кама́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Кароткі вусны-загад камандзіра па ўстаноўленай форме. Аддаць каманду. □ Падпільнаваўшы калону варожых машын, [лейтэнант] падаў каманду: — Агонь! «Маладосць». Палку даюць каманду «смірна!» Панчанка. // Распараджэнне, загад, сказаныя коратка і ўладна. — Стукайце шафёру ў кабіну! — падала каманду Зіна. Кулакоўскі.
2. Камандаванне якой‑н. воінскай часцю. Першы, найлепшы ўзвод атрада, пад камандай.. Кеды пераправіўся на варожы бок Нёмана. Брыль. // Пра кіраўніцтва з боку каго‑н., над кім‑н., аб чыёй‑н. уладзе над кім‑н. — Не павінна тое гора над чалавекам каманду займець. Няхай яно і цяжкае, але трэба адолець яго... Лынькоў. Узваліўшы на сані невад, чалавек дванаццаць мужыкоў пад камандай Леўшуна паехалі на рыбу. Колас.
3. Невялікае вайсковае падраздзяленне, атрад, а таксама часова выдзеленая вайсковая часць спецыяльнага прызначэння. Каравульная каманда. Каманда падрыўнікоў. □ Кірылу падстрыглі і накіравалі ў вучэбную каманду, адкуль ён трапіў на фронт пад Баранавічы. Паслядовіч. // Асабовы састаў, экіпаж судна. Людзей тут [на буксіры] мала, каманда, уключаючы ўсіх — ад капітана да качагара, складаецца чалавек з дваццаці. Краўчанка. // Спартыўны калектыў. Валейбольная каманда. Зборная каманда.
•••
Далажыць па камандзе гл. далажыць 1.
Як па камандзе — дружна, разам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
каме́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які з’яўляецца каменем (у 1 знач.), складаецца з каменю. Каменная парода. Каменная гара. Каменная скала.
2. Выраблены, пабудаваны з каменю, з камення або з цэглы. Каменны дом. Каменны падмурак. □ Тры пад’езды з вуліцы, з адшліфаванымі каменнымі ганкамі, .. нагадвалі ўваход у касцёл. Бядуля. Узнімаючы слуп пылу, імчаліся грузавікі, грукацелі гарматы па каменным бруку. Лынькоў.
3. Які характарызуецца апрацоўкай каменю, выкарыстаннем прылад з каменю (пра перыяд, эпоху). Каменны век.
4. перан. Нерухомы, застылы. Дзед з сухім каменным тварам і невідушчымі вачамі нясе на руках Паўліка. Хомчанка. А маці стаіць за сцяной: Ні з месца — Каменнаю стала. Бялевіч.
5. перан. Абыякавы, нячулы, раўнадушны. Сэрца чарсцвела, рабілася каменным, толькі адно кволае пачуццё і засталося ў ім. Мурашка.
6. Непахісны, стойкі, упарты. — Я сказаў, што не пушчу, а здам у міліцыю, пакуль не заплаціш, — з каменнай упартасцю гаварыў кантралёр. Скрыган. Каменнаму трэба быць, каб жыць у сям’і Верамейчыкаў. Крапіва.
7. Як састаўная частка некаторых: батанічных, заалагічных і мінералагічных назваў. Каменная бяроза. Каменны баран. Каменная соль. Каменны вугаль.
•••
Каменная баба гл. баба.
Каменны мяшок гл. мяшок.
Як за каменнай сцяной гл. сцяна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зямны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да Зямлі 1 (у 1 знач.). Зямная кара. Зямное ядро. Зямная вось. Зямны магнетызм.
2. Звязаны з жыццём і дзейнасцю чалавека. Зямныя турботы. □ Настане хвіліна — І хопіць дабра мне зямнога, Ад родных і блізкіх Вазьму ў падарунак нямнога. Тарас. // перан. Звычайны, просты, у параўнанні з кім‑, чым‑н. ідэальным, узвышаным. Прыродна здаровым, зямным сваім розумам пан Даніла быў цвёрда перакананы, што свет не стаіць на месцы, што ёсць у ім і стаячая вада і плынь. Караткевіч. Ты сэрца маё ўсхвалявала, Як першая краска вясной, Цнатлівасцю мілай, зямной Ты сэрца, маё ўсхвалявала. Гілевіч.
