адцягну́ць сов.

1. (отодвинуть, переместить; насильно отвести в сторону) оттащи́ть, оттяну́ть;

2. (отвести, отвлечь) оттяну́ть;

а. сі́лы з фла́нга — оттяну́ть си́лы с фла́нга;

3. (на прежнее место) оттащи́ть;

а. са́ні на ме́сца — оттащи́ть са́ни на ме́сто;

4. (сделать отвислым) оттяну́ть;

а. кішэ́ні — оттяну́ть карма́ны;

5. (что-л. натянутое) оттяну́ть;

а. шнур — оттяну́ть шнур;

а. ску́ру на жываце́ — оттяну́ть ко́жу на животе́;

6. тех. (удлинить путём ковки) оттяну́ть;

7. перен. (отклонить от чего-л.) отвле́чь;

а. ува́гу — отвле́чь внима́ние;

8. перен. (отнести на более длительный срок) оттяну́ть;

а. вынясе́нне прыгаво́ру — оттяну́ть вынесе́ние пригово́ра;

за ву́шы не адця́гнеш — за́ уши не отта́щишь

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

слі́згаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Рухацца па гладкай, слізкай паверхні, не адрываючыся ад яе. Лёгка і мякка слізгаюць палазы, пакідаючы за сабой па некранутай белі дзве раўнюткія палосы. Машара. Конь пляцецца нага за нагу, і сані слізгаюць амаль нячутна. Асіпенка. // Не мець устойлівасці, слізгацца, саслізгваць. Косцік абхапіў рукамі камель і, перабіраючы нагамі, пачаў карабкацца на хвою. Спачатку справа ішла на лад, але там, дзе пачынаўся гладкі ствол, рукі слізгалі і нельга было лезці далей. С. Александровіч.

2. перан. Плаўна, лёгка рухацца, перамяшчацца. Шпарка слізгаюць лодкі па вадзе. В. Вольскі. Павольна слізгае ўніз па Белай баржа. Данілевіч. / Пра самалёты, пра птушак. Ён [планёр] ледзь пагойдваў крыллямі і бязгучна слізгаў над вяршынямі стромкіх елак. Даніленка. У суладным сваім палёце .. [статак вераб’ёў] імкліва слізгае ўбок, пасля ўвесь разам — у другі. Быкаў. // Пры перамяшчэнне руху, надзенні дакранацца да чаго‑н., кранаць што‑н. Вудзільна пра[соўва]ецца праз кальцо, якое затым слізгае ўніз па лёсцы і сваёй вагой ударае па кручках. Матрунёнак. Фанера на спецыяльных петлях слізгала па дроце плаўна, без рыўкоў. Шыловіч. // Паўзці (пра паўзуноў). Лясных палохаючы птахаў, Слізгаў маланкай, гнуткі, ён [вуж]. Грачанікаў.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Плаўна пераходзіць з прадмета на прадмет (пра святло, цені і пад.). Моцны прамень пражэктара слізгае па бліскучых рэйках, выхоплівае з цемры дзівосныя малюнкі навакольнага пейзажу. Васілёнак. Позірк агранома то загрымліваўся на экспанатах сельскагаспадарчых культур, то слізгаў па партрэтах Герояў Сацыялістычнай Працы. Стаховіч.

•••

Слізгаць па паверхні чаго — не паглыбляцца ў сутнасць чаго‑н., абмяжоўвацца знешнім бокам з’яў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уцягну́ць, уцягну, уцягнеш, уцягне; зак., каго-што.

1. Цягнучы, завалачы, увалачы каго‑, што‑н. у што‑н. Уцягнуць сані ў вазоўню. □ Абедзвюма рукамі Аўгіння падхапіла цяжкае цела і ўцягнула ў хату. Дзятлаў. // Сілаю ўвесці ў якое‑н. памяшканне, унутр чаго‑н. — Біттэ, біттэ, — зноў запрасіў.. немец у акулярах, а другі, у жоўтых скураных пальчатках, узяў Раю за руку і сілаю ўцягнуў у машыну. Арабей.

2. Усунуць у якую‑н. адтуліну што‑н. Уцягнуць нітку ў іголку. □ І ніхто нават не згледзеў, як уцягнула.. [бабіна дачка] ў чар[а]ціну моцны сталёвы прут. — Ідзі, — кажа ўдовінаму сыну. Ён і пайшоў па чар[а]ціне. Якімовіч. // Зашнураваць. Уцягнуць шнуркі ў чаравікі.

