лаві́ць, лаўлю, ловіш, ловіць; незак., каго-што.

1. Хапаць каго‑, што‑н. на ляту. Лавіць мяч. □ Рукою маткі На ўслон шпурляліся аладкі, А дзеці іх даўно сачылі і на ляту блінцы лавілі. Колас. // Імкнуцца дагнаць, схапіць таго (тое), што аддаляецца, ухіляецца. Увішна Нінку ловіць Петрык. Смагаровіч. // Намацваючы, адшукваючы, браць, затрымліваў. Лёгшы ў пасцель, [Міхаська] мяккімі пальчыкамі ловіць матчыну руку. Скрыган. А падыдзе Нямко, дык [конь] ловіць губамі яго руку, трэцца мордаю аб вопратку, ла[шчы]цца як шчанё. Кулакоўскі.

2. Здабываць (рыбу, звяроў, птушак) з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў. Лавіць невадам рыбу. Лавіць сеткай птушак. □ Спачатку Міколка з бацькам з таптухай цялёпкаліся, а потым узяліся рукамі плотак лавіць паміж карчоў. Лынькоў. // Мець сталым заняткам промысел, здабычу каго‑н. Ён — паляўнічы, ён — рыбак, Страляе, ловіць, пяе песні. Колас. [Бацька:] — Вось цяпер я магу спакойна і паміраць, бо бачу, што вы розуму набраліся: ловіце, страляеце і гаспадарку даглядаеце. Якімовіч.

3. Разм. Высочваць, вышукваць, каб затрымаць, арыштаваць, абясшкодзіць. Лавіць кантрабандыстаў. □ Седас уеўся людзям у косці так, што .. перад самым адыходам польскага войска яго лавілі, падпільноўвалі, каб не выпусціць жывога з рук. Чорны. // Старацца заспець, захапіць каго‑н. у пэўным месцы, за пэўным заняткам. Каля самай вёскі Вару сустрэў Даніла. Ён часта лавіў яе на вячэрніх сцежках. Дуброўскі.

4. Не прапускаць магчымасці для ажыццяўлення чаго‑н., выбіраць зручны момант. Мы лавілі кожную хвіліну перадышкі, каб прылегчы ці .. па чарзе падрамаць. Шамякін. Нявідны стаяў і цярпліва лавіў зручны момант, каб выйсці з свае засады. Колас.

5. перан. Успрымаць слыхам, зрокам, розумам. Лавіць погляд таварыша. □ Лемяшэвіч з непакоем назіраў, з якой зачараванасцю лавіў Алёша кожнае слова сакратара. Шамякін. Ніна прагна, з вострай увагай прыглядалася да ўсяго, лавіла гукі жыцця. Мележ. // Убіраць у сябе, паглынаць, затрымліваў. Праходжу моўчкі я начную плошчу, і ловяць сутарэнні гулкі крок. Панчанка. Непадалёку ўжо стаяць аграмадныя люстры, ловяць сонца, даюць энергію для мініяцюрных буравых машын і адбойных малаткоў. Гамолка.

6. перан. Разм. Настройваць радыёпрыёмнік на пэўныя хвалі, прымаць радыёсігналы. Сёння свята. Па радыё Я лаўлю Маскву. Куляшоў.

7. перан. Разм. Выкрываць, абвінавачваць каго‑н. у чым‑н. Лавіць на хлусні.

•••

Варон лавіць — тое, што і варон страляць (гл. страляць).

Лавіць бягучага воўка след — пра марныя пошукі каго‑н.

Лавіць вецер у полі — тое, што і шукаць ветру ў полі (гл. шукаць).

Лавіць вухам — прыслухоўвацца.

Лавіць на ляту — лёгка успрымаць пачутае.

