шар, ‑а; мн. шары, ‑оў; м.

1. У матэматыцы — геаметрычнае цела, якое ўтворана вярчэннем круга вакол свайго дыяметра. Паверхня шара. Плошча шара. Радыус шара.

2. Прадмет, які мае такую форму. Більярдны шар. □ Каляровыя шары Пралятаюць угары, Як за птахам птах у вырай. А. Александровіч.

3. Уст. Прадмет такой формы для галасавання, а таксама сам голас за або супраць. Пытанне аб дапушчэнні Скарыны да экзаменаў было вырашана, па прапанове Мусаці, балатыроўкай шарамі. Алексютовіч. Вежа ўзяў шар першы. Памарудзіў і, схіліўшы сівую галаву, апусціў яго ў белую палову урны. Караткевіч.

•••

Зямны шар — планета Зямля.

Паветраны шар — а) сферычны аэрастат; б) дзіцячая цацка ў выглядзе абалонкі, напоўненай паветрам або газам, лягчэйшым за паветра.

Чорны шар — выбарчы шар, які азначае: «супраць абрання».

Пробны шар — а) (уст.) шар, які выпускаецца для выпрабавання ўмоў палёту; б) пра які‑н. учынак, прыём, пры дапамозе якога імкнуцца высветліць што‑н.

Хоць шаром пакаці гл. пакаціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

*Калды́ба, колдыба ’крывы, кульгавы, які павольна ідзе’ (Нас.), калдыбаць ’кульгаць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.), калдыбыць і кылдыбаць (Юрч. З жыцця), колдыбаць (Нас.), кылдыбаць (Бяльк.), колдыбайло ’кульгавы’, ’павольны ў рабоце’ (Нас.), сюды ж калдыб ’пра цяжкую хадзьбу пры хворых нагах’ (мсцісл., Нар. лекс.: Нас.). Рус. зах. бран. калдыбать ’ісці павольна, кульгаць’, смал. колдыба ’кульгавы’, колдыбка ’скалечаная нага, кукса’, колдыб ’дзеянне па дзеяслову колдыбать’, колдыбай ’кульгавы’, колдыбать ’кульгаць’, кур. колдыбать ’тс’, ’павольна ехаць, ледзь цягнуцца’, разан. ’не мець сталага месца’, колдыбащий ’няўстойлівы, непастаянны, які часта мяняецца’: «Моя жизнь колдыбащая…» (СРНГ, 14, 119). Паводле геаграфіі — інавацыя ў сумежных бел. і рус. гаворках. Што датычыць этымалогіі, рус. колдыбай, колдыбать Фасмер (2, 288) лічыў роднасным колдыка ’кульгавы, які ідзе перавальваючыся’, колдыкать, бел. колдыга (гл.), колдыгаць. Апошнюю групу слоў шматлікія этымолагі разглядаюць у сувязі з гоц. halts ’кульгавы’, грэч. κόλος ’абрублены, надламаны’, арм. kał ’кульгавы’, літ-pa ў Фасмера, там жа. Як відаць, і.-е. семантыцы адпавядае смал. колдыбка ’скалечаная нага, кукса’, аднак гэта суфіксальнае ўтварэнне і няма ніякіх падстаў лічыць яго першасным у параўнанні з іншымі лексемамі гэтай групы. Славянскіх паралелей, якія б дазволілі рэканструяваць праславянскую форму, няма. Як здаецца, бел. і рус. словы ўтвораны не па мадэлі ’абрублены, абрэзаны’ → ’куксаты’ → ’кульгавы’. Параўн. рус. валаг. колдыбашить ’балбатаць, пустасловіць’ (< ’боўтаць’), цвяр. колдыбашиться ’калыхацца, вагацца’, разн. колдыбащий ’няўстойлівы’, колдыбацца ’качаваць, матацца’. Аналагічная версія была прапанавана Бернекерам (1, 660), які рус. колдыкать, колдыбашить і пад. уключыў у артыкул kъltajǫ, kъltati, дзе аб’яднаны лексемы са значэннямі ’кульгаць’, ’рухаць’, ’калыхаць; гайдаць’ і да т. п. Структура дазваляе меркаваць аб архетыпе *kl̥t‑ і яго звонкім адпаведніку *kl̥d‑. Статус гэтых форм не зусім ясны: шэраг рус. дыял. фактаў (пск., цвяр., асташк. колтовня ’чалавек, які таргуецца за кожную капейку’, колтыг ’жмінда’, ’шум, сварка’ і колтыга ў абодвух значэннях) сведчыць аб празрыстай сувязі з адпаведнымі вытворнымі ад колот‑ (развіццё семантыкі: ’хістаць’ → ’хістацца’, ’трэсціся’ або непасрэдна ’трэсці’ → ’трэсціся’ → ’дрыжаць’ → ’скупіцца’ і ў прынцыпе можна дапусціць, што разглядаемая лексіка паходзіць іменна ад гэтай асновы. Параўн. яшчэ колты ’плёткі’ (у Даля без геаграфіі). Што датычыць фанетыкі, можна прывесці як прыблізны адпаведнік бел. кальбель < калыбель. Аднак тое ж развіццё семантыкі магло быць цалкам самастойным; значэнне ’кульгаць’ не зафіксавана ў вытворных ад колотить. Такім чынам, прыведзеныя архетыпы цалкам магчымыя, хоць іх усх.-слав. характар відавочны. Параўн. яшчэ калдыга (гл.).