3. Удыхнуць. Пярэдні мамант падняў угару хобат, з шумам уцягнуў паветра і затрубіў. В. Вольскі. Нос казытала свежая, толькі што скошаная трава, якая пачынала ўжо набываць пах сена. Міхась уцягнуў у лёгкія саладкаваты ап’яняючы водар. Дамашэвіч.

4. Утуліць, увабраць унутр (галаву, шчокі, жывот і пад.). Паліводскі ўцягнуў ніжнюю губу ў рот і сціснуў яе. Чорны. [Алег] скурчыўся, уцягнуў шыю ў плечы, але не пакідаў сачыць за ракой. Гамолка. Сотнікаў ўцягнуў галаву ў каўнер, трохі прыхінуўся плячом да.. спіны Рыбака і заплюшчыў вочы. Быкаў. // безас. Запасці. Яму ўцягнула жывот. Шчокі ўцягнула.

5. перан. Угаварыць, схіліць каго‑н. уступіць у што‑н., прыняць удзел у чым‑н. Уцягнуць таварыша ў драмгурток. Уцягнуць у спрэчку. □ Як хлопцы ні стараліся ўцягнуць мяне зноў у сваю кампанію, я не паддаваўся. Сабаленка. На кавалкі разрывалася Дуня, каб стварыць атмасферу весялосці і ўцягнуць у яе малазнаёмага тут новага настаўніка. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хці́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які імкнецца ўзяць сабе, атрымаць, мець у сябе як мага больш чаго‑н. Скупы багацей пасадзіў вялікі вінаграднік і вельмі баяўся зладзеяў і хцівых зайздроснікаў. Страх прымусіў яго абнесці сад вялізнай сцяной. Майхровіч. Хцівыя да чужога багацця, акупанты наспех вывозілі ва ўсходнюю Прусію ўсё, што траплялася пад руку. «Маладосць». // Які выражае хцівасць. Сам Банадысь, .. пакуль сесці ў сані, ішоў побач з канём. Ля студні кінуў хцівае вока на Ладымера: — Гэта ж у цябе вядро новае! Чорны. // Пражэрлівы, ненасытны, прагны. Наўкол лясы, лясы, лясы, А над лясамі хцівы, дужы, Як і ў далёкія часы, Яшчэ каршун злавесна кружыць. Грахоўскі.

2. Скупы, карыслівы. Пад маскай «прыстойнасці» і ціхай пакорлівасці лёсу праяўляецца ў ім небяспечны драпежнік, хітры дзялок, хцівы і бессардэчны «накапіцель». Перкін. // Заснаваны на карыслівасці, імкненні да асабістай выгады. Ёсць і такія інтарэсы між самімі людзьмі. Не ў варожым стане, а між сваіх. Інтарэсы дробныя, хцівыя. Грамовіч. Паэт парадзіруе валацужную рамантыку, якая фактычна маскіруе хцівую пагоню за нажывай. Бярозкін.