Лавіць на слове (словах) каго — а) карыстаючыся сказаным, прымусіць каго‑н. зрабіць або паабяцаць зрабіць што‑н. з таго, аб чым было сказана; б) скарыстаўшы агаворку, супярэчнасць у словах субяседніка, прыпісваць яму тое, чаго ён не думаў гаварыць. — Гэта што — пагроза, таварыш Наготка? — ловіць на слове Кацялёў. Шамякін.

Лавіць сябе на чым — нечакана заўважаць у сабе якую‑н. новую схільнасць, асаблівасць і пад. Я часта лаўлю сябе на тым, што пішу не так, як гавару. Скрыган.

У каламутнай вадзе рыбу лавіць — мець выгаду з чаго‑н., карыстаючыся няяснасцю абставін, чыімі‑н. цяжкасцямі, няўдачамі і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

брат, ‑а; мн. браты, ‑оў; м.

1. Кожны з сыноў у адносінах да другіх дзяцей гэтых жа бацькоў. Бацька.. [Марынкі], Раман Дзянісавіч, маці і малодшы брат Міша .. вячэралі. Хадкевіч. На другой палове [вагона] месціцца дзіцячы тапчан, тут жа спіць Міколаў старэйшы брат. Лынькоў.

2. Усякі чалавек, якога яднае з тым, хто гаворыць, агульнасць радзімы, класавых інтарэсаў, становішча, умоў. Браты па класу. Браты-славяне. □ Дняпроўцы прынялі на сябе галоўны ўдар, уласнымі грудзьмі прыкрылі ўкраінскіх братоў. Шамякін.

3. Разм. Форма сяброўскага звароту да мужчыны. — Давай, брат, падкіну! — параўноўваючыся з салдатам, спыніў.. [шафёр] машыну. Васілевіч. [Карнейчык:] Я, брат, дарогу тут ведаю, заплюшчыўшы вочы магу патрапіць. Крапіва.

4. Член рэлігійнай секты; манах.

•••

Малочны брат (сястра) — сын (дачка) мамкі ў адносінах да выкармленых ёю чужых дзяцей, а таксама гэтыя дзеці ў адносінах да дзяцей мамкі.

Ваш брат — вы і на вас падобныя. [Маеўскі:] — Мы людзі навучаныя не горш за вашага брата, салдата. Бачылі і не такое. Шамякін.

На брата — на кожнага. — Наташачка, золатка, слухай мяне, — верхаводзіў Лукаш, — па дзвесце на брата. Лобан.

Наш брат — я і на мяне падобныя. Таварышы давалі наказ: «Працуй шчыра, любі людзей, не падвядзі нашага брата, журналіста». Сергіевіч.

Ні брат ні сват — зусім чужы, ніякі не родны.

Ні свата ні брата — без родных, без сваякоў, без радні, адзінокі.

Сам чорт не брат каму — пра таго, хто ні ад каго, ні ад чаго не залежыць, каму ўсё лёгка даецца.

Свой брат — пра чалавека аднолькавага стану і становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

верх, ‑у, М на версе; вярхі, ‑оў; м.

1. Прастора, якая знаходзіцца над чым‑н.; проціл. ніз. // Верхні бок прадмета пры нармальным яго становішчы; проціл. ніз. Паставіць шафу верхам уніз. // Верхняя частка якога‑н. прадмета; вяршыня, верхавіна. Верх гары. □ Мужчына быў у пляскатай летняй шапцы з шырокім круглым верхам. Чорны. Застаўся цяпер тырчаць [ад сасны] толькі камель з вострым белым верхам. Мележ. Тут верх асіны круглалісты Сплятаўся з хвоямі, з дубамі. Колас.

2. Прыстасаванне над сядзеннем у машыне, фаэтоне і пад., якое засцерагае ад дажджу, сонца, ветру. Машына з брызентавым верхам. Падняць верх. □ Пятро Тадаровіч нацягнуў ужо на свае растрыбушаныя драбінкі верх з пасшываных.. мяшкоў. Чорны.