Калдыба́2 ’цвёрды выступ каля паглыблення на разбітай або мёрзлай дарозе’, ’няроўнае ворыва з ямкамі і выступамі’, ’скіба дзярновай зямлі на раллі’ (слаўг., Яшк.). Рус. разан. колдырь ’вялікі кавалак чаго-н.’, ’нарасць на дрэве’, колтырь ’вялікі кавалак (хлеба і да т. п.)’, да семантыкі параўн. скіба (хлеба) і скіба (зямлі). Аб архетыпе гл. пад калдыба1, семантыка намінацыі не вельмі зразумелая. Магчыма, неабходна суаднесці відавочна ўтвораныя ад асновы колот рус. дыял. колоть ’няроўная, узгорыстая, абледзянелая паверхня дарогі, якая замерзла пасля моцнай адлігі’, ’узгоркі замёрзлай восенню гразі, ледзь пакрытыя снегам’, ’няроўная, ухабістая паверхня дарогі, якая высахла ад летняга спёку’ і да т. п. Параўн. да гэтага пск., асташк., цвяр. колоть ’сумятня, сварка’, празрыстае вытворнае ад колотить ’сварыцца’. Што датычыць словаўтварэння рус. паралелі і семантыкі намінацыі, параўн. яшчэ пск., асташк., цвяр. колотьба ’няроўная, абледзянелая паверхня дарогі’, дыял. колоткой ’ухабісты, гразкі (аб дарозе)’, колотливый ’тс’, ’(пра сэрца), якое моцна калоціцца’. Параўн. яшчэ арханг., халмаг. колотовка ’глыба мёрзлай зямлі’ і назвы розных прылад, утвораных ад колот‑; ленінгр. колотушка ’палка, якой разбіваюць сухія камкі зямлі на ворыве’. У шэрагу рус. дыял., вытворных ад колб‑, адзначаны колдыбнуть ’моцна стукнуць’, колдыбахнуть ’кінуць што-небудзь з шумам у ваду; баўтнуць’, якія, магчыма, сведчаць на карысць апошняга варыянта тлумачэння. Разам з тым праблема з’яўляецца вельмі складанай, паколькі нельга не параўнаць разглядаемае слова і вялікую групу лексікі, якую рэпрэзентуюць такія рус. дыял. лексемы, як колдыбашина ’выбоіна, ухаба’ (параўн. колдыбашный ’ухабісты’), колдыбина, бел. калдыбіна і да т. п. Аднак відавочная розніца ў семантыцы дазваляе меркаваць, што бел. слова — рэгіянальны наватвор ад калдыбаць (?), наконт семантыкі параўн. нашы меркаванні вышэй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пло́ский