3. Які мае адносіны да зямлі 1 (у 3 знач.). Бярэзнік беластволы пад зарой Звініць, умыты чыстаю расой, Пакуль карэнні п’юць зямныя сокі. Бялевіч.
4. Які мае адносіны да зямлі 1 (у 2 знач.); проціл. паветраны, водны. — Усё ж на зямлі спакайней, утульней, чымся там, у завоблачных вышынях. Што ні кажы, а я аддаю перавагу звычайнаму зямному транспарту. Лынькоў.
•••
Зямны магнетызм гл. магнетызм.
Зямны паклон гл. паклон.
Рай зямны гл. рай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
куса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Хапаць, раніць зубамі. Сабака дужа злосны, усіх кусае. // Сціскаць, шчыпаць дзюбай (пра птушак). Гусак кусае. // Раніць джалам, хабатком (пра насякомых). Пчолы кусаюць. Мурашкі кусаюць. // Захопліваць, сціскаць зубамі, пакусваць (пры хваляванні і пад.). Алёша бліснуў позіркам у бок Раі, але яна не ўзнімала вачэй ад падручніка і кусала рог хусткі. Шамякін. Марцін сядзеў на драбінках калёс, звесіўшы ногі, і нецярпліва кусаў пахучую завялую травінку, выцягнутую з сена. Мележ. // перан. Крыўдзіць, дапякаць чым‑н. І свой жа брат цябе кусае, Бо кожны выслужыцца хоча. Колас.
2. Захопліваць зубамі, аддзяляць, адкусваць невялікімі кускамі ад чаго‑н. Лукаш апетытна еў з чыгуна бульбяную кашу, кусаў хлеб і запіваў з вялікага белага кубка малаком. Ермаловіч. // Разм. Есці. [Скіба:] Ад учарашняга абеду не кусаў нічога. Крапіва. // Разгрызаць, раскусваць што‑н. цвёрдае. Кусаць арэхі. // Адразаць кавалачкамі. Кусаць дрот.
3. Разм. Моцна раздражняць скуру, пячы (пра крапіву і некаторыя іншыя расліны, а таксама пра вецер, мароз і пад.). У школу ідзе Майка, а мароз такі кусачы, кусае і падганяе. Лынькоў.
•••
Кусаць (сабе) локці — шкадаваць аб чым‑н. упушчаным, непапраўным.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ма́рыць, ма́ру, ма́рыш, ма́рыць; незак.
Аддавацца марам. Калі туман плыве над логам, Рассейваючы кроплі рос, Стаю пад-сонцам я і мару. Панчанка. — Вось так, вось так, — прыгаворвае пані Мар’я, малюючы. — І трэба, Малец, не глядзець, не марыць, а рабіць сваё... Брыль. // Думаць аб ажыццяўленні чаго‑н. вельмі жаданага, імкнуцца ў думках да чаго‑н. З дзіцячых гадоў Мікола любіў маляванне, і сам ён употай марыў аб мастацкай школе. Якімовіч. Тварык .. [Ірынкі] засв[я]ціўся — яна марыла аб спатканні з братам. Чорны.
мары́ць, мару́, мо́рыш, мо́рыць; незак., каго-што.
1. Труціць, атручваць. Марыць прусакоў.
2. перан. Даводзіць да поўнага знясіленая; мардаваць, мучыць. [Чэрскую] страшылі на допытах, білі, марылі голадам, і, нічога не дазнаўшыся, праз чатыры месяцы выпусцілі з турмы. Галавач.
3. перан. Даводзіць да знямогі. Нязручна ж у адзежыне ў хаце сядзець, бо так жа морыць цяпло, аж дрымотна становіцца. Лынькоў. Віктар прысеў на прызбу, угрэўся, і яго пачаў марыць сон. Асіпенка.