3. Паверхня зямлі, якога‑н. прадмета ў адносінах да таго, што знаходзіцца ў глыбіні, у сярэдзіне. Бачыць Іван — задыхаецца птушка Нагай, а ўжо і да верху недалёка: нават неба свіціцца. Якімовіч. Гарышны, успамінаючы «добрыя старыя часы», любоўна паляпаў па версе акардэона. Ракітны. // Верхні матэрыял якога‑н. адзення або матэрыял, якім што‑н. пакрыта, абшыта. Драпавы верх паліто. Пасылка з палатняным верхам.

4. перан.; чаго. Вышэйшае дасягненне. Верх майго жадання. □ Вагон-клуб быў верхам спраўджаных імкненняў Данілавых. Шынклер.

5. толькі мн. гл. вярхі.

•••

Браць (узяць) верх над кім‑н. гл. браць.

Знізу (і) да верху — увесь, поўнасцю, цалкам.

Мой (твой, яго, яе і г. д.) верх — я, ты, ён перамог, яна перамагла.

Цераз верх паліць (насыпаць) гл. наліць.

Цераз верх перці гл. перці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адцягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак., што.

1. Адсунуць, перамясціць цягнучы; адвесці ўбок. Адцягнуць курок. □ [Аксіння] кінулася было да распасцёртай постаці на падлозе, але яе груба адцягнулі назад, да дзвярэй. Лынькоў. Жанчына падбегла, схапіла дзіця за ручку і скоранька адцягнула ўбок. Скрыган.

2. Пацягнуўшы, напяць; пацягнуць. Адцягнуць шнур. // Цягнучы, выклікаць пачуццё болю. Адцягнуць руку.

3. Падоўжыць каваннем; зрабіць танчэйшым. Адцягнуць болт. Адцягнуць касу. // Зрабіць даўжэйшым; выцягнуць. — А ў цябе вушы маці адцягнула! — не стрымаў абразы Сярожа. — Таму і доўгія. Ваданосаў.

4. Якімі‑н. дзеяннямі прымусіць змяніць напрамак руху ў свой бок; адвесці. Адцягнуць сілы ворага. □ Нашай групе трэба было адцягнуць на сябе агонь праціўніка, пакуль асноўныя часці, хаваючыся за будынкамі вёскі, наблізяцца з супрацьлеглага боку і пойдуць на штурм. Карпюк.

5. перан. Адхіліць думкі, увагу і пад. ад чаго‑н., прымусіць забыцца пра што‑н. Гэтыя размовы мелі тую карысць, што на некаторы час адцягнулі думкі хлопцаў ад голаду. Маўр. Заўважыўшы чалавека, .. [ласіха] не будзе ўцякаць, як заўсёды, а, наадварот, выйдзе наперад, пакажацца яму на вочы і пастараецца адцягнуць увагу ад таго месца, дзе яна схавала сваё дзіця. В. Вольскі.

6. перан. Перанесці на пазнейшы час, адкласці на потым. Аратыя як разышліся, дык адцягнулі полудзень, і да паўдня скрозь ралля адно чарнела ўся спрэс роўная, без межаў. Чорны.

•••

Голасу не адцягнуць — не мець сілы ўголас сказаць што‑н.

За вушы не адцягнеш — пра вельмі смачную яду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звалі́цца 1, звалюся, звалішся, зваліцца; зак.