1. (о поверхности) пло́скі; (ровный) ро́ўны;

пло́ская пове́рхность пло́ская паве́рхня;

пло́ская печа́ть пло́скі друк;

2. (приплюснутый) пляска́ты; (покатый) пахі́лы; (с низкими краями) плазава́ты; (неглубокий) неглыбо́кі; (мелкий) плы́ткі;

пло́ская стопа́ мед. пляска́тая ступня́;

пло́ская грудь пляска́тыя гру́дзі;

пло́ский лоб, нос пляска́ты лоб, нос;

пло́ские че́рви пляска́тыя чэ́рві;

пло́ская кры́ша пахі́лы (пляска́ты) дах;

пло́ский я́щик плазава́тая скры́нка;

пло́ская таре́лка плы́ткая (плазава́тая) тале́рка;

3. перен. тупы́, няўда́лы; (банальный) бана́льны;

пло́ские шу́тки тупы́я жа́рты;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

нахі́л, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. нахіліць — нахіляць і нахіліцца — нахіляцца.

2. Пастава цела пад вуглом паміж гарызантальнай і вертыкальнай плоскасцю; нахільная пастава. Па нахілу бяроз відаць, што над краінай ідзе бура — моцны ўсходні вецер. Клімковіч. // Спец. Востры вугал, які ўтвараецца якой‑н. плоскасцю з гарызонтам.

3. Схіл, спуск, пакатая паверхня. Асабліва было цяжка беднаму слану, бо для такой гары кожны нязначны нахіл многа значыць. Маўр. Нахіл быў круты, і прафесар бачыў з акна роўныя верхавіны нізкіх садовых дрэў і над імі, у канцы, рад высокіх ліп. Галавач. Машыну заправілі гаручым, шафёр паспрабаваў, як працуе дызель, і аўтамабіль пачаў павольна апускацца ўніз па нахілу канвеера. Пальчэўскі.

4. перан. Прыхільнасць, схільнасць, цяга да чаго‑н. Гэта быў чалавек больш спакойны і ўраўнаважаны, які, тым не менш, выяўляў пэўны нахіл да газетнай работы. Навуменка. [Бядуля:] — [Максім Багдановіч] першы напісаў аб маёй творчасці артыкул у «Нашай ніве», першым заўважыў мой нахіл у творчасці да народнай казачнасці. Хведаровіч. // Схільнасць да чаго‑н., наяўнасць якіх‑н. задаткаў. Нахіл да прастудных захворванняў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

План1 ’чарцёж — памяншальны выгляд мясцовасці, прадмета на плоскасці’ (ТСБМ, Яруш., Шат.), ’прысядзібны ўчастак калгасніка, надзел, сядзіба, зямля пры хаце’ (гом., ЛА, 3; Мат. Гом.; Ян.; свісл., Сл. рэг. лекс.; ветк., рэчыц., нясвіж., слаўг., Яшк.), ’незабудаваны ўчастак зямлі ў межах вёскі, які належыць аднаму гаспадару, пляц’ (Нар. сл.), пла́нік ’тс’ (жлоб., ЛА, 3), плян ’тс’ (Яруш.), план ’агарод’ (ветк., ЛА, 2), план ’зямля былога сталыпінскага хутара’ (Яшк.). З рус. ці польск. моў, у якіх — з франц. plan ’плоскасць’ ці з ням. Planпаверхня’, апошнія ўзыходзяць да с.-лац. plānum ’роўнае месца, раўніна, плоскасць’ (Фасмер, 3, 273; Махэк₂, 454; Банькоўскі, 2, 597, гл. Васэрцыер, 174). Сюды ж швянч. плано́к ’узор для ткання’ (Сл. ПЗБ).

