адда́лены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад аддаліць.

2. у знач. прым. Які знаходзіцца або адбываецца на вялікай адлегласці ад чаго‑н.; далёкі. Тайная паліцыя пачала снаваць сваё густое павуцінне нават у самых аддаленых і глухіх беларускіх паселішчах. Паслядовіч. Аддаленая страляніна пасля ўсяго перажытага.. [жанчынам] была не такой ужо страшнай. Гурскі. // Які даносіцца здалёк. Галасы людзей зліваліся ў суцэльны гул, падобна на аддалены шум марскога прыбою. Шамякін.

3. у знач. прым. Аддзелены вялікім прамежкам часу. Янка Купала пазбегнуў у сваім перакладзе [«Слова аб палку Ігаравым»] наўмыснай стылізацыі пад старажытнасць, што назіраецца часта ў гістарычных нашых аповесцях і раманах, якія адлюстроўваюць аддаленыя эпохі. Палітыка.

4. у знач. прым. Які не мае непасрэднай сувязі з чым‑н.; мала падобны. Аддалены гібрыд. Аддаленае падабенства.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спуд 1, ‑у, М ‑дзе, м.

Спалох. Ад спуду, ўроку, ад зрушэння Мне памагаў часінай той Не мудрагелістых жэньшэняў, А беларускіх траў настой... Ляпёшкін. — Рыгор, сынок мой, з кім жа я застануся? — схамянулася як ад спуду Стэпа. Гартны. Ледзь закінеш толькі вуду — не зявай браток: на вадзе, нібы са спуду, дрогне паплавок. Вялюгін.

спуд 2, ‑у, М ‑дзе, м.

Толькі ў выразах: пад спудам — а) у схове, у патаемным месцы. Недзе ж пляснее ў скрынях пад спудам Хараство — ўзоры слуцкай зямлі. Калачынскі; б) перан. пад цяжарам, прыгнётам чаго‑н. Пад спудам царкоўнага засілля; з-пад спуду — а) з патаемнага месца; б) перан. з забыцця. З-пад спуду вырваўшыся, следам Выходзіць праўда на прастор. Аўрамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усту́п 1, ‑а, м.

Частка чаго‑н., якая адступае ад асноўная лініі, утвараючы ступень, выемку. Уступ катлавана. Уступы гор. □ Ля невялікага віру, які пераходзіць у доўгую затоку, [мы] спыніліся, аглядаючы кожны ўступ ля берага. Ігнаценка. Па другі бок.. [вуліцы], там, дзе канчаецца асфальт, не крута, а ўступамі, штораз усё ніжэйшымі, пачынаецца спуск да Дняпра. Палтаран.

усту́п 2, ‑у, м.

