Рэ́ўцянь1 ’расліна каля рэчкі з тоўстым пустым у сярэдзіне ствалом’ (Бір. Дзярж.). Па апісанні падобна, што гаворка ідзе пра баршчэўнік Сасноўскага (Heracleum sosnowskyi). Паколькі сок расліны можа выклікаць апёкі скуры чалавека, можна дапусціць паходжанне назвы ад раўці (гл.), параўн. яшчэ рэвоцень ’плакса’. Семантычная паралель у рускай мове: крикун, крыкун ’расліна Cicuta virosa L.’, гэтай раслінай часта атручваюцца буйныя рагатыя жывёлы, беларуская назва шалей (гл. шал).

Рэ́ўцянь2 ’бадзяга’ (Сцяшк. Сл.). Высушаная расліна — народны сродак ад рэўматычных і іншых боляў. Відавочна, ад раўці (гл.), таксама гл. рэўцянь1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трын-трава́ ‘ўсё адно, усё роўна, хоць бы што’ (ТСБМ), ‘дробязь, тое, што не заслугоўвае аніякай увагі’ (Юрч. Фраз.). Параўн. рус. фалькл. трын былинушка трава ‘нейкая трава’ (СРНГ), аргат. трын‑трава ‘каноплі’ (Шчарбакова-Бруева, Соц.-корп. лексика, 174). Разглядаецца як русізм у беларускай мове; рус. трын‑трава перакладаецца як тынь-трава або апісальна: ему все трын‑трава — яму хоць бы што (Некр. і Байк.). Аналагічна Станкевіч (Язык, 948) адносна рус. трынь-трава, для якога прапануецца ў якасці адпаведніка народны фразеалагізм, запісаны на Чэрвеньшчыне: ані шум баравы. Гл. трынь-трава, тынь-трава.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пры́зма, ‑ы, ж.

Спец.

1. Шматграннік з дзвюма роўнымі паралельнымі асновамі (шматвугольнікамі) і бакавымі гранямі-паралелаграмамі.

2. Прадмет такой жа формы, звычайна трохграннік, з празрыстага рэчыва, які служыць для раскладання святла ў спектр, для змены напрамку светлавых праменяў і для іншых мэт; прымяняецца ў аптычных прыборах.

•••

Праз прызму чаго — з пазіцый чаго‑н. (глядзець, назіраць і пад.). Народны пясняр бачанае і чутае ў дзяцінстве па-мастацку асэнсаваў, прапусціў праз прызму паэтычнага абагульнення. С. Александровіч.

[Грэч. prisma.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падаві́ць, ‑даўлю, ‑давіш, ‑давіць; зак., каго-што.

1. Сілай пакласці канец чаму‑н. Падавіць паўстанне. □ Немцы прымалі крутыя меры, каб падавіць народны рух. Мікуліч. // Прымусіць перастаць страляць. Падавіць агонь праціўніка. □ Прыбег сувязны ад Зайцава і далажыў, што нямецкі кулямёт падавіць не ўдаецца. Мележ. — Таварыш сержант, дазвольце падавіць дзот, — папрасіў Пеця. Сіняўскі. // перан. Стрымаць, не дазволіць стаць большым (аб пачуццях). Трэба было ўзяць сябе ў рукі, сілай волі падавіць нерашучасць. Новікаў.

2. Раздушыць, перадавіць усё, многае або ўсіх, многіх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

балага́н, ‑а, м.

1. Часовы будынак (з дошак, фанеры, парусіны) для тэатральных, эстрадных, цыркавых паказаў на кірмашах, народных гуляннях. // Разм. Лёгкае збудаванне, звычайна з дошак, для гандлёвых патрэб, пад жыллё і пад.

2. Старадаўні народны вандроўны тэатр; тэатральнае відовішча з прымітыўным сцэнічным афармленнем. Пачынаецца прадстаўленне інтэрмедыі вандроўнага балагана пад назвай «Казак». В. Вольскі. // Пра што‑н. несур’ёзнае, непрымальнае; камедыянства. Дачасна цешыцеся, гады... Саюз рабочых і сялян Змяце, як логавішча здрады, Увесь часовы балаган. Глебка. // перан. Разм. зневаж. Пра што‑н. бязладнае, шумнае, грубае.

[Перс. bālāhānä.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́тчын, ‑а.