План2 ’праграма заданняў і прац’, ’парадак, паслядоўнасць, сістэма’ (ТСБМ), ’жыццёвы парадак, спосаб грамадскага жыцця’ (ТС). Праз польск. plan ’план, расклад, праграма’ (ужо ў А. Міцкевіча), а таксама старыя plant, piania, ці рус. план ’тс’ з ням. Plan ’задума, мэта’, якое ў XVIII ст. было запазычана ў франц. мову (plan ’задума, праект, план’ для plant ’саджанец, флянс’ > ’гадавальнік’ як ’нешта задуманае, выдуманае’, гл. Васэрцыер, 174). Сюды ж жыт. планаваць з пераносным значэннем ’абмяркоўваць (пра старога, які ідзе і размаўляе сам з сабою)’ (Мат. Гом.) < польск. planować ’меркаваць, будаваць планы’ (Кюнэ, Poln., 87).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пло́скі ’які не мае упадзін, узвышшаў, роўны, без пад’ёмаў і спускаў’ (ТСБМ, Сцяшк. МГ), ’слаба, някрута спрадзены’ (Уладз.; баран., Сл. ПЗБ; гродз., Сцяшк. Сл.: рас., талач., Шатал.), ’палогі (пра бераг ракі, возера)’ (карм., ветк., чач., ЛА, 2; ТС), ’худы (конь, карова)’ (іўеў., Сцяшк. Сл.), ’шырокі (пра капыт)’ (карэліц., Нар. словатв.). Укр. пло́ский, рус. пло́ский, пло́сок, польск. ст.-мазав. płoski, чэш., славац. ploský, славен. plòsk ’плоскі’, plóskaпаверхня, раўніна’, серб.-харв. пло̏сан, макед. плосок, балг. плосък, ст.-слав. плоскъ. Прасл. *ploskъ, звязанае чаргаваннем галосных кораня з *plask‑, *plesk‑, *plěsk‑, якія з і.-е. *plok‑sko‑ ці *plək‑sko; роднаснае лат. plakans ’плоскі’, лац. placidus ’роўны, гладкі’, ’прыемны’, ст.-грэч. πλάξ ’раўніна’ (Ільінскі, ИОРЯС, 20, 3, 113; Траўтман, 222; Фрэнкель, 602; Бязлай, 3, 61). Аднак Мее (Études, 332), Младэнаў (430), Фасмер (3, 285) дапускаюць магчымасць вывядзення лексемы плоскі з *plot‑sko і супастаўляюць апошнюю са ст.-інд. práthas ’шырыня’, авест. fraϑah‑, ст.-грэч. πλατύς ’шырокі, плоскі’. Гэтаксама Махэк₂ (462), які дапускае прасл. форму *plotъ (ŭ‑аснова), што ў чыстым выглядзе не захавалася, але ад яе утварылася плотва, плотка (гл.). Борысь, Папоўска–Таборска (ZPSS, 10, 27) на падставе славін. plos ’клоп’ рэканструююць рэліктавую форму *plosъ ’плоскі’, якая мае адпаведнікі на славянскім Поўдні. Абаеў (Этимология–1984, 21) мяркуе, што рус. плоский з’яўляецца роднасным рус. плохой.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плоць1 ’цела жывых істот’, ’матэрыяльнае ўвасабленне’ (ТСБМ, Нас.), ’пол’ (Гарэц.), ’палавыя органы’ (Ласт.), плоцьны ’палавы’ (Ласт.), плоцьнае (жыццё) ’палавое’ (Стан.); плоць ’перхаць, луска са скуры’ (беш., Нар. сл.), плоть ’сперма’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). Укр. (старое) плоть, рус. плоть ’плоць’, ’цела’ — апошняе значэнне — царкоўнаславянізм (Мяркулава, Этимология–1970, 175), дыял. таксама ’цвёрды грунт пад глебай’, ’перхаць, луска’, ’скура на галаве’, ’ікра’, ’малако (у рыб)’, ’мужчынскія палавыя клеткі’, стараж.-рус. плъть ’скура, колер скуры’, польск. płeć ’жывое чалавечае цела’, ’скура, гладкая паверхня цела’, ’колер скуры’; ’чалавек наогул’, ’мужчынская ці жаночая будова цела’, ’пол’, н.-луж. płeś ’юр’, ’колер скуры’, чэш., славац. pleť ’скура твару’, славен. pȏlt ’скура на жывым целе’, ’колер скуры, колер твару’, ’плоць’, серб.-харв. пу̏т, дыял. pelt ’цела, плоць’, ’скура’, макед. плот, балг. плът, ст.-слав. плъть ’цела’, ’юр’. Прасл. *plъtь, найбольш блізкім да якога лічыцца лат. pluta ’цела, плоць; скура’, plutus ’далікатная скура (з галавы)’, літ. plutà ’скарынка’, ’расліннае покрыва на паверхні вады’, ’кара зямлі’ (Фасмер, 3, 286; Махэк₂, 459; Бязлай, 3, 83); Банькоўскі (2, 623) следам за Бугам (Rinkt., 2, 518), Младэнавым (431) выводзіць польск. płeć з і.-е. *plutis ’скураны мех, на якім плавалі’, якое з і.-е. *pleu̯‑/*plou̯–/*plu‑ ’плаваць, прыплываць’. Непераканаўча.