Пачатковая частка кнігі, артыкула, музычнага твора і пад., уводзіны да чаго‑н. Уступ да паэмы Якуба Коласа «Новая зямля». □ Уступ [Трэцяй сімфоніі Р. Пукста] пачынаецца магутнай, моцнай па гучанню кароткай завершанай тэмай. Дубкова. І Міхась па .. голасу [маці] здагадаўся: гэта толькі ўступ, а галоўнае — наперадзе. Сіўцоў. // Прадмова, уступнае слова. Ян Дрда, папрасіўшы ўвагі, у кароценькія ўступе сардэчна, па-сяброўску вітае нас — беларускіх таварышаў. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пу́дала ’пудзіла’ (лях., Янк. Мат.; Жд. 2; ветк., Мат. Гом.), пу́дало (карэліц., Нар. лекс.), пу́дайло ’тс’ (петрык., Цыхун, вусн. паведамл.). Укр. опу́дало, дпуд ’тс’, утвораныя ад опу́дитися ’спалохацца’, сведчаць пра магчымы шлях утварэння названых беларускіх слоў, параўн. апу́дзіла (гл.), з адпадзеннем прыстаўнога а-. Аднак семантыка лельч. апу́дала ’чалавек неахайнага выгляду, сонны, непаваротлівы’ (Куч.), а таксама драг. опу́дына ’шырокае не па памеры адзенне’ (Клім.) і асабліва тураў. опу́дало (пра адзенне): наклаў на себе этэ опудало, tuo страх! пры опу́‑гаіцца ’спужацца’: я ўжэ опугаласа, як та кура і напу́гацца ’празмерна надзець на сябе, начапляць лішняга; надзьмуцца, натапырыцца; абкружыцца імглістым кругам (пра месяц)’ (гл.) сведчаць пра магчымую кантамінацыю формаў з пуд- і пуг‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сакмо́ ’след, знак ад падэшвы нагі на раллі, пяску’ (Ласт.; гродз., Яшк.). Рус. усх. сакма́ ’каляіна, лясная сцежка, след нагі’, сокма́ ’тс’, якое, як лічаць, з’яўляецца цюркізмам; параўн. казах. sokpa (< sokma) ’сцежка’, чагат. sokmak ’дарога, сцежка’ ад *sok‑ ’біць’ (Радлаў, 4, 526 і наст.). Міклашыч (Türk. El. Nachtr., 2, 150) лічыць крыніцай рускага слова паўн.-цюрк. sakma ’сцежка’. Іншыя гіпотэзы і літаратуру падрабязна гл. Фасмер, 3, 547. Непакупны, Baltistica, VIII, 1, 1972, 102 лічыць балтызмам, параўн. літ. sekmė ’поспех’, sèkti ’ісці за кім-небудзь’, sěkomis ’услед’. Супраць Анікін (Этимология–1997–1999, 10), які падтрымлівае цюркскае паходжанне слова і крыніцу бачыць у мове беларускіх або літоўскіх татар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрыхо́ўка ‘прылада для выраўноўвання саломы пры крыцці страхі’ (ТСБМ, Янк. 1, Пятк. 1), стрыхо́ўка, страхо́ўка, стрыха́лка, страха́лка, стры́хаўка (Сл. ПЗБ), стрыха́лка, стрыха́ўка (Сцяшк.), стрэха́лка, стрэха́ўка (ТС), стрыха́лка, стрыхо́вец ‘тс’ (Шатал.), стрыхо́ ‘тс’ (Сцяшк.), стрыха́рка ‘прылада для выраўноўвання гліны’ (Скарбы), стрыхава́ць ‘раўняць (збожжа пры насыпанні)’ (Сержп. Прымхі), ‘фармаваць, надаваць пэўную форму гліне’ (Скарбы), стрыхава́ць, стрэхава́ць ‘падраўноўваць стрыхоўкай салому’ (Янк. 1). Праз польск. strych, strychulec ‘дошчачка для выраўноўвання сыпкіх матэрыялаў’, якое паходзіць з нова-в.-ням. Streichholz ‘тс’ (Брукнер, 521), y < î пад уплывам strych < ням. Strich ‘лінія’ (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 344–345). Націск беларускіх слоў указвае на магчымае пасрэдніцтва польскага strychówka, параўн. strychować ‘раўняць’ < ням. streichen.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Напатоліць ’задаволіць’: Цэлага быка зарезаў… то ўсʼих напатолʼиў на вʼасʼелʼлʼи (Сцяшк. Сл.). Вытворнае ад патоля (гл.), якое ў беларускіх гаворках мае розныя значэнні; тут найбольш падыходзячым з’яўляецца значэнне ’воля’, параўн. задаволіць. Няясна, ці звязана з польск. (мальборк.) napatolić sie ’прыйсці ў госці без запрашэння, нечакана’, якое Непакупны звязвае з назвай прускага бога Patollus, Patols (Potols), што літаральна значыла ’падземны’ (г. зн. чорт), параўн. як з пад зʼямлі чорт прынёс ’пра нечаканага наведвальніка’ (Непакупны, Связи, 138–139; Лаўчутэ, Балтизмы, 81), да апошняга параўн. патоля ’непрыемнасць, скруха’ (гродз., Сцяшк.). Бел. напатоліць, калі яно нейкім чынам і звязана з указанымі словамі, выразна дэманструе уплыў семантыкі славянскага *toliti ’заспакойваць, задавальняць’, параўн. рус. утолить голод і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зарадзі́цца 1, ‑родзіцца; зак.

