экра́н, ‑а, м.

1. Перасоўны шчыт для аховы ад гарачыні ці святла. Паставіць экран ля каліна.

2. Спец. Прыстасаванне з паверхняй, якая адбівае, паглынае ці пераўтварае выпраменьванне розных відаў энергіі з мэтай аховы ад выпраменьвання ці яго выкарыстання. Экран плаціны. Экран паравога катла. □ Упершыню экраны ў дамбах зроблены з торфу і пяску. Галавач. // Паверхня для ўзнаўлення светлавых адбіткаў, сігналаў і пад. Экран радара. □ Павел зірнуў на экран тэлевізара, які паказваў падземную залу ракетадрома, дзе сабраліся ўсе, хто праводзіў іх, хацеў знайсці Валю ў натоўпе, ды не паспеў. Шыцік.

3. Нацягнутая на раму белая тканіна для дэманстрацыя фільмаў, дыяпазітываў і пад. На сцэне — столік, пакрыты чырвоным, крэслы і нават трыбуна. Там вісела ўжо не раз палотнішча экрана. Брыль. У класе ўжо вісіць экран, некалькі хлапчукоў дапамагаюць кінамеханіку перамотваць стужкі. Жычка.

4. перан. Кінамастацтва. Дык дзякуй за тое, мой дружа, Што ты вось ад гэтых бяроз Любоў нашу, вернасць і мужнасць — Усё да экрана данёс. Прыходзька.

•••

Шырокі экран — кінаэкран з павялічаным полем агляду, які набліжае ўспрыйманне фільма да ўмоў рэальнага бачання.

[Фр. écran.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)