3. Пажадлівы. Ядвісю хмурым майскім ранкам Наведаў хцівы Яська Смык.. — Я вамі жыў і штодзень марыў, Каб мне дасталіся хутчэй. Пушча. // Які выражае пажадлівасць. Іваноўскі хцівымі вачыма глядзеў на артыстку. Новікаў. [Анежка] ўспомніла сухі і злосны твар Парэчкуса, пагляд яго хцівых вачэй, і яе ўсю закалаціла. Броўка. // знач. наз. хці́вы, ‑ага, м. Чалавек, які вызначаецца прагнасцю да нажывы, карыслівасцю, скупасцю. Якім трэба быць бяздушным, хцівым, каб прымушаць працаваць цяжка хворага чалавека. Дадзіёмаў. [Леў Раманавіч:] — А не паспеў чалавек як след агледзецца, зямля даставалася другому, багатаму, хціваму. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калама́жка1 ’лёгкая выязная павозка на рысорах’ (БРС, ТСБМ; гродз., З нар. сл.; Касп., Нас., Серж. Грам., Чач., Шат., Янк. 3.), ’сялянскі воз’ (карэліц., Сцяш.), ’беларускі воз’ (Шпіл.), ’воз’ (дрыс., КЭС), коломажка ’малыя выязныя сані’ (ТС), каламажка ’тачка’ (Жд. 3), кылымажка ’прыгожая павозка’ (Нік., Оч., апісанне рэаліі, с. 373). Укр. усх.-палес. каламашка ’воз прымітыўнай канструкцыі’, рус. дыял. каламажка, каламашка, коламажка, колымажка і колымашка ’двух- або трохколавыя тачкі, вазкі; павозкі і да т. п.’ Махэк (2, 269) без асобых падстаў лічыць, што бел. каламажка ўзыходзіць да ст.-польск. kolimaga (хутчэй ужо ад формы kolomaga). Магчыма, усх.-слав. дэрыват ад колымага ’воз, павозка’ з наступнай асіміляцыяй галоснага. Апошняе слова вядома шэрагу слав. моў: бел. калымага, укр. колимага, рус. колымага, польск. kolimaga і kolomaga (XV–XVI стст.), ст.-чэш. kolimah, чэш. дыял. kolmaha, славац. kolimaha ў значэннях, падобных да вышэй прыведзеных ’воз; тачка і інш.’ Серб.-харв. kolimog ’шацёр’ у кнізе, напісанай ц.-слав. мовай XIII ст. У рус. ц.-слав. колимогъ, колимагъ ’шацёр і інш.’, колымагъ, коъмагъ ’tentorium стан’. RHSJ (5, 205) мяркуе аб тым, што слова, або па меншай меры аснова, яшчэ праславянская, аднак памылкова далучае сюды літ. kalmogas (параўн. у Фрэнкеля, 207: kalmõgai ’від павозкі’, з бел.). Слаўскі (2, 34) больш асцярожна дапускае магчымасць даўняга (яшчэ прасл. дыял.) запазычання. Мяркуюць аб запазычанні з усходу, найбольш абгрунтаваным лічыцца распрацаваная Менгесам, ZfslPh, 23, 327–334, версія (якая ўзыходзіць да выказанай Кортам у рускім акадэмічным слоўніку думкі) аб суаднясенні слав. лексемы з племянной назвай калмыкаў Xalʼmag (*gali‑mag), пры гэтым мяркуецца, што значэнне ’высокія вазы-шатры’ было запазычана. Гэта верагодна з культурна-гістарычнага погляду і пацвярджаецца рус. мажара ’воз’ ад назвы венграў — мадзьяр, гл. Трубачоў, Дополн., 2, 291. Іншыя этымалогіі не пераконваюць на шэрагу прычын, параўн. агляд версій у Фасмера, 2, 291; Слаўскага, 2, 34–35.

