са́ні, -е́й.

Зімовая павозка на двух палазах.

Паехаць у санях па дровы.

|| прым. са́нны, -ая, -ае.

С. след.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Са́ні

назоўнік, уласны, неадушаўлёны, неасабовы, множны лік, множналікавы

мн.
Н. Са́ні
Р. Са́няў
Д. Са́ням
В. Са́ні
Т. Са́нямі
М. Са́нях

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

са́ні

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, множны лік, множналікавы

мн.
Н. са́ні
Р. сане́й
Д. саня́м
В. са́ні
Т. саня́мі
М. саня́х

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

са́ні (род. сане́й) ед. нет са́ни; (простые сани) дро́вни, ро́спуски;

◊ не ў свае́ с. не садзі́ся — посл. не в свои́ са́ни не сади́сь; всяк сверчо́к знай свой шесто́к;

які́я са́мі, такі́я і с. — погов. каковы́ са́ми, таковы́ и са́ни; по Се́ньке и ша́пка;

глядзе́ць на папо́вы с. — дыша́ть на ла́дан

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

са́ні, ‑ей; адз. няма.

Зімовая павозка на палазах. [Кастусь:] — Зіма наша вядома якая — сёння ў санях, заўтра ў калёсах. Брыль. [Сымон:] — Эх, каб сняжок, запрог бы кабылу ў сані. Чарнышэвіч.

•••

Фінскія сані — сані ў выглядзе крэсла, прымацаванага на доўгіх металічных палазах.

Глядзець на паповы сані гл. глядзець.

Сесці не ў свае сані гл. сесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сані 9/352—353 (іл.); 10/189

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

СА́НІ,

палазовы трансп. сродак, які шырока выкарыстоўваецца зімой, калі ўстанаўліваецца снежнае покрыва. С. возяць коні, алені, сабакі. Да С. адносяцца простыя С., нарты народаў Поўначы і розныя віды С. з кузавам. С. больш старажытныя, чым калёсная павозка, яны былі вядомы не толькі ў паўн. народаў, але і ў паўд. краінах. С. выкарыстоўвалі ў пахавальным абрадзе ў Стараж. Егіпце і Стараж. Русі. У сярэдневякоўі важныя службовыя асобы рабілі ўрачыстыя выезды на С. і летам. Існуюць таксама С. і без палазоў: некат. віды валакушы, табаган канадскіх індзейцаў і інш. У наш час у розных галінах гаспадаркі на Крайняй Поўначы выкарыстоўваюць аэрасані. С. выкарыстоўваюцца таксама ў спарт. мэтах (гл. Санны спорт).

На Беларусі архаічныя С. мелі натуральныя, крыху выгнутыя кверху палазы з абрубкамі сукоў, што выконвалі функцыю капылоў. Эвалюцыя С. ішла па шляху функцыянальнага і сац. размежавання, што абумоўлівала іх тыпалагічную разнастайнасць і канструкцыйныя асаблівасці. Паводле прызначэння ўсе С. можна падзяліць на некалькі тыпаў: звычайныя рабочыя, кары (лесавозы), выязныя (вазкі) і ручныя (санкі). Найб. пашыраны былі рабочыя С. У тыповым варыянце ўяўлялі сабой 2 палазы, злучаныя па капылах гнуткімі (часцей дубовымі) вязамі, якія загіналіся канцамі на 180° вакол пары процілеглых капылоў. Паўзверх вязаў на канцы капылоў паралельна полазу набіваліся драўляныя брускі (намарзня, намаржня, наклеска). У адным выпадку палазы мелі натуральна выгнутую галоўку (копанкі, копані), у другім — іх гнулі пасля распаркі з дубовага, ясеневага, вязавага дрэва на спец. прыстасаванні — гбале (шаблон па форме полаза, высечаны ў калодзе або зроблены на сцяне пабудовы). Выгнутую форму фіксавала іцвіна (папліска) — хордавая перакладзіна, што злучала галоўку полаза з пярэднім капылом. За пярэднія капылы нярэдка мацавалі і аглоблі для коннай ці валовай запрэжкі. Перакрыццё С. утваралі дошкі ці луб, што накладваліся паверх вязоў. Для павелічэння пагрузачнай пляцоўкі ўладкоўвалі развалкі (розвальні). У сял. гаспадарцы рабочыя С. выконвалі універсальныя функцыі. Адносная лёгкасць канструкцыі дазваляла выкарыстоўваць іх для пасажырскай язды, пры гэтым у задняй частцы С. устанаўлівалі трохбаковую крацістую драбінку накшталт кузава вазка. Пры перавозцы малагабарытных і сыпкіх грузаў, паездцы на мясц. рынак і інш. паверх С. ставілі плецены паўкош (палукаш). Рабочыя С. выкарыстоўвалі замест караў пры перавозцы лесу; для гэтага на намаржні ўпоперак С. мацавалі тоўсты брусок (лісіцу), на які клалі камлёвую частку бервяна, а пад верхавіну падводзілі падсанкі, якія амаль не адрозніваліся па форме ад рабочых С., але мелі меншыя памеры. Іх выкарыстоўвалі для розных дробных перавозак, работы каля дому, у святочных катаннях і інш.