1. Які належыць матцы (у 1 знач.). Матчына хата. Матчын голас. □ Аленка і Юрка садзяцца на зямлі каля матчынага ложка. Купала. // Які мае адносіны да маткі (у 1, 2 знач.), уласцівы ёй. Матчына ўцеха. Матчына ласка. □ Паўгода я быў матчынай нядоляй: кашляў, кашляў і кашляў. Бядуля. Наталля з матчыным пачуцц[ё]м глядзела на Клаву. Чорны. // Такі, як у маткі (у 1, 2 знач.). Вочы ў Святланы карыя і хітраватыя, матчыны, а валасы светлыя, бацькавы. Мехаў.

2. Родны; народны. Матчына мова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пу́бліка ’супольнасць людзей, сабраных у пэўным месцы’ (ТСБМ), ст.-бел. публика ’публічнасць’ (1687). Запазычана праз польск. publika ’вялікі з’езд, публічны сход; грамадскасць’, першапачаткова ’агульны або дзяржаўны інтарэс’ (XVI–XVII стст.), што ўзыходзіць да лац. (res)publica, літаральна ’агульная справа’, гл. рэспубліка (ад лац. pūblicusнародны, дзяржаўны, грамадскі’, скарочаны варыянт ад незафіксаванага *populicus < populus ’тлум, люд, народ’, гл. Банькоўскі, 2, 961, даслоўным перакладам якога было рэч паспалітая, адсюль паспо́льства ’грамадскасць, грамадства’. Розныя дэрываты, большасць з якіх запазычана з польскай і рускай моў, а таксама непасрэдна з лацінскай мовы (параўн. яшчэ ст.-бел. публикация, публиковати, публичный, Булыка, Лекс. запазыч., 33), распаўсюдзіліся пад уплывам франц. publik, publique (з XIII ст.) ’яўны, адкрыты, даступны ўсім’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Руча́цца1 ’запэўніваць, гарантаваць, прымаць на сябе адказнасць’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), руча́ць ’запэўніваць у чым-небудзь, як бы даючы руку ў знак вернасці’ (Нас., Бяльк.), параўн. народны выраз гарантыі або праўдзівасці: даю руку на адсячэнне. Да рука (гл.), параўн. даручы́ць, заручы́цца і іншыя вытворныя, літаральна ’падаючы руку, пацвердзіць праўдзівасць (дамову, заданне і пад.)’, гл. Шустар-Шэўц, 2, 1251; Бязлай, 3, 189. Паводле іншай версіі (параўн. Глухак, 532), для паўднёваславянскага арэала рэканструюецца прасл. дыял. *ručati, запазычанае з прагерманскага *rōkjan ’забяспечыць, даставіць’ (> ст.-в.-ням. ruohhjan, ruochen ’тс’), што на фоне шматлікіх фактаў, якія тлумачаць першую версію, падаецца малаверагодным.

Руча́цца2 ’вітацца за руку’ (Касп. Віц.). Гл. рукацца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бычо́к, ‑чка, м.

1. Памянш.-ласк. да бык ​1; малады бык. Быць бычку на лычку, а кароўцы на вяроўцы. Прыказка.

2. Род дробнай марской рыбы сямейства бычковых. Бычкі ў тамаце.

3. Народная назва бугая (у 2 знач.). [Язэп:] — Гэта ёсць такія маленькія птушкі — бычкі, дык яны вядуцца хто іх ведае дзе, а калі пачуюць холад — адразу з’яўляюцца каля будынкаў... Чорны.

4. Разм. Недакурак. Палашка дакурвала бычок і мармытала: — Саломы я яму не палажыла, то на голых драбінах паехаў. Лобан.

5. Старажытны беларускі народны танец.

•••

Казка пра белага бычка гл. казка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карэспандэ́нцыя, ‑і, ж.

1. Паштовая перапіска паміж асобамі або ўстановамі. Весці карэспандэнцыю.

2. зб. Пісьмы, паштова-тэлеграфныя адпраўленні. Паштовай скрынкай .. я не карыстаўся, маючы шматгадовую звычку атрымліваць карэспандэнцыю на паштамт. Васілёнак. Народны суддзя Міхаіл Пятровіч Жураўлёў праглядаў карэспандэнцыю: дырэктывы, інструкцыі міністэрства юстыцыі, розныя скаргі. Капусцін.

3. Артыкул, паведамленне пра бягучыя падзеі, дасланыя ў газету або часопіс. Змясціць у газеце карэспандэнцыю. □ [Шынклер] робіцца рабкорам і карэспандэнцыі свае, поўныя запалу і непрымірымасці да таго, што перашкаджае савецкім людзям у іх рабоце, пасылае ў акруговую бабруйскую газету «Камуніст». Арабей. З Коўна Т. Корзан пісаў карэспандэнцыі ў герцэнаўскі «Колокол». Мальдзіс.

[Лац. correspondentia.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)