Калама́жка2 ’чарнільніца’ (шчуч., Сцяшк.). Рэгіянальны дэрыват ад каламаж ’тс’, якое з польск. kałamarz. Адносна этымалогіі апошняга гл. каламар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́га ’струменьчык чаго-небудзь вадкага’ (ТСБМ), ’пісаг’, ’пацёк поту’ (Сцяшк.), ра́гі ’сляды на брудным ад пылу твары’ (слонім., Арх. Бяльк.), ’пацёкі поту ці слёз’ (ЛА, 4; Сцяшк. Сл.), суфіксальныя ўтварэнні ад таго ж кораня рага́йды, рага́лы ’нацёкі поту ці слёз’ (Сцяшк. Сл., ЛА, 4), ’нацёкі на запацелых вокнах’, ’пацёкі на дзвярах пасля фарбавання’, ’брудныя плямы’ (Сл. ПЗБ). Версіі пра балцкае паходжанне слова — з літ. rãgas ’рог’ і вытворных ад яго ragava, raguva ’роў’ (Весці АН БССР, 1969, 4, 128), літ. rȧ́gtis, riáugtis ’хмурыцца, збірацца на дождж’ (Грынавяцкене, LKK, 30, 116); з літ. rãgės, rõgutėsсані’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 147) або з regė́ti ’бачыць’ (Саўка, Запісы, 23, 56) — падаюцца малаверагоднымі. Параўнанне з славен. rag, raga ’лядзяш’, а таксама srag, srága ’капля поту, крыві, слёз’, харв. дыял. srȁga ’капля’, ’дахавы жолаб’, дзе пачатковае s‑ можна патлумачыць як s‑mobile, таксама выклікае пэўныя цяжкасці пры этымалагізаванні. Цяжка схіліцца да якой-небудзь канкрэтнай версіі: або звязваць са ст.-інд. sárga ’струменьчык, які цячэ, ліецца’, sṛjáti ’цячы’, або рэканструяваць *sporga і параўноўваць з лац. spargo ’раскідваць’, ’рассыпаць’, або ўзводзіць да *sréz < *kʼerg. Іншыя мяркуюць, што зыходным значэннем srága было ’кропля’ і адмаўляюць сувязь з літ. sir̃gti ’быць хворым’, а выводзяць з *sorəga да і.-е. *serH‑ ’цячы’, ст.-інд. sárati ’цячы’, sárga ’ліе’, якія з *selgʼ (агляд версій гл. Бязлай, 3, 301; Скок, 3, 314; Куркіна, Диал. структура, 117). Бязлай прапануе таксама іншае тлумачэнне славенскай лексеме. Улічваючы, што існуе словазлучэнне potne srage ’кропелькі поту’, ён збліжае слова з літ. sir̃gti ’быць хворым’, pasargà ’хваравітая слабасць’, лат. sìrgt ’быць хворым’, sērga ’хвароба’. Паколькі ў славенскай і сербска-харвацкай мовах ёсць словы kapja, kap са значэннем ’хвароба’, то ён мяркуе, што значэнне ’апаплексія’, ’сардэчны ўдар’ з’явілася ў славенскай лексеме раней за ’капля’, якое пазней выцесніла яго (Бязлай, Eseji, 116–117). Іншай думкі прытрымліваецца Борысь (ЗФЛ, 25, 2, 17; Czak. stud., 45–46); далучаючыся да рэканструкцыі Міклашыча (316) прасл. *sorga, ён канстатуе яе няпэўнасць у сувязі з адсутнасцю іншаславянскіх адпаведнікаў. Улік беларускіх адпаведнікаў схіляе да прасл. *(s)ōrga, што ўяўляе ступень чаргавання да *rogъ (параўн. Бязлай, 3, 144), гл. рог1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рог1 ’цвёрды выраст з касцявога рэчыва на галаве ў некаторых жывёл’, ’востры, загнуты канец чаго-небудзь’, ’зуб у вілах’, ’музычны або сігнальны інструмент’ (ТСБМ, Нас., Шат., Бяльк., Сцяшк., Ян., Сл. ПЗБ, ТС, Выг.), ’пастухова труба’ (ТС), укр. ріг, рус. рог, польск. róg, н.-луж. rog, в.-луж. roh, палаб. rüg, чэш., славац. roh, славен. rọ̑g, rûg, rûəx, серб. ро̑г і харв. rȏg, макед. рог, балг. рог, ро́гът, рогъ́т, ст.-слав. рогъ. Прасл. *rogъ. Роднаснымі з’яўляюцца літ. rãgas ’рог’, ’мыс’, ’шышка’, лат. rags ’рог’, raguolis ’ручка плуга’, ст.-прус. ragis ’рог’, ragìngis ’алень’ (Міклашыч, 280) ’рог’, rãgės, rãgos, rãgutės, лат. ragavas, ragus, raguteles ’простыя сані’ (Буга, Rinkt., 2, 533; Траўтман, 235; Мюленбах-Эндзелін, 3, 465). Далей не зусім ясна. Міклашыч (RHSJ, 14, 122) выводзіць яго з *krogъ. Сной (Бязлай, 3, 191) услед за Фрэнкелем (684), Праабражэнскім, 2, 207, Махэкам₂ (515) мяркуе, што першасным было *rógo‑ ’вытыркацца’, параўн. літ. regė́ti, лат. redzêt ’спаглядаць з вышыні’, літ. ragáuti, rãginti, r(i)ogsóti ’узвышацца’, rógas, ruogùs ’куча, груда зямлі, тарпа сена, жыта’. Сумніўнае сцвярджэнне Младэнава (562) пра паходжанне *rogъ з і.-е. *rogh‑ (Фасмер, 3, 489). Гл. таксама БЕР, 6, 288; ESJSt, 13, 775. Сюды ж: рожкі ’матавіла’ (калінк., Мат. Гом.), ’відэлец’ (Мат. Гом.), ’матыка з зубцамі’, ’мач, прылада, якою скідаюць гной з воза’ (ст.-дар., ЛА, 2), ’прылада ля касы для збірання падрэзаных сцяблоў’ (ПСл), і, магчыма, рожкі ’спарыння’ (каліну Сл. ПЗБ), ро̂жкі́, ражкі ’тс’ (стол., в.-дз., ЛА, 5).

