [Ваўчка] усё злавала на гэты раз: лепшы сын абярнуў у кухні вядро з вадой, і Ваўчок даў яму моцнага плескача, жонка замарудзіла падаць свежае малако, і ён са злосцю вырваў у яе з рук кварту, палова малака распляскалася па падлозе. Хадкевіч. / у перан. ужыв. Вывеў.. [Крамнёва] з нерашучасці стрэл на мосце і шырокі разліў белага святла, які імгненна распляскаўся па старых абымшэлых стрэхах, па чорных садах і агародах. Шашкоў.

2. Разм. Пачаць моцна і доўга пляскацца. Дзіця распляскалася ў ванне.

распляска́цца 2, ‑пле́шчацца; зак.

Расплюшчыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змяя́, і́; мн. зме́і (з ліч. 2, 3, 4 змяі́), змей; ж.

1. Паўзун з доўгім звілістым целам, укрытым луской, без канечнасцей, звычайна з ядавітымі зубамі. Ядавітая змяя. □ Закруцілася змяя, засіпела так, што Ра спалохаўся і адбег назад. Маўр.

2. Разм. лаянк. Пра каварнага, злога чалавека. — Кінь сваю літасць да гэтай змяі. Ён калісьці над рабочымі таксама літасці не меў. Бядуля.

3. у знач. прысл. змяёй (‑ёю). Утвараючы звівы, зігзагі; звіліста. Паміж алешніку змяёю Крыніца чорнай паласою На свет зірнула, лёд прабіла, У старых карчах загаманіла. Колас.

•••

Грымучая змяя — трапічная ядавітая змяя, у некаторых відаў якой на канцы хваста ёсць конусападобныя арагавелыя лускавінкі, што ўтвараюць шум пры трэнні адной аб другую.

Змяя (гадзюка) падкалодная — пра хітрага, злога, каварнага чалавека.

Прыгрэць змяю на (сваіх) грудзях гл. прыгрэць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакале́нне, ‑я, н.

1. Сваякі адной ступені роднасці ў адносінах да агульнага продка. У Аляксееўцы так ужо вялося спакон веку: дадуць каму мянушку — лічы на ўсё жыццё, а то і на другое ці трэцяе пакаленне пяройдзе. Пальчэўскі. [Дзед:] — У нашым родзе сем пакаленняў займалася дрэсіроўкай птушак, паляваннем. Беразняк. // Патомства. — А ведаеш, дзядзька, у тваіх сыноў народзіцца слаўнае пакаленне. Не падобнае на нас. Чорны.

2. Людзі блізкага ўзросту, якія жывуць у адзін час. Маладое пакаленне. □ Калі ж стане маё пакаленне сівым, — мы тады маладым гэты сцяг аддадзім. А. Вольскі. К мэце, што вызначыў Ленін, Вашыя сцежкі ляглі, Веку майго пакаленне, Камуністычнае племя, — Моцная соль зямлі! Звонак. // Сукупнасць людзей з аднолькавымі інтарэсамі, поглядамі. Пакаленне рэвалюцыянераў. □ Ён, Камлюк, не належаў да пакалення старых бальшавікоў. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прытры́млівацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прытрымацца.

2. чаго. Імкнуцца быць, знаходзіцца бліжэй да чаго‑н. Прытрымлівацца правага боку дарогі. □ [Драчам] даводзіцца быць асабліва асцярожнымі і прытрымлівацца цёмных купін або знаходзіцца ў цяні траў. Самусенка.

3. чаго. Кіравацца чым‑н., выконваць што‑н., дзейнічаць згодна з чым‑н. Прытрымлівацца чаргі. Прытрымлівацца традыцый. □ Цімох і цяпер прытрымліваецца старых спосабаў помсты і змагання. Колас. — А я, ведаеце, прытрымліваюся мудрага правіла: каб быў парадак у рабоце, трэба перш за ўсё навесці яго ва ўласным доме. Шамякін. // Быць згодным з чым‑н. (думкай, поглядам і пад.). Большасць з .. [вучоных] прытрымлівалася думкі, што ракета з’явілася ахвярай сутыкнення з метэарытам. Гамолка. [Мірон] прытрымліваўся погляду, што чалавек усё можа зрабіць, калі толькі захоча. Гурскі.