Плоць2, плоцье ’плоткі, платва’ (Нас.; Мат. Маг.; гродз., лудз., Сл. ПЗБ, ТС), ’плотка’ (свісл., Сцяшк. Сл.; чэрв., Нар. лекс.); рус. смал. плоть ’тс’. Да платва, пло́тва (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Роўны ’просты, прамы, без выгібаў’, ’гладкі, без упадзін і ўзгоркаў’, ’аднолькавы, пастаянны’, ’ураўнаважаны’, ’які аднолькава з кім-небудзь вырастае’, ’які мае аднолькавыя правы, становішча, значэнне’ (ТСБМ, Шат., Байк. і Некр., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), ’палогі (пра бераг ракі, возера)’, раўні́сты ’тс’ (жлоб., рэч., глус., ЛА, 2), рі́мны ’роўны’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). Укр. рі́вний, рус. ро́вный, ро́вен, стараж.-рус. ровьнъ; польск. równy, н.-луж. rowny, в.-луж. runy, палаб. ruovnė, чэш., славац. rovný, славен. ráven, серб. ра́ван, ра̂вни ’тс’, харв. rávan ’роўны’, rȃvan ’раўніна’ чак. ravȁn, rõvan, шток. ràvan, ж. р. rámna, н. р. râmno, макед. рамен, балг. ра̀вен, ст.-слав. равьнъ. Прасл. *orvьnъ(jь) — прыметнік, утвораны ад асновы *orvo‑es‑, роднаснай ст.-прус. arwis ’сапраўдны’, якое Смачынскі (IF, 94, 307) лічыць калькай-запазычаннем з ням. мовы; хецк. aruna‑ ’мора’, авест. ravah‑/raunah ’свабодная, адкрытая прастора’, ірл. róe, rói ’роўнае поле’, лац. rūs ’зямля, поле, вёска’, ст.-в.-ням. rûm ’памяшканне’, англ. room ’пакой’, ням. Raum ’прастора’ < і.-е. *réu̯H1‑es‑ ’адчыняць’ (Фурлан–Бязлай, 3, 155–156; Фасмер, 3, 489; Махэк₂, 520; Сной₂, 604; ESJSt, 13, 754–755). Сюды ж: ро́ўніца ’раўняцца’ (ст.-дар., Сл. ПЗБ), ро́ўна ’адначасова’ (браг., Мат. Гом.), ро́ўня ’раўня’ (ТСБМ, ТС; слуц., Чуд.), ’узровень’ (Гарэц.), ’раўніна’ (слонім., Сцяшк. Сл.) і ро́ўнядзь ’раўніна, роўнае месца’ (ТСБМ, ТС, Бяльк., Касп., Байк. і Некр.), ’плошча (паверхні)’ (Стан.), ’гладкая паверхня вады’ (БРС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

тыл, ‑у; мн. тылы́, ‑о́ў; м.