Рог2 ’месца, дзе сутыкаюцца два знешнія бакі аднаго прадмета’, ’вугал’, ’вугал дома знадворку’, ’месца, дзе збягаюцца перпендыкулярныя вуліцы’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Шат., ТС, Растарг.), ’вугал воза’ (чэрв., лід., Сл. ПЗБ), ’вугал у страсе, стозе’ (ТС), ’клінападобная частка балота, клін поля, лесу, лугу, вёскі; лука, паварот ракі’ (Яшк., ТС, Выг.), ’кут’ (Бяльк.), ’кут, край’ (Ян.), ’канец сяла’, ’куток у садзе’ (Жд. 1), ро́гі ’перасячэнне схілаў страхі з бакоў’ (палес., Нар. сл.), ’канец у хустцы’ (Ян.), ро́жкі ’канцы хусткі на галаве ў жанчыны’ (Растарг.) — у выніку пераносу значэння паводле падабенства з рог1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

радавы́ 1, ‑ая, ‑ое.

1. Звычайны, просты, які нічым не вылучаецца сярод іншых. Радавы выпадак. Радавы чытач. □ Камандзір «Міцька» — гэта быў радавы савецкі чалавек, камсамолец з кубанскай станіцы. Брыль. [Асташонак:] — Жыццё ствараюць звычайныя, радавыя людзі. Іх — мільёны! Знатных жа — адзінкі. Ваданосаў. // Такі, які не займаецца кіруючай работай. Гаварылі стары майстар, інжынер, радавыя рабочыя. Кавалёў. / у знач. наз. радавы́, ‑ога, м. Партыя. Я — адзін з яе радавых. Танк.

2. Які не належыць да каманднага саставу; не з’яўляецца камандным (пра ваеннаслужачых). Радавы салдат. □ Між тым якраз у той час праславіўся дзед Талаш як ваяка, ды які яшчэ ваяка: чырвоны партызан, і не радавы, не просты партызан! Колас. // у знач. наз. радавы́, ‑ога, м. Салдат. [Васіль] прайшоў праз усю вайну. Вырас з радавога да капітана, камандзіра роты. Шамякін. Для ўсіх — і радавых і генералаў — Нялёгкім быў той першы год вайны. Прыходзька.

радавы́ 2, ‑ая, ‑ое.

Тое, што і радковы. Радавая пасадка бульбы. Радавая веялка.

радавы́ 3, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да роду (у 2 знач.). Спраўляць радавы абрад.

2. Які пераходзіць у адным родзе з пакалення ў пакаленне; спадчынны; родавы. Радавая маёмасць. Радавая прафесія. Радавая спадчына. □ Пальцы [Луцкевіча] ўпрыгожвалі два масіўныя пярсцёнкі: адзін з пячаткай, на якой быў радавы шляхецкі герб «Навіна», на другім — масонскі знак. Машара. Сані з целам павольна прасоўваліся па снежнай дарозе да радавога маёнтка. Караткевіч.

радавы́ 4, ‑ая, ‑ое.

Зроблены з грубай ільняной пражы; зрэбны. Радавая тканіна. // Звязаны з апрацоўкай такой пражы і вырабам тканіны з яе. На сход прыйшлі былі Цімох з Лявонам; зайшла Макрына да Атрахіміхі — адносіла пазычанае радавое бёрда ў адзінаццаць з палавінаю пасмаў. Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

часа́ць 1, чашу, чэшаш, чэша; незак.

1. што. Распраўляць, прыгладжваць валасы пры дапамозе грэбеня; прыводзіць у парадак валасы. Часаць валасы. □ Каса ж мая, косачка, каса русая, Часала я косачку дзевятнаццаць год, Прайграла я косачку ў адзін вечарок. З нар.

2. што. Ачышчаць лён, пяньку ад кастрыцы пры дапамозе грэбеня. Часаць лён. □ Ганна і сапраўды нагнулася пад тапчан, дастала адтуль драўляны грэбень, якім чэшуць кудзелю. Чыгрынаў. // Расчэсваць воўну на ваўначосцы. Не толькі з Багульнікаў, а і з суседніх вёсак людзі неслі і везлі часаць воўну і валіць сукно. Сабаленка.