1. Упасці адкуль‑н., з чаго‑н. Афіцэр, які зваліўся з лесак, моцна пабіў сабе спіну аб сасновы корч. Колас. [Таня] неасцярожна кранула стол, шклянка звалілася на падлогу і са звонам разбілася. Шахавец. // Упасці параненым, падбітым, забітым. У жахлівай неразбярысе бою ніхто не заўважыў нават, як зваліўся .. [Сярожа], падкошаны разрыўной куляй. Асіпенка. Некалькі параненых чалавек звалілася на зямлю. Чорны. // Упасці ад стомы. Патапчык ускочыў у гушчар і, прабегшы сажняў дзвесце, ад стомы зваліўся на купіну. Чарнышэвіч. // перан.; на каго-што. Раптоўна выпасці, дастацца каму‑н. на долю. Мінула з тыдзень часу, і новая бяда-напасць звалілася на дзеда Мікалая. Якімовіч. // перан.; з каго-чаго і без дап. Перастаць турбаваць каго‑н., знікнуць (пра цяжкі душэўны стан, клопаты і пад.). [Таццяна] спынілася і лёгка ўздыхнула. Велізарны цяжар небяспекі, які балюча ціснуў на сэрца апошнія кіламетры, зваліўся адразу. Шамякін. Усё благое звалілася з .. [Сымонавай] душы і знікла. Чарнышэвіч.

2. Разм. Захварэць (звычайна моцна, сур’ёзна). Ён увесь час дрэнна адчуваў сябе і, нарэшце, зваліўся.

•••

Гара з плячэй звалілася гл. гара.

Зваліцца з ног — знемагчыся, злегчы ад хваробы, працы, гора і пад.

Зваліцца з плячэй — зусім знасіцца (пра адзенне).

Карона з галавы не зваліцца гл. карона.

Як з неба зваліўся — а) нечакана з’явіўся; раптоўна адбыўся, здарыўся; б) не разумее таго, што адбываецца навокал.

звалі́цца 2, ‑ліцца; зак.

Атрымацца ў выніку валення (пра вырабы з воўны, пуху). Сукно добра звалілася.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зо́лата, ‑а, М ‑лаце, н.

1. Хімічны элемент, высакародны метал жоўтага колеру, які валодае вялікай гібкасцю і цягучасцю (скарыстоўваецца для вырабу каштоўных рэчаў і як мера каштоўнасцей). Здабыча золата. Золата сустракаецца ў выглядзе жыл і рассыпаў. □ Вугаль на Украіне, Золата на Калыме, Нафта з каспійскіх глыбіняў, З нетраў казахскіх медзь. Звонак. Не ўсё тое золата, што блішчыць. Прыказка. / у перан. ужыв. [Буслы] падымуцца над балотам.., купаючыся ў растопленым золаце сонца. Бядуля.

2. зб. Вырабы з гэтага металу; залатыя рэчы. Чаго толькі Сцяпанка .. не ўбачыў! .. Якія лямпы, люстэркі, столікі, крэслы, цацкі, статуі, абразы, золата, серабро. Бядуля. — Я вольны марак і просты чалавек і не змагу я жыць у срэбры і золаце. Самуйлёнак. // Пазалочаныя шаўковыя ніткі для вышывання, ткання. Шыты золатам сцяг.

3. зб. Залатыя манеты; грошы. Купіць рэч за золата. □ Калі перавесці на золата гэтыя савецкія чырвонцы, дык будзе іх цэлых трыццаць рублёў — мікалаеўскім золатам. Брыль. // перан. Багацце. — Не пакідайце ніводнага каліва. Цяпер яно граша не каштуе, а зімой — золатам абернецца. Асіпенка.

4. Пра таго (тое), што вылучаецца добрай якасцю, вартасцю. — Братка ты мой! — гаворыць адзін [гаспадар]: — твой Алесь золата, а не чалавек. Колас. — Я ж казаў, унучак, што гэта — золата, а не карова... Шуцько. // Ласкавы зварот да каго‑н. Сынок, золата ты маё!

•••

Белае золата — бавоўна.

Чорнае золата — а) нафта; б) каменны вугаль.

На вагу золата гл. вага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Нябеснае цела, якое па сваёй прыродзе падобна на Сонца і ўяўляецца чалавеку на начным небе ззяючай кропкай. Палярная зорка. Вячэрняя зорка. □ Неба было ўсыпана зоркамі, нібы зернямі залатой пшаніцы. Шамякін. // перан. Шчасце, удача, лёс. Аднак цяпер, пасля таго, што адбылося тут ля рэчкі, я ўжо смела ўспомніў той выпадак і паверыў у сваю зорку. Карпюк.