4. Спец. Трымаць драўніну ў вадзе, у спецыяльным растворы для надання ёй цёмнага колеру і моцнасці. Марыць дуб. // Фарбаваць драўніну марылкай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
каці́ць, качу, коціш, коціць; незак.
1. каго-што. Рухаць, перамяшчаць які‑н. круглы прадмет, прымушаючы яго вярцецца. Каціць бочку. Каціць мяч. □ А самым цікавым для мяне было пабачыць, як з высокага яруса бярвення кацілі ў Нёман калоды. Колас. // Рухаць, везці што‑н. на колах. Шашура ў гэты час з двума таварышамі каціў на фланг процітанкавую гармату. Мележ. Па цяністай алеі малады мужчына асцярожна каціў дзіцячую каляску. Гроднеў.
2. што. Перамяшчаць сілай цячэння, павеву ветру і пад. Толькі Бярэзіна, вада ў якой пацямнела ад холаду і хмурнага неба, спакойна і велічна коціць сваю плынь. С. Александровіч. Наша возера хвалямі б’ецца, Коціць пену сваю на пяскі. Калачынскі.
3. перан.; што. Губіць, нішчыць (пра эпідэмія), павальную хваробу). Геня ніяк не мог адразу зразумець, што хоча сказаць Кася, бо тая так хвалявалася, нібы на ферме .. чума.. коціць усю жывёлу. Пташнікаў.
4. Разм. Тое, што і каціцца 1 (у 2, 3, 4 і 5 знач.). І машына коціць.. мякка, бясшумна. Лынькоў. Па дарозе, уздымаючы слуп пылу, коціць на кірмаш айцец Парфіры. Чарот. А час ідзе, на захад коціць сонца. Шушкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
е́здзіць, езджу, ездзіш, ездзіць; незак.
1. Тое, што і ехаць (у 1 знач.), з той розніцай што «ездзіць» азначае дзеянне, якое паўтараецца ў розных напрамках. Ездзіць у горад. Ездзіць на машыне. □ Дзед Астап ездзіў часам з другімі партызанамі на разведку. Лынькоў. Костусь ездзіў, хадзіў, клапаціўся: жніво ішло, а рукамі, відаць было, нічога зрабіць нельга будзе. Чорны. // Бываць дзе‑н., наведваць каго‑, што‑н. (карыстаючыся транспартам). Яшчэ казаў мой прадзед у свой час, Што будуць ездзіць к нам не за пянькою, А каб вучыцца мудрасці у нас. Прыходзька. — Я так марыў увесь час, што мы будзем жыць суседзямі. У нядзелю мы ездзілі б адзін да аднаго ў госці... Шамякін.
2. Умець карыстацца якім‑н. сродкам перамяшчэння. Умела ездзіць на матацыкле. // Разм. Катацца на каньках, лыжах.
3. перан. Разм. Рухацца, соўгацца па чым‑н. Стары сядзеў неспакойна, круціўся, ездзіў па лаве. Мележ.
4. Разм. Быць, працаваць кім‑н. (пра некаторыя прафесіі). Вася ў дальніх паяздах ездзіць правадніком. Ракітны.
•••
Ездзіць вярхом на кім — мець уладу над кім‑н.
Ездзіць на чыёй спіне, на чыім карку — выкарыстоўваць каго‑н. у сваіх інтарэсах.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
е́хаць, еду, едзеш, едзе; едзем, едзеце, едуць; заг. едзь; незак.
1. Рухацца па сушы, па вадзе пры дапамозе якіх‑н. сродкаў перамяшчэння. Ехаць чыгункай. Ехаць у трамваі. Ехаць вярхом. Ехаць на лодцы. □ Паабапал і ззаду карэты ехала чалавек з трыццаць коннікаў. Лынькоў. Наклалі вазы ды едуць дахаты: бацька на адным возе, сын — на другім. Якімовіч. // Рухацца, каціцца (пра сродкі перамяшчэння). Гасцінцамі ехалі то туды, то сюды вайсковыя абозы. Чорны.