3. Разм. Энергічна, старанна рабіць што‑н. (звычайна бегчы, танцаваць і пад.). У доўгай зрэбнай кашулі, без шапкі, .. [дзядуля] бойка чэша басанож па асфальце, прыстуквае кіёчкам, і вецер варушыць яго белыя касмылі. Ракітны. Гарэзна пляскаючы ў ладкі, Дзяўчына лёгка стан нясе, А хлопец чэша ўпрысядкі, Ваўчком крутнуўся на назе. Гаўрусёў. // Бойка гаварыць. «Бач, як чэша, быццам акадэміі прайшоў», — здзіўлена падумаў Аляксей. Новікаў.

4. перан.; што. Пільна абшукваць або прастрэльваць якую‑н. мясцовасць; прачэсваць. — Б’юць наўздагад. Лес «чэшуць», — прыслухаўшыся, абвясціў Крамнёў. Шашкоў.

•••

Часаць язык (языком, языкі, зубы) — пляткарыць, балбатаць.

часа́ць 2, чашу, чэшаш, чэша; незак., што.

1. і без дап. Секучы ўздоўж, здымаць паверхневы слой дрэва або каменя, каб выраўнаваць або надаць патрэбную форму. Часаць бярвенне. □ Ля кузні былі відаць белыя стужкі — там удзень Падбярэцкі часаў клён на абады. Пташнікаў. Будаўнічая брыгада — Габлюе, Чэша, Крые дах, Даводзіць вокны, Столь да ладу. Корбан.

2. што. Вырабляць з дрэва, каменя, апрацоўваючы такім чынам; вычэсваць. Даніла справаю заняты — На сані чэша капылы. Колас.

•••

Хоць кол на галаве чашы каму — пра ўпартага, няўступчывага чалавека, які стаіць на сваім, не паддаецца ўгаворам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак.

1. чаго. Паставіць у значнай колькасці. Дома маці наставіла на стол, што толькі мела. Якімовіч. Стагоў сёлета калгас .. наставіў шмат: была добрая трава. Пташнікаў. // Пабудаваць значную колькасць чаго‑н. Замест жа хібарак, панылых цямніц, Наставім прыгожых святліц. Колас.

2. што. Накіраваць на каго‑, што‑н., у бок каго‑, чаго‑н.; нацэліць. Салдат наставіў на.. [маладога чалавека] аўтамат. Чорны. Начальнік паліцыі падышоў і наставіў пісталет упрытык да грудзей. Новікаў.

3. што. Выставіць наперад; выцягнуць. Зося наставіла рукі і адступалася назад. Крапіва.

4. што. Накіраваць на каго‑, што‑н. (позірк, вочы і пад.). Шляхціц наставіў на пана спалоханыя вочы. Бядуля.

5. што. Падняць, зрабіць стаячым (каўнер). Люба схавала сшытак, наставіла каўнер у кажушку і развіталася. Мурашка. [Аўсееў] наставіў каўнер і нерашуча ступіў у змрок ночы. Быкаў. // Падняць, натапырыць насцярожана (вушы, шэрсць і пад.). Конь ірвануў сані ў бок ад Панаса, наставіў палахліва вушы і пабег шпарчэй. Галавач. Хіб наставіў звер калматы. Вітка.

6. што. Разм. Паставіць грэцца (пра самавар). [Марына Паўлаўна:] — Я наставіла самавар — зараз будзе гатоў. Зарэцкі.

7. чаго. Разм. Пабоямі нарабіць (сінякоў, гузакоў). Наставіць сінякоў. □ За выпасы нямала вялося гарачых спрэчак паміж ніўскімі і нізоўскімі начлежнікамі, нямала наставілі адзін аднаму гузакоў. М. Ткачоў.

8. што. Павесіць, надзеўшы на што‑н.; навесіць. Шэмет моўчкі падышоў да варот і пачаў спрабаваць наставіць вароты на крук. Лобан.

•••

Акуляры наставіць каму — падмануць каго‑н., паказаўшы што‑н. у значна лепшым выглядзе, чым ёсць на самай справе.

Наставіць (натапырыць) вушы — пачаць прыслухоўвацца.

Наставіць (навесці) на дарогу — навучыць чаму‑н., дапамагчы ўладкавацца ў жыцці.

Наставіць (навесці) на розум — даць разумную параду, навучыць чаму‑н. добраму.

Наставіць рогі каму — а) здрадзіць мужу; б) стаць палюбоўнікам чыёй‑н. жонкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)