2. Геаметрычная фігура з востраканцовымі выступамі, раўнамерна размешчанымі па акружнасці; прадмет у форме падобнай фігуры. Пяціканцовая зорка. Намаляваць зорку. □ Калі самалёты заходзілі на трэці круг, Мікодым выразна бачыў чырвоныя зоркі на крылах. Сабаленка. // Воінскі значок у выглядзе пяціканцовай зоркі, які носяць на фуражцы, шапцы і пад. На галаве ў .. [Сяргейкі] быў чырвонаармейскі шлем з вялікай чырвонай зоркай. Хомчанка. // Знак узнагароды, ордэн ці медаль у форме зоркі. У Базыля цэлая торба кніжак і газет розных, на грудзях зорка чырванее... Нікановіч. // Светлая пляма на ілбе ў жывёл. Цяля з зоркай.

3. перан. Пра чалавека вялікага таленту, які праславіўся сваёй дзейнасцю. Янка Купала — зорка першай велічыні не толькі Ў беларускай паэзіі, але і ва ўсім літаратурным свеце. Юрэвіч.

•••

Блукаючыя зоркі — зоркі, якія не маюць пастаяннай арбіты.

Марская зорка — марская беспазваночная жывёліна тыпу ігласкурых.

Зоркі з неба хапаць гл. хапаць.

Нарадзіцца пад шчаслівай зоркай гл. нарадзіцца.

Пуцяводная зорка — пра тое, што вызначае кірунак, развіццё чаго‑н.

Узыходзячая зорка — чалавек, які пачынае набываць вядомасць, славу ў якой‑н. галіне дзейнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ко́лькі, Р мн. колькіх, займ. і ко́лькі, прысл.

1. займ. і прысл. пытальнае. Абазначае пытанне пра колькасць чаго‑н.: якая колькасць? як многа? Колькі табе гадоў? Колькі старонак у кніжцы?

2. займ. і прысл. азначальнае. У клічных сказах абазначае вялікую колькасць чаго‑н.: якая колькасць! як многа! Колькі зор на небе! Колас. Вось і вуліца Янкі Купалы. Колькі ў гэтых словах роднага і блізкага для кожнага жыхара Мінска! Хведаровіч.

3. прысл. меры і ступені. Наколькі; у якой меры. Колькі таго дня было, а ўжо неўзабаве і вечар: падыходзіць тая невясёлая, але па-свойму адметная пара самых малых, зімовых дзён. Кулакоўскі.

4. займ. і прысл. адноснае. Ужываецца як злучальнае слова: а) у даданых дапаўняльных сказах. [Саша] не адчувала, колькі прайшло часу, здавалася, што вельмі многа. Шамякін. Па рагах можна даведацца, колькі аленю год. В. Вольскі; б) у даданых азначальных сказах і сказах меры і ступені. [Гудовіч:] Паветра ў гарах чыстае, сумленне ў цябе чыстае — адпачывай, колькі душа жадае. Крапіва. І, колькі ёсць сілы, да самай магілы Ары, барануй, засявай!.. Купала.

5. у знач. ліч. Разм. Некалькі, няпэўная колькасць. Дзед Талаш колькі хвілін глядзіць на Мартына, маўчыць. Колас. Праз колькі хвілін можна было разабраць, што ішлі мужчыны. Быкаў.

•••

Колькі ёсць духу (сілы) гл. дух.

Колькі ні (уступальны злучнік) — як ні.

Не столькі..., колькі... гл. столькі.