4. Зал. да прытрымліваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бая́рын. Рус. боя́рин (ст.-рус. бояринъ), укр. боя́рин, ст.-слав. болꙗринъ (мн. болꙗре), балг. боля́рин, боля́р, серб.-харв. бо̀љарин, бо̀љар, славен. boljár. Слова, якое выступае толькі ў паўд. і ўсх. славян. Найбольш верагоднай з’яўляецца версія пра запазычанне з адной з старых цюркскіх моў. Параўн. пратабулг. тытулы, запісаныя грэчаскім пісьмом: βωυλε, βοιλα, βοηλα, βουληα і г. д. Першапачаткова (л)ꙗр(е) было канчаткам мн. ліку ў пратабулг. мове (параўн. цюрк. ‑lar). З ст.-слав. мовы слова папала да ўсх. славян. Геаргіеў, ИИБЕ, 1952 (2), 89; БЕР 1, 66. Шматлікія іншыя тлумачэнні і версіі (у тым ліку і фанетычныя) гл. у Фасмера, 1, 203–204. Вельмі няпэўным з’яўляецца вывядзенне (гл. Шанскі, 1, Б, 182) слова з слав. крыніцы (< bojь ’бітва’). Няпэўная таксама кельтская этымалогія Шахматава (AfslPh, 33, 86). Агляд версій гл. таксама ў Шанскага, 1, Б, 181–182. Форма бая́рынь (Шат.) пад уплывам бая́рыня (рус.), як ба́рынь (гл.) пад уплывам ба́рыня. У песнях і да т. п. сустракаюцца формы бая́рка ’пані’ (Нас.), ’шаферка’ (Касп.), бая́рʼе, боя́ре (Нас.), быя́ря (Бяльк.), бая́рыя ’панства’ (Сцяшк. МГ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Талакно́ ’мука з ачышчанага пражанага аўса; страва з такой мукі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Касп., Серб. Вічын, Шат., Бяльк., Сержп. Прымхі, Пятк. 2, Сл. ПЗБ, ЛА, 4), ’страва з аўса’ (Жд. 3), ’кісель з аўсянай мукі’ (полац., ЛА, 4), ’зацірка з цёртага канаплянага семені’ (Мат. Гом.), ’страва, прыгатавала з грэцкай мукі і кіслага малака’ (лях., Сл. ПЗБ), талакно́, толокно́ ’страва з аўсянай мукі або патоўчанага канаплянага семені’ (Лекс. Бел. Палесся), толокно́ ’страва з аўсянай мукі’ (ТС). Параўн. укр. толокно́ ’мука з падсушанага аўса, тоўчаных сухароў’, рус. толокно́ ’тоўчаная аўсяная мука, каша з гэтай мукі’, польск. tłokno ’ежа з аўсянай мукі, гарачай вады і малака’. Паводле Сноя (гл. Бязлай, 4, 187), сюды ж славен. *tlakno ’нейкая мучная ежа’, рэканструяванае на падставе запазычання ў ням. бавар. Talken ’аўсяныя крупы’, што да *tolkъno, з якога праз усходнеславянскія мовы было запазычана фін. talkkuna ’аўсяная каша’ (Фасмер, 4, 73). Звязана з таўчы (гл.), паколькі рэдкая словаўтваральная мадэль з суф. ‑ъno (параўн. сукно, валакно і пад.) характэрна для старых назваў вынікаў дзеяння, выражаных зыходным дзеясловам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

старэ́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да старога (у 1 знач.), належыць яму. Старэнькая яна, бабка Настуля. Сядзіць з кіёчкам, грэецца на асеннім сонцы ды жмурыць старэчыя вочы. Даніленка. Лаўрэна кашаль схапіў за грудзі — трос яго старэчыя плечы. Баранавых. // Уласцівы старому, такі, як у старых. Гады зрабілі .. паходку [доктара] старэчай, цяжкай і павольнай. Машара. Гукан нервова ўздрыгнуў, павярнуўся. Ён крыху спалохаўся, бо ведаў, што ў апошні час у яго з’явілася старэчая слабасць — разважаць з самім сабой уголас. Шамякін. Бабка не спіць. Яна проста думае свае старэчыя думкі, сухія, як і сама старасць, простыя, як і ўсё жыццё яе, нецікавыя, як і яе доля. Колас.

2. Які мае адносіны да старца (у 1 знач.); такі, як у старца. Старэчая торба. □ Людзі пачалі заўважаць ля касцельных, кляшторных і царкоўных дзвярэй, у старэчым натоўпе, новага жабрака. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)