1. Задняя частка, старана чаго‑н.; частка, старана, процілеглая пярэдняй. [Палякі] ніяк не чакалі, што гэта небяспека іх можа налучыць з тылу, з заходняй часткі вёскі, дзе і спыніліся чырвонаармейцы і партызаны. Колас. Агінаючы з тылу астравок, Высоцкі суцішыў крок, і пакуль ішоў, ні аб чым не думаў. Кірэйчык. // Знешняя паверхня рукі, процілеглая далоні. [Андрэй Данілавіч] вяртаецца назад, засяроджана выцірае губы тылам далоні і апускаецца зноў на канапку. Ракітны.

2. Тэрыторыя, размешчаная ззаду лініі фронту. Глыбокі тыл. □ [Андрэя], параненага пры вызваленні Мінска, адправілі ў далёкі тыл. Дуброўскі. Здаецца раем тыл заўсёды Байцу, які прайшоў франты. Непачаловіч. // Тэрыторыя, якая знаходзіцца ззаду таго ўчастка, які займае тое ці іншае вайсковае злучэнне. Тыл арміі. Тыл батальёна.

3. звычайна мн. (тылы́, о́ў). Сукупнасць часцей, падраздзяленняў і ўстаноў, якія ствараюцца для матэрыяльнага, тэхнічнага і медыцынскага забеспячэння войск. [Каралёў:] — Як новаму ў нас чалавеку, трэба ведаць, што мы — авіятэхнічны батальён. Асобная часць, тыл авіяцыі. Алешка.

4. Уся тэрыторыя краіны, якая вядзе вайну, разам з насельніцтвам, у процілегласць фронту. [Драздоў:] — Тыл дае арміі ўсё больш і больш зброі. Дудо.

•••

З тылу — акольным шляхам (зайсці і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

экра́н, ‑а, м.

1. Перасоўны шчыт для аховы ад гарачыні ці святла. Паставіць экран ля каліна.

2. Спец. Прыстасаванне з паверхняй, якая адбівае, паглынае ці пераўтварае выпраменьванне розных відаў энергіі з мэтай аховы ад выпраменьвання ці яго выкарыстання. Экран плаціны. Экран паравога катла. □ Упершыню экраны ў дамбах зроблены з торфу і пяску. Галавач. // Паверхня для ўзнаўлення светлавых адбіткаў, сігналаў і пад. Экран радара. □ Павел зірнуў на экран тэлевізара, які паказваў падземную залу ракетадрома, дзе сабраліся ўсе, хто праводзіў іх, хацеў знайсці Валю ў натоўпе, ды не паспеў. Шыцік.

3. Нацягнутая на раму белая тканіна для дэманстрацыя фільмаў, дыяпазітываў і пад. На сцэне — столік, пакрыты чырвоным, крэслы і нават трыбуна. Там вісела ўжо не раз палотнішча экрана. Брыль. У класе ўжо вісіць экран, некалькі хлапчукоў дапамагаюць кінамеханіку перамотваць стужкі. Жычка.

4. перан. Кінамастацтва. Дык дзякуй за тое, мой дружа, Што ты вось ад гэтых бяроз Любоў нашу, вернасць і мужнасць — Усё да экрана данёс. Прыходзька.

•••

Шырокі экран — кінаэкран з павялічаным полем агляду, які набліжае ўспрыйманне фільма да ўмоў рэальнага бачання.

[Фр. écran.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)