Столькі..., колькі і... гл. столькі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

міну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. каго-што. Прайсці, праехаць каля каго‑, чаго‑н., пакінуўшы яго ззаду або збоку. Мінуў Сцёпка сяло, у поле выйшаў. Колас. [Рыгор і Ліба] зацішылі хаду, каб абысці роў, і моўчкі мінулі першыя дзве хаты. Гартны. // (часта з адмоўем). Прайсці, праехаць міма. Ехаў .. [Васіль Іванавіч] у Турчу, але не мінуў ніводнай вёскі, дзе .. прадаваліся кнігі. Дубоўка. // перан. Не закрануць, абысці. Няшчасце мінула мяне. Куля мінула салдата. □ Будзь шчасліва, дзяўчынка, ў нядолі Хай пацеха цябе не міне! Купала.

2. безас. каго-чаго (ужываецца з адмоўем). Пазбегнуць чаго‑н. Чула сэрца, што праборкі І папругі не мінуць. Колас. А калі б я парушыў прысягу, Гнеў сяброў хай мяне не міне. Астрэйка.

3. Скончыцца, прайсці (пра час, пару, падзеі і пад.). Ішлі спачатку месяцы; потым мінуў год, другі. Ракітны. Вось і лета мінула, пастав восень... Краўчанка. Як бы там ні было, небяспека мінула. Мележ. / Пра пачуцці, перажыванні. Хваля страху мінула. Бядуля.

4. Споўніцца (пра ўзрост). І мужны юнак з непакорнай душою — Яму яшчэ толькі семнаццаць мінула — Прабег да пшаніцы шырокай мяжою, І родная ніва яго захінула. Гілевіч.

•••

Не мінуць (маіх, тваіх, яго і г. д.). рук — а) стаць чыім‑н. незаконным набыткам; б) не пазбегнуць каго‑н., апынуцца ў чыім‑н. распараджэнні. — Ага! Папаўся такі, не мінуў маіх рук! Лынькоў. — Пойдзе [Іліко] ў парабкі да таго ж Сімона! Ён не міне яго рук! Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паро́г, ‑а, М ‑розе, м.

1. Бервяно або брус, прымацаваныя пад дзвярамі паміж вушакамі. Люда стаяла на парозе, — яшчэ ўсё малая, не згінаючыся ў нізкіх дзвярах. Брыль. Міхал націснуў клямку і пераступіў парог сянец. Васілевіч.

2. перан. Перашкода, перапона. Ой, многа, як многа Для думак дарогі Не спыніць іх лёту Ніякі парог. Колас.

3. Камяністы папярочны выступ на дне ракі, які парушае плаўнасць цячэння. Равуць на парогах ды пеняцца хвалі... Вялюгін.

4. Спец. Найменшая велічыня, ступень праяўлення чаго‑н. Парог адчуванняў.

5. перан. Як сімвал роднага дома, сям’і, радзімы. [Маці] толькі раз у жыцці пакідала вёску родную, родны парог. Вярцінскі. І я гэтым шляхам вярнуўся З ваенных далёкіх дарог На гоні сваёй Беларусі, На бацькаўскі родны парог. Астрэйка.

•••

Абіваць парогі гл. абіваць.

З парога — адразу ж пасля прыходу куды‑н. — Андрэй! — проста з парога пачала .. [Зіна]. — Тату патрэбна неадкладная аперацыя. Ваданосаў.

Не пусціць на парог гл. пусціць.

На парозе — а) аб тым, што вельмі хутка павінна наступіць. Бяліла зіма на палетках радно, І снежань суровы стаяў на парозе. Звонак; б) чаго; напярэдадні чаго‑н.; на грані чаго‑н. [Андрэй:] — Мы стаімо на парозе таго, што тэхніка зрастаецца з кібернетыкай, што машына робіцца нечым падобнай на жывы арганізм. Скрыган.

У парозе — каля дзвярэй, каля ўваходу. Прамоўца паварочваецца да тых, якія стаяць у парозе, аконнае святло падае яму на шчаку і серабрыць скроню. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)