Выраб С. нярэдка вылучаўся ў самаст. промысел. У панскіх маёнтках і дзярж. эканоміях існавалі асобныя «службы санніцкія», майстры якіх былі вызвалены ад цяглавых павіннасцей. Напр., паводле інвентара Ваўкавыскага двара, саннікі складалі асобны пасёлак з 8 службаў. Санны промысел быў пашыраны ў сельскай мясцовасці як вытв-сць на заказ і на рынак. Часта ён існаваў неаддзельна ад стальмашнага рамяства, што тлумачылася падобнай тэхналогіяй і універсальнымі навыкамі майстроў. У пач. 20 ст. пашырылася кааперацыя саннага і кавальска-слясарнага промыслаў: у С. павялічвалася колькасць жал. дэталей, на якія прыпадала найб. эксплуатацыйная нагрузка; палазы сталі больш тонкія і падбіваліся паласавым жалезам; іцвіны замянялі жал. стрыжнямі; акоўка давала магчымасць шырэй выкарыстоўваць замест вязоў брусковыя папярочнікі. У наш час традыц. С. ўжываюцца ў сельскім побыце пры перавозках на кароткія адлегласці і ў асабістых гаспадарках.

В.​С.​Цітоў.

Сані.

т. 14, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

са́ні мн. Schlítten m -s, -;

◊

се́сці не ў свае́ са́ні éine Stéllung éinnehmen*, die éinem nicht zúkommt;

рыхту́й са́ні ле́там, а калёсы зімо́й ≅ vórgebaut ist gut gebáut; der klúge Mann baut vor

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

Са́ні ’зімовая павозка на палазах’, са́нкі ’памяншальнае да сані’ (Касп., Сцяшк., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Шушк.), ’сківіцы; ніжняя сківіца’ (Бяльк., Гарэц.; арш., докш., КЭС; Шатал., Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Гом.), санькі ’санкі’ (Янк. 1), sanka ’часць плуга, па якой ён сунецца па зямлі’ (Тарн.), са́ннік ’майстар рабіць сані’ (Янк. 3., Гарб.), санны́к ’колькасць сена або саломы, што змяшчаецца на санках’ (Сл. Брэс., Клім.). Укр. са́ни ’сані’, са́нка ’полаз’, рус. са́ни, ст.-рус. сани, ст.-рус., ц.-слав. сань ’змяя’, польск. sanie, sanki ’сані’, sannice ’палазы’, в.-луж. sanje, н.-луж. sáne ’сани’, чэш. sáně ’сані; сківіцы, скула’, saň ’дракон, змей’, славац. sane ’сані’, серб.-харв. са̏они, славен. sanȋ, балг. са́нка ’сані’. Слова не вельмі яснага паходжання. Запазычанне з фін. cionne ’від саамскіх саней’ (Каліма, RS, 6, 82 і інш.) або набліжэнне да тат. čana ’сані’, казах. šana, манг. čana, бурац. sana ’санкі, лыжы’ (Радлаў, 4, 286; Рамстед — гл. Фасмер, 3, 556–557) адвяргаецца шэрагам аўтараў, якія схіляюцца да славянскага паходжання слова, гл. Фасмер, там жа з літ-рай. Звярталася ўвага на паралелізм значэнняў ’сані, санны полаз’, ’змяя’ у слова сані і полаз ’санны полаз, змяя’. Узнаўляецца прасл. *sanь (Шустар-Шэўц, 2, 1269) або *sani (Махэк₂, 537; Сной₁, 554). Агульнай назвы для саней у індаеўрапейскай мове няма. Найбольш пераканаўчым лічыцца параўнанне з літ. šónas ’старана’, лат. sãns ’тс’, першапачаткова ’рабро’. Сувязь з грэч. σανίς ’паля; бэлька, тоўстая дошка’ лічыцца сумніцельнай. Гл. Зубаты, AfslPh, 16, 416 і наст.; Мюленбах-Эндзелін, 3, 804 і наст.; Траўтман, 298. Абаеў, 1, 398 параўноўвае слав. словы з асец. з̌опуд̌/сопӕд̌ ’сані; сківіца’. Гл. яшчэ БЕР, 6, 476–478; Борысь, 538.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сані / нізкія шырокія без спінкі: развалкі / са спінкаю: вазок

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)