даро́га, -і, ДМо́зе, мн. -і, -ро́г, ж.

1. Паласа зямлі, прызначаная для язды і хадзьбы, якая злучае асобныя пункты мясцовасці, а таксама ўсякі камунікацыйны шлях.

Марская д.

Прасёлачная д.

Грунтавая д.

Асфальтавая д.

2. Адлегласць, якую трэба праехаць або прайсці.

Прайсці палавіну дарогі.

3. Месца для праходу, праезду, а таксама доступ куды-н.

Даць дарогу каму-н. (таксама перан.: даць магчымасць расці, развівацца каму-н.). Д. да сэрца (перан.).

4. Знаходжанне ў дарозе, падарожжа.

Усю дарогу праспаў.

5. перан. Накіраванасць, напрамак дзейнасці.

Ісці сваёй дарогай.

6. у знач. прысл. даро́гай. У час язды.

Пагутарым дарогай.

Апошняя дарога — пра смерць, пахаванне каго-н.

Бітая дарога — уезджаная дарога.

Збіцца з дарогі — пачаць весці заганны спосаб жыцця.

Ісці прамой дарогай — жыць сумленным жыццём.

Шчаслівай дарогі! — добрае пажаданне ў дарогу.

|| памянш.-ласк. даро́жка, -і, ДМ -жцы, мн. -і, -жак, ж. (да 1 знач.), даро́жачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж. (да 1 знач.) і даро́жанька, -і, ДМ -ньцы, мн. -і, -нек, ж. (да 1 знач.).

|| прым. даро́жны, -ая, -ае (да 1 і 4 знач.).

Дарожнае будаўніцтва.

Дарожнае знаёмства.

Дарожныя нататкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сце́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн.жак; ж.

1. Вузкая пратаптаная людзьмі або жывёламі дарожка. Хадкевіч перасек свой сад і выйшаў на сцежку, што вяла цераз жыта. Васілевіч. Пратаптаная сцежка вілася праз пасеку і спускалася да Нёмана. Пестрак. Атрад быў добра ўзброены, меў нават два кулямёты, а воўчыя сцежкі на балотах мала падсыхалі і летам. Машара. // Зробленая для хадзьбы, праезду вузкая дарога ў парках, садах і пад. [Алёшка] чуў .. частыя таропкія крокі [Рэні] па садовай сцежцы. Лынькоў. Вера Мікалаеўна азірнулася — нідзе нікога. Пайшла па асфальтавай сцежцы ўздоўж дома. Арабей. Мутнае святло ад фары ледзь асвятляла веласіпедную сцежку, што вілася ўскрай дарогі. Чарнышэвіч. // перан. Пра вузкі доўгі след, які пакідае што‑н. Месячык выткаў на расе срэбныя сцежкі. Шамякін.

2. перан. Кірунак, шлях дзейнасці, развіцця каго‑, чаго‑н. Насуперак лютай напасці Мы ведалі — ў гэтым жыцці На долю нам выпала шчасце Па ленінскіх сцежках ісці. Хведаровіч. Нават камень рассыпаўся б дробнай жарствой, каб прайшоў ён па сцежцы жыццёвай тваёй. Дубоўка. // Наогул кірунак, шлях да чаго‑н. Чалавек з вясёлым характарам, аматар дасціпнага слова, вострага жарту, .. умее знаходзіць сцежку да чалавечага сэрца. Дадзіёмаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даро́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн.жак; ж.

1. Памянш.-ласк. да дарога; вузкая дарога, сцежка. Мінуў дзед і трэці лясок, яшчэ адно поле прайшоў і ўлева на Бярозавы хутар на дарожку павярнуў. Колас. Неўзабаве на вочы трапілася вузенькая палявая дарожка. Якімовіч.

2. Спецыяльна зробленая для хадзьбы вузкая дарога ў садах, парках і пад. Гараць, як стужкі, каля хаты Дарожкі з клумбамі. Колас. Вось ён злез і крочыць паркам Па дарожцы між прысад. Крапіва. // Доўгі вузкі след, пакінуты кім‑н., чым‑н. Дарожка лісіных слядоў.

3. Вузкі доўгі дыван; палавік. Шырокія калідоры засцелены лінолеумам і плюшавымі дарожкамі. «Беларусь». // Вузкая паласа з тканіны, карунак і пад., якая сцелецца зверху ў якасці аздобы. Усё чысценька, усё прыкрыта сурвэткамі, дарожкамі. Васілевіч.

4. Рыбалоўная прылада ў выглядзе доўгага шнура з кручком і прынадай на канцы. Лоўля на дарожку — гэта лоўля на блешню, якую цягнуць за сабой, плывучы па вадаёму на лодцы. Матрунёнак.

5. Вузкае доўгае паглыбленне на чым‑н.; жалабок, разорка.

•••

Бегавая дарожка — спецыяльная кругавая дарожка на стадыёнах, катках і пад., на якой праводзяцца трэніроўкі і спаборніцтвы ў бегу.

Лётная дарожка — паласа зямлі на аэрадроме, прызначаная для ўзлёту і пасадкі самалётаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нага́, -і́, ДМ назе́, мн. но́гі і (з ліч. 2, 3, 4) нагі́, ног, Д нага́м, ж.

1. Адна з дзвюх ніжніх канечнасцей чалавека, а таксама адна з канечнасцей птушак і жывёл.

Доўгія ногі.

Пераступіць з нагі на нагу.

Левая нага.

2. Апора, ніжняя частка мэблі, пабудовы, механізма.

Стол на чатырох нагах.

Адной нагой у магіле — быць блізкім да смерці.

Бегчы з усіх ног — вельмі хутка, што ёсць моцы.

Блытацца пад нагамі — замінаць, перашкаджаць каму-н.

Быць на роўнай назе з кім — быць у добрых сяброўскіх адносінах.

Збіцца з ног — стаміцца, змучыцца ад клопатаў, беганіны.

Ледзь вынесці ногі — пазбегнуць небяспекі, выратавацца.

Ледзь ногі носяць — аб вялікай стомленасці, старасці.

Ляжаць без задніх ног — не мець сілы паварушыцца (ад стомы і пад.).

Нага ў нагу — нароўні з кім-н., у адпаведнасці з кім-, чым-н.

На шырокую нагу (разм.) — вельмі багата, раскошна.

Ні нагой куды, да каго — не бываць дзе-н.

Ног не чуць пад сабой

а) вельмі хутка;

б) вельмі стаміцца.

Падняцца на ногі — стаць дарослым, самастойным.

Падняць на ногі — усхваляваць, прымусіць трыво́жыцца.

Паставіць з ног на галаву — няправільна растлумачыць што-н.

Паставіць на ногі — вылечыць, выгадаваць да самастойнага жыцця.

Траціць грунт (глебу, зямлю) пад нагамі — пазбаўляцца таго, на чым грунтуецца грамадскае становішча, светапогляд і пад.

Устаць з левай (не з той) нагі — быць у дрэнным настроі.

|| памянш.-ласк. но́жка, -і, ДМ -жцы, мн. -і, -жак, ж.

|| прым. нажны́, -а́я, -о́е (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)