2. Накіроўвацца куды‑н., выкарыстоўваючы якія‑н. сродкі перамяшчэння; ад’язджаць; рабіць паездку. Ехаць за граніцу. Ехаць на фронт. □ Пан падлоўчы, выпіўшы шклянку, устаў, папрасіў прабачэння, што не можа больш заставацца, што ён мусіць ехаць па службе, і выйшаў. Колас.
3. перан. Разм. Выкарыстоўваць у сваіх інтарэсах, атрымліваць выгаду з каго‑, чаго‑н. — На татку едуць, пакуль татка не з’ездзіцца, — сказаў, як стары, Вова недзе чутыя словы. Гурскі. — Склалі дзесяць год таму назад сякі-такі планік і з таго часу едзем на ім. Кулакоўскі.
4. Ссоўвацца, саслізгваць са свайго месца. Шапка едзе на вочы.
•••
Далей (ехаць) некуды гл. некуды.
На тройках ехаць — вучыцца пасрэдна, без асаблівага старання.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заблы́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. У беспарадку пераплесціся, перавіцца, зблытацца (пра ніткі, валасы і пад.). Ніткі заблыталіся.
2. у чым. Аказацца аплеценым чым‑н., пазбаўленым магчымасці рухацца. Муха заблыталася ў павуцінні. □ Жоўты лісток з бярозы заблытаўся ў траве і вісеў у ёй. Чорны. Яська паправіў валасы на таткавай галаве, у іх заблытаўся дзядоўнік. Лынькоў.
3. перан.; у чым і без дап. Аказацца ў цяжкім становішчы з-за сваёй нявопытнасці, няўмеласці, памылкі і пад. — Нешта заблытаўся наш рахункавод, а я — няхай мне сорамна будзе прызнацца — таксама ў бухгалтэрыі не надта моцны. Брыль.
4. перан. Збіцца, страціць сувязь у думках, выказваннях і пад. Заблытацца ў разважаннях. □ Старшыня, які не чакаў такога павароту справы, заблытаўся і гаварыў, замест адказаў на пытанні Андрэя.., зусім іншае. Галавач.
5. перан. Стаць цяжкім для разумення, ускладніцца. Пытанне заблыталася.
6. Разм. Збіцца з дарогі, заблудзіць. З другога ж боку, гэты самы гук, драпежны і злосны, памагаў .. [Карагу] крыху аглядзецца і больш-менш пэўна вызначыць сваё становішча, бо ён заблытаўся ў незнаёмай мясцовасці. Колас. Горад вялікі, заблытацца ў ім не штука. Пянкрат.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заве́сціся, ‑вядуся, ‑вядзешся, ‑вядзецца; ‑вядзёмся, ‑ведзяцеся; пр. завёўся, ‑вялася, ‑лося; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). З’явіцца, зрабіцца наяўным. Грошы завяліся. // Узнікнуўшы, распладзіцца, размножыцца. [Дзядуля] даглядае дрэўцы, абразае сухія галінкі, падвязвае маладыя парасткі вінаграду, сочыць, каб не завяліся ў садзе якія шкоднікі. Бяганская. // Арганізавацца, наладзіцца. — У нашым раёне яшчэ дзве трусіныя фермы завяліся. Адна — у «Партызане», а другая... у Пажарках. Ракітны.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Устанавіцца, пачацца. З першых дзён Зеленюковага прыезду ў Сівец у іх завялася з Віктарам цёплая дружба. Зарэцкі. Так завяліся ў містэра Лаяна шырокія сувязі як у дзелавым, так і ў афіцыйным свеце. Лынькоў.
3. Разм. Пачаць бойку, спрэчку і пад. з кім‑н. Сымон яшчэ змалку паказаў сваю злосць. Раз ён завёўся за нешта са сваёй сястрой Марцэляй. Колас. — Я сам злосны і, магчыма, бываю несправядлівы. .. Дык што ты, і мяне знішчыш? — горача насядаў Ходас на Косцю. — Завёўся ўжо! — папракнула яго Вера. Шамякін.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачаць дзейнічаць у выніку заводу 2 (у 1 знач.). Гадзіннік завёўся. Матор завёўся.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)