Узяць пачатак, узнікнуць. Задума напісаць паэму пра Кастуся Каліноўскага зарадзілася ў Танка пры абставінах, вартых асобнай увагі. У. Калеснік. У беларускіх саўгасах масавае спаборніцтва зарадзілася ў веснавую пасяўную кампанію 1929 г. «Весці».

зарадзі́цца 2, ‑раджуся, ‑радзішся, ‑радзіцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць зараджаным (пра агнястрэльную зброю, зарад і пад.). Стрэльба зарадзілася. Міна зарадзілася.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць гатовым да дзеяння, выкарыстання. Фотаапарат зарадзіўся.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Назапасіць патрэбную колькасць якой‑н. энергіі (пра якое‑н. цела, прыбор і пад.). Акумулятар зарадзіўся.

4. перан.; чым і без дап. Пабыць некаторы запас энергіі, падбадзёрыць сябе. Зарадзіцца бадзёрасцю. □ Шыковіч не толькі «не разрадзіўся» ў той дзень, як яму здавалася, зморанаму фізічна і душэўна, а наадварот — «зарадзіўся». Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схіну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Схіліцца, нахіліцца; сагнуцца. Тут краскі ранняю вясною Схінуцца ветла над табой. Прануза. Хацелася думаць, што ўсё гэта сон І варта толькі прачнуцца — Бароў беларускіх заные звон, Сівымі матулямі ніцыя вербы схінуцца. Барадулін.

2. Адхіліцца, адысці ўбок. Мы мужна і шчыра стаім ля стырна. І хто калі з шляху схінецца на момант, Узнімі яго песняй, каб сэрца ў агні не ведала, дружа, ні болю, ні стомы і дужым і моцным дайшло ў камунізм. Маракоў.

3. Абл. Схавацца за чым‑н.; знікнуць з поля зроку. Двое танкістаў аселі на брук тут жа каля гусеніц, скошаныя кулямі. А двое тых, што выскачылі першымі, паспелі перабегчы вуліцу і схінуцца за дамы... Беразняк. Толькі куды схінуўся звер? — не выходзіла ў .. [Андрэя] з галавы. Трэба слухаць, дзе ён ачуецца. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вузля́к ’вузел’ (карэліц., Шатал.), вузьля́к ’памянш. ад вузёл’ (Бяльк.). Да ву́зел, няясная словаўтваральная матывацыя, паколькі для беларускіх утварэнняў на ‑ак памяншальна-ласкальнае значэнне нехарактэрна (З жыцця, 68); магчыма, пад уплывам прадуктыўнай на ўсходзе Беларусі мадэлі вальлёвальля́к ’валлё (у птушкі)’, вульлёвульля́к ’вулей’, дзе суфікс надае слову падкрэсленае значэнне адзінкавасці з-за збліжэння першых слоў са зборнымі назоўнікамі тыпу галлё́ (адносна пастаяннага змяшэння дэмінутыўных утварэнняў з сінгулятывамі гл. Мартынаў, Деривация, 56 і наст.). Менш верагодна ўздзеянне словаўтваральнага тыпу з гэтым суфіксам, які характэрны для назваў маладых істот, утвораных ад адпаведных назоўнікаў, і шырока вядомы на паўночным захадзе і ў цэнтры Беларусі (параўн. цяля́к, каця́к, вуця́к) і мае літоўскія адпаведнікі (Атрэмбскі, Gramatyka, 280); магчымасць уздзеяння гэтага словаўтваральнага тыпу падтрымліваецца фармальным збліжэннем зыходнай формы з казёл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)